Вы тут

Узнагароды «звяздоўскім» лаўрэатам


Толькі што падчас Дня беларускага пісьменства ў Капылі адбылося ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі за найлепшыя кнігі, якія выйшлі ў 2020 годзе. Да вялікага свята беларускага слова «Звязда» прымеркавала і ўзнагароджанне лаўрэатаў свайго традыцыйнага конкурсу апавяданняў.


З-за эпідэмічнай сітуацыі ўзнагароджанне давялося правесці анлайн — тым больш некаторыя з лаўрэатаў жывуць далёка ад Мінска. Але кожны атрымае па пошце прыемныя падарункі і дыпломы.

Давайце нагадаем творы, якія сталі лаўрэатамі «Звязды» за 2020 год:

Крысціна Курчанкова «Калі цішыня загамоніць»

Містычна-сюрэалістычная атмасфера старой хаты заварожыць і змусіць разгадаць сюжэт:

«Упаў яблык за акном. Другі. А можа, нехта нябачны колеру зорнага неба зазірае ў прыслеплыя брудныя шыбы? І павольна абыходзіць хату на дыбачках... на яблыках.

Завібравала злёгку падлога ад цяжкіх крокаў — навязаны непадалёк суседскі конь пераступіў капытамі, бразнуў ланцугом. Суседскі?!. А ці быў у суседа конь?..

Паклікала некага няясыць — і з-за далёкай ракі кугыкнуў, адгукнуўся ёй начны запознены цягнік.

У шафе заварушыліся. Тоненька піскнулі на два галасы.

Хочацца слухаць яшчэ, але шматгалосая цішыня мерна дыхае і сапе, скруціўшыся клубком наўпрост наўколенках... Цёплая і жывая».

Віктар Варанец «Гарачы хлеб»

Назва, здавалася б, простая, але гістарычны дэтэктыў надзвычай пакручасты:

«Ірына блукала па шматлікіх пакоях вялізнага палаца, нервова пазіраючы на гадзіннікі, што стаялі на падлозе, століках, віселі на сценах. Ужо дзве гадзіны, як Фелікс, яе каханы муж, павінен быць дома. На вуліцы добра сцямнела, там-сям чуліся стрэлы, крыкі, рэзкія каманды. Восенню 1917 года ў Петраградзе было неспакойна, і таму Ірына не знаходзіла сабе месца. Але вось заблямкаў званочак на ўваходзе, пачуліся крокі пакаёўкі, і праз хвіліну ў пакой увайшоў высокі, хударлявы, з іканапісным тварам візантыйскага пісьма мужчына».

Мая Галіцкая «Выжыў»

Апавяданне Маі Галіцкай пра афганскую вайну, якая пакінула трагічную памяць і на беларускай зямлі.

«Змяя таўшчынёю ў руку дужага мужчыны ляжала на голых рудых каменнях, зацярушаных пластам попелу, пяску і нагару. Чарнёным срэбрам адлівала спіна, распаласаваная кіпцюрамі драпежніка. Кропелькі пунсовай крыві сцякалі на каменне і тут жа запякаліся на пяцідзесяціградуснай спякоце. Скіраваныя ў адну кропку шкляныя вочы яе цьмянелі, і здавалася, што апошнія сілы выцякалі з яе разам з гэтымі кроплямі. Лёшка стаяў нерухома, скамянеўшы ад жаху і жалю, якія яго раздзіралі, але ўсё ж такі жаль адолеў, і ён, выставіўшы аўтамат, павольна пайшоў да змяі, прыгаворваючы:

— Добрая... Не палохайся... Не кусай...»

Міхась Пазнякоў «Вяртанне з фронту»

У год, калі святкаваўся юбілей Перамогі, асабліва актуальна было з дапамогай мастацкага слова перанесціся ў тыя часы:

«Салдат быццам знерухомеў і страціў мову. Ён стаяў пасярод хаты і моўчкі плакаў. З яго вачэй каціліся, ліліся па нябрытых шчоках буйныя слёзы. Рукі салдата, працягнутыя наперад, застылі без руху. Яго вусны дрыжэлі, і ён нічога не мог вымавіць. Нарэшце ціха, а Вальцы падалося, што гучна, прамовіў:

— Дзеткі, я ваш тата...»

Уладзімір Навумовіч «Доўгія шкарпэткі і паліва для аўто»

А вось апавяданне слыннага навукоўца Уладзіміра Навумовіча, таксама прысвечанае тэме вайны, змусіць усміхнуцца — і тады здараліся філалагічныя казусы.

«Апантаны і вопытны дыверсант, якім быў Ота Скарцэні, сабраў каманду з трох тысяч афіцэраў і салдат, якія ведалі англійскую мову і лёгка маглі на ёй размаўляць. Была прадумана цэлая праграма дзеля таго, каб незаўважна пранікнуць на чужацкі бераг, увайсці ў давер да ворагаў і свабодна пачуваць сябе ў зусім варожым асяроддзі. Дыверсійныя банды праходзілі спецыяльную вывучку...»


Спадзяюся, вы ацанілі стыль лаўрэатаў і зацікавіліся іх творамі, якія заўсёды можаце прачытаць цалкам па спасылцы на нашым сайце.

А мы нагадваем, што «звяздоўскі» конкурс працягваецца. Курыруе яго па-ранейшаму дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», вядомы паэт, пісьменнік, перакладчык Алесь БАДАК. Ён адзначае:

— На сённяшні дзень звяздоўскі конкурс апавяданняў — гэта найлепшая стартавая пляцоўка для тых, хто толькі спрабуе свае сілы ў прозе, паколькі чытач газеты вельмі разнастайны і па ўзросце, і па сваім сацыяльным статусе. Чаго яшчэ жадаць пісьменніку? Кнігу паспрабуй данясі да чытача. А газету сёння вечарам надрукавалі — заўтра яна ўжо ў паштовай скрынцы падпісчыка. Мне здаецца, з гэтай прычыны ў рэдакцыйнай пошце часта можна сустрэць апавяданні і вопытных празаікаў. Але сам па сабе літаратурны вопыт яшчэ не зарука перамогі ў конкурсе. Пагартайце кнігі нашых класікаў: некаторыя іх творы, што з часам сталі хрэстаматыйнымі, былі напісаны ў той час, калі самі аўтары яшчэ не былі вядомыя шырокаму чытачу. Гаворка і пра Янку Брыля, і пра Міхася Стральцова, і пра іншых нашых знакамітых празаікаў. Таму, хто ведае, можа, нешта з таго, што сёння друкуецца на старонках «Звязды», праз некалькі дзесяцігоддзяў увойдзе ў школьныя хрэстаматыі.

Яшчэ раз віншуем нашых пераможцаў! І чакаем вашых новых твораў, шаноўныя чытачы, бо чарговы конкурс ужо ідзе! Пішыце: у электронным выглядзе на пошту іnfо@zvіаzdа.bу альбо на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, Мінск, 220013. Пазначце на лісце «На літаратурны конкурс» і дадайце звесткі пра сябе (сапраўдныя прозвішча і імя, дакладны паштовы адрас, кантактны тэлефон і поўныя пашпартныя даныя — нумар, кім і калі выдадзены пашпарт, асабісты нумар).

Творы мусяць быць на беларускай мове, якія раней нідзе не друкаваліся, аб’ёмам да 10–12 тысяч знакаў. Разглядаецца толькі адно апавяданне ад аднаго аўтара.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Прэв'ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.