Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


300 грабніц у скале

Іх выявілі пры раскопках старажытнага некропаля.

У горадзе Сахаг егіпецкія археолагі раскапалі закінутыя, паводле папярэдняй ацэнкі навукоўцаў, пахаванні перыяду Старажытнага царства (каля 2000 гадоў да н. э.), гаворыцца на сайце Міністэрства па справах старажытнасцяў Егіпта.

Грабніцы былі выяўлены пры раскопках старажытнага некропаля, яны адрозніваліся адна ад адной па архітэктурным стылі і былі высечаныя на рознай вышыні скалы.

Сярод знойдзеных пахаванняў асабліва вылучалася скошаная грабніца, якая была абсталявана фальшывымі дзвярыма і дадатковым бакавым уваходам у галерэю з магільнай шахтай.

Акрамя грабніц, археолагі знайшлі ў пустотах шмат дамашняй маёмасці, а таксама розныя прадметы, якія маглі выкарыстоўвацца ў якасці ахвярапрынашэння.


Стратэгія лактозы

Ці ўплывае малако на ўзровень халестэрыну?

Яго рэгулярнае спажыванне ніяк не звязана з апошнім паказчыкам. Адпаведнае даследаванне апублікавала міжнародная каманда навукоўцаў, паведаміла Medіcal Xpress.

Спецыялісты прааналізавалі папярэднія даследаванні на дадзеную тэму і выявілі, што ў тых людзей, у каго ў рацыёне заўсёды прысутнічае малако, больш высокі індэкс масы цела (ІМТ) у параўнанні з тымі, хто яго не п'е.

Нягледзячы на гэта, як правіла, у людзей з першай групы больш нізкі ўзровень як «добрага», так і «дрэннага» халестэрыну. Аналіз іншых буйных даследаванняў паказаў, што ў тых, хто рэгулярна спажываў малако, рызыка развіцця ішэмічнай хваробы сэрца была ніжэйшая на 14 працэнтаў.

Навукоўцы ў ходзе новага даследавання вывучылі гены, звязаныя з цярпімасцю да лактозы. Высветлілася, што людзі, генетычна схільныя да добрай яе засваяльнасці, мелі абсалютна нармальныя паказчыкі ўзроўню халестэрыну. У іх магла быць лішняя вага, але гэта ніяк не ўплывала на рызыку хвароб сэрца. Акрамя таго, у іх быў больш нізкі ўзровень «добрага» і «дрэннага» халестэрыну.

«Усё гэта сведчыць пра тое, што адмова ад малочных прадуктаў не з'яўляецца дакладнай стратэгіяй для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Мы не выявілі такую ўзаемасувязь, прааналізаваўшы паказчыкі здароўя больш за 1,9 мільёна чалавек. Часам прычына тоіцца выключна ў генетыцы», — лічаць медыкі.

Таксама ў папярэдніх даследаваннях выказвалася здагадка, што ўжыванне малочных прадуктаў павышае рызыку ўзнікнення дыябету. У новай рабоце навукоўцы не знайшлі ніякіх пераканаўчых доказаў гэтай гіпотэзы.


Адчуць сябе дэльфінам

Чалавек можа развіць здольнасці да эхалакацыі.

Японскія навукоўцы правялі эксперымент, які падштурхнуў іх да думкі аб тым, што чалавек можа развіць у сябе здольнасці кажаноў і дэльфінаў. Пра гэта паведаміла выданне Express.

Навукоўцы распавялі, што людзі валодаюць простай формай эхалакацыі. У той час як, напрыклад, кажанам і дэльфінам адпаведная форма дазваляе пры дапамозе гуку вызначаць месцазнаходжанне прадмета, яго стан і нават рух.

У ходзе эксперымента, у якім узялі ўдзел 15 чалавек, даследчыкі далі ім магчымасць выкарыстоўваць прыладу для генерацыі эхалакацыйнага сігналу, які адбіваецца ад двух цыліндраў, што або нерухомыя, або круцяцца. Гэты гук чулі ўдзельнікі эксперыменту праз навушнікі.

Адзначаецца, што сігнал уключаў высокачастотныя сігналы да 41 кГц, якія чалавек не здольны пачуць. Аднак у ходзе эксперыменту ўдзельнікі змаглі вызначыць існаванне тых цыліндраў, што круцяцца, выкарыстоўваючы пры гэтым толькі гук па тэмбры і вышыні рэха.

«Мы можам атрымаць уяўленне аб тым, як адбываецца ўспрыманне прадметаў у іншых відаў, параўноўваючы яго з ведамі, атрыманымі ў даследаваннях эхалакацыі чалавека», — распавяла адна з аўтараў даследавання, доктар філасофіі Міва Сумія.

Express адзначае, што людзі валодаюць большай колькасцю пачуццяў, чым было прынята думаць раней. Акрамя дотыку, зроку, гуку, смаку і паху чалавек таксама мае прасторавую арыентацыю, прапрыяцэпцыю (адчуванне становішча цела) і ўспрыманне болю.


«Шакаладка» на балоце

Lіtorіa mіra вонкава нагадвае аўстралійскую драўняную жабу.

Вучоны Стыў Рычардс знайшоў сваячку аўстралійскай драўнянай жабы ў трапічных лясах Новай Гвінеі і назваў яе Lіtorіa mіra. Пра гэта піша The Guardіan.

Упершыню жабу колеру какавы навуковец выявіў у 2016 годзе ў неверагодна складаным асяроддзі — на балоцістай тэрыторыі, якая рэгулярна церпіць ад паводак, з маскітамі і кракадзіламі.

Рычардс паспешна дастаў узоры новага віду: ён разварушыў гняздо шэршняў, пасля чаго аўстралійцу прыйшлося літаральна ўцякаць з месца.

Пасля многіх гадоў складаных даследаванняў і генетычных аналізаў вучоны і яго калегі могуць з упэўненасцю сказаць, што Lіtorіa mіra — новы від. Lіtorіa mіra вонкава нагадвае аўстралійскую драўняную жабу, за выключэннем яе бліскучай карычневай скуры. Гэта найбліжэйшы сваяк аўстралійскай зялёнай квакшы. Але генетычны аналіз паказвае, што Lіtorіa mіra эвалюцыяніравала, каб стаць генетычна адрознай да такой ступені, каб гэтыя два віды не змаглі спароўвацца.

Уласна, галоўнае пытанне заключалася ў тым, а ці не былі шакаладныя жабы аўстралійскімі зялёнымі драўнянымі жабамі, якія часам могуць быць карычневыя і, як вядома, жывуць у Новай Гвінеі.

Сярод фізічных адрозненняў — дробныя плямкі за вачыма шакаладнай жабы, а яшчэ яна крыху меншая, чым аўстралійская зялёная драўняная, — ад 7 да 8 сантыметраў у дарослым узросце.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».