Вы тут

Лукашэнка аб сустрэчы з Пуціным: «Сумленна, адкрыта, канструктыўна»


Такім чынам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў магчымае прыняцце саюзных праграм падчас перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Маскве, перадае БелТА.


«Думаю, мы добра папрацуем. Напэўна, ужо ў нас працы засталося менш, чым у ранейшыя нашы сустрэчы. Яны былі вельмі доўгія. І па 5, і па 8 гадзін. Таму што тады было нам, можна сказаць, як „бульдозерам“ праходзіць, каб расчысціць дарогу для ўрадаў і экспертаў. Яны папрацавалі, але ўвесь час траплялі на праблемы, якія не маглі вырашыць або прыняць рашэнне», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў гісторыю пытання — сустрэчу ў Сочы, калі лідары ў адказ на крытыку, што няма дынамікі ў Саюзнай дзяржаве, «накрэслілі» больш за 30 дарожных карт.

«Схематычна прадставілі. Потым, працуючы над гэтымі картамі, прыйшлі да высновы (больш за год таму), што нам патрэбныя канкрэтныя планы, а ўжо не нейкія схемы, і мы перайшлі на саюзныя праграмы. І вось сёння атрымалася, што мы гатовыя абмеркаваць ужо на апошняй стадыі 28 праграм. Гэта вельмі шмат. Гэта асноўныя буйныя тэмы і напрамкі нашага супрацоўніцтва, каб даць магчымасць урадам заўтра яшчэ раз на экспертным і ўрадавым узроўні разгледзець іх», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта Беларусі, калі праграмы ўхваляць на саюзным Саўміне, то на Вышэйшым дзяржсавеце яны могуць быць канчаткова прынятыя.

«Гэта будзе прарыў. Прарыў у многіх сферах. Гэта не таямніца. Мы апублікуем гэтыя праграмы, пакажам, па якіх напрамках мы працавалі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго, Беларусь і Расія рухаюцца, як і ўсе цывілізаваныя краіны. «Толькі разам, толькі ў саюзе, родныя дзяржавы, блізкія народы. Практычна адзіны народ: ад аднаго кораня і рускія, і беларусы. Мы робім сваю справу, а яны (грамадзяне дзвюх краін. — „Зв.“) ужо няхай нас ацэньваюць», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што паглыбленне інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй не звязана з палітычнай кан’юнктурай. Апошнія некалькі гадоў Беларусь і Расія дбайна працавалі над саюзнымі праграмамі па паглыбленні інтэграцыі ў фармаце Саюзнай дзяржавы. Яны прапрацоўваліся на экспертным і ўрадавым узроўнях, абмяркоўвалі іх у час асабістых сустрэч і кіраўнікі дзвюх дзяржаў.

«Тое, аб чым мы, спадзяюся, дамовімся сёння, не звязана з нейкай бягучай палітычнай кан’юнктурай у нашых краінах або з палітычным календаром напярэдадні парламенцкіх выбараў у Расіі. Гэта наша бягучая, даўняя сумесная работа на працягу многіх гадоў», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Перагаворы Прэзідэнтаў у Крамлі працягнуліся ў фармаце рабочага абеду, а па выніках адбудзецца прэс-канферэнцыя для СМІ.


"Максімальна сумленная і адкрытая размова". Лукашэнка падзяліўся вынікамі сустрэчы з Пуціным

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Маскве сумленнымі, адкрытымі і канструктыўнымі. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў урналістам па выніках сустрэчы з расійскім калегам.

"Перш за ўсё хачу падзякаваць майму калегу, Прэзідэнту Расіі, за той прыём, які быў аказаны нашай дэлегацыі, а таксама максімальна сумленны, адкрыты і канструктыўны характар сённяшняй сустрэчы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб выніках перагавораў, кіраўнік дзяржавы перш за ўсё выказаўся аб выніках работы над саюзнымі праграмамі - паводле яго слоў, "самай аб'ёмнай і, напэўна, самай раскручанай тэме сённяшняй размовы".

Прэзідэнт нагадаў, што прадметная работа над так званымі дарожнымі картамі пачалася тры гады таму. Іх распрацоўку вырашылі пачаць пасля крытыкі Саюзнай дзяржавы, што прагучала ў грамадстве: маўляў, яна страціла тэмп развіцця. Тады гэтыя дакументы, па сутнасці, уяўлялі сабой "нейкія інтэграцыйныя контуры па асобных напрамках". Кожная ж з сённяшніх праграм - гэта ўжо канкрэтны план мерапрыемстваў, згодна з якім краіны і маюць намер рухацца.

"Урады правялі каласальную работу. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам усе прынцыповыя рашэнні, якія датычыліся нас, сёння прынялі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Беларусь і Расія з'яўляюцца паўнапраўнымі партнёрамі

Цэнтральнай тэмай перагавораў двух лідараў стала завяршэнне работы над саюзнымі праграмамі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на перагаворах былі прыняты ўсе прынцыповыя рашэнні.

"Каб не пераказваць змест разгледжаных дакументаў (яны будуць абнародаваны, гэта не сакрэт), вылучу самае галоўнае ў іх. Гэта роўныя правы для суб'ектаў гаспадарання нашых краін. Тыя самыя роўныя ўмовы, аб неабходнасці якіх розныя прадстаўнікі Беларусі, у тым ліку я як Прэзідэнт, гаворым на працягу многіх гадоў. Гэта аснова асноў. Мы - паўнапраўныя партнёры", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для ўсіх кампаній на рынках Беларусі і Расіі павінна быць сумленная канкурэнцыя. "Менавіта дзеля раўнапраўя, выгаднай кааперацыі, плённага супрацоўніцтва і задумвалася беларуска-расійская інтэграцыя, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - У саюзных праграмах дакладна прапісаны механізмы развіцця адзінай эканамічнай прасторы: фарміраванне аб'яднаных галіновых рынкаў, рэалізацыя гарманізаванай фінансавай, падатковай, крэдытнай, цэнавай, гандлёвай палітыкі".

У саюзных праграмах, паводле слоў Прэзідэнта, таксама закладзены вырашэнне праблемы паставак у Беларусь энерганосьбітаў, рост аб'ёму транспартных паслуг, фінансаванне новых інвестыцыйных праектаў, выхад на адзіныя прынцыпы рэалізацыі аграрнай і прамысловай палітыкі, павышэнне ўзроўню ўзаемных сацыяльных гарантый для грамадзян дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка спытаў крытыкаў Саюзнай дзяржавы ў Беларусі: што ў прынятых рашэннях дрэннага для беларусаў? "А ў крытыкаў нашай інтэграцыі ў Расіі хачу пацікавіцца: дзе вы бачыце тут "гіру на назе Расійскай Федэрацыі"? Нічога дрэннага для народаў Беларусі і Расіі ў гэтых праграмах няма і быць не магло. Усё было нацэлена на рост дабрабыту нашых народаў. І трэба, напэўна, паставіць ужо кропку ў гэтых размовах. Наша інтэграцыя мае выключна ўзаемавыгадны характар", - заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што на перагаворах удалося дасягнуць узаемаразумення па ўсіх асноўных напрамках. Урады Беларусі і Расіі неадкладна зоймуцца "дашліфоўкай" некаторых момантаў ужо 10 верасня на пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Мінску.

"Калі будуць адобраны і ўзгоднены "апошнія штрыхі" (а мы ў гэтым упэўнены), гатовы зацвердзіць пакет саюзных праграм на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка: Беларусь і Расія будуць нарошчваць сумеснае процідзеянне агульным пагрозам

Кіраўнікі дзяржаў у час перагавораў, акрамя паглыблення інтэграцыі паміж краінамі, дэталёва абмеркавалі і актуальныя міжнародныя праблемы, адносіны з суседнімі краінамі і аб'яднаннямі. Падрабязна прэзідэнты спыніліся на абстаноўцы ў зонах нестабільнасці, перш за ўсё ў Афганістане, з пункту гледжання пагроз для бяспекі Саюзнай дзяржавы.

"У гэтым кантэксце першачарговая важнасць - ажыццяўленне ўсебаковай бяспекі нашых краін і АДКБ у цэлым. Адзіную пазіцыю па гэтым пытанні мы ўсе разам зацвердзім у ходзе маючых адбыцца мерапрыемстваў у Душанбэ (самітаў АДКБ і ШАС. - Заўвага БЕЛТА). Нават мы, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы - далёка ад тэатра ваенных дзеянняў, адчулі на сабе наступствы афганскага крызісу. Паглядзіце, што робіцца з бежанцамі на нашых граніцах, як паводзіць сябе "прагрэсіўны" Захад. Больш таго, пастаянна ужо бразгаючы зброяй", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым кантэксце лідары закранулі тэму саюзных ваенных вучэнняў "Захад-2021". "Сумеснае процідзеянне агульным выклікам і пагрозам будзем толькі нарошчваць, - заявіў Прэзідэнт. - І тут не трэба крычаць, што мы праводзім гэтыя вучэнні. У нас ёсць армія, сумесная групоўка на заходнім напрамку. Яе трэба абучаць ваеннаму рамяству, мы нічога выключнага не робім".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на сустрэчы таксама былі разгледжаны пытанні далейшай нармалізацыі транспартных зносін, кааперацыі ў галіне мікраэлектронікі і ў будаўнічай сферы.

"Так, мы ўпэўнены, што практыку выкарыстання навукова-тэхнічнага і вытворчага патэнцыялу ў Саюзнай дзяржаве неабходна пашыраць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Не ўсе вузлы ў беларуска-расійскіх адносінах яшчэ развязаны

"Зразумела, што не ўсе вузлы ў нашых адносінах яшчэ развязаны. Пры такім аб'ёме ўзаемадзеяння гэта нармальна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што платформа для далейшага руху створана.

"Дзякуючы ёй мы будзем і далей забяспечваць сацыяльныя гарантыі, паступальна павышаць дабрабыт беларусаў і расіян", - заявіў Прэзідэнт.


Лукашэнка назваў паглыбленне інтэграцыі з Расіяй самым дзейсным адказам нядобразычліўцам

Саюзная дзяржава — гэта ўнікальнае інтэграцыйнае аб’яднанне, развітое па ўсіх напрамках. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 верасня журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Маскве.

«Нас часта абвінавачваюць у тым, што Саюзная дзяржава — толькі палітычны праект. Не, гэта ўнікальнае інтэграцыйнае аб’яднанне, развітое па ўсіх напрамках, і ў палітыцы таксама — вазьміце наш ваенна-палітычны саюз, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Падкрэслю: жыццё пераканаўча даказвае, што ўсё, што мы робім, накіравана на карысць і канкрэтныя патрэбнасці нашых людзей».

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы і расіяне не адчуваюць сябе чужымі ў абедзвюх краінах, могуць свабодна перамяшчацца, атрымліваць адукацыю, працаўладкоўвацца. «Гэта дарагога варта. Прычым людзі ўпэўнены, што гэта само сабой зразумела, што так было заўсёды. Гэта і ёсць найлепшы доказ жыццяздольнасці нашага саюза. Я абсалютна перакананы, што паглыбленне інтэграцыі, нарошчванне разнапланавага ўзаемадзеяння — самы паказальны, дзейсны адказ усім нашым нядобразычліўцам. Разам мы толькі мацнейшыя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Пуцін: Беларусь і Расія дамовіліся аб правядзенні агульнай макраэканамічнай палітыкі

Беларусь і Расія дамовіліся аб правядзенні агульнай макраэканамічнай палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў 9 верасня журналістам па выніках перагавораў у Маскве з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мы дамовіліся аб правядзенні агульнай макраэканамічнай палітыкі, гарманізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, інтэграцыі плацежных сістэм. Дамовіліся аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі, паглыбленні супрацоўніцтва ў мытнай і падатковай сферы: размова ідзе аб празрыстасці мытнага кошту тавару і вызначэнні празрыстай структуры кошту тавараў у эканоміцы наогул», — расказаў Уладзімір Пуцін.

«Нашы эксперты лічылі, што без вырашэння гэтых пытанняў нельга пераходзіць да ніякіх іншых па асобных таварных групах, уключаючы і энерганосьбіты», — растлумачыў кіраўнік расійскай дзяржавы.

Бакі таксама дамовіліся стварыць адзіную метадалогію для гарманізацыі ўсіх ускосных падаткаў. Для гэтага ў перспектыве з’явіцца орган, які будзе кантраляваць гэтыя працэсы.

Усё гэта, паводле слоў Прэзідэнта, дало магчымасць дамовіцца аб пераходзе да адзінай прамысловай палітыкі і аб узаемным доступе да дзяржзакупак.


Пуцін: тэма паглыблення палітычнай інтэграцыі Беларусі і Расіі на сустрэчы з Лукашэнкам не абмяркоўвалася

Пытанні паглыблення палітычнай інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы не абмяркоўваліся 9 верасня на сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве.

«Мы прыйшлі да высновы, што трэба вырашаць не па нейкіх асобных пазіцыях, якія выгадныя або не выгадныя асобнаму боку, а вырашаць у комплексе, ствараючы трывалую эканамічную базу для руху наперад па пытаннях значных, але ўсё ж такі прыватных, — сказаў расійскі лідар. — Мы зыходзім з таго, што нягледзячы на ўсю высакароднасць гэтай мэты — палітычнай інтэграцыі — трэба спачатку стварыць эканамічны базіс, аснову, фундамент для таго, каб рухацца далей».

«Лічым, што перш за ўсё трэба заняцца эканомікай», — дадаў ён. Уладзімір Пуцін перакананы, што ў далейшым натуральным чынам спатрэбіцца дадатковае рэгуляванне, у тым ліку, можа, і на ўзроўні фарміравання саюзнага парламента. «Я не выключаю, што такі можа быць створаны, але для гэтага трэба, што называецца, падрасці. Мы гэта не абмяркоўвалі і такія пытанні на парадку дня не стаялі», — заявіў Прэзідэнт Расіі.

Фота: прэс-служба прэзідэнта Расіі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што цалкам падтрымлівае расійскага калегу ў тым, што датычыцца пытанняў паглыблення палітычнай інтэграцыі ў СД. Ён таксама звярнуў увагу на значную ролю, якую адыграў Уладзімір Пуцін у той час, калі беларускі і расійскі бакі «сур’ёзна ўперліся лбом у некаторыя праблемы» ў частцы палітычнай інтэграцыі. Тады было прапанавана адкласці гэтыя пытанні і вярнуцца да іх абмеркавання, калі наспее такая неабходнасць. «Калі нам трэба будзе, то мы вернемся да любой праблемы, у тым ліку палітычнага характару, і будзем зыходзячы з гэтага выбудоўваць нашы адносіны. За намі не заржавее, як кажуць у Расіі і Беларусі. Галоўнае — каб гэтага хацелі народы. Таму я падтрымліваю тэзіс Прэзідэнта аб тым, што настане час, будзеце гатовы — за намі затрымкі не будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Ад паставак энерганосьбітаў да сацгарантый. Лукашэнка раскрыў сутнасць узгодненых 28 саюзных праграм з Расіяй

Цэнтральнай тэмай перагавораў двух лідараў стала завяршэнне работы над саюзнымі праграмамі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на перагаворах былі прыняты ўсе прынцыповыя рашэнні.

«Каб не пераказваць змест разгледжаных дакументаў (яны будуць абнародаваны, гэта не сакрэт), вылучу самае галоўнае ў іх. Гэта роўныя правы для суб’ектаў гаспадарання нашых краін. Тыя самыя роўныя ўмовы, аб неабходнасці якіх розныя прадстаўнікі Беларусі, у тым ліку я як Прэзідэнт, гаворым на працягу многіх гадоў. Гэта аснова асноў. Мы — паўнапраўныя партнёры», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для ўсіх кампаній на рынках Беларусі і Расіі павінна быць сумленная канкурэнцыя. «Менавіта дзеля раўнапраўя, выгаднай кааперацыі, плённага супрацоўніцтва і задумвалася беларуска-расійская інтэграцыя, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — У саюзных праграмах дакладна прапісаны механізмы развіцця адзінай эканамічнай прасторы: фарміраванне аб’яднаных галіновых рынкаў, рэалізацыя гарманізаванай фінансавай, падатковай, крэдытнай, цэнавай, гандлёвай палітыкі».

У саюзных праграмах, паводле слоў Прэзідэнта, таксама закладзены вырашэнне праблемы паставак у Беларусь энерганосьбітаў, рост аб’ёму транспартных паслуг, фінансаванне новых інвестыцыйных праектаў, выхад на адзіныя прынцыпы рэалізацыі аграрнай і прамысловай палітыкі, павышэнне ўзроўню ўзаемных сацыяльных гарантый для грамадзян дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка спытаў крытыкаў Саюзнай дзяржавы ў Беларусі: што ў прынятых рашэннях дрэннага для беларусаў? «А ў крытыкаў нашай інтэграцыі ў Расіі хачу пацікавіцца: дзе вы бачыце тут „гіру на назе Расійскай Федэрацыі“? Нічога дрэннага для народаў Беларусі і Расіі ў гэтых праграмах няма і быць не магло. Усё было нацэлена на рост дабрабыту нашых народаў. І трэба, напэўна, паставіць ужо кропку ў гэтых размовах. Наша інтэграцыя мае выключна ўзаемавыгадны характар», — заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што на перагаворах удалося дасягнуць узаемаразумення па ўсіх асноўных напрамках. Урады Беларусі і Расіі неадкладна зоймуцца «дашліфоўкай» некаторых момантаў ужо 10 верасня на пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Мінску.

«Калі будуць адобраны і ўзгоднены „апошнія штрыхі“ (а мы ў гэтым упэўнены), гатовы зацвердзіць пакет саюзных праграм на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы», — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка аб «паглынанні» Беларусі: калі хтосьці гэтым хварэе, мы з Пуціным можам падлячыць

«Далікатна Прэзідэнт Расіі не сказаў аб розных разважаннях, што тут хтосьці кагосьці паглыне і гэтак далей. Павінен сказаць, што мы гэтай хваробай і не хварэлі з Прэзідэнтам Расіі. Калі хтосьці гэтым хварэў, можам падлячыць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кіраўніцтва абедзвюх краін будзе рабіць захады выключна ў інтарэсах народаў. Калі Беларусі і Расіі спатрэбяцца больш цесныя адносіны, гэта будзе зроблена імгненна, як толькі прагучаць запыты грамадзян, заявіў Прэзідэнт.


Лукашэнка: Беларусь і Расія, як бульдозер, расчышчаюць прастору для інтэграцыі ў рэгіёне

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многім можа здацца, што рэалізацыя распрацаваных Беларуссю і Расіяй саюзных праграм вельмі расцягнута па часе. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, інакш быць і не можа, бо да гэтых пытанняў неабходна падыходзіць выверана і акуратна.

«Мы паказваем прыклад, якім чынам трэба рухацца ў ЕАЭС і тым больш у СНД. Мы, як бульдозер, ідзём наперадзе, расчышчаючы дарогу для саюзных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы. Саюз — гэта прыклад, той шлях, па якім давядзецца ісці тым дзяржавам, якія будуць разлічваць на больш цесны саюз», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка і Пуцін выказаліся аб адзінай валюце Саюзнай дзяржавы

«Пытанне не ў тым, што Пуцін або Лукашэнка тармозяць гэтыя працэсы. Калі мы вывучалі гэту праблему, тады Цэнтральны банк Расіі і наш Нацыянальны банк у адзін голас папрасілі нас да гэтага пытання пакуль не падыходзіць. Яны заявілі, што ні яны, ні нашы краіны не гатовы да гэтага», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт не стаў выключаць, што ў будучым да гэтага пытання краіны могуць вярнуцца. «Пытанне не ў валюце. Пытанне заўсёды ў нас упіралася ў адзіны эмісійны цэнтр. Вось тут ёсць пэўныя праблемы», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Што краіны пакуль не гатовы пераходзіць да адзінай валюты, лічыць і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. «Вельмі важна якраз правядзенне адзінай макраэканамічнай палітыкі. Першыя крокі зроблены. Цэнтральны банк Расіі і Нацыянальны банк Беларусі павінны гарманізаваць грашова-крэдытную палітыку, дабіцца інтэграцыі плацежных сістэм, інфармацыйнай бяспекі ў фінансавай сферы», — адзначыў расійскі лідар.

Паступовае вырашэнне гэтых пытанняў, паводле яго слоў, закладзена ў саюзныя праграмы. «Нам трэба вельмі акуратна дзейнічаць, аналізаваць плюсы і мінусы, станоўчыя і адмоўныя прыклады нашых суседзяў», — рэзюмаваў ён.


Лукашэнка адзначыў мноства тэндэнцый да развалу ЕС

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры будаўніцтве Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расія заўсёды арыентаваліся на Еўрапейскі саюз, але сёння гэта аб’яднанне не лепшы прыклад. «Там ужо мноства тэндэнцый, якія вядуць да развалу. Яны адзін аднаго ўжо адкрыта крытыкуюць. Мы не хочам паўтарыць гэтыя памылкі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь і Расія хочуць пазбегнуць памылак, дапушчаных у СССР. «Мы робім пэўныя высновы», — дадаў ён.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што Беларусь і Расія не імкнуцца як мага хутчэй выканаць ключавыя палажэнні Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Пакуль краіны стварылі эканамічную базу адносін, усё астатняе — гэта палітычная надбудова, заявіў ён.


Лукашэнка — ЕС: вы ўводзіце ўсё новыя санкцыі, а беларускі народ павінен абараняць вас на граніцы?

Фота: БелТА

«Што вы ад нас патрабуеце? Вы супраць нас кожны дзень уводзіце ўсё новыя і новыя санкцыі. Мы па санкцыях ужо на парадак апярэдзілі Расійскую Федэрацыю. Літаральна за паўгода яны ўвялі столькі санкцый, і я і беларускі народ што, павінен абараняць іх на граніцы? Не», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на тое, што Еўрапейскі саюз згарнуў усе праграмы па пагадненні з Беларуссю аб рэадмісіі. «Атрымлівайце цяпер вынікі сваёй палітыкі, — дадаў беларускі лідар. — Паглядзіце на іх „дэмакратычны“ твар: яны ж страляюць, з сабакамі ловяць гэтых мігрантаў, арганізуюць групамі і гоняць праз граніцу да нас, страляючы паверх галоў, дзякуй богу, пакуль. Хоць ёсць і гібель людзей. Яны перакідваюць да нас праз граніцу: „Забірайце“. Вось іх „дэмакратычны“ твар. Мы сумленна выконвалі сваю місію да той пары, пакуль яны не сталі сілай пераварочваць сітуацыю ў краіне і звяргаць уладу».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ЗША на фоне вываду сваіх войскаў з Афганістана далі каманду Еўрапейскаму саюзу прыняць усіх афганскіх бежанцаў. ЕС, паводле слоў Прэзідэнта, «узяў пад казырок, і афганцаў — да сябе». «Калі вы іх паклікалі, дык вазьміце, адкуль яны ні прыйшлі б. Якія прэтэнзіі тут да беларусаў, тым больш да Расіі?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

«Тое, што нам трэба выконваць як надзейнаму партнёру, мы будзем рабіць заўсёды. Калі Еўропа хоча гэтых нармальных адносін — калі ласка, мы гатовы заўтра дагаворвацца», — рэзюмаваў Прэзідэнт.


«Гэта нас не датычыцца». Пуцін не будзе ўмешвацца ў вырашэнне міграцыйных праблем на граніцы Беларусі і ЕС

Беларускі журналіст спытаў у кіраўнікоў дзяржаў, ці варта ў бліжэйшы час чакаць ад Мінска і Масквы сумесных дзеянняў па ўрэгуляванні гуманітарнага крызісу, які абвастрыўся ў еўрапейскім прыграніччы з-за падзей у Афганістане і прадаўжае набіраць абароты, тады як у ЕС закрываюць вочы на дзеянні, напрыклад, польскіх улад, якія замест дапамогі выдвараюць мігрантаў са сваёй тэрыторыі, дзейнічаючы часта жорстка, з выкарыстаннем спецсродкаў.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што некаторыя яго заходнія калегі і еўрапейскія лідары заклікаюць яго да сумесных дзеянняў у вырашэнні праблем з мігрантамі на граніцы з Беларуссю і просяць яго неяк паўплываць. «Адказ просты: гэта нас не датычыцца. Гэта не наша граніца», — адказаў расійскі лідар. Ён падкрэсліў, што міграцыйны крызіс узнік на дзяржаўнай граніцы Беларусі з іншымі суверэннымі краінамі, таму вырашэнне праблем яны павінны шукаць паміж сабой. «Хочаце па-сапраўднаму праблему вырашаць — звяртайцеся да беларускіх улад на любым узроўні і вырашайце праблему з суседняй дзяржавай», — падкрэсліў расійскі лідар.

У той жа час Расія прадоўжыць дапамагаць з вывазам грамадзян трэціх краін і нават Афганістана з тэрыторыі гэтай краіны. «Мы гэта робім. Не падпольна. Мы дамаўляемся з лідарамі „Талібана“ па асобных катэгорыях грамадзян і робім гэта, — адзначыў Уладзімір Пуцін. — Частка афганцаў прыходзіць на беларуска-літоўскую або беларуска-польскую граніцу. Няхай там не толькі адны афганцы. Але выганяюць жа з тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў усіх без разбору, у тым ліку і афганцаў. Я не разумею гэтай логікі».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму калегу за яго пазіцыю па пытанні міграцыйнага крызісу. «Еўрапейскі саюз і іншыя спрабуюць вырашаць гэту праблему ў тым ліку прад’яўляючы нейкія прэтэнзіі кіраўніцтву Расіі, у тым ліку майму калегу: вы, маўляў, акажыце ўздзеянне, націсніце там на Лукашэнку і гэтак далей... Я яму ўдзячны за яго пазіцыю, якую ён усюды выказвае: ёсць у Беларусі кіраўніцтва, ёсць улада — калі ласка, як сказаў Прэзідэнт, звяртайцеся, вырашайце гэту праблему. Бачыце, яны з намі размаўляць не могуць, таму што ці то Прэзідэнт „нелегітымны“, ці то ўлада не такая. А вось з талібамі — гэта іншае. Там яны могуць размаўляць і весці дыялог», — звярнуў увагу беларускі лідар.


Адзіная грашова-крэдытная палітыка ў перспектыве. Пуцін расказаў аб змесце адобраных саюзных праграм

Уладзімір Пуцін расказаў некаторыя падрабязнасці 28 саюзных праграм, якія адобраны 9 верасня на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. У тым ліку аб планах па фарміраванні ў перспектыве адзінай грашова-крэдытнай палітыкі, валютнага рэгулявання, інтэграцыі нацыянальных плацежных сістэм і стварэння агульнай плацежнай прасторы. «Гэта дапаможа забяспечыць добрасумленную канкурэнцыю і нарасціць дзелавую актыўнасць на фінансавым рынку, а таксама эфектыўна рэагаваць на рызыкі адмывання грошай і фінансавання злачыннай дзейнасці, уключаючы тэрарызм», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Шэраг саюзных праграм накіраваны на гарманізацыю падатковага і мытнага заканадаўстваў дзвюх краін. У прыватнасці, прадугледжваецца падпісанне дагавора аб агульных прынцыпах спагнання ўскосных падаткаў, укараненне інтэграванай сістэмы адміністравання ўскосных падаткаў у СД. «Мэта — каб была бачна структура цаны тавару», — растлумачыў Уладзімір Пуцін.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.