Вы тут

140 дамоў у Гродне трапілі пад капітальны рамонт


У Гродне капітальным рамонтам сёлета плануецца ахапіць каля 140 дамоў. На адных аб'ектах ён толькі пачаўся, на іншых — у стадыі актыўных работ, на некаторых ужо завершаны. Ёсць і такія, дзе работы вядуцца звыш нарматыўных тэрмінаў, што выклікае скаргі з боку жыхароў. У Камітэце дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці паведамілі адрасы некаторых праблемных дамоў абласнога цэнтра, дзе капітальны рамонт значна зацягнуўся.


Дзясяткі «звышнарматыўных» дамоў раскіданы па ўсім горадзе. Як расказалі ў КДК, усе яны знаходзяцца ў рознай ступені гатоўнасці. Ёсць такія, дзе капітальны рамонт завяршыўся літаральна нядаўна. Але большасць усё яшчэ ў стадыі будаўнічых работ. У пяціпавярховіку па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў рамонт вядзецца ў адным з пад'ездаў. Сюды мы заходзім разам са Святланай, якая, уласна кажучы, і стала ініцыятарам рамонту.

— У нашым доме напачатку перакрылі дах. А потым жыхары вырашылі аднавіць і пад'езд, бо ён быў вельмі страшны, — расказала спадарожніца.- Зараз тут поўнасцю пабялілі столь і сцены, частка пойдзе пад афарбоўку. Але ў ЖЭСе пакуль затрымка з-за фарбы, работы спыненыя.

Як вядома, цяпер работы па рамонце пад'ездаў вядуцца за кошт саміх жыхароў. Святлана абышла суседзяў. Не ўсе пагадзіліся аплачваць. Але для таго, каб рашэнне было прынятае камунальнымі службамі, дастаткова згоды больш за палову жыхароў. У дадзеным выпадку так і адбылося. Людзі будуць аплачваць кошт работ часткамі на працягу пяці месяцаў. Калі такая перспектыва больш-менш зразумелая, застаецца пытанне па тэрмінах. На гэта звярнула ўвагу сям'я з дзецьмі, якая падымалася на пяты паверх. Маўляў, абяцалі, што зробяць за месяц, а ўжо трэці пайшоў. Святлана лічыць, што важны сам факт аднаўлення пад'езда. Усё ж такі дому больш за 70 гадоў, а калі быў апошні рамонт — ніхто не памятае.

А вось у трохпавярховым доме па гэтай жа вуліцы рамонт сапраўды перайшоў у хранічную форму. Работы вядуцца з 2019 года. Тады капітальны рамонт пачаўся з замены даху і аднаўлення фасада. На выгляд дом, які пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя, даволі сучасны. Але аказалася, што камунікацыі таксама трэба мяняць. Такім чынам, у рамонт былі ўцягнуты многія службы, а праблемы сталі чапляцца адна за адну.

— Я пачала вывучаць пытанне капітальнага рамонту дома, і аказалася, што сюды ўваходзіць замена ўсіх камунікацый. Прыйшла камісія, паглядзелі, што ў нас трубы гнілыя, праводка старая, і тады наш дом уключылі ў план капітальнага рамонту, — распавяла член ініцыятыўнай групы дома Любоў Васіленка. — Зараз вядуцца работы ў кватэрах, працуюць сантэхнікі і электрыкі, а наперадзе яшчэ работа газавай службы. Жыхарам прыйдзецца за свой кошт мяняць частку трубы. Аб гэтым мы даведаліся зусім нядаўна. Падчас замены трубы будзе некаторы час адсутнічаць газ. Але канчатковых тэрмінаў рамонту мы пакуль не ведаем.

Спецыяліст па тэхнаглядзе гарадскога ЖКГ Ірына Міслівец не першы раз сутыкаецца з пытаннямі па гэтым доме. Ён першы ў горадзе, дзе плануецца замена газавых труб. У выніку будынак пераходзіць на цэнтральнае водазабеспячэнне, а газавыя калонкі ліквідуюцца.

Калі канкрэтна будуць завершаны работы, невядома. Па ўсёй бачнасці, не хутка. Гэта звязана з тым, што неабходна перарабіць праект рамонту з-за таго, што ўзнік шэраг дадатковых работ звыш закладзеных сродкаў. Экспертыза павінна выявіць канчатковую суму. У тым ліку вызначыць аб'ём работ, які будзе весціся за кошт саміх жыхароў.

Любоў Васіленка каля дома па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў.

— Увогуле, гэта даволі складаны працэс, бо адзін згодны, а другі — не, — заўважыла спецыяліст камунальнай службы. — Калі ідзе работа з жыхарамі, гэта заўсёды зацягваецца. Была праблема ў замене трубы ў перакрыцці за кошт жыхароў. Многія не пагаджаюцца плаціць, хаця сумы невялікія. З-за гэтага зацягваюцца тэрміны.

Па прычыне недакладнай праектна-каштарыснай дакументацыі завяршэнне рамонту часта адкладаецца — узнікае неабходнасць карэкціроўкі ўжо на стадыі работ. Гэта прыводзіць да падаражання аб'екта. Па інфармацыі КДК, кошт некаторых дадатковых работ складае 30 % ад першапачатковага кошту.

Па-ранейшаму існуе заганная практыка справаздачнсці аб быццам бы завершаным капітальным рамонце. Паўнавартасны ўвод у эксплуатацыю падменьваецца прыёмкай толькі першых пускавых комплексаў, тым часам работы на аб'екце працягваюцца. Напрыклад, па дакументах, рамонт дома па вуліцы Гагарына завершаны. Але не трэба быць спецыялістам, каб заўважыць, што канчатковая кропка не пастаўлена. Будынак знаходзіцца ў рыштаваннях, у двары — будаўнічае смецце, стары шыфер. Усё гэта так і ляжыць тут з пачатку рамонту, патлумачыў Уладзімір, які пад'ехаў на аўтамабілі. Жыхар дома звяртае ўвагу на шэраг недаробак. Напрыклад, навесы над пад'ездамі не накрытыя, стаіць толькі металічны каркас. На былых кветніках не ўстаноўлена агароджа. У пад'ездзе няма святла на першым паверсе.

Цяпер у Гродне каля 20 жылых дамоў са звышнарматыўнымі тэрмінамі рамонту. Але такая сітуацыя не толькі ў абласным цэнтры. Падчас маніторынгу Гродзенскага раёна ў маі гэтага года таксама выявілі праблемныя аб'екты. Прычым справа датычылася яшчэ і няякаснага рамонту.

— У Новай Гожы Гродзенскага раёна летась праведзены рамонт пяціпавярховага жылога дома. Але кантрольны замер паказаў, што работы выкананыя няякасна — вада льецца фантанам са стыкаў стаякоў, — паведаміў начальнік аддзела КДК Гродзенскай вобласці Мікалай Куц. — Прыйшлося тэрмінова выклікаць падрадчыка для ліквідацыі прычын такой сітуацыі. Яны выязджалі, рамантавалі, але праз некалькі тыдняў мы зноў фіксавалі такі самы стан. Гэта сведчыць аб неахайным стаўленні да работы як заказчыкаў — ЖКГ, так і выканаўцаў. Па гэтым доме выявілі завышэнне рамонтных работ на суму каля 30 тысяч рублёў. Толькі пасля ўмяшання КДК усе непаладкі былі ліквідаваныя.

У Гродзенскай вобласці аб'ёмы капітальнага рамонту растуць, канстатуюць у КДК. Гэта абумоўлена як высокай колькасцю жылых дамоў, пабудаваных 40—50 гадоў таму, так і патрабаваннямі кіраўніка дзяржавы штогод рамантаваць 3 % жылога фонду, які знаходзіцца на балансе ЖКГ. Рамонты вядуцца, але далёка не ўсюды квадратныя метры своечасова ўводзяцца ў эксплуатацыю.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Зацягнуўся рамонт...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».