Вы тут

Карысная рэч


У Брэсце заўтра пачынаецца тэатральны фестываль «Белая вежа», 25-ты па ліку. Ужо мала хто ўспомніць, што ў пачатку фестывальнага руху была такая традыцыя: разам з дыпломамі ўдзельнікаў фэсту кожнаму калектыву дарылі памятны дыванок з лагатыпам «Вежы». Потым завядзёнку адмянілі, але запомнілася рэакцыя на падарунак аднаго з замежных гасцей.


Кіраўнік бліскучага англійскага вулічнага тэатра Конрад Фрэдэрыкс, той яшчэ жартаўнік, разгарнуўшы падарунак, усклікнуў: «О! Па ўсім свеце гойсаю са сваім тэатрам, а карысную рэч далі толькі ў Брэсце». Ну і праўда, хочаш — на сцяну прымацуй у сваёй студыі і любуйся карцінкай у стылі мінімалізму на бэжавым фоне, а хочаш — кінь на падлогу каля ложка ці ў пярэднім пакоі, і там не прападзе — дыванок невялікіх памераў, няяркай афарбоўкі.

Згадала гэтую гісторыю ў размове са сваёй выпадковай спадарожніцай на мінулым тыдні ў цягніку «Брэст-Мінск» пасля яе расповеду. Але пра усё па парадку. Вельмі сталая жанчына ехала да дзяцей. Як кожная маці, набрала розных гасцінцаў для ўнукаў, напакавала вялікую сумку, а ў меншую, відаць, злажыла дарожны набор асабістых рэчаў. І, заўважыўшы мой мімалётны позірк, стала нібы апраўдвацца: «Ой, вы не глядзіце на гэтую сумку, у мяне і лепшая ёсць, але ж гэтая такая зручная, ды і наогул выкінуць яе рука не ўзнімаецца». Аказалася, за надзейнай палатнянай сумкай-торбай хаваецца цэлая гісторыя. Вядома, я папрасіла расказаць. А яна нібы таго і чакала.

Як высветлілася, мая спадарожніца ў 1970-80-я гады была адной з найлепшых даярак перадавой гаспадаркі Маларыцкага раёна. Процьму грамат усялякіх і нават ордэн мае за сваю працу. Не раз яе ўшаноўвалі на розных раённых мерапрыемствах, а ордэн на пленуме райкама ўручаў тагачасны кіраўнік урада рэспублікі. А аднойчы Марыю Пятроўну ўключылі ў склад дэлегацыі раёна, якая ехала вывучаць вопыт сельскагаспадарчай вытворчасці ў суседнюю Украіну.

— Рыхтавалася тады, перажывала — вам не перадаць, да стрыечнай сястры-краўчыхі ездзіла ў Брэст сукенку шыць, яшчэ адзін касцюм з ёй разам куплялі. Хацелася ж быць на вышыні, каб не падвесці свой калгас. Ну і цікава там было, прымалі нас па вышэйшым класе. Паказвалі такія даільныя ўстаноўкі, якіх у нас яшчэ не было. Перапрацоўка прадукцыі там наладжана была, гэткі калгас-завод. Пасяджэнні розныя праходзілі, шмат гаварылі, помню. Для нас, жанчын, асобную праграму зладзілі, каб мы маглі больш па крамах прайсціся, падарункаў накупляць. Экскурсіі розныя былі... Адным словам, ні да гэтага, ні пасля ў мяне такога мерапрыемства не было, — аж пацяплелі вочы ў пенсіянеркі ад добрых успамінаў. — На развітанне нам падарункі зрабілі: прадукцыя іх перапрацоўчых прадпрыемстваў была складзеная вось у гэтую сумку з фірменным знакам. Праўда, сінія літары і малюнак ужо аблезлі ад часу, іх разабраць немагчыма, але сама сумка яшчэ трымаецца.

«Дачка сварылася, што выкіне ў сметніцу, мне сваіх розных торбаў з паўдзясятка пакінула, амаль зусім новых, а мне гэтая дарагая, разумееце, я выкінуць яе не магу, — вінавата ўсміхалася жанчына. — Яна мне маладосць нагадвае, як мы жылі, як працавалі... Весялей неяк было, ці так падаецца, можа...»

Мне захацелася падтрымаць яе, і я параіла нікога не слухаць, сумку не выкідваць, карысная ж рэч, і не такая яна ўжо пацёртая, калі ўзяць да ўвагі, што рэчы гадоў сорак. Рабілі тады шмат што грунтоўна, не як цяпер — амаль усё аднаразовае.

Дарэчы, і я ехала з падоранай сумкай з лагатыпам «РИА «Новости» — падарунак агенцтва падчас прэс-тура расійскіх і беларускіх журналістаў у расійскую глыбінку. Цяпер у ёй зручна вазіць ноўтбук, калі еду ў камандзіроўку. Так і раблю, бо сумка надзвычай зручная, нібы пад памер гаджэта скроеная.

Калі падумаць, то нямала карысных рэчаў мы атрымліваем у падарунак. Некаторыя з іх становяцца падобнымі на рэліквіі, захоўваюцца побач з самымі памятнымі сувенірамі. У мяне з найбольш дарагіх — дзве японскія фарфоравыя талеркі, што падарыла мама. Некалі такі посуд завезлі ў звычайны сельскі магазін, а ў яе не хапіла грошай купіць шэсць, як хацела, і яна вельмі перажывала. Праз гады падарыла талеркі мне ўжо дарослай, і яны стаяць на самым пачэсным месцы.

А яшчэ мне вельмі дарагі гадзіннік, які падарылі сяброўкі-калегі, адзін з першых кітайскіх узораў, чвэрць стагоддзя ідзе на стале ў кухні, батарэйкі хапае больш чым на год. Цікае вельмі ціха, як я люблю, а форма яго не зусім звычайная, нагадвае эліпс, адным словам, ён мяне неяк супакойвае сваім выглядам. У кабінеце ёсць сурвэтка, вышытая лунінецкай майстрыхай, жанчына запомнілася сваім незвычайным жыццялюбствам, цяпер такія рэдка сустракаюцца. Што самае карыснае ў рэчах? Відаць, успаміны, уражанні ад падзей, з імі звязаных, і людзей, што іх падарылі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.