Вы тут

Беларусы рыхтуюцца да матчу Кубка Дэвіса


Беларускія тэнісісты зноў аб’ядналіся, каб прадставіць краіну на сусветна вядомым Кубку Дэвіса. У матчы 1 круга І Сусветнай групы каманда Беларусі сустрэнецца з камандай Аргенціны. Сустрэча пройдзе ў Буэнас-Айрэс з 18 па 19 верасня. Да знакавага матчу беларускія тэнісісты рыхтуюцца на родных мінскіх кортах. Іх трэніроўку наведала карэспандэнт «Звязды». 


Барацьба ў аргенцінскай сталіцы абяцае быць цікавай і напружанай. Беларускі трэнерскі штаб зрабіў акцэнт на маладых і перспектыўных ігракоў — Аляксандра Згіроўскага, Марціна Барысюка, Данііла Астапенкава і Эрыка Аруцюняна. У процівагу ім — масцітыя і вопытныя аргенцінцы. Першы нумар каманды Дыега Шварцман займае 14-ую пазіцыю сусветнага рэйтынгу, а Федэрыка Корыя размясціўся на 62-м радку. Лёгка беларусам не будзе. Таму, па словах капітана каманды Аляксандра Васілеўскага, праграма мінімум — паказаць дастойны тэніс, дастойнае супраціўленне такой моцнай камандзе і набрацца вопыту. А каманда максімум, канешне, перамагчы. 

Аляксандр Васілеўскі.

«Юніёры Данііл Астапенкаў і Эрык Аруцюнян вельмі добра выступалі на нядаўніх юніёрскіх турнірах, паднялі свой рэйтынг. Эрык зараз — 36-ы ў свеце сярод юніёраў, а Данііл — 60-ы. І добры вынік яны паказалі менавіта на грунтовай серыі. Старэйшыя ігракі Марцін і Аляксандр таксама набралі добрую форму. Не сакрэт, што каманда Аргенціны — фаварыты і яны маюць высокі рэйтынг, узровень падрыхтоўкі. Ігракі вельмі вопытныя, масцітыя і, канешне, нам будзе вельмі цяжка. Але мы настроены рабіць усё, што ў нашых сілах. Але гульня ёсць гульня і перамагае мацнейшы. У Аргенціне тэнісісты круглы год гуляюць на грунтовых кортах, гэта іх любімае пакрыццё і яны на ім асы. Таму гульня будзе вельмі актыўная. І будзе вельмі добра, калі нашы хлопцы змогуць іх атакаваць, калі пойдзе падача», — расказаў Аляксандр Васілеўскі. 

Адказнасць на вынік сустрэчы легла на плечы маладых тэнісістаў не проста так. У лідараў беларускай каманды па аб’етыўных прычынах не атрымаецца сыграць за краіну. Ілья Івашка атрымаў траўму падчас доўгага і напружанага сезону. Ягор Герасімаў падчас выступлення на US Open здаў станоўчы тэст на каранавірус і, знаходзячыся ў ізаляцыі, не мог трэніравацца. У Андрэя Васілеўскага прычына значна прыемней. Менавіта ў даты матчу Беларусь-Аргенціна яго жонка павінна нарадзіць дзіця, таму тэнісіст вырашыў у такі адказны момант быць з сям’ёй. 

Аляксандр Згіроўскі.

Аднак Аляксандр Васілеўскі ўпэўнены, што маладосць каманды пойдзе ёй у плюс. «Нам няма чаго губляць. Калі прайграем у барацьбе, ніхто не скажа, што мы дрэнна выступілі», — ўпэўнены капітан каманды. 

Данііл Астапенкаў.

Нягледзячы, на сваю маладосць, ігракі маюць вопыт выступлення ў матчах Кубку Дэвіса. Дэбютанат толькі Эрык Аруцюнян. Але і ён настроены рашуча: «Я ў добрай форме, нядаўна выйграў турнір ITF да 18 гадоў. Плануем аддаць усе сілы, паказаць усё, што ўмеем. Першы раз выступаць за каманду ў Кубку Дэвіса, канешне, адказна, але спадзяюся, што гэта надасць мне сіл». 

Марцін Барысюк.

Данііл Асіпекаў упэўнены, што галоўнае — гэта камандны дух, камандная работа і ўзаемадапамога. Толькі так можна дасягнуць поспеху. «Без лідараў, канешне, складана. Але што зробіш, калі такая сітуацыя склалася. Значыць, будзем гуляць у такіх умовах. Тым больш, што мы выступаем за краіну, а гэта заўсёды надае вялікую матывацыю», — падкрэсліў тэнісіст. Марцін Барысюк успрымае будучую сустрэчы як выклік самому сабе. Маладосць каманды ён лічыць, з аднаго боку, перавагай, з іншага — недахопам. «У нейкіх момантах скажацца недахоп вопыту ў нас. Але мы ўсе будзем вельмі зараджаныя. Тэніс не проста наша работа, гэта наша жыццё. Таму гэта будзе добры вопыт для нас усіх», — упэўнены спартсмен. 

Эрык Аруцюнян.

З тым, што матч з аргенцінцамі будзе добрым вопытам згодзен і першы нумар каманды Аляксандр Згіроўскі. «На турнірах, дзе мы выступаем паасобку мы не сустракаемся з нашымі будучымі сапернікамі. І яны для нас як маякі. Будзе вельмі карысна паглядзець, што адрознівае нас ад ігракоў, якія знаходзяцца ў топе сусветнага рэйтынгу. Нашы сапернікі больш рэйтынгавыя і таму, мабыць, ціск на іх будзе большым, чым на нас. Нам няма чаго губляць, а набыць мы можам многае», — адзначыў Аляксандр.
Тэнісісты і іх капітан упэўнены, што у такім складаным матчы галоўнае — гэта раслабіцца і гуляць у задавальненне. І тады атрымаецца паказаць лепшы тэніс і нават выканаць праграму максімум. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Беларускай тэніснай федэрацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.