Вы тут

Гігін: Нам трэба вырашыць, якой мы будзем будаваць Беларусь


Каля 600 чалавек, сярод якіх народныя выбраннікі, ідэалагічныя работнікі, прафсаюзныя актывісты, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, прынялі ўдзел у рэгіянальным форуме «Беларусь адзіная», апошні этап якога прайшоў у Мінску 8 верасня. У якасці экспертаў выступілі вядомыя беларускія палітолагі, сацыёлагі, эканамісты Вадзім Гігін, Аляксандр Шпакоўскі, Аляксей Дзермант, Анастасія Баброва, Аляксей Аўдонін. Гэта была актуальная, цікавая, часам вострая размова з аўдыторыяй.


— Падзеі жніўня мінулага года здолелі мабілізаваць грамадства і зрабілі тых, хто адстойвае незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, інтарэсы дзяржавы, мацнейшымі — такое меркаванне выказаў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Гігін падчас форуму «Беларусь адзіная». — Праціўнікі, апаненты, крытыкі нашай сістэмы кажуць, што нібыта мы хочам вярнуцца ў час да 9 жніўня. Нічога падобнага. Мінулыя прэзідэнцкія выбары страсянулі нашу сістэму. Зараз вельмі важна, каб прайшла грамадзянская мабілізацыя. Да 9 жніўня мы былі слабейшыя, чым цяпер.

Эксперт падкрэсліў, што тады ўдалося супрацьстаяць каляровай рэвалюцыі, абараніць незалежнасць і суверэнітэт. Прыкладам адзінства ён назваў мітынг, які адбыўся 16 жніўня 2020 года на плошчы Незалежнасці, з удзелам прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі.

— З рэгіёнаў і нарадзілася гэтая акцыя. Людзі кажуць: хочам падтрымліваць дух палітычнай мабілізацыі, адкрыта казаць аб праблемах і разам шукаць шляхі іх вырашэння. Нам цяпер трэба намацваць праекты будучыні, вырашаць, якую мы будзем будаваць Беларусь, — адзначыў Вадзім Гігін. — Цяпер па выніках праведзеных форумаў падрыхтаваны партфель праектаў, аб якіх будзе заяўлена ў найбліжэйшы час. А рэспубліканскае таварыства «Веды» стане асновай для рэалізацыі гэтых праектаў.

Па словах эксперта, цяпер узнікае пытанне: што рабіць далей, які палітычны лад мы будзем ствараць? Прычым не на 4-5 гадоў, а стварыць той лад, пры якім маладыя людзі будуць працягваць. Мы павінны перазагрузіць, стварыць зноў беларускую палітычную сістэму. І пазбегнуць на гэтым шляху пагроз і выклікаў.

Ён перасцярог ад таго, каб імкнуцца слепа капіраваць чыюсьці сістэму, ствараць такую, якая не будзе жыццяздольная. Яшчэ адна з сур'ёзных рызык на гэтым шляху — адсутнасць нацыянальнай ідэі. Мы не можам выбудоўваць грамадства, калі не маем ідэалогіі. Трэба адказаць на пытанне: куды мы ідзём?

І яшчэ адна актуальная тэма — эканоміка. На фоне таго, як расце ўплыў прыватнага бізнесу, трэба вырашыць пытанне сацыялізацыі прадпрымальніцтва, павышэння яго сацыяльнай адказнасці.

— Трэба разбураць негатыўныя стэрэатыпы і міфы пра Беларусь і беларусаў. У тым ліку вялікая ў гэтым роля сацыялагічных даследаванняў. Мы выступаем за тое, каб сацыялагічныя даследаванні праводзіліся часцей. Больш за тое, нам трэба нашых дзяржаўных дзеячаў, палітыкаў вучыць карыстацца сацыялагічным інструментарыем, каб прымаць рашэнні, — дадаў Вадзім Гігін.

Сярод асноўных пытанняў канстытуцыйнай рэформы, якія застаюцца пакуль нявырашанымі, — статус і фарміраванне ВНС, смяротнае пакаранне і фарміраванне дэпутацкага корпуса. Пра гэта заявіў палітолаг, член Канстытуцыйнай камісіі Аляксандр Шпакоўскі.

— Праект Канстытуцыі ўжо прадстаўлены кіраўніку дзяржавы. Але тры пытанні застаюцца нявырашанымі. Мы спадзяёмся іх абмеркаваць на нарадзе з удзелам Прэзідэнта. Гэта статус, прынцыпы камплектавання і кампетэнцыі Усебеларускага народнага сходу; наяўнасць смяротнага пакарання ў крымінальным заканадаўстве нашай краіны, права працоўных калектываў на вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, — адзначыў Аляксандр Шпакоўскі. — Усе гэтыя пытанні я ставіў у тым ліку на сустрэчах з прадстаўнікамі палітычнага актыву. Так, некаторыя наватарскія ідэі я атрымаў. І меркаванні пра тое, чаго хоча палітычная эліта нашай краіны, як бачаць кіраўнікі, лідары меркаванняў на месцах. Цяпер мы ведаем і можам больш упэўнена дзяліцца гэтымі думкамі на нарадзе з Прэзідэнтам.

— Мы праехалі ўсе вобласці Беларусі, слухалі людзей, праблемы, якія іх хвалююць, нейкія прапановы. Кожны эксперт спецыялізуецца на нейкім пытанні, даём установачныя выступленні, а затым слухаем, што людзі кажуць, — падкрэсліў Аляксей Дзермант. — У кожнага рэгіёна — свае праблемы і асаблівасці, яны не паўтараюцца. Мы збіраем гэта ўсё, каб падрыхтаваць дакумент аб тым, што мы пачулі ад палітычнага актыву, неабыякавых людзей. Іх меркаванні і прапановы трэба даносіць да кіраўніцтва краіны, падсумаваць, падвесці вынік.

Ніякага фармалізму няма, людзі адкрыта выказваюць сваё меркаванне. Гэта самае важнае, таму што мы павінны мець зваротную сувязь, чуць, што хвалюе людзей. Вырашэнне праблем знаходзіць сумесна. Толькі так мы будзем умацоўваць адзінства. Нягледзячы на тое, што рэгіёны розныя, усе мы — адна краіна, працуем на яе дабрабыт і развіццё. Кожны па-свойму. І выносім са зносін у рэгіёнах высновы аб тым, што наша краіна разнастайная і вялікая, але ў беларусаў ёсць змацаванасць, агульныя каштоўнасці, што дазваляе нам упэўнена глядзець у будучыню, — заўважыў Аляксей Дзермант.

Пасля выступлення экспертаў у зале Мінскага гарадскога палаца культуры адбылася дыскусія, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. Пасля эксперты адказалі на пытанні прысутных.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

Найлепшым спосабам прафілактыкі з'яўляецца прышчэпка ад COVІD-19.

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?