Мінскі паўмарафон вяртаецца! У дзень горада 12 верасня чакаем яркі забег. Мінулы год для грандыёзнага спартыўнага свята стаў выключэннем: каранавірус унёс свае карэктывы. Сёлета паўмарафон пройдзе ў скарочаным фармаце: колькасць удзельнікаў абмежавана лічбай 10 тысяч чалавек. Ёсць і анлайн фармат. Для бегуноў традыцыйныя на выбар тры дыстанцыі: 5,5, 10,5 і 21,1 кіламетра.
«Для аматараў бегу Мінскі паўмарафон — як глыток свежага паветра», — дзеліцца сваёй радасцю пастаянная ўдзельніца паўмарафону, тэлевядучая Ірына Рамбальская. Ірына, якая з Мінскім паўмарафонам з першага дня, расказала нам не толькі пра свой удзел у вялікім спартыўным свяце. Тэлевядучая акрэсліла ролю і месца бегу ў сваім жыцці, а таксама падзялілася, як за некалькі гадоў спартыўныя інтарэсы выйшлі далёка за межы прабежак і навошта трэба пачынаць бегаць усім і кожнаму.
— Ірына, з чаго пачалося ваша захапленне бегам?
— Бегаю я з першага Мінскага паўмарафону, які адначасова стаў для мяне і штуршком, і адкрыццём, дзе я ў складзе каманды Dream Team спачатку паспрабавала прабегчы свой першы кіламетр, які, дарэчы, даўся мне вельмі цяжка. У дэбютным сезоне Мінскага паўмарафону я прабегла сваю першую пяцёрку — мінімальную дыстанцыю ў пяць з паловай кіламетра і далей па нарастаючай. На жаль, ковід спыніў усе нашы планы адносна ўдзелу ў забегах. За два апошнія гады ў мяне не атрымалася прыняць удзел дзесьці ў трох забегах. Таму вельмі цудоўна, што сёлета ў нас ёсць наш паўмарафон, на якім можна паказаць усе свае гадавыя навыкі. Ён хоць і пройдзе ва ўрэзаным фармаце, але вельмі крута, што яго захавалі. Гэта як глыток свежага паветра!
— Напэўна, у вас ёсць персанальная статыстыка: геаграфія краін, дзе пашчасціла бегчы, і колькасць медалёў, якія вы атрымалі? Якія яны, вашыя асабістыя дасягненні?
— Акрамя Беларусі, я бегала ў многіх іншых краінах: Польшча, Ізраіль, Украіна, Італія... Дзе была магчымасць, там і бегала. Колькасць медалёў дакладна не ведаю. Усё хачу набыць медальніцу. Пакуль жа захоўваю ўзнагароды ў верхняй шуфлядзе стала і бачу, што яны ўжо падпіраюць. Медаль, з аднаго боку, для мяне не галоўнае: няма дык няма. Але, з іншага боку, рэч для аматара вельмі прыемная, асабліва калі ў дзяцінстве ён быў вызвалены ад фізкультуры.
— Дзіўная гісторыя: у дзяцінстве спорт быў забаронены, а цяпер вы актыўна ім займаецеся. Гэта спорт насуперак?
— Спачатку быў насуперак, а цяпер, менавіта дзякуючы бегу я знаходжуся ў рэмісіі па такім сур’ёзным захворванні, як астма. Упэўнена, што і дыханне, і пашырэнне аб’ёму лёгкіх, якія трэніруюцца дзякуючы прабежкам, і тое цярпенне, якое неабходна для таго, каб бегчы не хвіліны, а гадзіны, — гэта ўсё працуе на карысць майму здароўю, нягледзячы на прагнозы дактароў. Лічу, што ў гэтым сэнсе бег для мяне — збаўчая рэч.
— Якія эмоцыі вы адчуваеце і перажываеце падчас бегу?
— Увогуле, бег — гэта наш натуральны стан, гэта тое, да чаго цела мае схільнасць. Паглядзіце на дзяцей: яны бегаюць і смяюцца. Гэта іх натуральны стан. Потым становяцца дарослымі і па нейкіх прычынах губляюць гэты навык. Вярнуць яго можна, але пры дапамозе трэніровак. І тут вельмі важна не гвалтаваць свой арганізм. У кожнага чалавека індывідуальныя хуткасць і тэмп. Трэба бегчы так, каб было камфортна. Чалавек павінен атрымліваць асалоду ад працэсу: тут ты спыніўся, каб сфатаграфаваць штосьці прыгожае, там качку пакарміў... Адна з галоўных кніг бегуна — «Бег 80:20». Дык вось асноўная думка гэтай кнігі такая: 80 працэнтаў часу ты павінен проста кайфаваць ад бегу, а ў астатнія 20 працэнтаў часу ты павінен пастарацца і пераадолець сябе, як бы цяжка бегчы ні было.
— Якім бегавым вынікам вы ганарыцеся больш за ўсё?
— У нас быў дабрачынны марафон, які доўжыўся 24 гадзіны. Праходзіў ён у Мінску, на стадыёне ў раёне вуліцы Каліноўскага. У выніку я заняла 4-е месца, крыху не хапіла да трэцяга. Гэты марафон я лічу важным, таму што быў шматгадзінны забег. Пасля яго я задумалася над тым, каб паспрабаваць прабегчы ўльтрамарафон — той, што звыш 42 кіламетраў.
— Давайце ўспомнім вядомы фільм «Форэст Гамп». Калі ў галоўнага героя спыталі: «Навошта вы бяжыце?» ён адказаў: «Я проста бягу». Ірына, навошта бежыце вы?
— Ёсць у гэтым, перш за ўсё, падаплёка філасофская. Вось, напрыклад, калі ўзяць трыятлон. Чаму ён лічыцца відам спорту паспяховых людзей? Усё проста: кожны дзень яны вельмі інтэнсіўна працуюць і вымушаны факусіравацца на вырашэнні вялікай колькасці важных задач, што вядзе да перанапружвання, і, як вынік, зніжаецца хуткасць разумовых працэсаў. Дзеля таго каб прыняць правільнае рашэнне і скласці пазлы ў адзінае цэлае, чалавек павінен спачатку папрацаваць галавой, а потым адпусціць сітуацыю. Адпусціць яе проста так практычна немагчыма. Трэба расслабіць мозг. Калі ты бяжыш, твой мозг расслабляецца. У выніку ненадакучліва, як бы само сабою, ты атрымліваеш адказы на тыя пытанні, якія раней здаваліся вельмі цяжкімі. Яшчэ бег для мяне — гэта ўнікальная магчымасць слухаць аудыякнігі. Атрымліваецца добрая эканомія часу! Акрамя гэтых момантаў, бег — абсалютна легальны спосаб атрымліваць задавальненне. На гэты конт ёсць нават медыцынскія даследаванні, якія даказваюць «эндарфінныя прыходы» падчас бегу. На пэўных кіламетрах ты адчуваеш, як табе становіцца добра. Ад такога задавальнення вельмі цяжка адмовіцца!
— Звернемся да таго ж героя. Падчас бегу ў Форэста Гампа з’явілася шмат аднадумцаў. Наколькі я бачу ў вашых акаўнтах у сацсетках, вы таксама бегаеце не адна. Што даюць прабежкі з сяброўкамі?
— Цяпер гэта наша нязменная чацвёрка бегуноў: я, Вікторыя Сянкевіч, Наталля Стэльмах і Ганна Ваўкавец. Сумесны бег — не толькі цудоўная магчымасць пагутарыць, вырашыць нейкія рабочыя пытанні. Разам з сяброўкамі мы ставім перад сабой і новыя спартыўныя мэты. Напрыклад, цяпер разам займаемся плаваннем. А наступнай вясной хацелася б узняцца на гару Арарат. Дарэчы, для любога ўзыходжання — Эльбрус, Арарат ці Эверэст — самай галоўнай асновай з’яўляецца бег. Ну, і, вядома, хацелася б адзначыць асяроддзе бегуноў у цэлым. Яно асабістае. Мы бачым адзін аднаго здалёк, па красоўках. Гэта абсалютна бяспечнае асяроддзе людзей-аднадумцаў, якія, дзе б ты ні апынуўся, заўсёды падкажуць і пакажуць дарогу, а калі трэба, то і давязуць.
— Вяртаючыся да Мінскага паўмарафону: калі чалавек бегае для асабістага задавальнення, ці дастаткова яму проста зарэгістравацца на забег? Альбо ўсё ж такі трэба пэўным чынам рыхтавацца?
— Каб прабегчы максімальную дыстанцыю паўмарафону, на падрыхтоўку хопіць 3-4 месяцы. Паўгода — проста ідэальна, калі вы бегаеце 3-4 разы на тыдзень. Комплекс падрыхтоўкі абавязкова павінен уключаць расцяжку, планку. За тыдзень перад забегам інтэнсіўныя трэніроўкі неабходна спыніць і проста атрымліваць асалоду ад лёгкіх прабежак. Ну, а самы прыемны момант — гэта вечар напярэдадні забегу. Я маю на ўвазе вугляводную загрузку арганізма. Схадзіць у прыгожы рэстаран ці арганізаваць вячэру дома. Вугляводы — гэта тое, што бегуну проста неабходна. Яны даюць энергію.
— Якую дыстанцыю на Мінскім паўмарафоне раіце выбраць, каб паспрабаваць свае сілы?
— Неабавязкова рэгістравацца адразу на 21 кіламетр. Пачніце з 5,5 км. Гэтую дыстанцыю неабавязкова цалкам бегчы — можна дзесьці і пешшу прайці. Часу, які адводзіцца на паўмарафоне на ўсе дыстанцыіі, дастаткова, каб прайці іх хуткім крокам. Тры гадзіны на 21 кіламетр — гэта мегахуткая хадзьба.
— Пры выбары аддзення і аксесуараў для прабежак на што перш за ўсё трэба звярнуць увагу?
— Якасныя красоўкі. Гэта тое, на чым эканоміць дакладна нельга. І мяняць іх таксама трэба сістэматычна. 300–400 км прабеглі — і ў магазін па новыя. Што датычыцца аддзення: чым менш, тым лепеш. Ёсць правіла 10 градусаў: калі сёння на вуліцы вам камфорта ў кофце, то бегчы трэба ў майцы, таму што ў працэсе будзе горача. Да таго, як я пачала займацца бегам, спрабавала розныя віды спорту. Перад заняткамі заўсёды набывала новае прыгожае аддзенне. Вось пайшла на танцы, і першае, што зрабіла, набыла прыгожую форму. І заўсёды гэта нічым не заканчвалася. Як толькі набуду што-небудзь прыгожае, на адну-дзве трэніроўкі схадзіла — і на гэтым усё. Калі пачала бегаць, думала, што будзе такая ж гісторыя. Таму першыя год ці два я бегала ў старым аддзенні, толькі красоўкі былі добрыя. Сама для сябе вырашыла: калі не кіну бегаць, вось тады і куплю сабе мільёны прыгожых топікаў і шортаў.
— Наколькі патрэбныя такія марафоны, як Мінскі, для нашай краіны ў цэлым і што яны даюць асобна ўзятаму чалавеку?
— Канешне, Мінскі паўмарафон — перш за ўсё іміджавы праект для нашай краіны. Шмат замежнікаў прыязджае да нас, каб прыняць у ім удзел. Што датычыцца мяне, лічу, што паўмарафоны — гэта ідэальная магчымасць паглядзець горад з нечаканайга боку, напрыклад, з боку пешахода. Дарэчы, я заўсёды выбіраю сусветныя марафоны, якія праходзяць не па трасе, а па горадзе. Мінскі паўмарафон круты тым, што праходзіць у самым цэнтры нашай сталіцы. Дзеля бегуноў перакрываюць галоўныя праспекты. І ты маеш унікальную магчымасць убачыць самыя прыгожыя месцы горада з незвычайнага ракурсу, з вельмі ўзнёслым настроем, з цудоўнай і важнай падтрымкай заўзятароў. Памятаю, як яны каля дарогі нават колу бегунам раздавалі.
— Ад чаго адмаўляюцца тыя людзі, якія хацелі б, але яшчэ не знайшлі ў сабе пэўных сіл і матывацыі, каб пачаць бегаць?
— Адмаўляюцца ад магчымасці без дакору сумлення ўжываць розныя прысмакі і іншыя вугляводы, якія жанчыны ў пэўным узросце пачынаюць абмяжоўваць ці наогул забараняць. Адмаўляюцца, безумоўна, ад стройных ног без цэлюліту, бо бег — ідэальная нагрузка на ногі. Не сакрэт, што ў пэўным узросце становіцца даволі складана заводзіць новыя знаёмствы. У гэтым сэнсе бег дае магчымасць лёгка знаёміцца з вялікай колькасцю аднадумцаў, і як правіла, гэта людзі вельмі паспяховыя ў сваіх галінах. На дыстанцыі ты можаш сустрэцца і з хімікамі, і з фізікамі, і з тэлевядучымі. Гэта гісторыя пра ўсіх. Ну і, вядома, бег — гэта цудоўны рэгулятар здароўя, які дасць магчымасць захоўваць маладосць на доўгія гады.
Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ
Фота: з архіва Ірыны Рамбальскай, з афіцыяльнага сайта Мінскага паўмарафону
Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца.
«Абеліскі параненай зямлі».
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.