Вы тут

Пачынаецца сумеснае стратэгічнае вучэнне Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Захад — 2021»


Працягнуцца беларуска-расійскія манеўры да 16 верасня. Вучэнне носіць выключна абарончы характар і, у першую чаргу, накіравана на ўдасканаленне баявога майстэрства ваеннаслужачых, а таксама адпрацоўку сумесных дзеянняў на выпадак, калі Саюзная дзяржава будзе вымушана рэагаваць на ваенную агрэсію з боку іншых дзяржаў.


Фота: БелТА

Задачы, пастаўленыя ў ходзе вучэння, будуць ажыццёўлены як на чатырох беларускіх, так і на дзевяці расійскіх палігонах. У манеўрах, якія адбудуцца на нашай тэрыторыі, возьме ўдзел каля 12 800 ваеннаслужачых: сярод іх 2,5 тысячы расійскіх і 50 вайскоўцаў з Казахстана са складу Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Акрамя таго, у вучэнні будзе задзейнічана каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, да 110 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, звыш 30 самалётаў і верталётаў.

— Колькасць войскаў, танкаў, баявых браніраваных машын, ракетных сістэм залпавага агню і артылерыйскіх сістэм, запланаваных вылетаў самалётаў не перавышае ўзровень, які падлягае абавязковаму назіранню за пэўнымі відамі ваеннай дзейнасці, што ўстаноўлена шматлікімі дагаворамі і пагадненнямі ў галіне кантролю над узбраеннем, — удакладніў падчас брыфінгу начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёр Алег ВОІНАЎ. — Ваенна-палітычная абстаноўка ў свеце ў цэлым і ў еўрапейскім рэгіёне ў прыватнасці пагражае актуалізацыяй тых ваенных пагроз, якія існуюць, а таксама ўзнікненнем новых. На гэтым неспрыяльным фоне Беларусь імкнецца да паніжэння канфліктнага патэнцыялу ва Усходняй Еўропе, праводзячы міралюбівую і адкрытую палітыку.

Як адзначыў памочнік кіраўніка абароннага ведамства, знешнепалітычны курс разам з адсутнасцю тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў, знаходжанне ў саюзе з Расіяй і членства ў АДКБ абумовілі выбар менавіта абарончай тэматыкі вучэння як пацвярджэнне строгай прыхільнасці Беларусі да ўмацавання рэгіянальнай бяспекі. На практыцы гэтая пазіцыя адлюстроўваецца ў адсутнасці на тэрыторыі нашай краіны замежных ваенных баз з узбраеннем і ваеннай тэхнікай.

Як заўважыў Алег Воінаў, нашы заходнія партнёры пастаянна нарошчваюць ваенную прысутнасць на граніцах Саюзнай дзяржавы. «Колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА павялічана да 40 тысяч чалавек, — акцэнтаваў увагу военачальнік. — Створаны перадавыя камандныя цэнтры альянсу, шматнацыянальныя батальённыя і тактычныя групы блока, прыведзеныя ў поўную аператыўную гатоўнасць. У Польшчы і краінах Балтыі дыслацыруецца замежны воінскі кантынгент колькасцю больш чым 8,5 тысячы ваеннаслужачых, а таксама каля 120 танкаў, звыш 230 баявых браніраваных машын, каля 70 артылерыйскіх сістэм і ракетных сістэм залпавага агню, а таксама больш чым 30 баявых самалётаў і верталётаў. Адначасова назіраецца пастаяннае нарошчванне колькасці і баявога патэнцыялу ўзброеных сіл сумежных дзяржаў — членаў НАТА ў непасрэднай блізкасці ад Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь».

Акрамя таго, па словах Алега Воінава, з высокай інтэнсіўнасцю праводзяцца вучэнні, у ходзе якіх у тым ліку адпрацоўваюцца пытанні перакідвання войскаў: падрыхтоўка маршрутаў руху да раёнаў прызначэння, стварэнне груповак, навядзенне перапраў, фарсіраванне водных перашкод, высадка дэсанта і шматлікія іншыя задачы, характэрныя менавіта для вядзення наступальных дзеянняў. «У цэлым, колькасць вучэнняў у рэгіёне за апошнія сем гадоў павялічылася больш чым у тры разы, — заявіў начальнік дэпартамента. — Нават на фоне пандэміі інтэнсіўнасць мерапрыемстваў падрыхтоўкі ўзброеных сіл краін НАТА і дзяржаў-партнёраў, якія праводзіліся на тэрыторыі краін-суседзяў, а таксама колькасць прыцягнутых войскаў і шматлікіх сістэм узбраення заставаліся на дастаткова высокім узроўні. Вядома, кожная суверэнная дзяржава або іх блок мае права праводзіць мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі войскаў, накіраванасць якіх залежыць ад ацэнкі кіраўніцтвам той ці іншай краіны ваенна-палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне і свеце. Аднак іх характар і інтэнсіўнасць, якая прагрэсіруе, не можа не выклікаць у нас занепакоенасці, асабліва пасля шэрага правакацыйных дзеянняў з боку нашых заходніх суседзяў».

У прыватнасці, вучэнне НАТА «Абаронца Еўропы — 2021» было адным з найбуйнешых у Еўропе за апошнія тры дзесяцігоддзі. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі 24 дзяржаў. Усе асноўныя параметры гэтага вучэння альянсу ў некалькі разоў перавышаюць паказчыкі вучэння «Захад-2021». Па колькасці вайскоўцаў — у 3 разы, узбраення і ваеннай тэхнікі — амаль у 4,5 раза, самалётаў і верталётаў — у 3,5 раза.

Як падкрэсліў Алег Воінаў, правядзенне сумеснага стратэгічнага вучэння «Захад — 2021» не нясе ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасці. «Вучэнне дазволіць на практыцы ўдасканаліць механізм сумеснага выкарыстання абароннай інфраструктуры ў інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы і стварэння ўмоў для больш эфектыўнага забеспячэння нацыянальнай бяспекі, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, — заўважыў Але Воінаў. — Наша краіна даражыць рэпутацыяй адказнага партнёра і няўхільна выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы ў межах міжнародных і рэгіянальных дамоў па раззбраенні, верыфікацыйнай дзейнасці і ўмацаванні мер даверу і бяспекі ў рамках ААН і АБСЕ».

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: На старце — іспыт двухгоддзя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.