Вы тут

Размова з кіраўніком Пухавіцкага раёна пра створаныя ў рэгіёне ўмовы для людзей і бізнесу


Пухавіцкі раён апошнія гады стабільна развіваецца, шмат зроблена ў вытворчай, сельскагаспадарчай, сацыяльнай сферах. Будуюцца новае жыллё, школы, дзіцячыя садкі, рэалізоўваюцца інвестыцыйныя праекты, шмат увагі аддаецца рабоце з кадрамі, маладымі спецыялістамі. А гэта значыць, павышаецца дабрабыт жыхароў раёна. Што зроблена, як будзе развівацца раён у сацыяльна-эканамічным плане расказаў «Звяздзе» старшыня райвыканкама Віктар Каляда.


— У структурным плане эканоміка рэгіёна ўяўляе з сябе сістэму, у якой дамінуючае становішча належыць прамысловасці. Прамысловасць Пухавіцкага раёна — гэта больш за 100 арганізацый усіх формаў уласнасці, якія фарміруюць каля 6 працэнтаў аб'ёму прамысловай прадукцыі Мінскай вобласці, — расказвае Віктар Міхайлавіч. — За студзень-чэрвень 2021 года выраблена прамысловай прадукцыі на суму звыш 390 мільёна рублёў.

Прадпрымальніцкі сектар раёна прадстаўлены 2314 суб'ектамі малога і сярэдняга бізнесу, да ўзроўню 2019 года рост склаў каля 5 %. 239 фізічных асоб ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, працуюць 34 суб'екты аграэкатурызму. Удзельная вага паступленняў у бюджэт ад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва складае 40 %. У цэлым амаль на 70% бюджэт фарміруецца за кошт адлічэнняў недзяржаўнага сектара эканомікі.

На долю Пухавіцкага раёна прыпадае 2,5 працэнта ад агульнага аб'ёму экспарту тавараў Мінскай вобласці, 1,8 працэнта — экспарту паслуг. Прадукцыя пастаўляецца больш чым у 50 краін свету. Асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам з'яўляецца Расійская Федэрацыя з удзельнай вагой у экспарце раёна 62,7 %, затым ідуць Украіна — 17,7 %, Польшча — 4,9 %, Літва — 4,7 %, Казахстан — 3,2 %, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты — 0,9 %. У 2020-м было экспартавана тавараў амаль на 130 мільёнаў долараў, што перавысіла узровень 2010 года ў 3,5 раза, за пяць месяцаў 2021-га 90 мільёнаў долараў. За мяжу ў асноўным ідуць хімічныя сродкі засцярогі раслін, мадэльныя саставы, парафін, дзіцячыя цацкі, ветэрынарныя прэпараты, марожанае. Галоўны экспарцёр тавараў —- гэта ЗАТ «Аўгуст-Бел», якому належыць 64 % экспарта раёна. А таксама СТАА «Марозпрадукт», ТАА «Белэкатэхніка», ТАА «Краіна цацак». Экспарт паслуг у цэлым па раёне за пяць месяцаў 2021 года склаў 3,5 млн долараў, або 133 % да аналагічнага перыяду 2020 года.

Паступленне прамых замежных інвестыцый у рэгіён за першае паўгоддзе 2021 года — 28 мільёнаў долараў ЗША. Асноўнымі арганізацыямі, якія прыцягваюць прамыя замежныя інвестыцыі з'яўляюцца ЗАТ «Аўгуст-Бел», ЗАТ «Струнныя тэхналогіі».

Што датычыцца сельскай гаспадаркі, яна арыентавана на вытворчасць малака і мяса, вырошчванне збожжавых культур, рапсу, цукровых буракоў, бульбы. У цэлым вытворчасць валавой прадукцыі ў гэтай галіне за 7 месяцаў 2021-га склала 105,4 % да ўзроўню 2020 года (пры даведзеным паказчыку 102,3 %). Вытворчасць малака за студзень — ліпень 2021 года павялічылася да ўзроўню мінулага года на 5 % і склала 49 тысяч тон.

— Віктар Міхайлавіч, у раёне распрацавана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гады. Што ў ёй закладзена?

— Праграма прадугледжвае павелічэнне выкарыстання наяўнага патэнцыялу развіцця ўсіх галін народнагаспадарчага комплексу раёна, а таксама эфектыўнае выкарыстанне канкурэнтнай перавагі — развіццё горада-спадарожніка Мінска, гарадскога пасёлка Рудзенск.

Галоўная мэта праграмы — стварэнне асновы ўстойлівага росту эканомікі, умоў для павелічэння даходаў насельніцтва і забеспячэння камфортнага жыцця ў рэгіёне за кошт мадэрнізацыі і больш эфектыўнага выкарыстання прамысловага, аграрнага, турыстычнага і прыродна-рэсурснага патэнцыялу. Перад рэгіёнам стаяць задачы па фарміраванні эфектыўнага аграпрамысловага комплексу шляхам аптымізацыі вытворчых плошчаў і тэхналагічнай мадэрнізацыі з тым, каб знізіць выдаткі і павялічыць аб'ёмы вытворчасцяў, а таксама фарміраванне інвестыцыйных пляцовак з неабходнай інфраструктурай. Вельмі важны і такі аспект, як прыцягненне інвестараў на сфарміраваныя пляцоўкі, замацаванне спецыялістаў у сельскіх населеных пунктах, моладзі. Гэта плануецца ажыццявіць шляхам будаўніцтва жылля і сацыяльнай інфраструктуры, у тым ліку ўзвядзення горада-спадарожніка.

— Дасягненне азначаных мэт мае на ўвазе прыцягенне інвестараў, рэалізацыю інвестыцыйных праектаў...

— Безумоўна. І мы працуем у гэтым кірунку. Напрыклад, Нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя рэалізоўвае інвестыцыйны праект па арганізацыі высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016—2032 гады з аб'ёмам інвестыцый у памеры 1196 млн. рублёў, што дазволіць стварыць больш за 800 новых рабочых месцаў. РУП «Мінскэнерга» ажыццяўляе інвестыцыйны праект па будаўніцтве пікава-рэзервовай энергакрыніцы на ЦЭЦ-5 — 1 і 2 чарга з аб'ёмам інвестыцый каля 400 млн рублёў. Таксама плануецца да рэалізацыі будаўніцтва міжрэгіянальнага палігона ў пасёлку Дружны за кошт сродкаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (5 мільёнаў еўра і 2 мільёны еўра гранты). Тэрмін увядзення ў дзеянне — 2022 год. Па распараджэнні кіраўніка дзяржавы створана новая арганізацыя — камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «ЭкаДругЗаб», якая з'яўляецца заказчыкам дадзенага праекта. На сёння праходзяць таргі па пошуку падрадчыка на праектаванне і будаўніцтва.

Усё гэта садзейнічае стварэнню новых рабочых месцаў. Так, за апошнюю пяцігодку іх адкрыта каля 1,5 тысячы.

— Наколькі ведаю, у раёне актыўна вядзецца будаўніцтва жылля, сацыяльных аб'ектаў. І шмат што яшчэ запланавана?

— У 2019 годзе распрацаваны горадабудаўнічы праект па аб'екце «Дэталёвы план планіровачнага раёна «Дружны» ў горадзе-спадарожніку Мінска, гарадскім пасёлку Рудзенск. 24 снежня 2019 года прынята рашэнне Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта аб зацвярджэнні горадабудаўнічай дакументацы, якое прайшло юрыдычную экспертызу і апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь. Рашэнне ўступіла ў сілу 22 лютага 2020 года. Дадзеным дэталёвым планам прадугледжана будаўніцтва 2660 кватэр. Плануецца ўзвядзенне двух дзіцячых садкоў, школы, аб'ектаў культурна-бытавога прызначэння, фізкультурна-спартыўных, гандлёва-забаўляльных аб'ектаў, аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры і грамадска-дзелавога цэнтра.

Запланавана і будаўніцтва пажарнага дэпо ў Мар'інай Горцы на тэрыторыі былога ваеннага гарадка, якое завершыцца ў 2023 годзе. На дадзены момант распрацоўваецца праектная дакументацыя. А таксама — будаўніцтва лячэбнага корпуса па вуліцы Паркавай у пасёлку Дружны. Ужо вызначана праектная арганізацыя, заключаецца дагавор на правядзенне праектна-пошукавых работ.

На 2022 год запланавана шмат мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні. Такія, напрыклад, як уладкаванне вуліцы Кастрычніцкая. Тут прадугледжваецца арганізацыя перахопліваючай паркоўкі для грамадзян, якія прыбываюць на аўтавакзал, або чыгуначную станцыю на асабістым аўтамабільным транспарце. З'явяцца і месцы для стаянкі таксі, захоўвання ровараў з пунктам пракату, каля аўтастанцыі будзе добраўпарадкаваны сквер з месцамі для адпачынку пасажыраў усіх узростаў, якія чакаюць транспарту. Магчымае і размяшчэнне дзіцячай пляцоўкі.

— А як справы з працаўладкаваннем і замацаваннем моладзі?

— Штогод у раён прыбывае каля 250 маладых спецыялістаў. За кожным з іх замацоўваюцца адказныя асобы (настаўнікі), якія дапамагаюць моладзі адаптавацца ў калектывах, набыць веды і навыкі ў практычнай дзейнасці. Асноўная частка выпускнікоў навучальных устаноў — ураджэнцы Пухавіцкага раёна, пражываюць разам з бацькамі. Іншагароднім або тым, хто хоча жыць асобна, даецца жыллё, вылучаюцца месцы ў інтэрнаце. Спецыялістам, якія прыбылі ў сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, выдзяляецца жыллё гаспадаркі альбо кампенсуецца 50 % выдаткаў па аплаце здымных кватэр (дамоў). У далейшым яны маюць магчымасць набыць гэтыя «квадраты» ва ўласнасць пры ўмове наяўнасці стажу работы ў сельскагаспадарчых арганізацыях больш за 10 гадоў.

У 2020 годзе, напрыклад, для работнікаў Мар'інагорскай цэнтральная раённай бальніцы выдзелена 8 жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, 6 з іх для маладых спецыялістаў.

Маладым медыкам устанаўліваюцца працэнтныя надбаўкі за складанасць і напружанасць працы, а пры ўмове заключэння кантракта ад 2 да 5 гадоў — павышэнне акладу на тэрмін да 5 гадоў. На працягу 2-х гадовай адпрацоўкі ўсім маладым спецыялістам аказваецца дапамога ў падрыхтоўцы дакументаў для здачы на кваліфікацыйную катэгорыю, што забяспечвае ў далейшым кар'ерны рост. Для аплаты здымнага жылля ім штомесяц выплачваецца матэрыяльная дапамога ў памеры 3 базавых велічынь.

У сферы адукацыі працуюць «Школа маладога спецыяліста» першага года работы і «Школа маладога спецыяліста» другога года працы. Пасяджэнне Школы праводзіцца адзін раз на месяц, там разглядаюцца актуальныя пытанні. Для маладых спецыялістаў арганізоўваюцца круглыя сталы, семінары, вэбінары, праводзяцца мерапрыемствы, конкурсы. Падчас пасяўной і ўборачнай кампаній арганізоўваюцца спаборніцтвы сярод маладых механізатараў, маладзёжных экіпажаў уборачных агрэгатаў. Арганізацыямі раёна арандуюцца спартыўныя залы для заняткаў спортам, ладзяцца спартакіяды, турыстычныя злёты, спаборніцтвы пажарных і санітарных дружын.

Стварэнне неабходных умоў для прафесійнай і працоўнай самарэалізацыі маладых людзей з'яўляецца прыярытэтнай задачай у галіне рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін у Пухавіцкім раёне.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Больш за паўсотню экспартных кірункаў

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.