Вы тут

Як прайшоў Дзень пісьменства ў Капылі


На старонках «Звязды» мы ўважліва сачылі за тым, як рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства ў Капылі. Дзякуючы святу, горад сапраўды аднавіўся: адрамантавалі школы, усталявалі памятны знак паэту-земляку Цішку Гартнаму, а будынак пошты нават упрыгожылі муралам. Тэмай сёлетняга фестывалю паслужыў Год народнага адзінства, таму агульны слоган гучаў наступным чынам: «Слова нас аб'ядноўвае». Падчас прэс-канферэнцый, прымеркаваных да Дня пісьменства, арганізатары абяцалі шмат цікавасцяў. Як жа прайшло свята? Аб тым, якія цікавыя аб'екты адкрыліся, як мы частаваліся травяной гарбатай і знаёміліся з чалавекам у шкляным касцюме, чытайце ў гэтым рэпартажы.


Больш як дваццаць дакладаў было прадстаўлена на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Капылі. Гісторыю, культуру, літаратуру, народны быт і традыцыі Капыльшчыны навукоўцы, практыкі, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў паказалі праз асобу, людзей, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё роднага краю.

Напрыклад, «Людзі Капыльшчыны, якія праславілі беларускую навуку: Герой Беларусі Высоцкі Міхаіл Сцяпанавіч», «Сэрцам адданы роднай зямлі... «: А.А. Каваленя — выдатны вучоны і сапраўдны патрыёт», «Міхаіл Мароз, ураджэнец Капыльшчыны, першы пасол Савецкай Беларусі», «Цімкавічы і цімкаўцы ў жыцці і творчасці Кузьмы Чорнага» і іншыя. Канферэнцыя мела некалькі блокаў: гістарычны, мовазнаўчы, літаратуразнаўчы.

— Беларуская зямля ганарыцца прадстаўнікамі старэйшага пакалення. Разам з тым, і сучаснікі працягваюць тыя традыцыі, якія былі закладзены нашымі папярэднікамі, — расказаў «Звяздзе» акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Каваленя. — Удзельнікі канферэнцыі імкнуцца данесці да шырокай грамадскасці моладзі тыя навуковыя напрацоўкі, якія зрабілі вучоныя аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, а таксама вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны. На канферэнцыю прыехалі людзі, якія прафесійна займаюцца вывучэннем айчыннай гісторыі, культуры, краязнаўства, асвятленнем праблем археалогіі. Навукоўцы ўзнялі цэлы пласт вядомых дзеячаў капыльскай зямлі. Гэта работнікі сельскай гаспадаркі, творцы, настаўнікі, якія сеюць добрае, разумнае, вечнае. Канферэнцыя прысвечана асвятленню старонак гісторыка-культурнай спадчыны не толькі Капыльскага краю, але і наогул нашай Беларусі. Капыльская зямля славіцца не толькі высокімі ўраджаямі і намалотамі, але і багатымі гісторыяй, культурай, літаратурнай творчасцю, народнымі традыцыямі, а галоўнае — людзьмі, што нарадзіліся тут і сталі гонарам раёна і краіны. Менавіта людзі — неацэннае багацце Капыльшчыны. Яны паказалі сябе ў мірнай працы, адстойвалі свабоду і незалежнасць Радзімы ў віхурах ваенных выпрабаванняў. Не ў кожным раёне ёсць такая плеяда выдатных дзячаў нацыянальнай літаратуры, культуры, мовы. Гэта дзесяць Герояў Савецкага Саюза, дзевяць Герояў Сацыялістычнай Працы, Герой Рэспублікі Беларусь Міхаіл Высоцкі. Гэта соль зямлі капыльскай. Спадзяюся, што непарыўная нітка пакаленняў будзе працягвацца.

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў падкрэсліў, што гэта традыцыйнае мерапрыемства, якое ладзіцца з самага пачатку правядзення Дня беларускага пісьменства:

— Тэматыка сёлетняй канферэнцыі звязана з Годам народнага адзінства. Удзел у ёй узялі не толькі вядучыя вучоныя. Вынікамі сваіх навуковых даследаванняў падзяліліся літаратары, творчая інтэлігенцыя раёна.

Падчас «Капыльскіх чытанняў» адбылася прэзентацыя 23-томнага выдання твораў Івана Шамякіна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?