Вы тут

Кібермахлярства ў сеціве: як не патрапіць на вуду ашуканцаў?


Якія злачынствы здзяйсняюцца пры дапамозе высокіх тэхналогій, які сацыяльны партрэт зламысніка і ахвяры расказаў журналістам Мікалай КАВАЛЁЎ, намеснік начальніка ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі УУС Мінаблвыканкама.


Больш за ўсё — крадзяжоў

Колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій расце на працягу апошніх гадоў. Мяркуйце самі: у жніўні мінулага года ў Мінскай вобласці было зарэгістравана 1100 злачынстваў гэтай катэгорыі, а сёлета іх ужо 1400. І гэта пры тым, што летам актыўнасць зламыснікаў зніжаецца. «Пакуль рана казаць, што кіберзлачыннасць выйшла на плато», — мяркуе Мікалай Кавалёў. Усё ідзе паралельна: развіваюцца тэхналогіі, з’яўляюцца новыя фінансавыя прадукты, і зламыснікі таксама ўдасканальваюць сваё крымінальнае рамяство.

Па відах злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій карціна выглядае так, што звыш 90% — гэта крадзеж грашовых сродкаў з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій.

Далей ідуць несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, прасцей кажучы, калі «ўзламваюць» паролі электроннай пошты, сацсетак, гульнявых акаўнтаў. Таксама айцішнікі з крымінальным ухілам вырабляюць і распаўсюджваюць шкоднае праграмнае забеспячэнне. Выяўляюць барацьбіты з кіберзлачыннасцю і факты мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі, гэта значыць, змены альбо ўнясенне заведама ілжывай інфармацыі, што нанесла істотную шкоду.

Як крадуць нашы грошы

Напэўна, цяжка знайсці суайчынніка, якому хоць бы раз не патэлефанавалі па вайберы і не паведамілі, што «вось прама цяпер з вашай карты здымаюць грошы». Трэба адзначыць, што чым больш у грамадстве распаўсюджвалася інфармацыя пра такі спосаб крадзяжоў, тым менш людзей пападалі ў сеткі зладзеяў.

Тады ашуканцы вынайшлі яшчэ адзін спосаб. Зараз ужо тэлефануюць ад імя «супрацоўнікаў праваахоўных органаў» і просяць дапамагчы выкрыць злачынцу, але для гэтага зноў-такі патрэбныя дадзеныя карты памочніка.

Адзін з самых распаўсюджаных спосабаў крадзяжу грошай з карт–рахункаў — фішынг. Прасцей кажучы, «выцягванне» патрэбнай зламысніку інфармацыі. Гэта можа быць ілжывы сайт банка, але візуальна вельмі падобны на сапраўдны сайт папулярнай гандлёвай пляцоўкі, рассылка паведамленняў з прапановай перайсці па спасылцы.

Самаму маладому хакеру 11 гадоў

 

Калі хто-небудзь думае, што кіберзлачынцы — гэта людзі з дыплом айцішнікаў, то спяшаемся расчараваць. Мікалай Кавалёў кажа, што чым даўжэй служыць, тым «усе цікавей фігуранты». Адназначна можна сказаць, што гэтая катэгорыя зламыснікаў амалоджваецца. У яго практыцы не было падазроных, старэйшых за 40 гадоў, а сярэдні ўзрост — 20-25 гадоў. Самаму ж маладому ІТ-зладзею споўнілася 11 гадоў. Ён спецыялізаваўся на ўзломе гульнявых акаўнтаў. Між тым, крымінальная адказнасць за ўчыненне злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій наступае з 14 гадоў.

Кажучы аб адукацыйным узроўні зламыснікаў, Мікалай Кавалёў прывёў такі прыклад. Малады чалавек, які толькі скончыў школу, узламаў досыць шмат паштовых скрынь, прааналізаваў перапіску, фота і знайшоў нямала людзей, якіх была нагода шантажыраваць. Доўжылася гэта не адзін год, што дазволіла хлопцу жыць на шырокую нагу.

Нярэдка грамадзяне, якія раней былі асуджаныя за маёмасныя злачынствы, перакваліфікуюцца ў кібермахляроў. Ім без розніцы, дзе адымаць грошы: у рэальным або віртуальным свеце.

Кіберзлачыннасць мае высокаарганізаваны і трансгранічны характар. Гэта значыць, у крымінальнай схеме дакладна размеркаваны ролі: адзін тэлефануе ахвяры, выцягвае даныя карты, другі пераводзіць грошы, трэці іх абналічвае. Каб «чысціць» банкаўскія карткі беларусаў, не абавязкова фізічна знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны. У асноўным зламыснікі «асядаюць» у краінах СНД і працуюць на ўсю рускамоўную прастору.

Кажучы аб гендарнай прыкмеце, Мікалай Кавалёў адзначыў, што ў асноўным на ніве кіберзлачыннасці шчыруюць мужчыны. Але і жанчынам знаходзіцца месца ў крымінальных схемах, нярэдка яны выконваюць ролю супрацоўніц кол-цэнтраў банкаў.

У групе рызыкі жанчыны і старыя

А вось ахвярамі кіберзлачынцаў у большасці сваёй аказваюцца жанчыны. Віртуальныя патрашыцелі кашалькоў часта «ловяць» іх на гандлёвых здзелках. Да прыкладу, жанчына хоча прадаць мабільны тэлефон, які ёй надакучыў. І тут з'яўляецца пакупнік, які ну проста марыць пра такую мадэль. А вось сустрэцца непасрэдна цяпер не можа. Але гатовы пацвердзіць свае намеры: перавесці частку кошту гаджэта. Атрымаўшы даныя карткі няўдачлівага прадаўца, жулік крадзе з яе грошы.

«Асобна хачу сказаць аб пажылых людзях, бо яны найбольш даверлівыя, асабліва да прадстаўнікоў органаў улады, — адзначае Мікалай Кавалёў. — Таму калі зламыснік прадставіцца супрацоўнікам праваахоўных органаў, пажылы чалавек выканае ўсе яго ўказанні. Мы сумесна з органамі мясцовай улады займаемся прафілактыкай такога роду злачынстваў менавіта сярод гэтай катэгорыі грамадзян. Калі людзі ведаюць алгарытм дзеянняў злачынцаў, то будуць больш асцярожнымі».

Мікалай Кавалёў падкрэсліў, што пакуты сумлення зламыснікам не знаёмыя. Ім усё роўна: зняць некалькі дзясяткаў тысяч з рахунку бізнесмена або пенсію з карты старога.

Што рабіць?

«Не трэба станавіцца празмерна падазроным чалавекам і адкідваць тыя выдатныя магчымасці, якія дае нам інтэрнэт для развіцця і зносін, — кажа Мікалай Кавалёў. — Важна, каб чалавек разумеў і ўсведамляў свае дзеянні ў сеціве».

Каб вашыя грошы не папоўнілі рахунак ашуканцаў, памятайце, што супрацоўнік банка ніколі не будзе тэлефанаваць па вайберы. Звярніце ўвагу, што такія званкі зыходзяць ад аператараў з іншых краін. Сапраўдны банкаўскі служачы ніколі не спытае поўныя даныя карты, а толькі першыя і апошнія лічбы, табу — баланс карты, CVV–код — гэта тры лічбы на адваротным баку карты і ўжо тым больш не просіць паведаміць СМС-код з банка.

Для дыстанцыйных плацяжоў лепш за ўсё завесці асобную карту і папаўняць яе грашамі па меры неабходнасці.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў не просяць па вайберы аказаць садзейнічанне ў выкрыцці злачынцаў.

Будзьце ўважлівыя пры здзяйсненні здзелак куплі-продажу ў інтэрнэце. Лепш за ўсё карыстацца пляцоўкамі з добрай рэпутацыяй. На тым жа «Куфары» ёсць раздзел «Парады па бяспецы», у якім раскрываюцца схемы, папулярныя ў ашуканцаў. Нават калі вы не зарэгістраваны на “Куфары”, карысна пачытаць гэты раздзел.

Не пішыце лішняга ў сацсетках і электроннай пошце. Асаблівай асцярожнасці патрабуюць фота. Патрапіўшы ў рукі зламысніка, яны могуць стаць падставай для шантажу. І калі дайшло да гэтага, то лепш адразу звярнуцца ў міліцыю, таму што, атрымаўшы грошы адзін раз, шантажыст ужо не спыніцца.

Усталёўвайце ў сваіх гаджэтах ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне і антывірусныя праграмы

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».