Вы тут

«К шчасцю ў шырокія далі...». Падзел і ўз'яднанне Беларусі ў творчасці Якуба Коласа


15 мая 1921 года Якуб Колас разам з сям'ёй пасля шасці гадоў разлукі з радзімай прыязджае ў Мінск. Родную зямлю паэт быў вымушаны пакінуць у сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны. У верасні 1915 года Якуб Колас быў мабілізаваны ў царскую армію. Пасля вучобы ў Аляксандраўскім ваенным вучылішчы ў Маскве ён накіроўваецца ў запасны полк у Пярмі. У ліпені 1917 года пісьменніка прызначаюць начальнікам эшалона і накіроўваюць на Румынскі фронт. У хуткім часе паэт цяжка захварэў і быў камісаваны з арміі. Якуб Колас прыязджае ў горад Абаянь Курскай губерніі, там разам з сынамі Данілам і Юркам жыве жонка паэта Марыя Дзмітрыеўна. На Куршчыне пісьменнік працуе настаўнікам і школьным інспектарам. У многіх паэтычных радках Якуба Коласа адчуваецца сум па роднай краіне і жаданне хутчэй вярнуцца ў родны кут:


Якуб Колас, 1916 г.

Благаславёны час той будзе,

Калі ў родным сваім людзе

Куточак бацькаў прывітаю

І радасць жыцця там пазнаю...

Вяртанне на радзіму стала магчымым толькі па хадатайніцтве Наркамасветы БССР. Родная зямля дае сілы для плённай літаратурнай працы. З друку выходзяць «Казкі жыцця» (1921), зборнік вершаў «Водгулле» (1922), аповесць «У палескай глушы» (1923), паэмы «Новая зямля» (1923) і «Сымон-музыка» (1925).

Але шчасце паэта не было поўным. Для Якуба Коласа сумнай падзеяй стаў Рыжскі мірны дагавор, згодна з якім да Польшчы адышла Заходняя Беларусь. «К чорту іх межы! К д'яблу граніцы! Нашы тут гоні, бары!» — гнеўна пісаў Якуб Колас у вершы «Беларускаму люду». На тым баку ад мяжы засталіся родныя і блізкія, сябры і знаёмыя пісьменніка. Як жа горка было паэту ад таго, што ён не змог правесці ў апошні шлях сваю маці, якой не стала ў 1929 годзе, паехаць на пахаванне было немагчыма.

«Беларуская зямля па Рыжскім дагаворы, якім заканчвалася вайна з белапанскай Польшчай, — пісаў Якуб Колас, — была падзелена на дзве амаль роўныя часткі. Балюча было ўсведамляць, што мяжа, раздзяляўшая адналітную краіну, прайшла па самым сэрцы яе».

Якуб Колас з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай і сынам Данілам.Перм, 1917 г.

Толькі праз дваццаць гадоў пасля разлукі з малой радзімай давялося Якубу Коласу пабачыць яе з акна вагона, калі ён у 1935 годзе ехаў у Парыж на Міжнародны кангрэс пісьменнікаў у абарону міру. «З вялікім хваляваннем і жалем пазіраў я на тыя мясціны, — пісаў Я. Колас, — дзе колісь хадзіў я і ездзіў. Тыя ж убогія, вузенькія палоскі зямлі, тыя ж панскія маёнткі... Усюды на станцыях пышныя постаці паноў, паўпанкаў і розных дробных шляхцюкоў. І толькі дзе-нідзе на задворках мільгала заношаная світка беларуса». Уражанні і перажыванні ад паездкі выліліся ў верш «З дарогі»:

І горкім палыном

Павеяла ад песні,

ўжо забытай...

Мой родны край і дом

Пад белым пад арлом!

Нядоляю ты цяжкаю спавіты.

І я, твой родны сын,

Чужынцам у табе сябе

ўжо адчуваю...

Якуб Колас піша вершы, у якіх рэзка выступае супраць гвалту над жыхарамі Заходняй Беларусі — «Панам», «Братам Заходняй Беларусі», «Ворагам», «Панам-ваякам», «Польскім катам» і інш.

У студзені 1927 года «Савецкая Беларусь» друкуе падпісаны Коласам, Купалам, Піятуховічам, Замоціным і іншымі зварот да вучоных Захаду ў сувязі з разгромам Беларускай сялянска-работніцкай грамады і масавым тэрорам у Заходняй Беларусі. У гэтым жа нумары змешчаны верш Коласа «Братам Заходняй Беларусі (на разгром Грамады)»:

Маці Якуба Коласа. Ганна Юр'еўна Міцкевіч. 1920-я гг

Няхай паны ў сваёй дурноце

Мацней сціскаюць абцугі,

Каб вас душыць

у злосным гнёце.

Каб на калючым

панскім дроце

Павесіць скарб наш дарагі...

Няхай шалее гэта зграя,

Няхай чадзіць «святы»

дурман.

Каб выбіць з беднага ратая

Прагненне к волі таго краю,

Дзе не прышчэпіцца

больш пан...

Якуб Колас упэўнены, што «мінецца ліха-гора, і панскі шал затхнецца скора, бо стукне молат па панах». Так, у вершы «Заходняй Беларусі» паэт піша:

Якуб Колас. 1921 г.

О Беларусь у польскіх межах!

Цябе распялі на крыжы,

Твой дом запоўнілі вужы,

І дзеліць кат твае адзежы.

Але ўсяму свая ёсць мера:

Надыдзе неўнікнёны час,

І будзе суд загнаных мас, —

Адплату ён нясе вам, зверы!

Прыйшоў час, і «магутная Чырвоная Армія перайшла граніцу і ў некалькі дзён вызваліла Заходнюю Беларусь, несучы ёй доўгачаканае збавенне і волю. — пісаў Колас. — Не было канца радасці беларускага народа. З якою шчырасцю, з якім захапленнем сустракаў ён сваіх братоў, воінаў Чырвонай Арміі! Гэта былі незабыўныя дні, гэта было шчаслівае адраджэнне народа, які амаль дваццаць гадоў жыў у цяжкай панскай няволі».

Якуб Колас і Янка Купала на сустрэчы з настаўнікамі Беластока.1939 год

19 верасня 1939 года ў газеце «Звязда» Якуб Колас друкуе артыкул «Браты Заходняй Беларусі», у якім вітае працоўных Заходняй Беларусі з днём вызвалення. У газеце «Звязда» ад 22 верасня 1939 г. быў змешчаны верш Коласа «Свайму народу»:

На прастор, на шырокі разлог

Выхадзі, мой народ,

грамадою, —

Сотні новых і ясных дарог

Рассцілае жыццё

прад табою!...

Новай доляй узыходзіць зара,

Будзеш жыць ты

без панскай апекі:

Адышла, адцвіла іх пара,

І панам не вярнуцца навекі...

На гэту ж тэму напісаны верш «Гудзе зямля, дрыжаць лясы...», які быў надрукаваны ў газеце «Звязда» 5 кастрычніка 1939 г.:

Няма граніц, няма паноў —

Сышло іх панаванне:

Збуцвеўшы лад былых вякоў

З магілы не паўстане...

Вокладка кнігі Рыбакова хата.

8 кастрычніка 1939 года Якуб Колас у складзе брыгады беларускіх пісьменнікаў (Купала, Бядуля, Аксельрод, Маўр, Паслядовіч і інш.) выязжае ў Беласток для правядзення творчых вечароў і ўдзелу ў падрыхтоўцы да выбараў у Народны сход. Газета «Звязда» друкуе артыкул Коласа «Народам Заходняй Беларусі» пад газетным загалоўкам «Працоўныя Заходняй Беларусі! Адзіным фронтам ідзіце на выбары народных прадстаўнікоў у Народнае Сабранне». У Беластоку сумесна з Купалам Колас піша зварот да пісьменнікаў Заходняй Беларусі, дзе заклікае іх у вольную сям'ю песняроў і пісьменнікаў і працягвае руку братняй дапамогі. 11 кастрычніка Колас выступае з прамовай на сустрэчы з беластоцкай інтэлігенцыяй, чытае верш «Свайму народу», 12 кастрычніка выступае на вечары культуры ў тэатры «Апалон», 13 кастрычніка выступае з прамовай на перадвыбарчым сходзе настаўнікаў Беластока, 15 кастрычніка разам з Янкам Купалам вяртаецца ў Мінск. У той жа дзень у газеце «Звязда» быў змешчаны верш «Радасная сустрэча».

25 кастрычніка датуецца верш «Наперад», які ўпершыню быў змешчаны ў газеце «Звязда» 28 кастрычніка. Пазней верш друкаваўся з падзагалоўкам «Да дня 28.Х.1939». У гэты дзень дэпутаты Народнага Сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку прынялі рашэнне аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР.

Дні беспрасвецця

ў нябыт адышлі,

Сонца ўзыходзіць над краем.

Вольныя людзі раскутай зямлі,

Песняю вас мы вітаем.

Збіты кайданы чорнае ночы,

Сцёрты старыя скрыжалі.

Смела наперад, люд

наш рабочы,

К шчасцю ў шырокія далі...

28 кастрычніка Колас удзельнічае ў рабоце Народнага Сходу Заходняй Беларусі, выступае з прывітальнай прамовай.

У лісце да Сяргея Гарадзецкага ад 2 лістапада 1939 г. Якуб Колас піша: «Вчера возвратился из поездки в Западную Белоруссию. Ездил в составе делегации от трудящихся Советской Белоруссии для приветствия Народного собрания. Потрясающее, глубоко волнующее впечатление произвело это собрание. Мне никогда еще не случалось видеть такой съезд, такой народный сход, где бы с такой силой изливалась душа народа, его горькая обида... Меня также глубоко взволновало и то обстоятельство, что белорусский народ не забыл и своих певцов, меня и Купалу, и выразил нам огромную свою признательность... Я встретил много лиц, рассказавших о своём жизненном пути. Сколько тем для поэта и писателя!..».

Акінчыцы.

Якуб Колас пачынае працу над новай паэмай «Рыбакова хата». Ва ўступе да публікацыі ў газеце «Савецкі селянін», дзе быў апублікаваны ўрывак з паэмы, паэт адзначаў: «Тэма і змест паэмы — барацьба беларускага народа за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне з-пад панскага гнёту».

4 лістапада 1939 г. у газеце «Звязда» друкуецца верш «Вольнаму народу», які напісаны Коласам з нагоды прыняцця 2 лістапада 1939 г. закона аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз'яднанні яе з БССР:

Спета бясслаўна

панская песня.

Кончана з панам,

пан не ўваскрэсне,

У край наш не знойдзе дарог.

Вольным народам сталі

вы сёння.

Вашы ўсе пожні, вашы

ўсе гоні,

І шлях вам, як сонца, пралёг...

Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.