Вы тут

Максім Танк — шлях да першых зборнікаў. «Пралом», «Краты», «На этапах»


«— Што ў сваёй даваеннай паэзіі вам асабліва дорага?

— Першае, што мне дорага, гэта «На этапах», мой самы першы зборнік.»

І сапраўды, ужо ў гэтым зборніку выявіўся яскравы талент і творчая смеласць аўтара, аплачаныя выпрабаваннямі, выратаваныя мужнасцю...

«Толькі доля шэрай разаткала ніткай

Паясок апошні, вузкі паясок...

Над жыццём,

укрытым арыштанцкай світкай,

Расцвітаў зарою сіні васілёк...»

Сялянскаму хлапцу Яўгену Скурко з Пількаўшчыны, што апынулася на тэрыторыі панскай Польшчы, шлях да публікацый і першых зборнікаў выдаўся нялёгкі.


«Не вучоба, а «хождение по мукам»

«Вучыцца мне давялося ў польскай пачатковай школе, з беларускай літаратурай амаль не сустракаўся. Пасля вучыўся ў Вілейскай рускай гімназіі, дзе таксама беларускіх кніг не было. Пазнаёміўся з беларускай літаратурай я ўжо ў Радашковіцкай беларускай гімназіі, але я там вельмі мала прабыў. У Віленскай беларускай гімназіі таксама нядоўга правучыўся, мы былі вытураны за школьную забастоўку. Потым я быў на польскіх меліярацыйных курсах, думаў нават стаць меліяратарам. Гэта дало мне магчымасць зноў паступіць у гімназію, але ўжо не беларускую, а Віленскую рускую, Пушкінскую. Вось такая была вандроўка, не вучоба, а «хождение по мукам», — так сцісла апісваў Максім «свае ўніверсітэты».

Усвядоміць, што на той мове, на якой гавораць у тваёй хаце, можна ствараць высокую літаратуру, дапамагалі Купала і Колас: «Ведаеце, у мяне яшчэ захаваўся Беларускі каляндар 1925 года, які я купіў у гімназістаў з суседняй вёскі, што прыехалі дамоў падчас канікул. У гэтым календары якраз я сустрэў верш Я. Купалы «Вёска»:

Лапці ды сярмягі —

Як абраз не боскі:

Гэта нашы людзі,

Людзі нашай вёскі...

Якуба Коласа там быў партрэт... Падчас вайны, каб не скурылі партызаны, бацька некаторыя мае паперы і кнігі закапаў у бульбяную яму, дык сёе-тое ацалела...

Другой беларускай кнігай, з якой я пазнаёміўся пасля гэтага календара, быў зборнік «Шляхам жыцця».

Яўген Скурко, актывіст, камсамолец, падпольшчык, удзельнічаў у святкаваннях юбілеяў Купалы і Коласа, якія шырока ладзіла моладзь Заходняй Беларусі, нягледзячы на забароны і небяспеку. «Новыя творы Купалы і Коласа публікаваліся на старонках заходнебеларускай перыёдыкі. У мяне захаваліся часопісы «Калосьсе», «Летапіс ТБШ», у якіх змешчаны цэлыя падборкі вершаў народных паэтаў. Шырока адзначаліся юбілеі Я. Купалы і асабліва Коласа. Зараз не помню, якая гэта была гадавіна, я тады прысвяціў Коласу свой верш «Тры песні».

А падчас вучобы ў Віленскай пушкінскай гімназіі здарылася і першая публікацыя... Для гэтага давялося зрабіць часопіс самому.

«У пачатку 1932 года мы з Гарохам па сваёй ініцыятыве выдалі першы нумар «Пралому». Нумар гэты быў багата ілюстраваны Гарохам. Вокладка: на руінах турмы з чырвоным сцягам, азораны праменямі сонца, стаіць рабочы. Друкавалі «Пралом» мы разам, бо і я пасля тэхнічных курсаў мог пісаць рознымі шрыфтамі, што мне потым прыдалося, калі працаваў над «Кратамі» ці па заданню ТК перапісваў турэмныя «грыпсы».

Першая публікацыя адбылася пад псеўданімам «А. Граніт». Любіў наш класік мужныя, грувасткія мянушкі... Танкам падпісаўся ў газеце «Беларускае жыццё», выдадзенай 7 красавіка 1932 года ў Львове, пад вершам «Заштрайкавалі гіганты-коміны» пра забастоўку шахцёраў Дамброўскага вугальнага басейна Польшчы. Як сам паэт тлумачыў, «Максім — гэта ад Горкага, пад уплывам якога мы ўсе тады знаходзіліся. А Танк — нават сам добра не магу растлумачыць, чаму Танк. Як многім пачынаючым паэтам, мне здавалася, што літаратурны поспех залежыць ад гучнага псеўданіма. Свет «раслінных» псеўданімаў быў ужо, што называецца, разабраны: Пушча, Колас, Чарот, Васілёк... Мне нічога не заставалася, як пашукаць што-небудзь «жалезнае», вось я і спыніўся на Танку. Тады я не ведаў яшчэ, што гэта слова мае адносіны да вершаў: танка — адзін з класічных жанраў японскай паэзіі».

«Нас усіх заражаў яго аптымізм...»

Калі ўгледзімся ў партрэт Яўгена Скурко таго часу, убачым маладога дзёрзкага юнака, з нізка насунутай на вочы кепкай і смелай усмешкай... Можам уявіць, як ён чытае свае вершы ў віленскай кавярні, пад закаханымі позіркамі паненак... Літоўскі паэт Альбінас Жукаўскас успамінаў: «Як паэт Максім Танк быў самы таленавіты з усіх тагачасных вільнюскіх паэтаў. Мы ім проста захапляліся. Нас усіх заражаў яго аптымізм, вера ў перамогу, празрыстая народнасць яго вершаў, паэтычная і палітычная спеласць, чыстая беларуская душа, дабрыня, прыгажосць. Цікава, што неўзабаве яго паэзію прызналі нават пераборлівыя, з прэтэнзіямі, надзьмутыя польскія прафесары, якія беларускую, як і літоўскую, мову ды літаратуру лічылі ніжэйшай, «хамскай» мовай і літаратурай».

Што ж, калі міністр культуры Скульскі заявіў, што праз дзесяць гадоў у Польшчы са свечкай не знойдуць ніводнага беларуса, менавіта малады Максім Танк напісаў запамінальны і востры адказ:

Калі няма на свеце маёй мовы,

Майго народа і мяне самога,

Дык для каго будуеце, панове,

Канцлагеры, катоўні і астрогі?

Максім Танк з маці.

«Пралом» стаў больш чым гімназічным самаробным альманахам. Другі яго нумар пры дапамозе «старэйшых таварышаў з падполля» быў аддрукаваны на гектографе колькасцю 500 асобнікаў, распаўсюджваўся на Навагрудчыне, у другіх месцах... Трапіў у БССР, і вершы А. Граніта надрукавалі ў «Хрэстаматыі заходнебеларускай літаратуры».

Польскія ўлады рэагавалі таксама: кіраўнік Навагрудскага ваяводства дакладваў у Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, што «ў шэрагу мясцовасцей Наваградскага і Слонімскага паветаў пры вобысках у камуністычных дзеячаў знойдзены брашуры з камуністычнымі песнямі альбо сшыткі з перапісанымі вершамі антыдзяржаўнага зместу...». Так што хутка Яўгену Скурко давялося брацца за іншы праект... Створаны ў зняволенні.

«Мяне ў кайданах закутага прыгналі, а ён сядзіць за сталом...»

Максіма Танка арыштоўвалі не аднойчы.

Першы раз — у красавіку 1932 г., калі ён быў яшчэ гімназістам. Менавіта мінская хрэстаматыя з вершамі А. Граніта стала галоўным доказам. Праз два месяцы маладога паэта выпусцілі пад заклад у 150 злотых, але гімназію скончыць яму не давялося.

Дарэчы, Танк ужо пад канец жыцця прызнаваўся, як спрабаваў у 1932-м перайсці ў БССР... Тады хлопца-камсамольца арыштавалі, пратрымалі два тыдні ў турме і пасля пільнай праверкі адправілі назад, маўляў, смяротнай небяспекі няма, а арганізоўваць камуністычнае падполле камусьці трэба.

Менавіта ў Лукішках, Віленскай турме, Максім Танк і ствараў «Краты»:

 

Максім танк у Лукішках.

«Будучы ў астрозе, асабліва цяжкімі і доўгімі здаваліся першыя дні. Пасля праведзенай галадоўкі ўсе палітвязні былі пазбаўлены кніг і пісьмовых прылад. Але, не зважаючы на гэта, мне праз крымінальных вязняў удалося атрымаць паперу і чарніла.

У канцы 1933 г. я пачаў ад рукі друкаваць першы нумар нашага вастрожнага літаратурна-палітычнага журнала «Краты». Гэта быў своеасаблівы журнал і ў асаблівых умовах ён «друкаваўся». Сядзеў я ў адной камеры з палітвязнем т. Гаўрылічонкам, рабочым з алейнай фабрыкі. Калі я пісаў, ён увесь час мусіў хадзіць па камеры, засланяючы мяне ад «юдата», ад шклянога вока ў дзвярах, праз якое часта заглядаў дазорца».

Паэта выпускалі, пасля зноў хапалі... Працытуем дакумент, які прыводзіў сам Танк: «Тэлефонаграма №53, В/433. Камендант Дзяржаўнай паліцыі ў Паставах, пастарунак у Сватках, 19.08.1934 года ДЗ 279.34 загадваю неадкладна правесці хатнюю і асабістую рэвізію ў жыхара вёскі Пількаўшчына Мядзельскай гміны сына Яна і Дамінікі, народжанага ў 1912 годзе, западозранага з артыкула 97КК. Незалежна ад вынікаў рэвізіі, названага неабходна затрымаць... Адвесці этапнай дарогай да мясцовай камендатуры».

Паэт прайшоў праз выпрабаванні, якія дазвалялі бачыць, хто чаго варты... Ён меў права судзіць тых, хто пасля выстаўляў сябе змагаром за беларускую ідэю.

«Што, цалавацца з усімі, з людзьмі, якія пальцам торкалі, паказвалі на мяне, Таўлая, Таўпеку, цэлы шэраг нашых пісьменнікаў? Як я магу лічыць вялікім адраджэнцам, скажам, таго ж Бартуля? Дарэчы, пра яго яшчэ не пісаў ніхто. Гэта быў адзін з такіх радыкальных паэтаў. А потым стаў памочнікам суддзі-следчага. Мяне ў кайданах закутага прыгналі, а ён сядзіць за сталом. Мяне дапытваюць, а ён галаву апусціў...»

«Два экзэмпляры я схапіў з друкарні...»

У 1936 годзе выйшаў першы паэтычны зборнік «На этапах», які склалі ў асноўным вершы, напісаныя Максімам Танкам у зняволенні.

Гразнуць змораныя ногі

У каляінах...

— Што, этап яшчэ далёка? —

Раны востра забалелі.

.......................................

Мы ідзем у час найгоршы

Смерці, волі на спатканне?

Гэта ўжо этап апошні, —

Заўтра ўстанем!

Зразумела, першы зборнік ствараўся з натхненнем. «Ёсць вершы, якія я напісаў за дзесяць хвілін. Напрыклад, «Памёр стары лірнік...». У час выдання зборніка «На этапах» мне Р. Шырма гаворыць: там трэба вырэзваць чатыры ці пяць старонак, столькі застаецца пустой паперы. Я за адзін вечар напісаў тады некалькі вершаў — шкада было вырэзваць...»

Аднак лёс кніжкі не мог быць лёгкім.

«Пры дапамозе кампартыі і выдаўца Труцько ў 1936 г. выйшаў мой першы зборнік вершаў «На этапах». На другі дзень цэнзура канфіскавала гэты зборнік, толькі 200 экз. нам удалося тады ўратаваць. Два экзэмпляры я схапіў з друкарні і хутчэй занёс на пошту і выслаў на адрас акадэміі, у Мінск, Купалу і Коласу...»

«А, дык гэта ты, вызвалены брат...»

Зразумела, для Максіма Танка 17 верасня 1939 года стала доўгачаканым святам. Сімвалічна, што ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР адбылося ў дзень нараджэння паэта. Танк знаходзіўся ў роднай Пількаўшчыне: «пачаў пісаць верш — першы верш на вызваленай зямлі, чарнавік якога мне ўжо не трэба недзе хаваць. Пачатак гэтага верша не прыйшлося доўга шукаць, бо ён быў на вуснах народа: «Здарова, таварышы!..»

Ці марыў Максім Танк, што некалі не проста пазнаёміцца з Янкам Купалам і Якубам Коласам, а стане сваім у іх таварыстве?

Танк успамінаў, як падчас Вялікай Айчыннай вайны апынуўся ў эвакуацыі ў Маскве:

«Часам заседзімся позна, пачынаўся каменданцкі час, і Купала заставаўся начаваць у нас. Я жыў тады з Броўкам. Мы ссоўвалі ложкі і клаліся ўтраіх.

...Любіў Купала выпіць нямнога. Часам, выпіўшы, ляжа. Не спіцца яму: «Ну, а гэта хто тут ляжыць? Ці не Ная?..» Якая там яму Ная? Гэта, кажу, дзядзька Янка, я. «А, дык гэта ты, вызвалены брат...»

Раннія публікацыі Максіма Танка напаткаў цяжкі лёс... Быў канфіскаваны польскімі ўладамі і другі яго зборнік «Журавінавы цвет», а таксама паэма «Нарач», выдадзеная асобнай кнігай. Паэму Танк напісаў, узяўшы сюжэтам забастоўку рыбакоў 1935 года. Тады ўрад Польшчы прыняў закон аб нацыяналізацыі рэк і азёр. Нарач перайшла да Дырэкцыі дзяржаўных лясоў, а тая здала возера ў арэнду памешчыку Яблонскаму, які забараніў рыбакам лавіць у «сваім» возеры рыбу — толькі за грошы. У забастоўцы прынялі ўдзел больш за 5 тысяч чалавек. Паэма распаўсюджвалася нелегальна... Калі пасля ўз'яднання Танка запрасілі на літаратурную вечарыну

«з удзелам беларускіх савецкіх паэтаў-ардэнаносцаў Петруся Броўкі і Пятра Глебкі», ён чытаў фрагменты з «Нарачы»... У тыя кароткія даваенныя гады Танк напісаў па паэме «Нарач» сцэнарый мастацкага фільма «Бура над Нараччу». Але за часы вайны сцэнарый знік і быў знойдзены толькі ў наш час супрацоўнікамі Нацыянальнага архіва Беларусі. Зборнік «На этапах» быў перавыдадзены да юбілею класіка факсімільным выданнем у 1983 годзе.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».