Вы тут

Вялікі тэатр адкрыў сезон операй «Дзікае паляванне караля Стаха»


Верасень пачаўся, а гэта значыць, што тэатры зноў працуюць ва ўсю моц. Стартуюць чарговыя тэатральныя сезоны: гледачоў чакаюць прэм'еры і любімыя пастаноўкі. Мы ўжо пісалі пра Вялікі тэатр Беларусі, які анансаваў шмат цікавых спектакляў, а таксама выступленні замежных артыстаў. Як і абяцалася, новы, 89-ы, тэатральны сезон у Вялікім пачаўся операй «Дзікае паляванне караля Стаха».


Нягледзячы на тое, што мы трапілі на пастаноўку на другі дзень, вольных месцаў у зале не было — прыйшлося глядзець і слухаць оперу стоячы. Але гэта і добра, бо поўная зала сведчыць аб зацікаўленасці гледачоў, да таго ж менавіта беларускамоўнай операй. Забягаючы наперад, адзначым, што мова ў «Дзікім паляванні караля Стаха» гучыць неверагодна! Сумна прызнаваць, але опер на роднай мове не надта шмат.

Калі казаць дакладней, прэм'ера пастаноўкі адбылася 11 і 12 ліпеня гэтага года. А гісторыя оперы пачалася значна раней, калі ў сярэдзіне 1980-х беларускі кампазітар Уладзімір Солтан паказаў некалькі музычных фрагментаў дырыжору Яраславу Вашчаку. Амаль праз год сумеснай працы опера была створана. Некаторыя фрагменты «Дзікага палявання караля Стаха» прагучалі ў лютым 1989 года ў Клубе сяброў оперы. Сама прэм'ера адбылася крыху пазней, 6 красавіка таго ж года. Але ёсць і сумныя дэталі: Вашчак не дажыў да прэм'еры ўсяго месяц, музыку Солтана значна скарацілі. І ўсё ж «Дзікае паляванне караля Стаха» жыве і па сёння. Гледзячы на сёлетнія пастаноўкі, жыве добра.

Але вернемся ў сучаснасць: запоўненая глядзельная зала, са сцэны гучыць беларуская мова. Чым жа яшчэ адметная сёлетняя пастаноўка? Ценямі. На працягу ўсёй оперы цень — адзін з асноўных сімвалаў, які адлюстроўвае настрой. Зразумела, што і «Дзікае паляванне караля Стаха» Караткевіча, і аднайменны фільм Валерыя Рубінчыка — гэта містычная гісторыя, напоўненая трывогай і схаваным, прыцішаным жахам, які вось-вось вырвецца вонкі. Відаць, падчас стварэння пастаноўкі і вырашылі, што цень паслужыць добрым інструментам, які дапаможа перадаць тую самую трывогу. Атрымалася. Сілуэты птушак, дрэў, маланак ды абстрактных фігур не даюць героям забыцца аб тым, што іх жыццё ў небяспецы.

З таксама цікавых сцэнаграфічных рашэнняў можна адзначыць прывідных коннікаў. Яны вісяць над зямлёй гэта не візуальная падманка. Сапраўды, аб'ёмныя фігуры імчаць над сцэнай. Мы глядзелі оперу з балкона, і нават адтуль прывіды коннікаў выглядаюць рэалістычна.

Пасля прачытання арыгінала, а таксама прагляду фільма складана не параўноўваць: хоць гэта і розныя формы творчасці, але ўсё ж несвядома шукаеш паралелі. Уласна мне падалося, што колеры оперы вельмі падобныя да каларыстыкі фільма Рубінчыка. Асабліва на пачатку: панаванне сіне-шэрых адценняў і імглістасць Палесся. Таксама цікава было гадаць, да якога мастацкага кірунку адносяцца дэкарацыі. Ці то да позняга рамантызму, ці то да готыкі. Канешне ж, тут можна разважаць лагічна. І калі дзея адбываецца ў канцы ХІХ стагоддзя, то, напэўна, павінны панаваць прэрафаэліты, якія апявалі натуральную, рамантычную, шэкспіраўскую прыгажосць. Мне ўсё ж такі падаецца, што і дэкарацыі, і касцюмы артыстаў уяўляюць сабой сумесь розных напрамкаў. Але ёсць рэчы, гледзячы на якія не трэба гадаць: у сцэнаграфіі выкарыстоўваліся колеры і матывы слуцкіх паясоў. А ў касцюмах артыстаў здзейснілі прыём рэканструкцыі: некаторыя прынты адсылаюць да беларускіх абразоў XV—XVІ стагоддзяў.

Безумоўна, сцэнаграфія даволі моцна паглыбляе нас у атмасферу таямнічнасці і неспадзяванасці дзікага палявання. Але ў оперы ёсць яшчэ адзін важны элемент, без якога нічога не атрымалася б. Гэта музыка: то ціхая, далікатная, то рэзкая, абрывістая, а ў кульмінацыйныя моманты — гучная і надрывістая. Трэба падзякаваць дырыжору-пастаноўшчыку Андрэю Іванову. А вось са сцэн, якія найбольш запомніліся, хацелася б адзначыць баль у гонар дня нараджэння юнай паненкі Надзеі Яноўскай. На свята завітвае і пан Рыгор Дубатоўк (апякун Надзеі), і Андрэй Беларэцкі, і Алесь Варона. За некалькі хвілін артысты адлюстроўваюць амаль усе чалавечыя іпастасі. Гледачоў кідаюць з пампезнай бальнай залы ў халодны, пыльны пакой: адбываецца сварка паміж Беларэцкім і Варонам. Прыгожая сцэна з пункту гледжання і акцёрскага майстэрства, і стылістычнага выканання.

У вераснёўскай афішы тэатра опера «Дзікае паляванне караля Стаха» больш не пазначана. Але супрацоўнікі не раз прызнавалі, што пастаноўка, у параўнанні з іншымі, ідзе даволі рэдка. І кожны раз мае вялікі поспех. Таму раім адсочваць навіны Вялікага тэатра Беларусі і хутчэй набываць квіткі на оперу: дзея, якая разгортваецца на сцэне, насамрэч незвычайная. Больш за тое, заўсёды цікава паглядзець на знаёмую гісторыю ў іншым выкананні. А пакуль чакаем вяртання караля Стаха, можна звярнуцца да любімага Караткевіча.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

Загаловак у газеце: Пры поўнай зале

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».