Вы тут

Як працуе цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ, дзе вяртаюць да актыўнага жыцця самых безнадзейных пацыентаў


У пасёлку Лясны пад Мінскам на базе Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава працуе Цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ, у верасні яму спаўняецца два гады. Тут дапамагаюць тым, хто пасля дарожных аварый знаходзіцца ў вегетатыўным стане. Гэтыя людзі і іх блізкія, як правіла, ужо неаднойчы чулі ў свой адрас, што перспектыў няма. Аднак Цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ не спяшаецца ставіць кропку ў іх дыягназе: «Мы забіраем гэтых пацыентаў, ставячы «коску» і дазваляючы спадзявацца на цуд», — кажа Людміла Жылевіч, намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага уэнтра (актыўнага даўгалецця). І цуды хоць і не заўсёды, але здараюцца. Тыя, каму спачатку не давалі шанцаў нават выжыць, паступова (часам гэта займае не толькі месяцы, але і гады) вяртаюць навыкі — кантактаваць з навакольнымі, сядзець, размаўляць і нават хадзіць.


Цуд магчымы, але...

Гонар персаналу цэнтра — іх пацыент Максім. У 2017 годзе 29-гадовы тады малады чалавек трапіў у аварыю, вяртаючыся са спаборніцтваў у суседняй краіне. Спартсмен, які ўваходзіў у зборную і трэніраваў сам, ператварыўся ў нерухомага пацыента — тры месяцы ў коме, амаль два дзясяткі аперацый, тры трэпанацыі чэрапа, трубкі па ўсім целе, гастрастома, праз якую хлопца кармілі. Яго тата, Валерый Віктаравіч, звольніўся з работы і цалкам прысвяціў жыццё догляду за сынам. Даведаўшыся пра цэнтр, прывёз яго туды.

— Калі Максім прыехаў да нас упершыню (тады Цэнтра дапамогі ахвярам ДТЗ яшчэ не існавала, але на базе шпіталя дзейнічала паліятыўнае аддзяленне. — «Зв».), ён быў цалкам няздольны да кантакту. Мы працуем з ім працяглы час, выкарыстоўвалі розныя методыкі, у прыватнасці магнітную стымуляцыю мозгу. І нам разам з татам, які займаецца з ім дома, удалося дасягнуць, здавалася б, немагчымага. Цяпер наш Максім прысаджваецца, размаўляе, кантактуе. Апошні раз, калі ён у нас быў, пад рукі вадзілі яго па палаце. Мы ім вельмі ганарымся, — усміхаецца Людміла Жылевіч.

Праўда, за тым, што абывацелі называюць цудам, стаіць вялікая праца калектыву ўсяго цэнтра. Пацыентам займаецца цэлая каманда па індывідуальным плане: неўролагі, рэабілітолагі, масажысты, фізіятэрапеўты, ігларэфлексатэрапеўты, інструктары ЛФК, хірургі, отарыналарынголагі, псіхіятры, псіхолагі. Урачы валодаюць усімі сучаснымі методыкамі работы з такімі хворымі: ад устаноўкі гастрастомы, трахеастомы, цыстастомы да падбору рэспіраторнай падтрымкі і энтэральнага харчавання.

— Любы вузкі спецыяліст, які працуе ў шпіталі, прыцягваецца да дапамогі пацыентам цэнтра. Акрамя таго, пры неабходнасці мы запрашаем для медыцынскіх кансіліумаў спецыялістаў іншых РНПЦ, у прыватнасці неўралогіі і нейрахірургіі, псіхічнага здароўя. Часам накіроўваем нашых пацыентаў у іншыя спецыялізаваныя медустановы, напрыклад, пры неабходнасці аперацый, — расказвае суразмоўніца.

Выкарыстоўваюцца розныя тэхнікі, якія дапамагаюць вертыкалізаваць чалавека, бо ўсе яны, як правіла, ляжачыя. Часам толькі каб памясціць нерухомага чалавека ў вертыкалізатар, медыкам патрэбна цэлая гадзіна. Калі пацыент бачыць і кантактуе зрокава, выкарыстоўваюцца методыкі зваротнай сувязі праз камп'ютар — ён выконвае пэўныя задачы, што паляпшае функцыянальныя магчымасці мозгу. Музыкатэрапія, кіно і нават любімыя ў мінулым пахі пацыента — усё можа паслужыць імпульсам для актывізацыі патэнцыяльна жывых участкаў мозгу.

— Шукаем любую зачэпку. Часам просім сваякоў прынесці любімыя духі — раптам і гэта спрацуе. Доктар імкнецца даведацца розныя дэталі, якія могуць паўплываць на аднаўленне, — расказвае намеснік галоўнага ўрача. — І калі чалавек адгукнуўся: маргнуў вачамі, паварушыў пальцам — гэта для ўсіх вялікая радасць. Вымавіў першыя гукі, першае слова — гэта шчасце. Аднаўленне ідзе па крупінках. За адным гукам, які вымавіў наш пацыент, можа стаяць год працы. І трэба ўсведамляць, што выніку не будзе, калі чалавек проста ляжыць, — з ім трэба працаваць.

Людміла Жылевіч згадвае яшчэ адну пацыентку, пажылую жанчыну пасля ДТЗ і інсульту, якую забралі з іншай клінікі. Шанцаў ёй амаль не давалі.

— Але мы пачалі з ёй працаваць, і ў адзін цудоўны дзень яна адкрыла вочы і пракантактавала з намі. Мы самі не верылі, што такое магчыма, і меркавалі, што на гэтым усё і скончыцца. Праз два месяцы жанчына выпісалася ад нас і пакідала аддзяленне на сваіх нагах. Увесь наш вопыт сведчыць пра тое, што ніколі нельга адчайвацца.

Для таго каб блізкія і тыя, хто даглядае такіх пацыентаў дома, навучыліся правільна гэта рабіць, пры Цэнтры дапамогі ахвярам ДТЗ створаны адмысловыя школы. Тут не толькі дэманструюць, як без урону для ўласнага здароўя прысаджваць, паднімаць, пераварочваць пацыента, рабіць масаж, гігіенічныя працэдуры, апрацоўваць трахеастому і іншыя прылады, але і як перажыць псіхалагічна такі складаны ў жыцці перыяд.

— Блізкія, якія клапоцяцца пра сваіх родных, захапляюць, бо вераць да апошняга ў тое, што гэты чалавек вернецца ў нармальны стан. І многія гэтаму прысвячаюць сваё жыццё. Але часам яны самі да нас прыязджаюць настолькі дэкампенсаваныя, што іх саміх даводзіцца лячыць. Вядома, што догляд спусташае: і псіхалагічна, і фізічна. У нашай службе псіхалагічнай падтрымкі, дзе працуюць вопытныя псіхолагі і псіхатэрапеўты, вучаць жыць у такі складаны перыяд, дапамагаюць зразумець, чаго можна дасягнуць, калі ісці маленькімі крокамі.

Акрамя таго, веды па доглядзе ляжачых пацыентаў аказаліся цікавымі для сацыяльных работнікаў і медыкаў амбулаторнага звяна, якія таксама наведваюць заняткі.

Зручнасць і максімальны камфорт

Фонд «Бяспечныя дарогі» стварыў Цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ на базе Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава. Справа ў тым, што шпіталь адкрыўся яшчэ ў 1945 годзе. У тым жа будынку ён працуе і сёння. Частка корпуса, дзе цяпер размяшчаецца Цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ, патрабавала маштабнай рэканструкцыі. Яе, а таксама абсталяванне палат, і ўзяў на сябе дабрачынны фонд. Калі раней палаты былі разлічаны на 5-6 пацыентаў, то сёння пакоі нагадваюць нумары еўрапейскіх гасцініц. Адна палата — на аднаго пацыента. Пры гэтым яны аснашчаны самым найноўшым абсталяваннем для людзей, прыкаваных да ложка.

Дарэчы, ложкі функцыянальныя, яны дазваляюць праводзіць любыя маніпуляцыі: масаж, паварот, прысаджванне. Для блізкіх, якія шпіталізуюцца разам з пацыентам, у пакоі прадугледжаны крэслы-ложкі. Маецца для іх і пакой адпачынку з кухонным абсталяваннем і нават пральнай машынай.

Душавая для пацыентаў таксама з адмысловым абсталяваннем: памывачная цялежка, спецыяльны пад'ёмнік, прыстасаванне для душа. Усё зручна і максімальна камфортна, улічваючы асаблівасці пацыентаў гэтага аддзялення.

Кожная палата аснашчана кансолямі для манітораў, што дазваляе разгарнуць у ёй блок інтэнсіўнай тэрапіі на працягу пяці хвілін. Ва ўсім аддзяленні арганізавана безбар'ернае асяроддзе. Ёсць аранжарэя, дзе могуць адпачыць пацыенты, а таксама кінатэатр з інтэрактыўным экранам.

— Мы заўсёды адчуваем побач нашых партнёраў — дабрачынны фонд «Бяспечныя дарогі». Яны імкнуцца даведацца пра нашы патрэбы і праблемы і многае набываюць для нас. Вось цяпер мы марым пра набыццё экзашкілета. Гэта прылада, прызначаная для аднаўлення страчаных функцый. Яна карысная тым пацыентам, якія не могуць рухацца самастойна. Чалавек змяшчаецца ў механічнае асяроддзе, што не толькі вертыкалізуе, але і рухае яго канечнасцямі, дазваляе хадзіць. І з'яўляецца тым імпульсам, які абуджае ўчасткі мозгу і дае імпульс мышцам, — кажа Людміла Жылевіч.

Змагацца да апошняга

Многія з пацыентаў Цэнтра рэабілітацыі ахвяр ДТЗ маюць вопыт рэабілітацыі за мяжой, дзе адзін дзень знаходжання каштуе да дзвюх тысяч долараў. Але пасля з'яўлення бясплатнай для іх магчымасці ў Беларусі такія паездкі за мяжу страцілі актуальнасць — большасць з іх дасягнула нічым не горшых, а то і лепшых вынікаў на радзіме.

— Мы прыйшлі да высновы, што варта змагацца да апошняга, шукаць самыя розныя метады для таго, каб нават калі пацыент мае ўсяго адзін шанц з тысячы, ён быў выкарыстаны. І інфраструктура, і методыкі цэнтра, і наша каманда накіраваны на тое, каб пацыенты аднаўляліся, — кажа намеснік галоўнага ўрача.

А калі гэта суправаджаецца жаданнем і жалезнай воляй самога чалавека, поспех прыйдзе.

— Мяне вельмі ўразіў адзін наш пацыент. У яго было нерухомае цела на ўзроўні паясніцы, працавалі толькі рукі. Пасля ДТЗ ён знаходзіўся ў коме, доўга ляжаў, але часткова аднавіўся. Потым трапіў да нас. Пры знаёмстве высветлілася, што ён нават не афармляў групу інваліднасці, яшчэ і працуе — адкрыў ІП і анлайн займаецца лагістыкай грузаперавозак. Я сказала, што, на жаль, мы няшмат дасягнём, а ён адказаў, што ўсё роўна будзе ўсё выконваць. І як стараўся! Такія людзі прымушаюць згадаць, як шмат у гэтым жыцці залежыць ад нас саміх, — рэзюмуе Людміла Жылевіч.


P.S.:

Усе ахвотныя дапамагчы цэнтру могуць зрабіць гэта праз сістэму ЕРІП. Неабходную інфармацыю шукацйе на сайце www.srfund.by

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Не месца для адчаю

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.