Вы тут

Качанава: Сёння Беларусь вымушана супрацьстаяць непрыкрытаму эканамічнаму і палітычнаму прэсінгу


Старшыня Савета Рэспублікі выступіла на 5-й Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў з заклікам аб неўмяшанні ва ўнутраныя справы Беларусі і супрацьдзеянні дэзінфармацыі ў Інтэрнэце.


Нагадаем, што 7-8 верасня ў Вене пад эгідай Міжпарламенцкага саюза, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Парламента Аўстрыі праходзіць Сусветная канферэнцыя спікераў парламентаў на тэму «Спікеры парламентаў за больш эфектыўны шматбаковы падыход для забеспячэння міру і ўстойлівага развіцця дзеля дабра чалавецтва і планеты».

Традыцыйна такія канферэнцыі праводзяцца Міжпарламенцкім саюзам раз на пяць гадоў. Папярэдняя, чацвёртая, Сусветная канферэнцыя спікераў парламентаў праходзіла ў 2015 годзе ў Нью-Йорку. Наступная сустрэча павінна была прайсці ў 2020 годзе, аднак была перанесеная ў сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі.

На Пятай Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў абмяркоўваюцца пытанні рэагавання на пандэмію COVID-19, супрацьдзеянне дэзінфармацыі і распальванню нянавісці ў Інтэрнэце і афлайн, дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Канферэнцыя завершыцца прыняццем дэкларацыі.

У прыватнасці, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава накіравала зварот да ўдзельнікаў мерапрыемства, у якім яна выказала ўпэўненасць, што вялікую ролю ў барацьбе з пандэміяй можа адыгрываць міжнароднае супрацоўніцтва, у тым ліку па лініі парламентаў, накіраваны на абмен інфармацыяй і перадавым вопытам, а таксама забеспячэнне ўсеагульнага доступу да вакцыны.

— Ва ўмовах пандэміі рэзка і жорстка змяняюцца правілы гульні на сусветнай палітычнай арэне, небяспечна руйнуецца архітэктура міжнароднай бяспекі, закладзеная пасля Другой сусветнай вайны, — падкрэсліла спікер верхняй палаты беларускага парламента. — Не выконваюцца асноўныя геапалітычныя дамоўленасці, у міжнародных справах усё больш дамінуе палітыка сілы і агрэсіі.

Наталля Качанава падкрэсліла: наша краіна адчула гэта ў поўнай меры пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 

— Сёння Беларусь вымушана супрацьстаяць непрыкрытаму эканамічнаму і палітычнаму прэсінгу, мэтанакіраванаму ўмяшанню ва ўнутраныя справы, — акцэнтавала яна ўвагу ўдзельнікаў саміту.

Яна адзначыла відавочны факт: не ўсіх у свеце задавальняе стабільнасць і спакой у Беларусі, міралюбная знешняя палітыка нашай дзяржавы, статус донара еўрапейскай бяспекі і перагаворнай пляцоўкі, у тым ліку і для нармандскай чацвёркі.

— Дзеянні краін Захаду, накіраваныя, перш за ўсё, на дэстабілізацыю сітуацыі ў Беларусі шляхам увядзення новых эканамічных санкцый, падрываюць асновы міжнароднага права, пагражаюць міжнароднаму міру і ўстойліваму развіццю не толькі Беларусі, але і рэгіёну ў цэлым, — падкрэсліла Наталля Качанава. 

Яна паведаміла: беларускія парламентарыі неаднаразова ў сваіх заявах і каментарыях звярталіся да заходніх калег, каб заахвоціць іх урады не парушаць нормы міжнароднага права ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, у ліпені 2020 года сенатары і дэпутаты ўсіх узроўняў — а гэта 18 тысяч чалавек —звярнуліся да сусветнай супольнасці з заклікам выступіць супраць неабгрунтаванай, контрпрадуктыўнай і дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да беларускай дзяржавы і яго народа, праявіць з салідарнасць у адстойванні права на мірнае жыццё, вярнуцца да адказнага і плённага ўзаемадзеяння на карысць усіх краін.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што Беларусь выступае за пошук шляхоў паслаблення геапалітычнай напружанасці і ўмацавання міжнароднай бяспекі. У сувязі з гэтым яна звярнула ўвагу ўсіх удзельнікаў канферэнцыі на вылучаную Кіраўніком беларускай дзяржавы ініцыятыву аб неабходнасці «запуску» глабальнага дыялогу па бяспецы. У мэтах яе прасоўвання ў Мінску праведзены шэраг міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню.

— У кантэксце процідзеяння новым выклікам прыярытэтнай з’яўляецца тэма барацьбы з міжнародным тэрарызмам, у тым ліку ў кіберпрасторы, — лічыць Наталля Качанава. 

Яна падкрэсліла: Інтэрнэт з’яўляецца найважнейшым элементам сучаснага жыцця. Яго імклівае развіццё адкрывае шырокія магчымасці для прагрэсу і, адначасова, выкарыстання тэхналогій у злачынных мэтах — у інфармацыйных і гібрыдных войнах, кампаніях па дэзынфармацыі і распальванні нянавісці. 

— Рэспубліка Беларусь у поўнай меры адчула гэта на сабе падчас леташніх прэзідэнцкіх выбараў і спробы ажыццяўлення дзяржаўнага перавароту, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Аднак мы выстаялі дзякуючы палітычнай волі і мужнасці Прэзідэнта Беларусі, згуртаванасці вакол яго значнай часткі беларускага грамадства і суверэнітэту.

Яна звярнула ўвагу: наспела вострая неабходнасць у выпрацоўцы пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый узгодненых міжнародных падыходаў па рэгуляванні дзейнасці ў Інтэрнэце. І ў гэтым пытанні сваё слова павінны сказаць парламентарыі і Міжпарламенцкі саюз.

У гэтым кантэксце спікер верхняй палаты беларускага парламента звярнула ўвагу яшчэ на адну міжнародную ініцыятыву Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — сфармаваць «пояс лічбавага добрасуседства». 

— Заклікаю калег далучыцца да яе праз падпісанне пагадненняў аб міжнароднай інфармацыйнай бяспецы на аснове захавання лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, а таксама неўмяшання краін у інфармацыйныя рэсурсы адно аднаго, — адзначыла спікер. 

Яна пераканана: стварэнне дакладнай міжнароднай прававой базы ў сферы інфармацыйнай бяспекі будзе спрыяць, у тым ліку, эфектыўнаму супрацьдзеянню дэзынфармацыі і распальванню нянавісці ў Інтэрнэце і рэальным жыцці.

Трэба сказаць, што ў нацыянальным заканадаўстве Беларусі ўжо ўведзеныя такія навацыі: вызначаны меры па абароне нацыянальнай інфармацыйнай прасторы ў медыясферы, пашыраны пералік відаў інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена, удасканалены падыходы да дзяржаўнай рэгістрацыі і перарэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі.

— Пандэмія і барацьба з новымі выклікамі і пагрозамі не павінны стаць прычынай невыканання Мэт устойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, — пераканана Наталля Качанава. — У Беларусі агульную каардынацыю па дасягненні гэтых мэтаў ажыццяўляе спецыяльная парламенцкая рабочая група. Летась наша краіна ўмацавала свае пазіцыі ў рэйтынгу індэкса дасягнення мэтаў і паднялася з 23-га на 18-е месца сярод 166 краін.

— Прыклад лідарства Парламента ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця заслугоўвае выкарыстання заканадаўчай уладай іншых краін, —лічыць Старшыня Савета Рэспублікі. 

Яна акцэнтавала ўвагу калег: устойлівае аднаўленне пасля пандэміі будзе ў значнай ступені залежаць ад міжнароднага супрацоўніцтва і салідарнасці, і ў першую чаргу, ад наяўнасці справядлівай, адкрытай і празрыстай Сусветнай гандлёвай сістэмы без эканамічных санкцый, ціску і ўмяшання ва ўнутраныя справы.

Напрыканцы свайго выступлення яна пажадала ўдзельнікам саміту плённай работы на пляцоўцы канферэнцыі для выпрацоўкі эфектыўных шматбаковых падыходаў для забеспячэння міжнароднага міру і ўстойлівага развіцця дзеля дабрабыту чалавецтва і планеты.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.