Вы тут

Ці магчыма пры дапамозе мабільнага тэлефона зняць паўнавартасны кінафільм?


Сябры замест акцёраў, лямпачкі напальвання замест прафесійнага светлавога абсталявання і звычайны ноўтбук замест цэлага мантажнага пакоя. А вынік – удзел у міжнародных кінафестывалях, адданая аўдыторыя і заслужаны грашовы прыз. Гучыць, шчыра скажам, фантастычна…


Кароткаметражны мультфільм «Калі я быў Генерал»

У нядаўняй Zoom-канферэнцыі, арганізаванай для ўсіх цікаўных, беларускі рэжысёр — аматар мабільнага кіно Юрый Сямашка, вядомы як аўтар некалькіх вельмі ўдалых ігравых і анімацыйных кароткаметражак, падрабязна распавёў пра нюансы сваёй творчасці і на ўласным прыкладзе яскрава засведчыў: пры належных упартасці і вынаходлівасці магчыма ўсё. Сярод работ маладога кінарэжысёра, заўсёдніка фестываляў, асабліва выдзяляюцца чатыры: ігравыя «ЦеЛа» (2019) і «Нявольнік жэсці» (2019) ды мультыплікацыйныя «Ультракароткія гісторыі» (2020) і «Калі я быў Генерал» (2021).

Пералічаныя фільмы бралі ўдзел у розных кінаконкурсах: як спецыялізаваных, што арыентуюцца выключна на смарт-кіно (напрыклад, VOKA Smartfilm), так і агульнанакіраваных («Нефільтраванае кіно», «Лістапад»). Усе карціны зроблены, як кажуць, на каленцы, мінімальнымі сродкамі і толькі за кошт энтузіязму вельмі абмежаванай групы стваральнікаў-аднадумцаў. Як для аматарскага кіно, дык дужа прыстойны вынік. Відаць, што з кожным новым праектам узровень майстэрства рэжысёра прапарцыянальна расце.

Пачынаючы ад даволі ўмоўнага «Чалавека з попелу» («The Man of Ashes») 2013 года і заканчваючы выкшталцоным (наколькі гэта магчыма ва ўмовах мікрабюджэтнага кінематографа) мультфільмам «Калі я быў Генерал» года цяперашняга, Юрый Сямашка і яго сціплая каманда, якая пераважна складаецца з блізкіх сяброў, адточваюць свае навыкі, усё бліжэй і бліжэй падбіраючыся да ўяўнай мяжы прафесійнай кінавытворчасці. Трэба сказаць, што, нягледзячы на ўсе недахопы, пэўная тэхнічная недасканаласць нават пасуе абранай стылістыцы, якую некаторыя журналісты ўжо паспелі ахрысціць «панкаўскай».

Думаецца, цяпер у вас не павінна застацца сумненняў у тым, што Юрый Сямашка мае рацыю, калі расказвае пра мабільнае кіно. Як бы там ні было, на нядаўняй віртуальнай сустрэчы ён займаўся зусім не самаінтэрпрэтацыяй ці аналізам абранай ім стылістыкі, а якраз распавядаў пра тое, як зняць уласны фільм «за капейкі», давесці справу да канца і нікога пры гэтым не пакрыўдзіць. З апошнімі двума пунктамі, вынікае з размовы, даводзіцца змагацца часта. Дарэчы, сюжэт кароткаметражкі «ЦеЛа» прачытваецца (ці, праўдзівей, праглядаецца) як рэфлексія аўтара на тэму пракрастынацыі, хваробы многіх творчых людзей.

Ультракароткі мультфільм «Дровы»

З чаго пачынаецца работа над любым фільмам? Вядома, з ідэі і моцнага ўнутранага свербу! Жаданне павінна быць па-сапраўднаму вялікім, бо наперадзе вас чакае шмат працы і марнавання часу. Нават кароткаметражнае мабільнае кіно патрабуе ад стваральнікаў вялікіх высілкаў, хіба толькі не ў выпадку, калі на экране маналог героя, зняты наўпрост у твар ва ўласнай кватэры, ці звышканцэптуальнае відовішча, што пераймае фатаграфію (хаця, пагадзіцеся, і тое бывае дастаткова займальным).

Здымкі кіно — гэта складана арганізаваны, шматузроўневы працэс, які амаль заўсёды ўключае некалькі стадый.

Для пачатку рэжысёр рэкамендуе вызначыцца з мэтай і матывацыяй вашай творчай дзейнасці, адказаўшы на простае пытанне: чаму менавіта мабільны тэлефон? Трэба разумець, што мабільнік выкарыстоўваецца для здымак у асаблівых выпадках: напрыклад, у так званым «вертыкальным кіно», у дакументальным, псеўдадакументальным і, найбольш частае, у выпадку нястачы грошай. «Вертыкальнае кіно» — з’ява адносна маладая, аднак яна паспела прайсці апрабацыю ў Галівудзе! Скажам, вядомы амерыканскі рэжысёр Дэміен Шазэл («Апантанасць» (2014), «Ла-Ла-Лэнд» (2016)) здымаў у гэтай тэхніцы.

Акрамя таго, партатыўная камера, якой смартфон, безумоўна, з’яўляецца, дазваляе здымаць непрыкметна, употай, што служыць вялікай падмогай пры рабоце над дакументальным кіно. Выкарыстоўваючы тэлефон, можна забрацца туды, куды ні за што не сунешся з вялікай прыладай ці нават не надта грувасткім фотаапаратам на шыі. Толькі не трэба ўспрымаць сказанае літаральна, як інструкцыю да дзеяння. Тым больш, дарагія сябры, не варта нікуды «лезці» без пільнай патрэбы. Мець смарткамеру пад рукой зручна, напрыклад, і ў працяглай вандроўцы, каб занатаваць пэўныя рэчы для трэвэл-фільма.

Пад псеўдадакументалістыкай трэба разумець такія праекты, якія запазычваюць эстэтыку дакументальнага кіно, але сутнасна ніякага дачынення да яго не маюць (у жанру ёсць і іншая назва — «мак’юментары»). У такім выпадку недасканаласць камеры, нізкая якасць карцінкі і гуку надаюць кадру фальшывай рэалістычнасці, тым самым уводзячы гледачоў у зман. З дапамогай імітацыі аматарскіх здымак, падманваючы чаканні, аўдыторыю можна і смяшыць. Даволі спецыфічная забава, якая, тым не менш, на хвалі папулярнасці ўсемагчымых стылізацый апошнім часам імкліва распаўсюджваецца.

Кароткаметражны фільм «Балюча не будзе»

І вось мы падабраліся да наймацнейшага імпульсу «расчахліць» смартфон і распачаць «мабільныя» здымкі — нястачы грошай. Калі раптам вы адчуваеце ў грудзях нязгаснае імкненне ствараць, пачуваецеся прыроджаным рэжысёрам, але пры гэтым не маеце грошай у кішэні, вялікіх сувязей і багатага мецэната, мабільны кінематограф — найлепшае для вас выйсце! Смартфон ёсць амаль у кожнага (у крайнім выпадку, яго можна і пазычыць). Важна, каб хапіла вынаходлівасці і крэатыву, бо астатняе абсталяванне давядзецца рабіць уласнаручна.

На сцэнарыі спыняцца доўга не будзем. Галоўнае — трэба заўсёды трымаць у галаве, што акцёры — хутчэй за ўсё, непрафесіяналы, таму лепш пазбягаць дыялогаў з працяглымі рэплікамі, шматслоўных маналогаў, звернутых да гледача, і ўвогуле сцэн, якія вымагаюць ад выканаўцаў складанай ігры. Лепш максімальна напоўніць хронаметраж дзеяннем ці зрабіць кіно зусім без слоў (асабліва калі гэта дэбютны вопыт). Тым больш у сцэнарыстыцы ўменне падаць герояў і расказаць іх гісторыю, не выкарыстоўваючы рэплік (то-бок чыста кінематаграфічнымі сродкамі), лічыцца вышэйшым пілатажам…

Што тычыцца тэхнічнага боку, тут трэба разумець наступнае: матрыца смартфона, мякка кажучы, не самая дасканалая вынаходка. З-за свайго невялікага памеру яна, па-першае, не можа дакладна зафіксаваць колеры ў кадры і, па-другое, дрэнна экспануецца. Гэтыя акалічнасці патрабуюць асаблівага падыходу да здымак. Лепш за ўсё праводзіць іх пры натуральным сонечным святле, што, на жаль, не заўсёды атрымліваецца (дапусцім, дзеянне эпізоду адбываецца ноччу). Тады нічога не папішаш — трэба выкручвацца, бо, каб якасць атрымалася хаця б здавальняльнай, без святла не абысціся (асабліва калі камера рухаецца).

Для асвятлення падыдуць звычайныя лямпачкі напальвання, але моцныя і абавязкова белага колеру (інакш падчас мантажу могуць узнікнуць праблемы з каларыстыкай, карцінка будзе «жаўціць»). Для ўзмацнення інтэнсіўнасці святла майструецца спецыяльны софтбокс — прыстасаванне з мяккага матэрыялу (напрыклад, з кардону). Звычайна ён мае форму чатырохвугольнай усечанай піраміды, пакрытай фольгай знутры. У цэнтры змяшчаецца лямпачка. Моцнае святло асабліва дарэчы, калі сама камера не статычная. Аднак, каб пазбегнуць празмернай трасяніны, тэлефон лепш фіксаваць.

Яшчэ адно важнае правіла: для здымак нельга выкарыстоўваць стандартныя мабільныя дадаткі, балазе ў інтэрнэце дастаткова праграм, больш прыдатных для гэтага. Усе параметры павінны выстаўляцца ўручную, стандартным канфігурацыям часта бракуе якасці. Ішымі словамі — кантраляваць фокус, экспазіцыю, баланс белага і падобныя рэчы давядзецца самастойна, таму перад пачаткам не лішнім будзе падвучыць матэрыял і крыху патрэніравацца.

Усё астатняе — на водкуп вашай багатай фантазіі. Эксперыментуйце, стаўце перад сабой складаныя задачы і шукайце для іх вырашэння нетрывіяльныя падыходы. А калі фільм будзе гатовы… Дзверы фестываляў заўсёды адчынены…

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.