Вы тут

«Дынама-Мінск» пачало новы сезон у КХЛ


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем цікавыя спартыўныя навіны.


Фота: hcdinamo.by

Турнір тыдня. У Казані праходзяць першыя гульні краін СНД, дзе актыўна ўдзельнічаюць і заваёўваюць медалі і беларускія спартсмены. У першы дзень спартыўнага форуму барцы грэка-рымскага стылю выйгралі тры ўзнагароды. Глеб Макаранка стаў чэмпіёнам у катэгорыі 63 кілаграмы. «Золата» на рахунку Паўла Глінчука, які выступае ў катэгорыі 97 кілаграмаў.

Медальную скарбонку Беларусі папоўнілі і маладыя баксёры. У катэгорыі 60 кг вызначыўся Кірыл Станкевіч. Сярэбраныя медалі заваявалі Кірыл Станкевіч (60 кг), Уладзіслаў Кузняцоў (66 кг) і Мікіта Бруеў (70 кг). Уладальнікамі бронзавых узнагарод сталі Кірыл Дугар (80 кг), Дзяніс Мацулеў (звыш 80 кг), Аліна Кардзюшова (57 кг) і Ганна Серада (63 кг).

У жаночай барацьбе «серабро» заваявалі Ганна Вагер (57 кг), Аліна Максімава (65), Настасся Зімянкова (72 кг) і Ганна Маслакова (76 кг). Яшчэ адно «серабро» на рахунку барца вольнага стылю Давуда Алізалава (74 кг). Акрамя таго, бронзавыя медалі заваявалі Ганна Садчанка (68 кг) у спаборніцтвах дзяўчат і Аркадзь Пагасян (92 кг) у турніры па вольнай барацьбе.

Героі тыдня. Беларускія спартсмены выйгралі тры медалі на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па акадэмічным веславанні (U-23), які завяршыўся ў Крушвіцы (Польшча). У стартах чацвёрак парных у мужчын беларускі экіпаж у складзе Кірыла Ціхановіча, Яўгена Залатога, Арцёма Лапуціна і Уладзіслава Лакуна стаў уладальнікам «серабра» кантынентальнай рэгаты. Таксама на рахунку беларусаў два бронзавыя медалі. У гонках двоек парных у мужчын тройку наймацнейшых замкнулі Ягор Шлюпскі і Іван Брынза. Такі ж медаль заваяваў экіпаж мужчынскай чацвёркі распашных у складзе Антона Купалава, Аляксея Бандзюка, Аляксандра Яскеля і Дзяніса Клімята.

Каманда тыдня. Валейбалісты зборнай Беларусі перамаглі каманду Чэхіі ў другім матчы групавога этапу чэмпіянату Еўропы — 3:1. Самым выніковым у складзе беларускай зборнай стаў Уладзіслаў Давыскіба — 20 балаў. У чэхаў Ян Галабаў запісаў на свой рахунак 19 пунктаў.

Гульня тыдня. Хакеісты клуба «Дынама-Мінск» пачалі выступленне ў новым сезоне Кантынентальнай хакей лігі. У першым матчы новага сезона яны ўступілі маскоўскім аднаклубнікам з вынікамі 1:4. Але ў наступным матчы выязной серыі «зубры» аказаліся мацнейшыя за хакеістаў клуба «Поўначсталь» з Чарапаўца. Завершыць выязную серыю каманда з Беларусі 7 верасня ў Яраслаўлі. Гульня пройдзе ў дзясятую гадавіну авіякатастрофы ў аэрапорце Туношна, якая прывяла да гібелі каманды «Лакаматыў». У ліку загінулых былі і тры беларусы: капітан нацыянальнай зборнай Руслан Салей, форвард Сяргей Астапчук і трэнер па фізпадрыхтоўцы Мікалай Крываносаў. Адроджаны «Лакаматыў» быў вымушаны правесці адзін сезон у ВХЛ, пасля чаго каманда вярнулася ў КХЛ.

Медалі тыдня. Беларускія лёгкаатлеты сталі ўладальнікамі дзвюх узнагарод на мемарыяле Камілы Скалімоўскай, які праходзіў у Хожуве (Польшча). Найбольш удала старт склаўся для Настассі Маславай у кіданні молата. Спартсменка ў сваёй
найлепшай спробе паказала вынік 
69 м 88 см. У кіданні кап’я «бронзу» заваяваў Аляксей Каткавец з вынікам 83 м 35 см.

Няўдача тыдня. Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі камандзе Уэльса з лікам 2:3 у адборачным матчы чэмпіянату свету 2022 года. На старце адборачнага турніру беларусы выйгралі на сваім полі ў эстонцаў (4:2), а потым прайгралі на выездзе Бельгіі (0:8) і Чэхіі (0:1). Наступны матч падапечныя Георгія Кандрацьева згуляюць у Казані: 8 верасня яны сустрэнуцца з лідарам кваліфікацыйнай групы Е, камандай Бельгіі.

Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) з паражэння пачалі выступленне ў адборачным турніры кантынентальнага першынства 2023 года. Падапечныя Сяргея Ясінскага ў першым паядынку кваліфікацыйнай групы D прайгралі камандзе Ісландыі з лікам 1:2. Непасрэдна ў фінальную стадыю маладзёжнага Еўра-2023 трапяць пераможцы дзевяці адборачных груп, а таксама найлепшая з камандаў, якія фінішуюць другія. Астатнія восем зборных, якія зоймуць другія месцы, правядуць паядынкі плэй-оф за чатыры пуцёўкі ў фінал. Фінальная частка маладзёжнага кантынентальнага першынства з удзелам 16 найлепшых камандаў пройдзе на арэнах Грузіі і Румыніі.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».