Вы тут

Фундук па-беларуску. Пацікавіліся, калі ў продаж паступяць арэхі айчыннай селекцыі


Вырошчваць фундук беларускай селекцыі фермеры і аграпрамысловыя прадпрыемствы пачнуць ужо праз некалькі гадоў. Навукоўцы сцвярджаюць, што беларускія сарты фундуку не саступаюць па смаку ўкраінскім і каўказскім, але ў нашых кліматычных умовах будуць даваць большы ўраджай. Мы вырашылі высветліць, калі на прылаўках з'явяцца беларускія арэхі і чаму менавіта фундук у прыярытэце ў селекцыянераў.


Цікавасцю да незвычайных для Беларусі культур і іх паспяховым вырошчваннем у нашым клімаце сёння нікога не здзівіш. Кавуны, напрыклад, ужо вырошчваюць на дачных і прысядзібных участках і нават у прамысловых маштабах. Па смаку і памерах яны не саступаюць імпартным. Мяняюцца кліматычныя ўмовы, кажуць навукоўцы. А значыць, і выбар культур у садаводаў-агароднікаў становіцца большы.

Дзікая ляшчына і яе культурныя «браты»

Уласна кажучы, фундук нельга назваць незвычайнай для Беларусі культурай — ляшчыну можна сустрэць і ў лясах, і на прысядзібных участках. Але дзікая форма — гэта нерэгулярнае плоданашэнне, непрадказальнасць атрымання ўраджаю, а памер арэха далёка не ўражлівае, распавяла старшы навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» Марына Барысенка. Дзікая ляшчына багата пладаносіць у сярэднім раз на 5-10 гадоў, сарты ж павінны даваць ураджай штогод.

— Культурныя сарты маюць гарантаваныя якасці плода, дакладныя тэрміны ўступлення ў плоданашэнне і паспявання. Пры правільнай агратэхніцы яны даюць гарантаваны ўраджай.

Фундук і ляшчына, дарэчы, — гэта не зусім адно і тое ж.

— Гістарычна склалася так, што сарты ляснога арэха называюць фундуком, а дзікая форма — гэта ляшчына, — тлумачыць суразмоўніца. — А наогул само слова «фундук» — гэта гандлёвая назва пладоў такога арэха. На латыні і дзікія формы дадзенай расліны, і культурныя называюцца аднолькава: Cуrylus.

Адзін з асноў­ных спа­жыў­цоў фун­ду­ку — кан­ды­тар­ская пра­мыс­ло­васць.

Традыцыйна фундук вырошчваюць у Заходняй Еўропе, на Каўказе, ва Украіне. Як любы арэх, ён досыць цеплалюбівы — яму камфортна ў Італіі, Грузіі, Азербайджане. Айчынным фермерам палюбіліся холадаўстойлівыя сарты расійскай селекцыі — Кацярына, Маскоўскі рубін, Тамбоўскі ранні. Першы прамысловы арэхавы сад (ён займае 75 га і быў закладзены ў 2017 годзе ў Маладзечанскім раёне) — гэта ў асноўным сарты еўрапейскай селекцыі.

— Цікавасць да вырошчвання арэхаў у Беларусі была даўно, — кажа Марына Мікалаеўна. — Напрыклад, у нас на эксперыментальных участках вакол інстытута ёсць пасадкі адборных формаў ляшчыны яшчэ 1960-х гадоў.

Але да нядаўняга часу з боку навукоўцаў цікавасць была хутчэй тэарэтычная, а ў садаводаў і фермераў — на аматарскім узроўні: больш для душы, чым у разліку на багаты ўраджай.

— Змена клімату адкрыла новыя перспектывы і падштурхнула да таго, каб сур'ёзна заняцца гэтай культурай: сталі лепш перазімоўваць культурныя формы фундуку замежнай селекцыі, — распавяла спецыяліст.

Аб інтуіцыі селекцыянера і навуковым гонары

Каля вытокаў стварэння беларускіх сартоў фундуку стаяла выдатны навуковец-селекцыянер, вядомая ў нашай краіне і за яе межамі, — доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Зоя Аркадзеўна Казлоўская.

Менавіта яна «зрабіла рэкламу» самой ідэі вырошчвання досыць цеплалюбівага арэха ў прамысловых маштабах нашых глебава-кліматычных умовах. І зрабіла гэта магчымым. Плён яе таленту — два беларускія сарты, якія ўжо з 2021 года ўключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў дапушчаных да вырошчвання на тэрыторыі Беларусі.

— Атрыманне новага сорту залежыць у першую чаргу ад інтуіцыі супрацоўніка і ад напрацаванага шматгадовага вопыту па аналізе зыходнага матэрыялу. Высокая агратэхніка, вядома, важная, але не менш важны «нюх» вучонага, які бачыць патэнцыял тых або іншых узораў.

Два беларускія сарты фундуку, створаныя пад кіраўніцтвам прафесара Зоі Казлоўскай, называюцца Лал і Яшма. Лал — чырвоналісты высокаўраджайны сорт, які рана ўступае ў плоданашэнне. У Яшмы лісце зялёнае, адсюль і назва. Абодва сарты даюць вельмі буйныя арэхі: адным з крытэрыяў для стваральнікаў сорту была максімальная запоўненасць шкарлупіны арэха ядром. Яшчэ адным крытэрыем адбору ўзораў быў смак — салодкі, яскравы і без гарчынкі, якая часта ўласцівая фундуку.

— А дзе можна паспытаць беларускія сарты фундуку?

— Паколькі селекцыйны працэс бесперапынны, практычна ўвесь ураджай з доследнага ўчастка мы высяваем для стварэння новага гібрыднага фонду. Дэгустацыі, вядома, бываюць, але пакуль толькі для супрацоўнікаў інстытута, з мэтай ацаніць смакавыя якасці сорту, — тлумачыць Марына Барысенка. — Так што пакуль прыйдзецца паверыць нам на слова: беларускі фундук — хрусткі, буйны, смачны і сыры, і смажаны. Праз некалькі гадоў у спажыўца з'явіцца магчымасць пераканацца ў тым, ці так гэта. Мы стараемся, каб ураджай сартоў Лал і Яшма як мага хутчэй трапіў на сталы беларусаў.

— Гэты год быў даволі складаны для фундуку — зіма выпрабоўвала расліны «на трываласць» сур'ёзнымі маразамі, і вельмі многія сарты ляснога арэха ў нашым калекцыйным садзе не надта добра перанеслі яе, — адзначае Марына Мікалаеўна. — Дарэчы, у нашай калекцыі каля 150 узораў фундуку. Гэтая зіма паказала, якія сарты здольныя вытрымліваць максімальныя нагрузкі. Сярод іх — Лал і Яшма. Сёлета яны далі цудоўны ўраджай.

Ка­ля вы­то­каў ства­рэн­ня бе­ла­рус­кіх сар­тоў фун­ду­ку ста­я­ла вы­дат­ны на­ву­ко­вец-се­лек­цы­я­нер, пра­фе­сар Зоя Ар­ка­дзеў­на Каз­лоў­ская.

Ужо сёння, кажа спецыяліст, да новых беларускіх сартоў высокая цікавасць і ў фермераў, і ў дачнікаў, і ў прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Але каб сарты дайшлі да спажыўца, спатрэбіцца яшчэ некалькі гадоў. Цяпер вядуцца навуковыя даследаванні, накіраваныя на пошук аптымальнага спосабу размнажэння новых сартоў, каб задаволіць попыт на пасадачны матэрыял.

— Цяпер прынятая паскораная селекцыйная ацэнка, — распавялі ў аддзеле селекцыі пладовых культур. — Калі раней на стварэнне новага сорту патрабавалася 30-40 гадоў, то сёння дастаткова 6-10 гадоў.

Сёлета выдатнага вучонага Зоі Казлоўскай не стала. Але работа над стварэннем новых айчынных сартоў фундуку працягваецца, кажуць селекцыянеры.

— Калі ў дзяржрэестр ўнесены сарты (расійскай, украінскай і заходнееўрапейскай селекцыі), рэкамендаваныя да вырошчвання ў Беларусі, навошта ствараць уласныя? Гэта навуковы гонар, ці ёсць больш прагматычныя прычыны?

— І тое, і другое. Зразумела, у сваёй краіне мы можам і павінны стварыць уласны асартымент фундуку. І гэтая работа будзе працягнута. Акрамя таго, у нашых глебава-кліматычных умовах айчынныя сарты паказваюць лепшыя вынікі ў параўнанні з замежнымі, якія сёння вырошчваюць фермеры, — адзначае Марына Барысенка.

З прагматычнага пункту гледжання

Кожны год Беларусь імпартуе каля 600 тон ядраў фундуку. Асноўныя краіны-вытворцы гэтага арэха — Азербайджан, Грузія, Турцыя, а спажыўцы — кандытарская прамысловасць і рознічны гандаль. Каштуе кілаграм фундуку для спажыўца каля 35 рублёў у ядрах і ў сярэднім 15 рублёў у шкарлупіне. Кошт кілаграма неачышчанага арэха супастаўны з коштам саджанца. Але з куста, калі сорт зімаўстойлівы і адаптаваны да нашых умоў надвор'я, нават пры самым звычайным доглядзе можна атрымліваць 5-10 кілаграмаў арэхаў. Жыве і пладаносіць фундук мінімум 30-40 гадоў, пры добрым доглядзе — каля 70 гадоў і больш, а ўраджаі дае значна вышэйшыя за сярэднія. У плоданашэнне ж маладыя дрэўцы (спецыялісты рэкамендуюць рабіць штамбавае фармаванне дрэвам, а не кустом) уступаюць на трэці-пяты год. Падлічана, што ў прамысловых маштабах з аднаго гектара плантацыі фундуку можна атрымліваць ураджай на суму каля 10 тысяч долараў.

Яшчэ адзін аргумент на карысць закладкі арэхавых плантацый — пашырэнне асартыменту для пакупніка. Напрыклад, акрамя традыцыйных сырых і смажаных арэшкаў, на прылаўках могуць з'явіцца арэхі так званай малочнай спеласці — неверагодна карысны для здароўя прадукт, які немагчыма транспартаваць на далёкія адлегласці (захоўваецца ён не больш за чатыры дні). Гэты прадукт медыкі рэкамендуюць пры захворваннях сэрца і сасудаў, цукровым дыябеце, многіх іншых хваробах. Але паспрабаваць яго можна толькі паблізу ад арэхавага саду.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.