Вы тут

Адна прафесія на дваіх, або Следства вядуць муж і жонка


Калектыў у Шчучынскім раённым аддзеле Следчага камітэта невялікі. Аднак усе — ад начальніка да падначаленага — як адна сям'я. Працуе тут і сапраўдная сямейная пара — Іван і Вольга Ступакевічы.


Аб прафесіі праваахоўніка Іван задумваўся яшчэ ў дзяцінстве. Невыпадкова, калі пасля арміі трэба было вызначацца з прафесіяй, ён паступіў у Магілёўскую школу міліцыі. Пасля яе заканчэння прыйшоў працаваць у шчучынскую міліцыю. Рэгіён для Івана знаёмы: нарадзіўся і вырас маёр юстыцыі на станцыі Ражанка, што непадалёк ад райцэнтра. У Шчучынскім раённым аддзеле Следчага камітэта малады чалавек служыць з першых дзён утварэння сілавога ведамства.

У адрозненне ад галавы сям'і, Вольга Ступакевіч следчым працуе нядаўна. Аднак насіць пагоны яна марыла з дзяцінства. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага гандлёвага каледжа ў Мінску працавала ў сталічнай міліцыі, у ахове Мінскага метрапалітэна. Акурат перад гэтым у метро адбыўся выбух.

— Складаны быў час, — успамінае Вольга Ступакевіч. — Працавалі без адпачынку і часта нават без сну.

Сёння ў лейтэнанта юстыцыі таксама здараюцца бяссонныя ночы — растуць дзеці, часам не спіцца з-за таго, што не ўдаецца так хутка, як хочацца, расследаваць злачынства. Праўда, за час працы следчым нераскрытых спраў у Вольгі яшчэ не было.

Вядома, кансультуецца Вольга Ступакевіч і ў мужа — усё ж такі ў Івана ўжо амаль 20-гадовы вопыт службы ў праваахоўных органах. Яны пазнаёміліся, калі Іван прыйшоў на папярэдняе месца працы Вольгі: следчаму трэба было дапытаць яе калегу, а таксама саму дзяўчыну. Ён нават не мог прадбачыць, што дзякуючы прафесіі сустрэне сваю палавінку. Вольга яму настолькі спадабалася, што прайшоў усяго месяц пасля знаёмства, як Іван прапанаваў дзяўчыне выйсці за яго замуж. З таго часу яны разам і дома, і на рабоце. У маладых людзей расце двое дзетак.

— У мяне часта пытаюцца, як можна працаваць разам з мужам, — гаворыць Вольга Ступакевіч. — Я заўсёды адказваю так: калі б дрэнныя адносіны былі дома, то, напэўна, не варта было б і разам працаваць. Мы заўжды разам: у нас аднолькавы погляд на жыццё, агульныя інтарэсы. Мы не напружваем адзін аднаго, а, наадварот, калі неабходна, дапамагаем.

Іван Ступакевіч папярэджваў жонку, што працаваць следчым можа не кожны. «Я ж гляджу, ён спраўляецца — чаму ў мяне не атрымаецца? — удакладняе Вольга. — Цяпер ён для мяне падтрымка і апора ва ўсіх планах. Калі шчыра, грамадзянская праца не маё. Я, напэўна, нарадзілася, каб насіць пагоны».

Няма таго следчага, які б не памятаў сваю першую справу. Не выключэнне — і Іван Ступакевіч. Гэта была «хуліганка». У рэстаране разбілі шкло. Зламысніка ўстанавілі па гарачых слядах. У Вольгі ж першае расследаванне было больш складаным. Мужчыну, які ўлез у жылы дом і ажыццявіў некалькі крадзяжоў, шукалі не адзін дзень. Складанасць заключалася ў тым, што Вольга на практыцы сутыкнулася з шэрагам следчых дзеянняў, якія патрабавалі аператыўнасці. У выніку злодзея затрымалі, першая справа маладога следчага была паспяхова раскрыта.

— За якое расследаванне ні бралася б, заўсёды спрабую быць аптымістычна настроенай, — дзеліцца прафесійнымі хітрыкамі лейтэнант юстыцыі. — Да кожнага падазраванага стаўлюся аднолькава: няважна, займаў ён кіруючую пасаду ці ўсё жыццё выпіваў. Кожны чалавек — у першую чаргу асоба, і ты не ведаеш, што падштурхнула яго да здзяйснення злачынства. Любую справу, кожны чалавечы лёс я прапускаю праз сябе. Разумею, што гэта не зусім правільна, але нічога з сабой зрабіць не магу.

Іван менш эмацыянальны, чым жонка. «Чалавек, які здзейсніў злачынства, павінен панесці за гэта пакаранне, — перакананы маёр юстыцыі. — Ён жа не перажывае, калі ідзе на крадзеж, забойства ці іншае правапарушэнне. Не думае і аб чалавеку, якому сваімі дзеяннямі наносіць маральную, матэрыяльную або фізічную шкоду. Ніколі нельга займаць ні бок злачынцы, ні бок пацярпелага. Ад нашага расследавання залежыць лёс чалавека. Спрабуеш з усіх бакоў вывучыць крымінальную справу, каб даць максімальна прававую ацэнку яго дзеянню. Следчы — чалавек з павышаным пачуццём аб'ектыўнасці, які збірае інфармацыю і вызначае, хто пацярпелы, а хто вінаваты. Адна справа — знайсці злачынцу, другая — даказаць яго віну».

Вядома, Іван Ступакевіч, як, напэўна, і кожны следчы, перажывае, калі не раскрываюцца справы. «У любым выпадку, трэба максімальна выканаць сваю работу, каб потым не было сорамна, што ты нечага не зрабіў», — перакананы старшы следчы.

Вераніка КАНЮТА

Фота Марыі ТРУШЫНСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?