Вы тут

Тыдзень «Твая прафесійная адукацыя» пройдзе з 27 верасня да 3 кастрычніка


Тыдзень «Твая прафесійная адукацыя» пройдзе з 27 верасня да 3 кастрычніка. На працягу сямі дзён школьнікі змогуць удзельнічаць у віртуальных экскурсіях па каледжах і ліцэях нашай краіны, знаёміцца з адукацыйным працэсам і пазакласным жыццём іх навучэнцаў. Таксама анлайн можна будзе трапіць на інавацыйныя прадпрыемствы і пабачыць, як выглядаюць сучасныя рабочыя месцы.


На думку рэктара Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерыя Галубоўскага, вельмі карысным будзе далучыцца да гэтых мерапрыемстваў і бацькам старшакласнікаў, якія моцна ўплываюць на прафесійны выбар сваіх дзяцей.

— Стэрэатып, быццам бы ў рабочых некваліфікаваная і непрэстыжная праца, а прафесійна-тэхнічная адукацыя — толькі для няўдачнікаў, сёння не актуальны, — падкрэслівае ён. — Па-першае, патрэба ў прадстаўніках рабочых прафесій і спецыялістах сярэдняга звяна пастаянна расце. Паводле прагнозаў футуролагаў, 80 працэнтаў існуючых сёння прафесій застануцца, але трансфармуюцца пад уздзеяннем «лічбы». Прафесійная адукацыя становіцца ўсё больш інтэлектуальнай. Сучасны рабочы — гэта эрудзіраваны, высокакваліфікаваны спецыяліст, які, акрамя прафесійных ведаў, павінен валодаць спецыфічнымі навыкамі ў сумежных галінах, у тым ліку разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы і г. д.

Сёння ў сістэме прафесійнай адукацыі ў нас прадугледжаны розныя траекторыі навучання, але, самае галоўнае, сярод іх няма тупіковых. Перад маладымі людзьмі адкрыты ўсе ўзроўні адукацыі, што забяспечвае ім устойлівае становішча на рынку працы. І зусім неабавязкова пачынаць прафесійны шлях з навучання ў ВНУ. Мы заўважылі, што абітурыентаў цікавяць прафесіі, якія маюць перспектыву развіцця ў рэальным сектары эканомікі. Прычым значэнне мае ўсё: і прыцягальнасць назвы, і змест падрыхтоўкі, і наяўнасць сучаснага адукацыйнага асяроддзя, якое дазваляе сфарміраваць адпаведныя кампетэнцыі, і кваліфікацыя педагогаў (ці здольныя яны зрабіць працэс навучання захапляльным).

Тэхнік-біятэхнолаг

Установы прафесійнай адукацыі працуюць у вельмі шчыльнай звязцы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і аператыўна абнаўляюць кваліфікацыі.

«Галоўнае — адпавядаць тэндэнцыям не толькі сённяшняга дня, але і ўяўляць, якія прафесіі будуць запатрабаваныя ў перспектыве, што трэба сёння вывучаць, каб адпавядаць патрабаванням рынку працы на тры-чатыры гады наперад. Без гэтага сістэма прафесійнай адукацыі не зможа задаволіць патрабаванні, якія прад'яўляюць заказчыкі кадраў, — разважае начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА. — Дыяпазон спецыяльнасцяў у нас дастаткова шырокі: 105 на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і каля 190 — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай. Мы імкнёмся максімальна наблізіцца да патрабаванняў, якія дыктуе рынак працы: як у колькасным, так і ў якасным плане. Таму ў адных установах нейкія спецыяльнасці часова закрываюцца, затое адкрываюцца новыя, на выпускнікоў якіх ёсць попыт».

Напрыклад, у 2019 годзе ў філіяле РІПА «Маладзечанскі політэхнічны каледж» распачалася падрыхтоўка па новай спецыяльнасці «Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі» з прысваеннем кваліфікацыі «Тэхнік-біятэхнолаг».

— Мы актыўна супрацоўнічаем з рэзідэнтам індустрыяльнага парка «Вялікі камень» — Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй. Высокатэхналагічныя вытворчасці толькі адкрываюцца, а мы ўжо рыхтуем для іх кадры. Гэта сведчыць аб тым, што сістэма прафесійнай адукацыі развіваецца сінхронна, а недзе і апярэджваючы патрэбы эканомікі, — падкрэслівае Валерый Галубоўскі. — Праз два гады мы канстатуем, што цікавасць з боку маладых людзей да новай спецыяльнасці ёсць, пра што сведчаць і конкурсы падчас прыёмнай кампаніі. Моладзь бачыць, што заказчык гатовы даць сучасныя працоўныя месцы і забяспечыць адпаведны сацыяльны пакет для маладых спецыялістаў.

Яшчэ адна новая спецыяльнасць — «Арганізацыя тэхнічнага сэрвісу транспартных сродкаў». Будзем рыхтаваць спецыялістаў, здольных эксплуатаваць і рамантаваць электрамабілі. Попыт на такія кадры высокі, асабліва ў сувязі з шырокім укараненнем сеткі электразаправачных станцый і ростам папулярнасці гэтага экалагічна чыстага віду транспарту. Створана і матэрыяльна-тэхнічная база для падрыхтоўкі навучэнцаў — рэсурсны цэнтр у філіяле РІПА «Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М. С. Высоцкага».

Рабочы і інжынер

У многіх краінах свету сёння вядуцца размовы пра перагляд падыходаў да рабочых спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Некаторыя рабочыя спецыяльнасці або ўжо зніклі, або блізкія да знікнення. Замест іх з'яўляюцца іншыя, з прынцыпова новым узроўнем падрыхтоўкі. Цяпер, каб выконваць на вытворчасці спецыяльныя функцыі, рабочаму недастаткова валодаць толькі пэўнымі навыкамі — трэба мець шырокі дыяпазон ведаў у сумежных галінах.

З 2011 года ва ўстановах прафесійнай адукацыі нашай краіны пачалі рыхтаваць рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, паколькі інтэграваліся функцыі рабочага, тэхніка і інжынера. Так з'явіўся клас высокакваліфікаваных рабочых, якія кіруюць вытворчымі працэсамі і высокатэхналагічным абсталяваннем. Гэтая праграма ўведзена, напрыклад, па спецыяльнасці «Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання». Выпускнікі, якія яе атрымалі, запатрабаваныя ў машынабудаванні, станкабудаванні, радыёэлектроннай, перапрацоўчай, харчовай прамысловасці. А ў каледжы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Акадэміі сувязі ў гэтым годзе адкрылася новая спецыяльнасць «Інфармацыйныя кабельныя сеткі».

Цэнтры кампетэнцый

— Авалоданне прафесіяй немагчымае без тэхналогій і абсталявання, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням. Каб навучэнцы мелі доступ да высокатэхналагічнага абсталявання, у краіне створаны 51 рэсурсны цэнтр ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Яны досыць раўнамерна размеркаваныя па рэгіёнах. 19 з іх маюць інавацыйнае абсталяванне, дзякуючы якому стала магчымай апераджальная падрыхтоўка: каб нашы выпускнікі праз тры-чатыры гады адпавядалі патрабаванням, якія будуць прад'яўляцца на вытворчасці будучыні, — кажа Аляксандра Пятрова.

Рэсурсныя цэнтры дзейнічаюць па прынцыпе сеткавага ўзаемадзеяння паміж установамі прафесійнай адукацыі. З гэтага вучэбнага года іх база будзе выкарыстоўвацца таксама і для практычнага навучання студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Дарэчы, у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі рэсурсныя цэнтры будуць перайменаваныя ў цэнтры кампетэнцый, што адпавядае іх зместу і сутнасці.

Як адзначыў Валерый Галубоўскі, далучэнне нашай краіны ў 2014 годзе да сусветнага руху WorldSkіlls адкрыла перад сістэмай прафесійнай адукацыі новыя магчымасці. Галоўная мэта WorldSkіlls — папулярызацыя рабочых прафесій у сучасным грамадстве, у тым ліку праз правядзенне нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў, якія яшчэ называюць алімпіядай у прафесійным майстэрстве. У сусветнага руху WоrldSkіlls ёсць дэвіз «Удасканальвай свет прафесійнымі навыкамі».

Кожныя два гады праходзіць сусветнае першынство ў шасці сферах: транспарт і лагістыка, будаўніцтва і тэхналогіі будаўнічай вытворчасці, тэхналогіі вытворчасці і тэхналогіі машынабудавання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, творчыя прафесіі і сацыяльна-бытавое абслугоўванне. Але спаборніцтвы праводзяцца не дзеля саміх спаборніцтваў. Іх фармат выкарыстоўваецца для таго, каб спрыяць распаўсюджванню ў свеце міжнародных прафесійных стандартаў. Прафесійныя стандарты WоrldSkіlls — гэта стандарты заўтрашняга дня.

— Развіваючы ў Беларусі гэты рух, мы праследавалі тры мэты, — канстатуе Валерый Галубоўскі. — Перш за ўсё, гэта абнаўленне зместу вучэбных праграм у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Рыхтуючы зборную, мы бачым заданні, якія распрацоўваюцца сусветнымі экспертамі, і разумеем, да чаго трэба імкнуцца. Таксама нам удалося ўдасканаліць механізм узаемадзеяння заказчыкаў і кадраў. Удзельнічаючы ў падрыхтоўцы нашых хлопцаў і дзяўчат да нацыянальнага альбо сусветнага чэмпіянату, зацікаўленыя прадпрыемствы бачаць станоўчыя эфекты, якія могуць атрымаць ад такога супрацоўніцтва. Ведаю нямала выпадкаў, калі прадпрыемствы ўкаранялі тэхналогіі, якія прыйшлі да іх з адукацыі. Конкурснае вытворчае заданне сусветнага ўзроўню сумесна выконваюць прадстаўнікі адукацыі і вытворчасці, укараняючы складаныя сучасныя тэхналогіі. Дарэчы, каб зразумець, наколькі кампетэнцыі, якімі валодаюць навучэнцы і выпускнікі беларускіх устаноў адукацыі, адпавядаюць сусветным стандартам падрыхтоўкі спецыялістаў, трэба выкарыстоўваць міжнародныя індыкатары якасці. А гэта стала магчымым дзякуючы руху WоrldSkіlls. Яшчэ адзін эфект — з'яўленне новых спецыяльнасцяў. Так, па выніках трэцяга чэмпіянату Worldskіlls з'явілася патрэба ў спецыялістах у сухім будаўніцтве. Быў распрацаваны адпаведны адукацыйны і прафесійны стандарт і адкрыты набор.

Яшчэ адзін несумненны плюс руху WorldSkіlls — павышэнне прывабнасці сістэмы прафесійнай адукацыі ў вачах моладзі. На спаборніцтвы часта прыходзяць школьнікі, якія знаёмяцца з сучаснымі прафесіямі і з цікавасцю назіраюць за работай канкурсантаў. Гэта выдатны спосаб прафарыентацыі і агітацыі на карысць рабочых прафесій.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Тэхнічная эліта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.

Грамадства

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Янка Купала дакладна чуў беларускія калыханкі ад сваёй маці, Бянігны Іванаўны, лежачы ў калысцы ў Вязынцы.

Грамадства

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Банда рабаўнікоў «трапілася» дзякуючы адбіткам спецыяльнай прылады.

Грамадства

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Экспедыцыю ў Малінаўку арганізаваў навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва ветэран пошукавага руху Пётр Хаванскі.