Вы тут

Канстанцін Майлаў: Казалі, што радыё — гэта несур'ёзна


Запатрабаваны дыктар, паспяховы радыёвядучы адной са сталічных радыёстанцый, а разам з тым папулярны блогер — гэта ўсё пра нашага 23-гадовага суразмоўніка.

У школьныя гады хлопец бачыў сябе ў творчай прафесіі, аднак маці папярэдзіла: лепш абраць штосьці больш прыземленае. Таму Косця паступіў на факультэт радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ. Але напісанне кодаў хутка надакучыла юнаку, і ён вырашыў паспрабаваць сябе ў чымсьці іншым.


— У нейкі момант вучоба пераўтварылася ў руціну, а я гэтага не люблю. У той жа час знаёмая прапанавала прайсці курс тэле- і радыёвядучых. Вопыт аказаўся для мяне не вельмі пазітыўным, аднак ён даў разуменне, што я хачу развівацца ў такім кірунку. Пачаў з выступленняў на ўсемагчымых мерапрыемствах рознага маштабу, пасля дадалася агучка рэкламных ролікаў, а затым прайшоў патрэбныя курсы, — і пайшоў працаваць на вядомую радыёстанцыю. Спачатку мала што ўмеў: эфіры вёў дрэнна, мяне не ўспрымалі належным чынам слухачы, што было на самай справе абгрунтавана. Аднак мяне гэта не спыніла, таму што быў упэўнены: калі чагосьці хочаш дасягнуць — трэба старацца і ісці наперад. Мінуў час, я перайшоў на іншую папулярную беларускую радыёстанцыю, дзе вёў эфіры больш за год, а затым — на наступную. Зараз з'яўляюся часткай каманды «Новага радыё», менавіта тут адчуваю сябе вельмі камфортна, як кажуць, на сваім месцы. Вяду лінейныя эфіры — задаю настрой слухачам, працую з музыкай, расказваю актуальныя навіны, цікавыя маёй аўдыторыі, праводжу розыгрышы. Слухачам радыёстанцыі транслірую аптымізм, простае і лёгкае стаўленне да жыцця. Хачу быць матыватарам для іх. Спадзяюся, мне гэта ўдаецца.

Звычайна ўвайсці ў патрэбны працоўны стан Канстанціну дапамагае кава.

— Калі адчуваю дрымотнасць ці дрэнны настрой, — пстрыкаю пальцамі. Гэты псіхалагічны трук хутка прыводзіць у пачуццё. Не люблю спешку. Заўсёды да эфіру прыязджаю загадзя, за пару гадзін: размаўляю з калегамі, маральна рыхтуюся да прадукцыйнага дня. Гэтыя будні на радыёстанцыі, дарэчы, праходзяць хутка і прыкладна аднолькава. Адзінае, што можа ўнесці папраўкі ў мой графік, — новыя праекты або цікавыя мерапрыемствы, на якія актыўна запрашаюць. Падыходжу да сваёй працы з душой, добрасумленна. Калі хтосьці звяртаецца да мяне як да настаўніка, заўсёды імкнуся быць карысным па максімуме. Калі чагосьці не ведаю, магу гэта прызнаць.

Выступленні на фестывалях, майстар-класах для студэнтаў, агучванне шматлікіх рэкламных відэаролікаў — не ўвесь пералік таго, чым займаецца Косця.

— Упэўнены, што гэта маё прызначэнне. На жаль, большасць дыктараў — інтраверты. Яны прызвычаіліся працаваць у закрытым памяшканні, мала з кім узаемадзейнічаць. А выйсці на вялікую публіку, уключыць імправізацыю, дзесьці паказаць інтанацыю жэстамі і гэтак далей, — ужо майстэрства, якое трэба пастаянна ўдасканальваць. Я вырашыў для сябе не спыняцца. Мой голас сам па сабе гнуткі, але трэба было яго паставіць, на гэта пайшло каля паўгода. Зараз ён мне цалкам падабаецца. Аднак трэба разумець, што з-за фізіялагічных асаблівасцяў у розных людзей такі працэс зойме розны перыяд часу. Памятаю, як на пачатку кар'еры ў мяне былі пэўныя прафесійныя памылкі: спецыяльна заніжаў голас, ставіў шмат інтанацыйных кропак у сказах, хацеў ускладняць маўленчыя канструкцыі, лічыў, што гэта паказвае мой вялікі слоўнікавы запас. А на самай справе лепш быць простым, зразумелым.

Косця прызнаецца: з дзяцінства ён быў вельмі актыўным і любіў прыцягваць да сябе ўвагу.

— Лічу сябе экстравертам. З дзіцячага садка не прапускаў магчымасці паўдзельнічаць у любым мерапрыемстве, паказаць, на што здатны. А яшчэ вельмі рана пачаў размаўляць. Мама расказвала, што гэта адбылося, калі мне было толькі паўтара года. Яна ж падзялілася, што ў дзіцячым садку са мною разам у групу хадзіў хлопчык, які не мог вымавіць літару «р». І мне здавалася, што гэта вельмі крута, таму пачаў за ім паўтараць, — і развучыўся сам яе вымаўляць. Затым прыйшлося вяртаць усё як было (усміхаецца).

Падтрымка блізкіх для Косці — прыемны бонус, аднак галоўнае — тое, чаго заўсёды хацеў сам хлопец.

— Так, напрыклад, у пэўны час мой тата быў супраць таго, што я хачу звязаць сваё жыццё з радыё, лічыў такую дзейнасць несур'ёзнай, але я арыентуюся толькі на сябе, імкнуся быць лепш за сябе ўчарашняга. Не люблю спаборніцтвы, канкурэнцыю, — усё павінна ісці ад душы. Маё першае выступленне на вялікую аўдыторыю адбылося ў 16 гадоў, і гэта быў дрэнны досвед. У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» мне прапанавалі стаць вядучым на адным са святочных вечароў. Прысутных было вельмі многа, адразу ўзнікла хваляванне, усё цела дрыжала. Страх вельмі моцна перашкаджае прыгожа і правільна гаварыць. Мой напарнік выглядаў натуральна, чаго нельга было сказаць пра мяне. Пасля такога дэбюту яшчэ доўга маральна прыходзіў у сябе. На маім прыкладзе відаць: не ўсё атрымліваецца з першага разу, — і гэта абсалютна нармальна.

Косця падзяліўся, што хваляванне ёсць і цяпер: калі прыходзіш на работу пасля адпачынку або пераходзіш на новае месца...

— Аднак яно прыемнае і паказвае: табе не ўсё роўна, што ты робіш. Вельмі часта думаюць, што быць радыёвядучым, дыктарам — гэта вельмі лёгка. Прыйшоў, зачытаў нешта па паперцы і пайшоў дадому. Але гэта не так. За кожным эфірам стаіць вялікая падрыхтоўка, адказнасць, адсочванне эфірных нюансаў, работа з апаратурай і многае іншае. Нават імправізацыя прадумваецца загадзя. Таксама чую меркаванне, што галоўнае ў нашай прафесіі — гэта тое, якую інфармацыю мы даём слухачам, а затым — як менавіта яе падносім. Але і гэта няпраўда. Калі хтосьці расказвае паныла і сумна — яго ніхто слухаць не будзе, з якім бы цікавым матэрыялам ён ні выступаў. Людзі заўсёды прыслухоўваюцца да ўпэўненых у сабе.

Голас — гэта інструмент уплыву на чалавека, уменне падаць сябе найлепшым чынам, удала весці камунікацыю. На сёння дзіўна не карыстацца навыкам прамоўніцкага майстэрства, якое можа табе спатрэбіцца, каб выступіць на канферэнцыі або пераканаць кагосьці ў нечым. Цяпер магу дакладна сказаць, што слухачы радыёстанцыі ўспрымаюць мяне вельмі добра, але некалькі гадоў таму сітуацыя была іншая. Толькі практыка, імкненне самаўдасканальвацца, напрацоўка вопыту даюць добрыя вынікі. Да таго ж раю прыслухоўвацца да разумных спецыялістаў у сваёй сферы.

Дарэчы, у TіkTok на хлопца падпісана больш за 230 тысяч чалавек, і такі вынік ён атрымаў усяго за год! «Усё адбылося неяк арганічна. Падабаецца публікаваць скетчы, рабіць акцэнт на гумарыстычных роліках — гэта прыцягвае аўдыторыю. Хейтараў у мяне, здаецца, няма, гэта радуе. Што датычыцца Іnstagram, то старонку завёў пяць гадоў таму і толькі цяпер з'явілася жаданне актыўна яе прасоўваць, чым і займаюся».

Што дапамагае эмацыянальна не перагараць? Косця кажа, што ў складаныя хвіліны заўсёды прыгадвае, якія эмоцыі адчуваў, калі толькі прыйшоў на радыё і навошта ён тут.

— Гэта вельмі матывуе. І цяпер дазваляць сабе менш працаваць — памылковае рашэнне. Увогуле, я мэтанакіраваны чалавек. Бываю лянівым, аднак калі трэба зрабіць нешта важнае, лянота сыходзіць імгненна. Вельмі хутка ўсяму вучуся. Назіраю ў сябе перфекцыянізм, але імкнуся трымаць усё ў раўнавазе. У прафесіі падабаецца абсалютна ўсё. Атрымліваю задавальненне ад узаемадзеяння з людзьмі, падабаецца быць публічнай асобай. Калі казаць пра будучыню, то хацелася б адкрыць уласную студыю па агучванні ролікаў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота прадастаўлена героем пулікацыі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.