Вы тут

Самы вялікі амлет быў на фестывалі «Мара ласуна – 2021» ў Гарадку


Мерапрыемства на маляўнічым беразе возера Лугавое ва ўрочышчы «Вараб'ёвы горы» стала цікавай акцыяй выхаднога дня. Тым больш што гэтае месца ў Гарадку — вельмі прыгожы куточак, дзе ў сямейным і сяброўскім коле прыемна бавіць час у любую пару года. Надвор'е было спякотнае, пагроза дажджу — нулявая, такім чынам арганізатараў (Гарадоцкі раённы выканаўчы камітэт і мясцовая птушкафабрыка) прырода не падвяла.


Упершыню фэст прайшоў у пазамінулым годзе ў кастрычніку. І тады, і сёлета, каб убачыць свята, узяць у ім удзел, некаторыя прыехалі з Віцебска і не толькі. Летась з-за эпідэміялагічных абмежаванняў яго не было. Сведкі першага кажуць, што сёлетняе свята аказалася больш масавым. Ды і насамрэч першая палова верасня — час лепшы для вулічных мерапрыемстваў у параўнанні з сярэдзінай восені.

Сярод ганаровых гасцей быў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які, дарэчы, у абласным парламенце прадстаўляе інтарэсы жыхароў Гарадоччыны. Дэпутат падпісаў разам з іншымі афіцыйнымі асобамі «памятны ліст» у гонар правядзення свята. Гэта стала навінкай на «Мары ласуна».

Праграма фестывалю была багатая. Сярод цікавых забаў і гульняў — шоу-конкурс «Пеўневыя забегі», спартыўная эстафета «Яечнае мнагаборства», «Свята прыгажосці і стылю» — ZOO-конкурс «Гарадоцкая цыпа — 2021», выстаўка арт-аб'ектаў «Фестывальнае яйка».

Цэнтральнае месца ў праграме займалі кулінарныя конкурсы: дзіцячы «Вясёлыя паварчукі» (па прыгатаванні страў з вараных яек), «Фестывальны торт» — сярод кандытараў-аматараў, а таксама конкурс па прыгатаванні яечні з перапёлчыных яек на калодзе «Сняданак для гурмана».

Сярод кухараў-прафесіяналаў была праведзена кулінарная бітва па вырабе страў з мяса індычкі на адкрытым агні. Гэтае мяса, як і яйкі, усё больш папулярнае сярод спажыўцоў і вельмі карыснае для здароўя. Адна з задач гарадоцкага мерапрыемства — папулярызаваць мясцовую прадукцыю птушкафабрыкі і іншых вытворцаў,
у прыватнасці — вінаграднага смаўжа, якога разводзяць у аграрнай сядзібе. Гэты далікатэс пажадалі пакаштаваць многія.

У канцы фестывалю зрабілі, як сцвярджаюць арганізатары кулінарнага перформансу, самы вялікі амлет у Беларусі: з 1800 яек — на спецыяльна зробленай квадратнай патэльні.

Многае тут адбывалася і па-за кулінарнай тэмай, працавалі творчыя лакацыі. У прыватнасці, свае вырабы прадэманстравалі рамеснікі, майстры народных промыслаў, юныя ўдзельнікі гурткоў. Да пунктаў, дзе можна было вымераць крывяны ціск, узровень кіслароду ў крыві, дзе вучылі аказваць неадкладную медыцынскую дапамогу, стаялі чэргі. Самадзейныя артысты ўзнімалі настрой. Невысокімі цэнамі прыемна здзіўлялі кавярні.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

г. Гарадок.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.