Вы тут

Падведзены вынікі рэспубліканскай акцыі «Беларусь адзіная»


Дыялогавы марафон пачаўся 20 жніўня ў Брэсце і закончыўся 8 верасня ў Мінску. За гэты час эксперты ў розных сферах грамадска-палітычнага жыцця аб'ехалі ўсе рэгіёны краіны і разам з палітычным актывам абмеркавалі важныя пытанні жыццядзейнасці краіны. У дыскусіях прыняло ўдзел больш за 2000 чалавек.


Вадзім Гігін, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, расказаў, што ініцыятыва форуму «Беларусь адзіная» была падтрымана Прэзідэнтам. «Форум выканаў адразу некалькі функцый. Мы падвялі вынікі тых бурных падзей, якія назіралі летам — восенню 2020 года. Акрамя таго, абмеркавалі новае свята — 17 верасня — не толькі ў кантэксце святкавання, але і ў сэнсе таго, што яно сімвалізуе і азначае. Безумоўна, шмат у чым гэта адкрыла новы палітычны цыкл. Наперадзе нас чакае фаза канстытуцыйнай рэформы, рэферэндум, і мы рыхтуемся да выбараў — як мясцовых, так і ў парламент. Увесь кангламерат актуальных пытанняў абмяркоўваўся падчас гэтых мерапрыемстваў», — расказаў Вадзім Гігін. Ён адзначыў, што падчас рэспубліканскай акцыі водгук быў ад саміх людзей, таму такая форма работы з палітычным актывам краіны будзе працягнутая, яна паказала сваю запатрабаванасць.

Дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Актуальная канцэпцыя» член Канстутыцыйнай камісіі Аляксандр Шпакоўскі звярнуў увагу на тое, што падчас акцыі абмяркоўваліся пытанні, якія ўносяцца ў праект новай Канстытуцыі. У прыватнасці, камплектаванне і кампетэнцыі Усебеларускага народнага сходу, смяротнае пакаранне і права працоўных калектываў на вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. «Па ўсіх гэтых пытаннях праведзены маніторынг меркавання палітычнага актыву нашай краіны. Гэта меркаванне будзе даложана членам Канстытуцыйнай камісіі, каб мы ўлічвалі яго для прыняцця рашэнняў. Пакуль магу сказаць, што пераважная большасць удзельнікаў форуму выступаюць за камплектаванне УНС не толькі з прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса нашай краіны, але і за кошт іншых сацыяльна актыўных грамадзян Беларусі, якія будуць вылучаныя партыямі, грамадскімі аб'яднаннямі і працоўнымі калектывамі», — паведаміў ён.

Рэспубліканскую акцыю «Беларусь адзіная» эксперт Беларускага інстытута стратэгічных рашэнняў Аляксей Аўдонін назваў унікальным мерапрыемствам. Звычайна дэлегаты з усіх рэгіёнаў ездзілі ў сталіцу на сустрэчы з экспертнай супольнасцю. У гэты раз было наадварот. Ён падкрэсліў, што ў рэгіёнаў свае погляды на тое, як працаваць ва ўмовах жорсткай санкцыйнай палітыкі, як выпрацоўваць рашэнне ў сацыяльнай, палітычнай, эканамічнай сферах, як кіраваць прадпрыемствамі. Эксперт упэўнены, што хоць гэтыя погляды і маюць лакальны характар, але яны важныя для ўсёй краіны. «Мы бачым, што ў рэгіёнах ёсць высокая патрэба ў папулярызацыі, дэманстрацыі новых метадаў камунікацыі, арыентаваных на прамы дыялог з аўдыторыяй, працоўнымі калектывамі. Ім цікавыя тлумачэнні тых ключавых тэндэнцый, якія цяпер фарміруюцца ў сусветнай палітыцы, у сусветнай эканоміцы. Прамы дыялог ліквідуе магчымыя непаразуменні, адказвае на пытанні і тым самым не дае нашым апанентам запаўняць гэты інфармацыйны вакуум», — адзначыў Аляксандр Аўдонін.

Навуковы супрацоўнік «Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Дзермант падчас правядзення акцыі адказваў за ідэалагічныя пытанні. Па яго словах, людзей у рэгіёнах турбуе не толькі эканоміка, а нацыянальная ідэя, традыцыйныя каштоўнасці, што вельмі добра і важна. «Сям'я, сацыяльны характар нашай дзяржавы — гэта падмурак, на якім грунтуецца ўся наша нацыянальная ідэнтычнасць. Тыя падзеі, якія мы перажылі за апошні год, кажуць аб карэкціроўцы нашага палітычнага курсу. І, вядома, гэта павінна адбівацца на ідэалагічнай рабоце ўнутры краіны. Мы прадстаўляем не толькі сваю дзяржаву. Мы з'яўляемся фарпостам вялікага ўсходняга блока. І мы гатовыя адчуваць сябе фарпостам новай Еўразіі. Гэта таксама важна. І людзям трэба тлумачыць, што гэта значыць. Цікавіцца, як яны да гэтага гатовыя, што яны ўкладаюць у гэта паняцце», — упэўнены эксперт. Па словах Аляксея Дзерманта, нічога штучнага ў гэтым няма. «Цяпер настаў час выразна фармуляваць сваю пазіцыю і даносіць да нашых людзей. Яны да гэтага гатовыя і будуць трансліраваць гэта далей», — упэўнены ён.

Важнасць сям'і і патрыятычнага выхавання ў фарміраванні нацыянальнай ідэі падкрэсліла і кіраўнік цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Настасся Баброва. Аб гэтым падчас форуму ішла гаворка ў кожным рэгіёне краіны. «Шматвектарная комплексная падтрымка сям'і можа называцца нацыянальным брэндам. І часта гучала пытанне: хто павінен выхоўваць патрыётаў? І гучаў пасыл, што тут нельга зацыклівацца на сям'і ці школе. Мы зрабілі вялікі крок у выбудоўванні сістэмы патрыятычнага выхавання. І я думаю, што за некалькі гадоў дасягнем поспеху», — адзначыла яна. Настасся Баброва таксама расказала, што на сустрэчах у рэгіёнах узнімаліся праблемы маладзёжнай палітыкі. Рэгіёны бачаць, што ў іх ёсць праблема адтоку кадраў. «Яны разумеюць, што трэба развіваць сацыяльную інфраструктуру, развіваць мясцовыя ВНУ. Гэта з'яўляецца тым фактарам, які дазваляе ўтрымліваць моладзь на месцах і прыцягваць з іншых раёнаў», — адзначыла Настасся Баброва.

Эксперты расказалі, што падчас акцыі «Беларусь адзіная» рэгіёны паказалі, што яны не проста гатовыя, а нават хочуць узяць на сябе адказнасць за сацыяльнае, эканамічнае і палітычнае жыццё краіны. З новымі ўрокамі, вынесенымі за апошні год, і агульнымі планамі на будучыню.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?