Вы тут

Нацыянальны гістарычны музей падрыхтаваў адмысловую праграму «Горад святла»


Заўтра, 11 верасня, Мінск святкуе дзень нараджэння. І з гэтай нагоды Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь таксама падрыхтаваў для сваіх наведвальнікаў адмысловую праграму «Горад святла». А ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прэзентавалі відэападарожжа па сталіцы ХХ стагоддзя.


Праграма «Горад святла» дае магчымасць паўдзельнічаць у квэсце, гістарычны музей стварыў яго разам з OZ.by. Усе ахвотныя могуць адшукаць старажытнасці сталіцы ў экспазіцыі музея і наваколлі, праліць святло на самыя патаемныя куточкі гісторыі горада і па выніках атрымаць падарункі.

— У квэсце па нашай экспазіцыі мы акцэнтавалі ўвагу на тых прадметах, што паходзяць з горада Мінска. Наш будынак таксама мае гісторыка-культурную каштоўнасць, таму нешта патрэбна будзе шукаць і на тэрыторыі музея. На падворку пры добрым надвор'і бізнес-школа «АІМ» правядзе камунікатыў. Яны таксама падрыхтавалі і квэст, і квіз пра горад і пра музей для таго, каб наведвальнікі мелі магчымасць папрактыкавацца — распавесці пра нашу сталіцу на англійскай мове незалежна ад узроўню валодання ёю. І важнае для нас мерапрыемства мы арганізоўваем сумесна з інклюзіўнай школай «Вышэй дахаў». У двух напрамках тут вядзецца работа: мы зможам намаляваць горад, а потым павучыць асновы жэставай мовы, для таго каб умець вітацца на ёй адзін з адным і ствараць добрую камунікатыўную прастору, — распавядае навуковы супрацоўнік аддзела музейных камунікацый Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алена БУХАЛ. — Наш горад мае даўнюю гісторыю, і ў музеі нават цяпер дзейнічае спецыяльная выстаўка-рэтраспектыва, дзе можна ўбачыць Мінск у розныя перыяды яго развіцця... І ўсё разам дае разуменне, што гарадское асяроддзе — гэта і чытанне добрых кніг, і ўвага да дэталяў, і ўменне размаўляць і камунікаваць з тымі, хто побач з табой, а таксама магчымасць прадставіць сябе і свой горад людзям з іншых краін. А яшчэ наш горад заўсёды свеціцца як агнямі, так і ўсмешкамі сваіх жыхароў.

Асноўная дзея ў гістарычным музеі будзе праходзіць з 12 да 16 гадзін. Каб трапіць на прапанаваныя мерапрыемствы, дастаткова проста набыць уваходны білет. Будзе гэта ўдзел у квэсце, навучанне маляванню гарадскіх пейзажаў ці пабудова расповеду, каб пра Мінск загаварылі на ўвесь свет, — выбіраць толькі вам. Галоўнае, што гэта яшчэ адна магчымасць зрабіць крок да новых ведаў, адчуць сябе часткай горада, у якім гісторыя і сучаснасць могуць распавесці мноства цікавых гісторый, звесці нас з незвычайнымі людзьмі, а таксама падарыць натхненне і новыя адкрыцці.

Не пакінулі без падарунка сваіх наведвальнікаў і ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Тут напярэдадні Дня горада прэзентавалі 3D-фільм-рэканструкцыю пра даваенны Мінск. Падчас прагляду адпраўляешся ў сапраўднае міні-падарожжа ў мінулае. Як вядома, народны паэт Беларусі Якуб Колас пражыў у Мінску ў агульнай колькасці больш за 30 гадоў. У сталіцы ён пачаў напісанне ўсім вядомай паэмы «Новая зямля», стварыў паэмы «Рыбакова хата», «На шляхах волі», трылогію «На ростанях» і шматлікія апавяданні, аповесці, вершы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы. Аднак у горадзе захавалася не так шмат будынкаў, якія непасрэдна былі звязаны з беларускім класікам. Першы ўласны даваенны дом паэта ў ціхім Вайсковым завулку да нашага часу не захаваўся. Старэйшы сын класіка Даніла МІЦКЕВІЧ успамінаў: «Для пабудовы дома знайшлі ўчастак, які ўяўляў сабой сад, пасаджаны хутчэй за ўсё ў канцы мінулага стагоддзя. Участак знаходзіўся ў пачатку 2-га Шпітальнага завулка (пазней Вайсковага) пры ўваходзе ў гарадскі парк, які тады насіў назву — імя Прафінтэрна. Пасля вайны месца сядзібы ўвайшло ў тэрыторыю парку імя Горкага».

І вось у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа вырашылі стварыць трохмерную мадэль сядзібы Песняра і змясцілі яе ў атмасферу гарадскога асяроддзя 20—30-х гадоў ХХ стагоддзя. За аснову ўзялі архіўна-бібліяграфічныя звесткі, матэрыялы з фондаў музея, а таксама ўспаміны сям'і Міцкевічаў.

— Ідэя ўзнікла ў нас больш чым год таму. Яна нарадзілася ў тагачаснага дырэктара музея Аляксандра Васілевіча Храмога. Абмеркавалі яе, а пасля запрасілі далучыцца да працы Ахрэма Белабровіка, найвыдатнейшага вэб-дызайнера. Ён некалі супрацоўнічаў з музеямі ў праекце 3D-мадэляў беларускіх замкаў. І мы пайшлі на здзяйсненне такой ідэі, для таго каб ажывіць нашу экспазіцыю, — дзеліцца вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Антон АСТАПОВІЧ. — Мы ведалі, што некалі ў экспазіцыі знаходзіўся макет дома, у якім Колас жыў з 1921 да 1927 года. Але гэты макет прыйшоў у дрэнны стан, і тады яго адрэстаўрыравалі, зрабіўшы механізаваным. Цяпер ён дазваляе ўбачыць, як выглядаў дом знутры. І паралельна для ажыўлення экспазіцыі, паколькі цяпер у музеях прымяняюцца самыя розныя мультымедыйныя прыстасаванні, мы пачалі распрацоўваць ЗD-мадэль дома, у якім Якуб Колас жыў з 1927 да 1941 года.

Аднак ад ідэі зрабіць проста 3D-рэканструкцыю будынка стваральнікі праекта адмовіліся. Перш за ўсё таму, што калі інфармацыі пра знешні выгляд было ў прынцыпе дастаткова, то пра ўнутраныя інтэр'еры звесткі захаваліся толькі фрагментарна. Пайшлі іншым шляхам і пачалі працаваць над рэканструкцыяй гарадскога асяродка таго перыяду, дзе тады гэты дом знаходзіўся. Да работы далучыўся амаль што ўвесь калектыў. У прыватнасці, мой суразмоўца займаўся архіўна-бібліяграфічнымі вышукамі, а пасля да працэсу далучылі яшчэ і Паўла Растоўцава, якога ведаюць у тым ліку і як цудоўнага знаўцу Мінска. Так агульнымі сіламі аднаўлялі інфармацыю пра тагачасны ландшафт, рэльеф, забудову... Па апошняй якраз было мінімальна звестак, таму вырашылі драўляную забудову рэканструяваць па аналагах.

— Быў прадстаўлены цэлы шэраг праектаў драўляных дамоў Мінска канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, цэлы шэраг фотаздымкаў, і менавіта па гэтых аналагах драўляная забудова і аднаўлялася. Гэта не стапрацэнтна дакладная рэканструкцыя самой забудовы — гэта такі гіпатэтычны падыход па аналагах. І ў выніку атрымаўся найцудоўнейшы праект, — кажа Антон Уладзіміравіч. — Ён прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў. Напрыклад, калі мы сумесна з гістарычным музеем на іх плошчах рабілі выстаўку, прысвечаную 80-годдзю пачатку вайны, то ролік быў значна пашыраны. І ў яго ўвайшоў ужо менавіта той кавалак Мінска (вуліца Савецкая, лінія сучаснага праспекта), куды пазней і ўпісалі дом пісьменніка. Вядома, што ён быў драўляны, двухпавярховы. Акрамя гэтага, быў размешчаны цудоўны фотаздымак — на ім сярэдні сын Якуба Коласа Юрка Міцкевіч (здымак трыццатых гадоў ХХ стагоддзя), і гэта сімвал, бо Юрка пайшоў на фронт і прапаў без вестак. Тут можна паглядзець і на першы аўтамабіль пісьменніка. І ўсе гэтыя дэталькі ствараюць вельмі добрую атмасферу. Ведаеце, у нас ёсць трэйлер, зроблены з эфектам, быццам гэта кінахроніка таго часу. Калі я яго апублікаваў у сацыяльнай сетцы і жартоўна адзначыў, што знойдзена кінахроніка, якая алічбоўваецца ў музеі, то ў каментарыях некаторыя гэта ўспрынялі за праўду — настолькі ўдалая імітацыя ў нас атрымалася. Спадзяёмся, што гэты праект будзе карыстацца папулярнасцю і дадасць новых уражанняў нашым наведвальнікам.

Відэаролік стане часткай пастаяннай экспазіцыі пра беларускага класіка, якую супрацоўнікі музея збіраюцца абнавіць да юбілею, які адзначым у наступным годзе. Аднак ужо зараз у самых цікаўных і адданых прыхільнікаў творчасці Якуба Коласа ёсць магчымасць азнаёміцца з вынікам працы, якая ўносіць новыя эмоцыі ў аповед пра яго жыццё.

Алена ДРАПКО, фота аўтара

Загаловак у газеце: Горад святла і цікавых гісторый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».