Вы тут

Свята беларускай барацьбы пачынаецца ў Мінску


У Мінску пачынаецца свята барацьбы. У гэтыя выхадныя сталічная «Чыжоўка-арэна» прыме міжнародны турнір катэгорыі Гран-пры па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. Сёлета турнір асаблівы — юбілейны, спаборніцтвы на прызы легендарнага спартсмена праводзяцца ў Мінску ў 50-ы раз.


У мінулым годзе турнір быў перанесены праз эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне. «Мне прыемна, што да нас прыехалі барцы з розных краін, ёсць каму пазмагацца. Добрая будзе барацьба. Гэта не толькі маё свята, гэта свята беларускай барацьбы. Я рады бачыць усіх, хто прыехаў на гэты турнір. Калі гляджу на выступленне маладых барцоў узнікае пачуцце настальгіі. Я з задавальненнем часам прыходжу на трэніроўкі. І мне нават самому хочацца на дыван выйсці, я большую частку жыцця правёў на дыване. Мне прыемна, што цяпер у нас вельмі дружная зборная па барацьбе, выдатныя трэнеры. І я думаю, што яны будуць працягваць нашы традыцыі», — адзначыў герой дня Аляксандр Мядзведзь. Ён прызнаўся, што вельмі хацеў паехаць на нядаўнія Алімпійскія гульні ў Токіа. Сваё першае алімпійскае «золата» ў 1964 годзе ён заваяваў менавіта ў японскай сталіцы. На жаль, не дазволіла здароўе.

Асаблівым турнір на прызы Аляксандра Мядзведзя стане і для Аліма Селімава, новага старшыні Беларускай федэрацыі барацьбы. Для яго гэта першы дамашні міжнародны турнір на новай пасадзе. «Для мяне гэты турнір — уцягваючы, як кажуць у барацьбе. Юбілейны турнір мы зрабілі больш яркім, прыгожым, каб гледачам было цікава. Прыехала шмат яркіх спартсменаў, якія змогуць упрыгожыць турнір сваімі выступленнямі. На гэтых выхадных мы ўбачым яркія, захапляльныя паядынкі. Я ўпэўнены ў гэтым. Тут будзе аспрэчвацца месца ў нацыянальнай зборнай, каб выступіць на чэмпіянаце свету. І з гэтага трэба выціскаць максімум, і я думаю, што ў нас гэта атрымаецца», — падкрэсліў Алім Селімаў.

У Мінск для ўдзелу ў турніры прыехала больш за 150 барцоў з 9 краін — Беларусі, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Казахстана, Украіны, Ірана, Славакіі і Таджыкістана. Для многіх барцоў спаборніцтвы стануць праверкай сіл напярэдадні чэмпіянату свету, які стартуе 2 кастрычніка ў Нарвегіі. Беларусь на дамашнім турніры прадставіць 42 спартсмены. Мужчынская каманда Беларусі выступіць у поўным саставе за выключэннем сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў Магамедхабіба Кадзімагамедава і ўдзельніка алімпіяды Алі Гуштына. Не выйдуць на дыван і алімпійскія прызёркі Ірына Курачкіна і Ванэса Каладзінская. «Турнір — гэта этап падрыхтоўкі да чэмпіянату, спроба пяра. У нас ёсць шанец убачыць памылкі, выправіць іх і ў аптымальнай форме падысці да чэмпіянату свету. У нас ёсць спартсмены, якія не адабраліся на Алімпійскія гульні і ў іх ёсць вельмі добрая матывацыя выступіць годна на чэмпіянаце свету. Для Дзяніса Храмянкова, Аляксандр Гуштына алімпіяда склалася няўдала, таму яны хочуць медалі чэмпіянату свету, каб рэабілітавацца. Каманда ў добрым стане, агонь у вачах ёсць», — расказаў Іван Янкоўскі, старэйшы трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па вольнай барацьбе.

Яркасці турніру дабавіць і прысутнасць легендарных барцоў, акрамя Аляксандра Мядзведзя. У Мінск збіраюцца прыехаць алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Карэлін, Міхаіл Маміашвілі. Наведаюць турнір віцэ-прэзідэнт федэрацыі спартыўнай барацьбы Расіі Амар Муртазаліеў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі барацьбы Наталля Ярыгіна. «Мы ўсе разумеем, што Аляксандра Васільевіча ў свеце барацьбы любяць, паважаюць. І нашы ганаровыя госці пры першай магчымасці прыязджаюць і падтрымліваюць гэты турнір. І, вядома, знаходжанне такіх ганаровых гасцей надасць гэтаму старту яркія фарбы», — падкрэсліў Алім Селімаў.

Здзіўляць наведвальнікаў турніру будуць не толькі барцы, але і арганізатары. Кожны госць свята зможа атрымаць майстар-клас па вольнай барацьбе, паглядзець паказальныя выступленні і запісацца ў адпаведныя секцыі.

Міжнародны турнір катэгорыі Гран-пры па вольнай барацьбе на прызы Аляксандр Мядзведзя пройдзе на «Чыжоўка-арэне» з 10 па 12 верасня.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.