Вы тут

Са зборніка фалькларыста Паўла Шэйна набыла папулярнасць «Лявоніха»


Усё ж такі дзівосным быў Павел Шэйн (1826–1900). Яўрэй па паходжанні, ён захапіўся рускай літаратурай і народнай творчасцю, яго па праве лічаць адным з лепшых рускіх фалькларыстаў і этнографаў і ставяць у адзін шэраг з карыфеямі рускай этнаграфіі. Але для нас ён цікавы перш за ўсё як беларускі дзеяч, які не толькі збіраў і выдаваў беларускі фальклёр, распрацаваў навуковую праграму яго збору і апрацоўкі і, па-сутнасці, ствараў беларускую школу этнаграфіі і фалькларыстыкі, чым далучыў да сваёй улюбёнай справы не аднаго аматара народнай творчасці. Як першапраходзец, устанаўліваў правілы беларускай арфаграфіі.


Можна паважаць яго за незвычайную сілу духа, калі ён, інвалід, які перамяшчаўся з цяжкасцю на мыліцах, аб’ездзіў і Расію, і Беларусь, калі ўпарта запісваў фальклор анямелымі ад рэўматызму пальцамі. Яго музыкальная душа захаплялася чароўнасцю мовы, ці то рускай, ці то беларускай — аднолькава любімымі ім і шанаванымі.

А здавалася, ён, як і яго бацька, магілёўскі гандляр Мофіт Шэйн, прысвяціць сябе заробку грошай, і яго ўзнёслы дух зачахне ў душнай атмасферы яўрэйскага кагалу. З пяці гадоў маленькі Ноах (як яго звалі да хрышчэння) вучыцца ў яўрэйскай школцы (хэдэры), зубрыць талмуд, аднак частыя хваробы прыкоўваюць яго да ложка, «к одру страданий». У пятнаццаць гадоў Ноах ужо не мог самастойна рухацца. Хвароба прыціснула яго да ложка канчаткова. Гэта была сапраўдная драма. У адчаі бацька ў 1893 годзе адвозіць сына ў Маскву на лячэнне ў Нова-Екацярынінскую бальніцу. Галоўны доктар Поль зацікавіўся хворым, прынамсі, выпала магчымасць выпрабаваць на ім новыя метады лячэння — розныя масажы, расцяжкі і іншыя працэдуры.

На патрабаванні маскоўскага обер-паліцмейстара выслаць яўрэйскага юнака з Масквы, Поль упарта стаяў на сваім, ёсць надзея вылечыць хворага. Лячэнне зацягнулася ажно на тры цяжкія гады. Чалавек у падобным становішчы пакутуе горкімі думкамі, як жыць далей, як уладкавацца ў жыцці. Пэўна, і Шэйн мучыўся падобнымі думкамі, але ўсё ж не паддаўся адчаю. Грамадству можна быць патрэбным не толькі фізічна, але і духоўна, і інтэлектуальна. Ён шукае сябе, сваё прызванне ў жыцці, стварае сам сябе — інтэлектуальна і творча. Ад немцаў-дактароў Шэйн вывучае нямецкую мову і акунаецца ў чароўны свет нямецкай паэзіі Гётэ, Шылера, Гейне. Апошняга ён пераймае ў сваіх вершах на ідыш. Але гэтага яму недастаткова. Дапытлівы юнак вывучае рускую мову, што адкрывае яму свет рускай літаратуры. Высвятляецца, што свет не абмежаваны сценамі бальніцы, ён разнастайны і яскравы!

Падняўшыся на ногі, хоць і з дапамогай мыліц, юнак робіць рашучы крок у сваім жыцці — прымае лютэранства пад імем Павел. Такім чынам разрывае адносіны не толькі з артадаксальным яўрэйскім светам, але і са сваёй сям’ёй. Бацька праклінае яго і адмаўляе ў матэрыяльнай падтрымцы. Як Шэйн адзначыў, «без руля і ветразя пусціўся ў мора жыцейскае на волю лёсу». Але адзін ён не застаўся. У сіроцкай нямецкай школе пры лютэранскай кірсе ў Маскве Шэйн пасябраваў з настаўнікам рускай мовы і літаратуры, паэтам Фёдарам Мілерам, які стаў для яго «родным братам». Іх зблізілі «падобныя думкі і пачуцці». Мілер і ўвёў свайго вучня ў кола маскоўскіх паэтаў — паэтычны гурток Фёдара Глінкі і яго жонкі Аўдоцці Глінкі. Ён знаёміцца з літаратарамі Аляксеем Хамяковым, Юрыем Самараным, гісторыкам Міхаілам Пагодзіным, братамі Аксакавымі. Крануты шчырай апёкай і простай і чыстай паэзіяй сваіх новых сяброў (асабліва яму спадабаліся лірычныя вершы графіні Еўдакіі Растапчыной, «з тых часоў Гасподзь мяне кніжнаму мастацтву ўразумеў»). Павел цвёрда вырашыў «працаваць на карысць рускай літаратуры ўсім, чым толькі магу і багаты». Ён нават дэбютуе ў 1848 годзе ў друку вершам «Утренняя прогулка по Кремлю», піша літаратурныя артыкулы і рэцэнзіі. Але, на жаль, аднаго захаплення літаратурай было мала, каб стаць пісьменнікам, не хапала таленту і жыццёвага вопыту.

Шэйн не расчароўваецца, ён гатовы шукаць сябе. А літаратура хай застанецца юнацкім рамантычным захапленнем. Пасля двухгадовага навучання ў лютэранскай школцы Шэйн становіцца хатнім настаўнікам. Выхоўваў баламутных барчукоў у багатых сем’ях. Гэта яму не вельмі ўдавалася, усё ж да яго адносіліся не як да выхавацеля і паважанага настаўніка, а як да хатняй прыслугі, што, зразумела, зняважала яго годнасць, ён адчуваў сябе батраком. Тым не менш праца хатняга настаўніка дазваляла падарожнічаць разам з гаспадарамі, жыць на вёсцы ў сядзібах.

Рана ці позна мусіла адбыцца яго сустрэча з народам. Аб значнасці збору народнай творчасці казалі яго маскоўскія сябры, напрыклад, прафесар Сцяпан Шавыраў выступаў за складанне «Поўнага зводу ўсіх рускіх песен, казак і прымавак». Пра гэта казалі і славянафілы Аксакавы. Толькі вось дзіўна, на практыцы мала хто рупіўся ўзяцца за гэтую цяжкую і складаную справу. Доўга не падступаўся да гэтага і сам Шэйн, не ведаў, з чаго пачаць і што рабіць. Хутчэй выпадкова, чым мэтанакіравана Шэйн у 1856 годзе ў вёсцы Усць-Урэнь Коршунскага павета Сімбірскай губерні разгаварыў цеслю Ягора і пачуў ад яго некалькі былін. Зачараваны эпічным словам, ён «развязаў» язык сказацелю (вядома ж, з дапамогай напою). Высветлілася, што і іншыя жыхары вёскі ведаюць быліны. Шэйн запісаў каля 30 былін і гістарычных песен. Гэта быў яго першы фальклёрны збор — выпадковы і аматарскі. Тым не менш яго высока ацаніў славуты збіральнік казак Афанасьеў, які і дапамог яму надрукаваць у 1859 годзе сабраны матэрыял. Узрушаны пахвалой мэтра, Шэйн вырашае «цяпер прысвяціць усе свае сілы і здольнасці далейшаму збіранню помнікаў народнай творчасці і, па магчымасці, зацікавіць на карысць гэтай справы і іншых граматных усюды, дзе давядзецца жыць і служыць». Нарэшце Шэйн знайшоў сябе, зразумеў сваё прызванне. Ён усвядоміў важнасць справы, якой хацеў прысвяціць сябе, бо «без глыбокага ведання духу і сэрца народа ўсе нашы самыя высакародныя і чалавекалюбівыя працы і рэформы ў яго карысць разлятаюцца ўшчэнт, не пакінуўшы пасля сябе ніякага следу, што без самастойнай перапрацоўкі ісцін, здабытых ці растлумачаных навукаю, сама навука ніколі не прыўецца да народа, не прынясе яму ніякіх пладоў». Таму зразумела, што для «поўнага разумення жыцця народа неабходна пазнаёміцца з яго біяграфіяй, г. зн. з поглядам яго на самога сябе з усімі яго пачуццямі і паняццямі, з яго светапоглядам». А што як ні песня выяўляе душу народа, яго радасць і смутак, патаемныя надзеі і мары, звязвае з продкамі і гісторыяй, адлюстроўвае уклад жыцця? Шэйн збірае рускія народныя песні. «Усюды я намагаўся зблізіцца з народам, прыслухоўвацца да яго жывой своеасаблівай гаворкі, выкарыстоўваў усякі зручны выпадак для папаўнення свайго збору». Вынікам гэтай самаахвярнай справы стаў выхад у 1870 годзе 600-старонкавага зборніка «Русские народные песни» — сапраўдная з’ява ў рускай фалькларыстыцы. Зборнік Шэйна па багацці матэрыялу і значнасці заняў пачэснае месца побач з такімі класічнымі зборнікамі рускага фальклёра, як «Песни» Пятра Кірэеўскага, «Пословицы русского народа» Уладзіміра Даля, «Народные русские сказки» Аляксандра Афанасьева. Як адзначала крытыка, «прадуманым падборам песень Шэйну ўдалося перадаць тыповыя рысы рускага нацыянальнага характару».

Вядомасць, якая прыйшла да Шэйна, не змяніла яго сацыяльнага статусу Ён працаваў простым настаўнікам рускай і нямецкай моваў у гімназіі. Настаўніцтва было вымушаным, дзеля хлеба, а жыў ён сваім захапленнем народнай творчасцю. Нядзіўна, што ўрокі яго былі нудотнымі, з калегамі Шэйн канфліктаваў. Яго часта пераводзяць з аднаго месца на іншае, што пашырала магчымасці для збору матэрыялу. Так, у 1867-м годзе Шэйн апынуўся ў Віцебску. Верны свайму прынцыпу, ён і тут пачаў збіраць фальклор, узяўшы ў дапамогу вучняў старэйшых класаў віцебскай гімназіі. Неўзабаве ён вывучыў беларускую мову, і на ёй размаўляў са сваімі карэспандэнтамі. Тонкі псіхолаг, ён умела правакаваў вясковых кабет на выкананне народных спеваў. І заставалася запісваць жывое слова. Ад сваёй служанкі, простай сялянкі Мар’і Кашкевіч, Шэйн запісаў да 400 песень і абрадаў. Яму гэтага было мала — народ ён хацеў вывучыць ва ўсіх яго праявах. Таму ён складае інструкцыю па зборы фальклору і этнаграфічнага матэрыялу і пад назвай «Просьба» друкуе яе ў губернскай друкарні.

«Просьба» ажывіла творчыя памкненні шмат каго з беларускай інтэлігенцыі. Сталымі карэспандэнтамі Шэйна сталі такія выбітныя асобы, як Адам Багдановіч (бацька Максіма Багдановіча), Яўхім Карскі, Янка Лучына, Зінаіда Радчанка, Мікалай Нікафароўскі, Юльян Крачкоўскі і іншыя. Плёнам працы Шэйна быў выхад у 1873 годзе зборніка «Беларускія песні» са звыш 1000 народных песень, якія адлюстроўвалі жыццё беларуса ад калыскі да пахавання. Гэта быў буйнейшы на той час песенны зборнік, адзін з лепшых збораў твораў беларускай паэзіі, як адазваўся аб ім Яўхім Карскі. Шэйн атрымаў за яго залаты медаль і Увараўскую прэмію.

Хоць у 1872 годзе Шэйна перавялі ў Расію, але беларускую тэму ён не занядбаў. Цяпер ён працуе над складаннем фундаментальных матэрыялаў для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю — своеасаблівай энцыклапедыі жыцця беларускага народа. Праца настолькі грандыёзная, што Шэйн выходзіць на пенсію, селіцца ў Пецярбургу, і перабіваецца з капейкі на капейку. У 1877 годзе ён наведвае Беларусь (Віцебскі, Аршанскі, Барысаўскі, Лепельскі паветы). Даводзілася не толькі збіраць матэрыял, але бараніць духоўную культуру і мову беларусаў ад грэблівага стаўлення рускіх чыноўнікаў. «Ясна, што рускія чыноўнікі глядзяць на беларускага селяніна як на быдла, г. зн. дакладна так, як глядзелі на яго злейшыя яго прыгнятальнікі — польскія паны».

«Матэрыялы» Шэйна ў трох тамах выходзілі на працягу 15 гадоў. У першым томе (СПб., 1887), які складаўся з дзвюх кніг, падавалася апісанне бытавых і сямейных абрадаў (хрэсьбін, калядных, масленічных, вясельных і пахавальных, купальскіх, жніўных). З гэтага зборніка ў свет пайшлі славутыя «Лявоніха», «Купалінка», прыводзіліся адпаведныя песенныя тэксты. У другі том (1893 г.) былі ўключаны казкі, анекдоты, легенды, паданні, ававяданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, прывітанні, пажаданні і г. д. Трэці том (1902 г.) быў прысвечаны матэрыяльнай культуры Беларусі — жыллю, адзенню, ежы. Па багацці, разнастайнасці сабраных Шэйнам сямейных і каляндарных абрадаў, тэкстаў народнай творчасці, этнаграфічных звестак з матэрыяламі не мог параўнацца ніводзін тагачасны фальклорны і этнаграфічны зборнік.

Нават яго ж вялікая праца «Велікарос у сваіх песнях, абрадах, звычаях, вераваннях, казках, легендах і да т. п.» (Т. 1, вып. 1–2, 1898–1902), хоць і была прызнана значнай, «лебядзіным спевам нястомнага збіральніка», але ўсё ж саступала па багацці матэрыялаў яго беларускаму зборніку.

Сапраўды, сваёй незвычайнай сілай духу Павел Шэйн пераадолеў і хваробы, і фізічную кволасць, і жыццёвыя роспач ды нягоды (смерць жонкі), і стварыў тое, што іншым было не па сілах — маштабную панараму народнага жыцця беларусаў і велікаросаў, сабраў і захаваў іх багатую духоўную спадчыну. На гэтае здольная толькі выдатная і моцная асоба, якім і быў Павел Шэйн!

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.