Вы тут

«Па-першае, я з Пінска...»


Не так шмат у Беларусі гарадоў, па якіх турыстаў можна вадзіць больш за тры гадзіны і пры гэтым не паспець распавесці нават пра палову мясцовых цікавінак. Тут захавалася багата гістарычных аб'ектаў, і мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што калі б у Брэсце не было крэпасці, Пінск мог бы стаць добрым канкурэнтам абласному цэнтру. І хоць пакуль сюды рэдка заязджаюць вялікія аўтобусы з экскурсійнымі групамі, у сталіцы Палесся (менавіта пад такім слоганам можа рэкламавацца горад) ёсць усе шанцы стаць запатрабаваным турыстычным цэнтрам, што і пацвердзіў выязны семінар, праведзены Нацыянальным агенцтвам па турызме сумесна з Брэсцкім выканкамам.


Гісторыя — за кожным дамком

Першая згадка Пінска — 1097 год, хоць, як мяркуюць даследчыкі, горад існаваў ужо ў VІІІ стагоддзі, праўда, знаходзіўся ў іншым месцы.Такая працяглая гісторыя, а можа, заможнасць горада — усё ж тут сыходзіліся рэкі, праз якія былі пракладзены гандлёвыя шляхі, што звязвалі Балтыку з Чорным морам, — паўплывалі на харатар мясцовых жыхароў. Надта яны ганарыліся сваім паходжаннем, і калі бывалі ў чужых краях, усяляк яго падкрэслівалі. На такую асаблівасць пінчукоў звярталі ўвагу пісьменнікі, этнографы, падарожнікі. Дзякуючы гэтаму з'явілася ідэя для новай гарадской скульптуры — на вуліцы «пасяліўся» знакаміты Пінчук, які важна загінае пальцы і заяўляе: «Па-першае, я з Пінска...». Бронзавая скульптура запрашае на «шпацыр па Газе» — так мясцовыя жыхары празвалі прагулкі па галоўнай гарадской вуліцы. «Газа» перакладалася як «Вялікая». За рознымі часамі вуліца мяняла назвы: Вялікая Спаская, Вялікая Францысканская, Вялікая Кіеўская, Тадэвуша Касцюшкі, а пры Саветах перайменавана ў вуліцу Леніна. Сёння яна стала пешаходнай, абзавялася арыгінальнымі лавачкамі і ліхтарамі. Бліжэй да вечара і ў выхадныя ды святочныя дні тут з'яўляюцца рамеснікі, вуліца напаўняецца жыхарамі і гасцямі горада, якія павольна прагульваюцца па дарозе, выкладзенай каменнем, альбо разглядваюць рэшткі знакамітай шасціграннай пліткі-трылінкі (ці, як яе яшчэ называюць, «пінскай косткі»). У 30-я гады мінулага стагоддзя інжынер Уладзіслаў Трылінскі прапанаваў замест камянёў выкладваць вуліцы такімі пліткамі, зробленымі з колатага базальтавага каменю, залітага бетонам. І пазней гэтай пліткай брукаваліся вуліцы і плошчы палескіх гарадоў, а таксама дарога, што вяла да Брэста.

Ці не за кожным дамком «пінскай пешаходкі» стаіць гісторыя. Раней тут былі дзясяткі рэстаранаў, магазінаў, гасцініц. Так, побач са скульптурай Пінчука размяшчаецца будынак былой гасцініцы «Англійская», якая ў міжваенныя гады ўражвала сваіх гасцей багатым убраннем, кожны нумар быў тэлефанізаваны, у мясцовым рэстаране не сціхала музыка і працавалі танцоўшчыцы. Тут спыняліся самыя важныя госці, у тым ліку і амерыканская падарожніца Луіза Арнэр Бойд, якая за даследаванні Арктыкі і Грэнландыі атрымала мянушкі «Лэдзі Арктыкі» і «Каралева лёду». Падчас сімпозіуму географаў у Варшаве жанчына пацікавілася, які наступны куток варты яе даследавання, і пасля, у 1934 годзе, наведала Піншчыну. Луіза зрабіла сотні здымкаў, напісала кнігу, у якой дзялілася сваім захапленнем тутэйшай мясцовасцю і ладам жыцця палешукоў, якія жывуць сярод балот. Здзіўлялася, як мясцовыя жыхары арыентуюцца ў зарасніку чароту і знаходзяць дарогу дадому. Нават прымаўка хадзіла, што хутчэй рыба патоне, чым паляшук. Не дзіва, што падарожніца параўнала палешукоў з індзейцамі возера Ціцікака і афрыканскімі плямёнамі вярхоўя Ніла...

Падчас падарожжа па «пінскай пешаходцы» даведацца, як раней выгляда галоўная вуліца, дапаможа вялікае графіці мастака Яўгена Сасюры.

Аблокі, падобныя на балоты

У Пінску было шэсць каталіцкіх манастыроў, ад некаторых засталіся фрагменты ці наогул захаваліся толькі назвы, усяго адзін ансамбль дайшоў да нашага часу — манастыра францысканцаў. Вяршыня ансамбля — кафедральны касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Гэта адна з трох малых базілік у Беларусі (побач з Будслаўскім касцёлам і касцёлам Святога Ксаверыя ў Гродне). Такі статус надаецца толькі найбольш прыгожым, з багатай гісторыяй храмам. Сапраўды, мала проста палюбавацца шыкоўным барочным фасадам — уражвае і шыкоўны інтэр'ер з далікатнай драўлянай разьбой, пакрытай пазалотай. Сярод палотнаў вы ўбачыце «Пінскую мадонну» Альфрэда Рэмера, якая стаіць на аблоках, падобных на пінскія балоты. І нават сцэна «Пакланенне вешчуноў» падчас размалёўвання касцёла набыла тут свае рысы — замест класічных біблейскіх пастухоў пакланіцца Ісусу прыйшлі жыхары мясцовых ваколіц: стары паляшук у лапцях з торбай, юны пастушок з дудачкай, шляхціч з гасцінцамі ў кошыку і кабета ў палескім строі.

А яшчэ тут можна пачуць і ўбачыць адзін з самых вялікіх гістарычных арганаў Беларусі (ён мае 1498 труб!). Але для ўдзельнікаў семінара, на якім прэзентаваўся новы турыстычны маршрут Брэстчыны, на гэтым адкрыцці не спыніліся — дзякуючы старшыні Пінскага аддзялення Беларускага грамадскага аб'яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяне Хвагінай, удалося пабываць у сценах семінарыі і на ўласныя вочы ўбачыць фрэскі пачатку ХVІІІ стагоддзя.

Больш за сто гадоў будынку Палескага драматычнага тэатра. Як паведаміў яго дырэктар Аляксандр Мікалаевіч Лукашэнка, калектыву, які сёння ставіць тут спектаклі для дзяцей і дарослых, сёлета споўнілася 15 гадоў. Адна з візітовак тэатра — «Пінская шляхта». Дворык побач з будынкам упрыгожаны драўлянымі фігурамі — героямі з гэтага спектакля і цытатамі кожнага з персанажаў.

Нават навучальныя ўстановы тут размяшчаюцца ў стагадовых будынках. Як напрыклад, Пінскі каледж мастацтваў. Штогод яго навучэнцы свае выпускныя балі пад паланэз Агінскага і іншую старадаўнюю музыку на радасць гараджанам ладзяць проста на вуліцы.

Таксама на слыху найстарэйшая гімназія Палесся (пабудавана ў 1853 годзе), многія выпускнікі якой сталі вядомыя ва ўсім свеце. Захаваліся будынкі, звязаныя з ваеннай гісторыяй, напрыклад, месца, дзе быў арганізаваны першы палескі партызанскі атрад (ужо 26 чэрвеня 1941 года).

Палац Бутрымовіча, вядомы, як «Пінскі мур», стаў першай некультавай камяніцай горада. Ён стаіць на палях, бо быў узведзены ў тым месцы, якое часта размывала вада. Пасля — чвэрць стагоддзя забыцця і запусцення, сёння ён адрамантаваны і тут рэгіструюцца шлюбы. Першы ўладальнік палаца — Матэуш Бутрымовіч, падстараста пінскі, палітычны дзеяч, адыграў важную ролю ў развіцці свайго краю, дзякуючы яму пачалося будаўніцтва такіх водных шляхоў, як Каралеўскі канал і канал Агінскага. Калі будоўля каналаў была завершана, Матэуш купіў 10 караблёў, нагрузіў іх таварамі і выправіў у Польшчу. Як пісалі тагачасныя газеты, тады ўся Варшава збеглася паглядзець на «палескіх індзейцаў»...

Варта затрымацца

Натуральна, пагулянкі па Пінску не абмяжоўваюцца адной пешаходнай вуліцай. Як паведаміў намеснік старшыні гарадскога выканаўчага камітэта Пінска Генадзь Палікоўскі, горад мае добры турыстычны патэнцыял, за апошнія пяць гадоў было зроблена вельмі многае, і да пандэміі, у 2019 годзе, экспарт турпаслуг пераваліў за мільён 260 тысяч.

У планах стварыць тут цэлы пешаходны квартал, прадумаць веласіпедныя маршруты. Паспяхова развіваецца водны турызм, — у летні час гісторыю горада можна спасцігаць падчас цеплаходных экскурсій. А чаму б не прагуляцца па старажытным прадмесці Каралін, якое сёння ўваходзіць у склад горада, а раней спрабавала канкурыраваць з ім і было вельмі заможнае. Сто гадоў таму тут гулялі юныя Хаім Вейцман і Голда Меір (будучыя прэзідэнт і прэм'ер-міністр Ізраіля). Наогул, у горадзе можна ладзіць асобную экскурсію, прысвечаную яўрэйскай спадчыне. Ствараецца тут і новы музей пры яўрэйскай школе.

Графіці на пешаходнай вуліцы.

У Пінску знаходзіцца храм, дзе вянчаўся Якуб Колас, а ў Музеі Беларускага Палесся захоўваецца кушэтка, на якой сядзеў класік. Увогуле, сярод экспанатаў музея шмат цікавых артэфактаў — сярод іх Тураўскі саркафаг з ружовага сланцу ХІІ стагоддзя, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, драўляны ровар, сцяг, зроблены ў гады Вялікай Айчыннай вайны з рызы святара, які пайшоў у партызаны. А самы вялікі экспанат — адзін з першых савецкіх трактароў, які узворваў палескія землі, размясціўся на вуліцы перад уваходам у музей. А яшчэ пры музеі дзейнічае карцінная галерэя. Не здзіўляйцеся, калі ўбачыце тут скарбы, прывезеныя з запаснікаў Траццякоўскай галерэі і Рускага музея, — карціны Айвазоўскага, Шышкіна, Макоўскага. У пасляваенны час, ведаючы, колькі каштоўнасцяў адсюль было вывезена за межы краіны, супрацоўнік музея Баравікоў едзе да міністра культуры Фурцавай і пераконвае аддаць з запаснікаў музеяў Расіі карціны для адкрыцця галерэі ў Пінску.

А знаходзіццца музей у будынку калегіума — найстарэйшага архітэктурнага помніка ў Пінску. Раней калегіум уваходзіў у ансамбль іезуіцкага манастыра, пабудаванага ў ХVІІ стагоддзі. Доўгі час галоўная складальная комплексу — шыкоўны касцёл Святога Станіслава — быў адным з самых вялікіх будынкаў ВКЛ (па вышыні — як сучасныя 9-ціпавярховікі). На яго вежу ў 1706 годзе падымаўся шведскі кароль Карл ХІІ. Пасля Вялікай Айчыннай архітэктурны шэдэўр быў зруйнаваны, а ў 1953 годзе будынак узарвалі, бо для тагачаснай улады ён «не меў мастацкай і гістарычнай каштоўнасці».

Пінская плошча здзіўляе сваімі кантрастамі. Побач са старым калегіумам захаваўся помнік Леніну, каля якога час ад часу шпацыруюць буслы. Так, Пінск — месца, дзе ахвотна селяцца гэтыя птушкі. Адна з буслянак размешчана на трубе ад кацельні старой лазні, у якую за савецкім часам перарабілі яўрэйскую мікву...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.