Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Шчыры дзякуй усім, хто заўважыў «знікненне» «проваду», хто абурыўся ды спытаў, ці не парваўся ён? Хачу суцешыць: пакуль што не, але… Усё залежыць ад вас. Пішыце. Конкурс на найлепшую, вясёлую і праўдзівую гісторыю працягваецца.


Фота: pixabay.com

Урок для бабулі

Неяк гарачым летнім днём я хацеў купіць бутэльку вады, заскочыў у невялічкую крамку і ўзрадаваўся: чаргі там не было — прадавачка, хлапчук гадкоў дзесяці і ўсё. «Значыць, не затрымаюся», — падумаў я і, на жаль, памыліўся, бо той юнец выцягнуў з кішэні ў чатыры столкі складзены спіс і па складах стаў чытаць:

— Са... Са... Сасіскі! Кра... Кра...

— «Кракаўскія»? — дапамагла яму прадавачка.

— Так. Але тут напісана і «ма... ма... малочныя», — лыпаў вачыма разгублены пакупнік.

— Дай мне свой спіс, — не вытрымала жанчына.

— Сасіскі «Кракаўскія» або «Малочныя», — зачытала ўслых. — Якія даваць?

— Ага, — забіраючы свой спіс назад, прамовіў хлопчык. — Я бабуліна «або» прапусціў, а яно тут важнае. Давайце «Кракаўскія»...

Прадавачка ўзялася іх узважваць ды пакаваць, пакупнік тым часам агучваў свой спіс далей:

— Ма... Ма... Два...

— Малако? Два пакеты? — зноў пайшла на выручку прадавачка.

— Можа, марозіва? — здагадаўся я.

— Гэта — абавязкова, — згадзіўся са мной юны пакупнік, але тут нешта іншае, карацейшае — на літару «мэ».

— Дык масла ж! — прачытала жанчына, зноў забраўшы цыдулку.

...З горам папалам і хвілін за дзесяць-пятнаццаць яны ўдваіх прайшліся па ўсіх пунктах спіса і нарэшце затармазілі на марозіве, бо менавіта з ім узнікла праблема: таго самага таннага, прапісанага бабуляй, у крамцы чамусьці не было.

— Давайце шакаладнае! — загадаў хлапчук.

— А не задорага будзе? — паспрабаваў умяшацца я.

— Задорага, — згадзіўся малы. — Бабулі не спадабаецца. Але ж хай ведае і хай іншым разам лепей піша, што ёй трэба купіць, друкаванымі літарамі, а то накрэмзала тут... Дарослым не прачытаць.

З гэтымі словамі малы паклаў да пакупак спіс і чэк (трэба разумець, для справаздачы?) і хуткім крокам рушыў да дзвярэй — не тое каб парадаваць бабулю (выканаў жа яе заданне!), не тое каб з'есці тое марозіва.

...Што казаць, многаму мы вучым сваіх дзяцей (а каму пашчасціць, яшчэ і ўнукаў!), многаму яны вучаць нас.

Яўген Шастакоў,

г. Гомель.


Рэдкі гасцінец

У дзіцячым садку, у які мы вадзілі нашага ўнука Вову, на памяць і бацькам і дзецям вырашылі зрабіць відэафільм. Для гэтага запрасілі аператара з адмысловай камерай і запісалі шэраг «інтэрв'ю»: выхавальніца па чарзе распытвала ў малых, дзе і з кім хто жыве, як завуць бацькоў, кім яны працуюць...

— У цябе ёсць дзед? — апроч іншага, спыталі, напрыклад, у нашага Вовы.

— Ёсць, — адказаў той.

— А як яго завуць?

— Іван.

— Бабуля таксама ёсць? — удакладніла выхавальніца.

— Ёсць...

— Яны часта да вас прыходзяць?

— Прыходзяць...

— А што прыносяць?

— Хрэн...

Мы і сапраўды (справа жыццёвая, як казаў знаходлівы Карлсан) якраз напярэдадні занеслі дачцэ слоік з гэтай прыправай, але ж...

І падчас запісу таго «інтэрв'ю», і падчас «прэм'еры» фільма, і потым, падчас кожнага прагляду, гледачы заходзяцца ад рогату.

А ў мяне за вочы яшчэ, відаць, і мянушка «Дзед з хрэнам».

Іван П.,

г. Шчучын.


Вучыся, нябожа, вучэнне паможа...

Не ведаю, як іншыя, а вось пажарнікі любяць сваю работу хваліць. Маўляў, і зарплата ў іх што трэба, і калектыў, і графік зручны... Адзінае — як пажар, дык хоць ты звальняйся!

Студэнты прыкладна гэтак жа ставяцца да экзаменаў, бо яно і зразумела: нешта ведаюць лепш, нешта — горш, а недзе і наогул плаваюць, як тая сякера. Адкуль заўсёдная мара — на экзамене, на заліку выцягнуць лёгкі білет альбо нечым спадабацца выкладчыку.

Не апошнюю ролю тут можа сыграць знешнасць: прычоска, адзенне, макіяж.

...У нас, напрыклад, псіхалогію выкладаў малады мужчына, які вельмі сачыў за сабой. Таму на экзамен па яго прадмеце мы, дзяўчаты (хлопцам куды прасцей), рыхтаваліся загадзя: рабілі прычоскі і манікюры, прыбіраліся ў адмысловыя аблягаючыя сукенкі-дэкальтэ, фарбавалі вусны і вейкі...

Паднядзелішся вось так да адказу, сядзеш перад выкладчыкам, а той ужо ўсё заўважыў і ацаніў — падрыхтаваўся ўважліва слухаць, падбадзёрыў усмешкай... І ўсё: Астапа панесла, як той казаў: залік амаль што ў кішэні!

Наступны экзамен па заалогіі. Прымае яго, мякка кажучы, вельмі пажылы выкладчык. І таму ніякіх прычосак-макіяжаў: валасы заплятаюцца ў косы ці закручваюцца ў гулі, пазногці акуратненька стрыгуцца, сукенкі выбіраюцца, а то і пазычаюцца, калі сваёй няма) строгія, аднатонныя, пажадана — з белымі каўнярамі...

Такая вось «сама сціпласць» прыйдзе на экзамен, сядзе перад выкладчыкам і як залапоча... Вядома ж, пра тое, што добра ведае... Што горш — там ужо цішэй. А выкладчык — той і слепаваты ўжо, і глухаваты — не перапытвае, не перабівае. Ён слухае, любуецца, бярэ залікоўку...

У студэнткі ў гэты час шпаргалка з рукава... І на падлогу. Але ж яе можна хуценька падняць, сказаць, хаваючы ў сумачку: «Ой, гэта ж рэцэпт... Мой... Бабуля прасіла ў аптэку зайсці, а я так хвалявалася перад вашым экзаменам, так старанна вучыла...» І ўсё: «выдатна» вам забяспечана!

Праз два дні экзамен па анатоміі. Прымае дзеўка-векавуха, якая ведае ўсё і таго ж патрабуе ад іншых. Так што «нумар» з рэцэптам з ёй не пройдзе ніяк. І за адзеннем яна бачыць хіба шкілет. Значыць, застаецца адно: вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца.

...Іншымі словамі, прынцыпы здачы экзаменаў («тушэння пажараў») вам зразумелы: грызці граніт навукі і шукаць падыход да выкладчыка, а «па дарозе» пастарацца не ўпасці ў бруд самому.

Як некалі пісаў паэт, «Мы все учились панемногу...»

Той, у каго студэнцкія гады ўжо за плячыма, прачытаўшы гэтую нататку, можа, успомніць сябе, той, хто толькі паступіў, можа, узброіцца нейкімі ведамі. Яны — паверце — ніколі не лішнія!

Зоя Максімава,

г. Віцебск.


«Было з чаго і плакаць, і смяяцца...»

«Звязда» досыць часта піша пра наша Палессе, і яно, вядома ж, таго заслугоўвае: блаславёны край, цудоўныя людзі!

Да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС мне пашчасціла жыць і працаваць у Хойніцкім раёне, на радзіме Івана Мележа. Што здзіўляла, бязбожныя былі часы, але там неяк трымалася традыцыя адзначаць рэлігійныя праваслаўныя святы, прычым у кожнай вёсцы свае...

Ажаніўшыся з паляшучкай і на першым часе пасяліўшыся ў цешчы, я даведаўся, што да наплыву гасцей там рыхтуюцца загадзя.

Помню і тое, як яны з'язджаліся. Да сёння ў вушах паважнае мужчынскае: «Ну, здароў быў, сват!» ды эмацыянальнае, часта жаночае: «Ой жа, кумка мая! Колькі ж я цябе не бачыла?!»

Пасля вітанняў радня садзілася за стол, знаёмілася са мной (а я тым часам — з ёю) — частавалася, гаманіла, потым нехта спяшаўся дамоў, каб дагледзець скаціну, нехта гасціў сабе далей. Мужчыны выходзілі на двор пакурыць, жанчыны заставаліся ў зале. І я, разам з жонкай наводзячы парадак на сталах, міжволі слухаў...

— Ой, бабачкі, гэты Алесь Валяваты ну такі ліхач! — расказвала неяк цётка Клаўдзя з суседняй вёскі. — Я з ім ніколі больш не паеду!.. Той раз во — толькі ў кузаў, а ён як папрэ... Я адной рукою за яйцы, а другой — за тэ...

— Гэта за што? — рагочуць жанчыны.

— Ну як яго? Ну за борт, — успамінае нарэшце Клаўдзя.

Слухачкі аж заходзяцца ад рогату, паўтараюць Клаўдзіна «другой рукою за тэ...» ды канцамі хустак выціраюць слёзы.

Клаўдзя лыпае вачыма і нічога не разумее: ну сабрала яна кошык курыных яек, ну склала ў кош... Ну падвёз яе той Алесь на сваёй грузавой — у кузаве, бо ў кабіне месца не было. Ну пёр як на пажар...

— Добра, што яйкі я сенам пераклала... Цэлымі давезла, — завяршала расповед свой Клаўдзя, і толькі тут, зразумеўшы яго двухсэнсоўнасць, сама ж расплывалася ў белазубай усмешцы...

А потым, нарагатаўшыся, жанкі адпачывалі і заводзілі ўжо сумнае: «Шумяць вербы каля грэблі, што я пасадзіла...»

Мележ, казалі, вельмі любіў гэту песню, і, калі прыязджаў, на сустрэчу заўсёды запрашалі самадзейных артыстаў з Глінішчанскага сельскага клуба.

Хор спяваў, народны пісьменнік са слязамі на вачах слухаў, а «сведкі» потым адзін аднаму казалі: «Глядзіце, Іван наш плача».

Было з чаго...

Валерый Гаўрыш,

г. Чавусы.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.