Вы тут

На ўсе выпадкі жыцця. Дзе сёння найменш залежыш ад абставін


Грыбы сёлета валаклі з лесу, як дурань дзверы: літаральна згінаючыся пад цяжарам рукзакоў ды пакетаў. Балазе ісці было зусім блізка: зазірнулі ў невялікі лес, што ад вёскі мо за паўкіламетра. А там апенек! Прыгожыя, беленькія, крамяныя. Адны — на таўсматых ножках з невялікімі капялюшыкамі, іншыя — бы пляскатыя рудавата-белыя аладкі, што хаатычным стосам абляпілі пень. Рэжаш адны — ужо краем вока заўважаеш другія. Дайшло да таго, што ў канцы ціхага палявання стаялі з сястрой каля чарговага пня і спрачаліся не за права зрэзаць гэтае багацце, а за тое, каб адпачыць і паназіраць, пакуль іншая тыя грыбы збярэ (бо не пакідаць жа іх у лесе!). Дома перабралі — у чыстым выніку атрымалася два вялікія вядры з коптарам. Карацей, даўно так удала ў грыбы не хадзілі.


 

Фота аўтара.

Замачылі апенькі на ноч у вялікіх ночвах, плануючы зварыць іх назаўтра на вуліцы — на вогнішчы, як рабілася спрадвеку. Сёлета нашы хлопцы нават нешта падобнае на печку з цэглы ў садзе склалі. Але прачнуўшыся раніцай ад грукату залевы па даху і ўбачыўшы, што неба спрэс зацягнутае хмарамі, зразумелі, што нічога з садова-палявой кухняй у нас не атрымаецца. Пачалі думаць, у чым і як тыя грыбы варыць. На газавую пліту два вялікія чыгуны ставіць — не змесцяцца, дый пакуль такая колькасць варыва гатовая будзе, увесь газ з балона выпалім. Ставіць гаршчкі ў печ таксама не выпадала: грыбы, калі закіпаюць, пачынаюць, ліха на іх, перці, іх трэба абавязкова памешваць. А дзеля гэтага, атрымліваецца, у гарачую печ давядзецца лезці з галавой, на што хіба вар'ят пагодзіцца...

Так і стаялі мы над тымі ночвамі з апенькамі, чухаючы патыліцы і разважаючы, што многа — гэта не заўсёды добра. І тут раптам узнікла ідэя — пліта! Не газавая, а тая, што ў печы наперадзе, з дзвюма адмысловымі «фаеркамі» на прыпеку, якія можна падганяць пад дыяметр посуду, дзе гатуеш, дастаючы металічныя колцы. Нехта з вяскоўцаў зараз скажа: вось Амерыку адкрыла, падобныя пліты ў многіх хатах дагэтуль ва ўжытку, каб і есці згатаваць, і кухню абагрэць, печ не палячы... Але справа ў тым, што сваю мы палілі апошні раз — добра памятаю — калі я была ў шостым класе. Тады памёр сусед, і ў нашай хаце гатавалі ўсё на жалобны стол. А з таго часу мінула ўжо... Карацей, не адзін дзясятак гадоў...

Надзеі на тое, што даўно закінуты «агрэгат» запрацуе як належыць, было мала, але ж трэба было неяк варыць тыя няшчасныя грыбы! Галоўная рызыка была — задыміць усю хату, бо адмысловы для пліты дымаход мог за доўгія гады забіцца чым заўгодна. З цяжкасцю выцягнуўшы юшку, з якой на падлогу звалілася мо паўкіло сажы, ачысціўшы ад смецця печку і паддувала, у якіх хіба што сушаных дохлых мышэй не было, і паклаўшы дровы, я асцярожна паднесла да бяросты запалку і стала чакаць, як вось-вось дым паверне на хату, і думаць, як усё гэта найхутчэй патушыць. Нічога падобнага! Агеньчык, спачатку кволенькі, ад добрай цягі хутка набраў сілу. А над комінам закруціўся вясёлы дымок. Працуе!

Паставіўшы на пліту два вялікія гаршчкі, у якія з лёгкасцю змясціўся ўвесь наш грыбны ўраджай, раз-пораз без ніякіх перашкод іх памешваючы, мы цешыліся сваёй прыдумкай. Падкідалі ў пліту дробна наколатыя дроўцы, успаміналі бабуліны бліны, якія яна пякла менавіта на ёй, бо з «газам» да канца жыцця так і не пасябравала. З далёкага-далёкага дзяцінства, наздраватыя, з цёмнымі кропачкамі, з лёгкім водарам жару ад бярозавых дроў — самыя смачныя бліны, што даводзілася каштаваць у жыцці. А яшчэ гаварылі аб простых сялянскіх рэчах, аб тым, як па-разумнаму было ўсё зладжана ў вясковай хаце, каб у любым выпадку выжыць і не прапасці. Нават сёння, у век цывілізацыі, ад здабыткаў якой мы вельмі залежныя, прычым у самым прамым, фізічным сэнсе.

Бо адна справа — застацца на нейкі час без інтэрнэту. І зусім іншая — без электрычнасці, напрыклад, у шматпавярховым доме, дзе нават есці варыш з яе дапамогай. Ведаю гэта на ўласным вопыце. Калі толькі засяліліся, пэўны час былі непаладкі з напружаннем. У хаце цёмна, нічога не прыгатуеш, нават вады не сагрэеш, батарэі і вада ў кране пачынаюць астываць — бо і яны ад нейкай там электрычнай помпы залежаць. Карацей, лакальны апакаліпсіс. Дык гэта калі на нейкія дзве гадзіны. А калі на больш?..

Дзіўна можа прагучаць, але атрымліваецца, што найбольш незалежным ад абставін і таго, што адбываецца навокал, адчуваеш сябе менавіта ў вёсцы, прычым у самай спрадвечнай, патрыярхальнай. Там, дзе ў хаце захавалася сапраўдная печ, дзе ў калодзежы вісіць на вочапе вядро (хоць каторы год набіраеш ваду з дамамогай электрычнай помпы), дзе стаіць на загнетку прас, які награваецца вугельчыкамі, што ў яго засыпаюцца. Гэтым рыштункам дакладна ніхто з нас нават не спрабаваў карыстацца, але ён так і стаіць на сваім месцы, як і гадоў пяцьдзясят таму, і мы нават не думаем пра тое, каб яго выкінуць з-за непатрэбнасці. Гэткі запасны варыянт на неспадзяванку, якая, можа, і не здарыцца ніколі ў жыцці, але ж няхай на ўсялякі выпадак будзе... Усё, як мы, беларусы, любім. Бо прызнайцеся, не ў адной жа мяне ў вясковай хаце стаіць на печы ржавы вугальны прас?.. Вось і я пра тое ж.

А як жа грыбы, спытаеце. Грыбы паспяхова даварыліся і перамясціліся ў слоікі або ў лядоўню. А на пліце, ужо не падкідаючы дроў, яшчэ нагрэлі амаль да кіпеню вялікую каструлю вады. Сама ж пліта нагрэлася лепш, чым сталічная батарэя, і тым сырым халодным вечарам у кухні і маім пакоі было на дзіва цёпла і ўтульна. І хораша было засынаць у гэтым утульным цяпле, ведаючы, што ты сам сабе яго зладзіў...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».