Вы тут

«Гранд Кірмаш» прапісаўся ў палацы Радзівілаў


У мінулую суботу, 11 верасня, у Нясвіжы зноў прайшоў «Гранд Кірмаш» у палацы Радзівілаў. Падзея ўжо трэці раз прапануе ў цэнтральным двары замка рэканструкцыю кірмашу XVIII стагоддзя. А там, як у старажытнасці: бойкі гандаль, вясёлыя гульні і забаўкі, ад сучаснасці дадаліся толькі майстар-класы па навучанні ўдзельнікаў традыцыйным рамёствам.


Як расказалі арганізатары, кірмашы былі праявай традыцыйнай культуры на беларускіх землях з эпохі ранняга феадалізму і нават з’яўляліся візітнай карткай гарадоў. Доўжыліся яны звычайна ад аднаго дня да некалькіх тыдняў. Прычым, на іх не толькі прадавалі і куплялі патрэбныя (ды і часам не зусім) рэчы і тавары, але і заключалі выгадныя кантракты на дастаўку грузаў, арэнду фальваркаў, лясных угоддзяў, мануфактур і гэтак далей.

Дарэчы, у беларускай мове слова «кірмаш» азначае не толькі рынак, але і свята, бо кірмашы ў асноўным праводзіліся падчас храмавых святаў. Вось менавіта тут ладзіліся пастаноўкі «кірмашовага» тэатра, выставы, латарэі, аўкцыёны, гульні і шмат чаго іншага. Адсюль можна зрабіць выснову, што кірмашы былі не толькі эканамічнымі, але і культурнымі падзеямі ў сваім рэгіёне. 

Вось такую падзею вырашылі адрадзіць у Нясвіжы, дзе традыцыя правядзення кірмашоў зарадзілася ў канцы XVI стагоддзя. Самыя значныя падзеі горада, у тым ліку і кірмашы, праходзілі звычайна на Рынкавай плошчы каля Ратушы. Вядома таксама, што каралеўскім прывілеем 1586 года ў горадзе былі ўсталяваныя два кірмашы: на Каляды (з 7 па 19 студзеня) і перад Калядамі. Пазней з’явіўся Міхайлаўскі кірмаш, якая пачынаўся 29 верасня і доўжылася два тыдні, а з 1681 года — чатыры. На такія падзеі прыязджалі гандляры з Мінска, Мазыра, Бярэсця, Пінска, а таксама з Масквы, Кіева, Валыні, Варшавы і іншых гарадоў. 

У XVIII стагоддзі Нясвіж адносіўся да ліку гарадоў, у якіх праводзіліся самыя знакавыя кірмашы. Мясцовыя жыхары гандлявалі мёдам, салам, смалой, воскам. Прыезджыя гандляры прывозілі футравыя вырабы з Расіі, бурштын з Прыбалтыкі, аліўкавы алей і віно з Блізкага Усходу, прыправы і грэцкія арэхі з Азіі, соль з Францыі.

— У цяперашні час у Беларусі ўмацоўваецца тэндэнцыя глыбей асэнсаваць гістарычнае мінулае, звярнуцца да нацыянальных вытокаў. Таму адраджэнне падобных праектаў — гістарычна абгрунтавана, — лічыць дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Дзмітрый ЯШЧАНКА. Сваёй мэтай мы ставім адраджэнне кірмашу ў Нясвіжы як культурна-гістарычнага свята. Акрамя таго, стварэнне такога праекта менавіта тут з’яўляецца лагічным працягам таго інтарэсу, які выклікае аб’ект Сусветнай спадчыны і гісторыя княжага роду, непасрэдна звязаная з гісторыяй горада.

Трэба сказаць, што падчас сучаснага «Гранд Кірмашу» перад гледачамі з поспехам прайшлі выступленні ўдзельнікаў танцавальнага калектыву «Ля ампір», клуба рэканструктараў «Шатландская пяхота», музычных калектываў «Арацэя» і «Хмельны Вір». Пераможцам гістарычных конкурсаў і іх актыўным удзельнікам былі ўручаны памятныя сувеніры ад Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». Яркім завяршэннем кірмашовага дня стаў канцэрт «Музычныя ГРАНД вечары» ў Тэатральнай зале Палаца.

Дзмітрый Яшчанка адзначыў, што новая старая нясвіжская традыцыя прыйшлася даспадобы і мясцовым жыхарам, і гасцям горада, таму «Гранд Кірмаш» у палацы Радзівілаў стане штогадовым вераснёўскім святам.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.