Вы тут

Брэстчына адсвяткавала «Дажынкі» ў Лагішыне Пінскага раёна


У мінулую суботу хлебаробы Брэстчыны сабраліся ў Лагішыне, каб падвесці вынікі ўборкі ўраджаю і ўшанаваць пераможцаў сёлетняга жніва. Па дарозе на фестываль яго ўдзельнікам святочны настрой стваралі шматлікія саламяныя кампазіцыі, якія ў асноўным падобныя на арт-аб'екты. Са звычайных цюкоў саломы майстры стварылі млыны, трактары, казачных герояў і цэлыя сюжэты на тэму вясковай працы.


А вось старадаўні Лагішын сустрэў гасцей абноўлены і памаладзелы. Хто даўно не быў тут, прызнаваў: гарадскі пасёлак не пазнаць. Цэлы год шчыравалі будаўнікі, камунальнікі, іншыя спецыялісты. Праведзены рэканструкцыя і рамонт шэрага аб'ектаў. Ажыццёўлена вялізная работа па добраўпарадкаванні. Шчыравалі і самі жыхары Лагішына, ім на дапамогу прыязджалі работнікі ўстаноў і арганізацый раёна. Зрабілі так, што не сорамна прыняць любых гасцей.

Госці прызналі, што новы добраўпарадкаваны сквер недалёка ад аўтастанцыі стаў упрыгажэннем пасёлка. Каваны масток праз канал адразу настройвае на рамантычны лад, для спатканняў усё ёсць: утульная лаўка, прыгожыя альтанкі і нават скульптура ваўка-заступніка — цудоўная нагода згадаць гісторыю, пацікавіцца легендамі пра ўзнікненне пасёлка, якому без нечага 500 гадоў.

Ды і сам будынак аўтастанцыі як візітоўка Лагішына займеў зусім іншы, сучасны выгляд. У населеным пункце адрамантавалі бальніцу, лазню, добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол сацыяльна-педагагічнага цэнтра і агульнаадукацыйнай школы. Узведзена новая кацельная, пракладзены цеплавыя сеткі, новыя ніткі водаправода і каналізацыі. Праведзены рамонт фасадаў жылых дамоў на ўездзе ў пасёлак.

А вось дзіцячая школа мастацтваў напярэдадні была адкрытая пасля капітальнага рамонту. Цяпер больш за сто хлопчыкаў і дзяўчынак займаецца музыкай у камфортных умовах. Дзякуючы «Дажынкам», дачакалася рамонту і мясцовая бібліятэка, якая абслугоўвае больш за тысячу чытачоў.

Традыцыйна разбяры правялі ў сталіцы «Дажынак» пленэр, а работы падарылі населенаму пункту. Цяпер драўляныя скульптуры гістарычных асоб аздабляюць сквер каля мясцовай царквы. А работнікі сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі правялі тут конкурс прафесійнага майстэрства «Зелянбуда» і пакінулі конкурсныя работы — цудоўныя ландшафтныя кампазіцыі, клумбы.

Адным словам, сацыяльны праект «Дажынкі» ўдаўся, ды і свята таксама. Зранку разгарнуў свае гандлёвыя павільёны шматаблічны кірмаш. А само святкаванне пачалося з парада дэлегацый усіх раёнаў вобласці. Кожны раён нёс свае каравай і ўпрыгожаны сноп, падкрэсліваючы тым самым, што адзначаецца самае хлебнае свята года.

Брэсцкая вобласць сёлета сабрала 1 мільён 176 тысяч тон збожжавых і зернебабовых культур, 140 тысяч тон рапсу. З гектара атрымалі ў сярэднім 35 цэнтнераў збожжа. Хлебаробаў вітаў кіраўнік спраў Прэзідэнта, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Валерый ІВАНОЎ:

— Сёлета Брэсцкая вобласць з'яўляецца адным з лідараў па намалоце збожжа і ўносіць важкі ўклад у рэспубліканскі каравай. Поспех стаў вынікам працы ўсіх аграрыяў, гаспадарскіх адносін да зямлі, выкарыстання найноўшых тэхналогій.

За добрую работу механізатарам, кіраўцам, спецыялістам гаспадарак падзякаваў старшыня аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА.

— З уборачнай кампаніяй справіліся добра, — адзначыў кіраўнік рэгіёна. — Нягледзячы на капрызы надвор'я, вынік атрымалі прыстойны. Але ж уборка ўраджаю не скончылася, цяпер на чарзе — кукуруза, працягваецца ворыва, на чарзе — сяўба азімых. Думаю, усе асеннія работы правядзём якасна і ў тэрмін.

Падчас урачыстай часткі на стадыёне адбылося ўзнагароджанне пераможцаў сёлетняга жніва. Сярод раёнаў найлепшым прызнаны Камянецкі. У спаборніцтве гаспадарак першынство падзялілі ААТ «Савушкіна пушча» і «Макарава-Агра» — абедве з Камянецкага раёна.

Святлана ЯСКЕВІЧ, г.п. Лагішын

Фота Аляксандра Шульгача

Загаловак у газеце: Самае хлебнае свята

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Экспедыцыю ў Малінаўку арганізаваў навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва ветэран пошукавага руху Пётр Хаванскі.

Грамадства

Шматдзетная маці з Полацка расследуе складаныя крымінальныя справы

Шматдзетная маці з Полацка расследуе складаныя крымінальныя справы

Наталля Івашчанка, якая служыць у Полацкім міжраённым аддзеле Следчага камітэта, выхоўвае траіх дзяцей.

Грамадства

Журналіст «Звязды» пракантраляваў нашэнне масак ў грамадскіх месцах

Журналіст «Звязды» пракантраляваў нашэнне масак ў грамадскіх месцах

Чаму наш карэспандэнт у Віцебску прычапіўся да пакупніцы ў краме? 

Эканоміка

Нябедна жыць не забароніш. Дадатковая пенсія з гарантыяй ад дзяржавы

Нябедна жыць не забароніш. Дадатковая пенсія з гарантыяй ад дзяржавы

Сёння з'явілася яшчэ адна магчымасць забяспечыць нябедную старасць.