Вы тут

Капсула часу нашчадкам электроннай будучыні


Эстафету развіцця лічбавай будучыні нашчадкам перадалі ў Фрунзенскім раёне сталіцы на месцы ўзвядзення будынка Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП). Развіццё лічбавых тэхналогій вызначае рытм развіцця краіны. Інфармацыя становіцца найважнейшым рэсурсам, магчыма, нават больш важным, чым іншыя матэрыяльныя даброты. Усе нашы памкненні, звязаныя з развіццём электроннага ўрада, сістэм электроннай ідэнтыфікацыі ўжо глабальна змяніліся, удасканаліліся і сталі для вас звыклымі. З такімі думкамі звярнуліся да нашчадкаў цяперашнія спецыялісты ў капсуле часу, якую залажылі ў фундамент.


Лічбавы подпіс як элемент электроннага ўрада

Дырэктар НЦЭП Раман ГРАДУСАЎ запэўніў, што ў сценах новага будынка цэнтра будуць нараджацца і ажыццяўляцца самыя перадавыя ідэі, якія пойдуць на карысць беларусаў і краіны, і загадзя запрасіў усіх на наваселле ў сакавіку 2023 года.

— Любое будаўніцтва не можа не радаваць. Гэта і ўдасканаленне вобліку раёна, і новыя рабочыя месцы, якія, несумненна, спатрэбіліся цэнтру, каб пашырацца, бо нездарма ж ім неабходны новы будынак, — адзначыў падчас урачыстай закладкі капсулы Сяргей ШКРУДНЕЎ, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска.

Месца на вуліцы Прытыцкага, дзе з'явіцца будынак цэнтра, доўгі час пуставала. Папярэдні забудоўшчык гэтага ўчастка абанкруціўся, і бюджэту прыйшлося ўкладваць сродкі на аднаўленне тутэйшай інфраструктуры. Цяпер месца знайшло свайго гаспадара, і хутка новы будынак упрыгожыць раён, лічаць прадстаўнікі гарадской улады.

— Можна ўпэўнена сказаць, што горад развіваецца, удасканальваецца, у ім ствараюцца ўмовы для камфортнага пражывання, — падкрэсліў важнасць будаўніцтва аб'екта старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ. — Каб ісці ў нагу з часам, трэба развіваць тэхнічныя рашэнні, электронныя паслугі.

Цяпер у цэнтры каля 200 супрацоўнікаў, аднак з улікам задач, у тым ліку па стварэнні электроннага ўрада і развіцці электронных паслуг для грамадзян і бізнесу, колькасны і якасны састаў работнікаў будзе павялічвацца, падкрэсліў Раман Градусаў:

— Сама інфраструктура электроннага ўрада ў Беларусі створана, і адзін з яе элементаў — наяўнасць электроннага лічбавага подпісу ў кожнага беларуса, а ён будзе аўтаматычна ва ўсіх, хто мае ІD-картку (пашпарт для ўнутранага карыстання). Летам у краіне быў выдадзены мільённы сертыфікат электронна-лічбавага подпісу. Цяпер прырост выдачы такіх сертыфікатаў павялічыўся на 50 працэнтаў (штодня выдаюць каля 1,5 тысячы такіх дакументаў).

Хоць асноўныя электронныя паслугі, якія цяпер існуюць, прызначаны ў асноўным для аказання паслуг юрыдычным асобам, аднак у будучым у разы павялічыцца колькасць электронных паслуг і для грамадзян, паабяцаў ён.

Суперсэрвісы і штучны інтэлект

«Вы ведаеце пра нас больш, чым мы пра вас, бо зазірнуць у мінулае лягчэй, чым у будучыню. Напэўна, у вашай далёкай будучыні ўсе нашы дасягненні і планы будуць выглядаць наіўнымі на фоне таго, якой стане электронная рэчаіснасць да таго часу. Аднак мы спадзяёмся, што нашы першыя крокі не будуць забытыя, бо ваша будучыня непасрэдна звязаная з нашай сучаснасцю. Жывучы ў сваім часе, мы мяркуем, што асноўным сродкам камунікацыі стане смартфон, а ваш электронны ўрад — поўнасцю мабільны, і любыя паслугі вы атрымліваеце праз адзіны і асабісты кабінет, выкарыстоўваючы смартфон як функцыянальны сродак ідэнтыфікацыі, які ўтрымлівае ў сабе ўсю неабходную інфармацыю пра карыстальніка і ўсе дакументы. Усімі камунікацыямі кіруе штучны інтэлект, а вы ўзаемадзейнічаеце з дапамогай ботаў і маўленчых інтэрфэйсаў, і кожны кіруе сваім уласным лічбавым светам праз смартфон», — такія спадзяванні і спробы спрагназаваць будучыню адлюстраваны ў тэксце паслання, якое залажылі ў капсуле для нашчадкаў.

У больш рэальных «электронных» планах — стварыць у Беларусі да 2025 года так званыя суперсэрвісы, якія будуць аказваць паслугі грамадзяніну з улікам сітуацыі, якая ў яго склалася. Гэта значыць дзяржава сама будзе нагадваць чалавеку, калі і што яму неабходна зрабіць, а патрэбныя дакументы ў электронным выглядзе будуць аўтаматычна запытвацца з інфармацыйных рэсурсаў. Мэта НЦЭП — гэта зніжэнне сацыяльнай нагрузкі на чалавека і памяншэнне
камунікацыйных стасункаў, якія адбываюцца паміж грамадзянінам і дзяржорганамі падчас звароту па пэўным пытанні.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.