Вы тут

17 верасня каля помніка ахвярам косаўскага расстрэлу адбудзецца жалобнае мерапрыемства


У 1927 годзе Косаўскі падпольны райкам КПЗБ узначальваў будучы пісьменнік Піліп Пестрак. У гэты час Юзаф Пілсуцкі заявіў пра ўсталяванне санацыйнага рэжыму на беларускіх землях. Пачаліся арышты палітычных дзеячаў. За кратамі аказаліся многія актывісты сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Імкліва расла колькасць закрытых беларускіх школ і гімназій. Апошняй кропляй цярпення падпольшчыкаў стаў разгром грамады і поўная ліквідацыя арганізацыі.


Косаўскі падпольны райкам прымае рашэнне адказаць на пералічаныя падзеі маштабнай дэманстрацыяй пратэсту. У трэці дзень лютага 1927 года на рынкавую плошчу ў Косаве прыйшло каля 1600 чалавек. Людзі ішлі з чырвонымі сцягамі, неслі лозунгі накшталт: «Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў! Вызваліць усіх зняволеных!», «Няхай жыве Савецкая Беларусь!». Яны натхнёна пелі «Інтэрнацыянал», іншыя рэвалюцыйныя песні. Потым пачаўся мітынг. Камуністычныя дзеячы выступалі з прамовамі, што знаходзілі водгук у сэрцах дэманстрантаў.

Людзі прыйшлі на мірную дэманстрацыю і выказвалі свае палітычныя погляды выключна мірным шляхам. Але хутка на плошчы з'явіліся ўзброеныя паліцэйскія. І пасля закліку разысціся, на які людзі адказалі песняй, паліцэйскія прымянілі зброю на паражэнне. Шэсць чалавек былі забітыя, 35 атрымалі розныя па цяжкасці раненні.

Пахаванне забітых дэманстрантаў адбылося на наступны дзень і вылілася ў сапраўдную маніфестацыю пратэсту. Косаўскіх рабочых і сялян падтрымалі па ўсёй Заходняй Беларусі. Аператыўна з'явіўся зварот ЦК КПЗБ з заклікам змагацца з санацыйным рэжымам. Польскі ўрад спалохаўся пратэсных настрояў і адправіў кіраўніка горада Косава Уладзіслава Станішэўскага ў адстаўку.

Праз 40 гадоў пасля трагічных падзей у памяць аб іх у Косаве ўстанавілі абеліск. Старшыня Косаўскага гарвыканкама Леанід ЮДЧЫЦ расказаў:

— Помнік стаіць фактычна ў цэнтры горада і прымыкае да вуліцы 3 Лютага, у назве якой увекавечаная дата трагічнай падзеі. Не так даўно помнік адрамантавалі і правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі. Абеліск даглядаюць супрацоўнікі ЖКГ, шэфства над ім трымае і мясцовая школа.

Кожны год напярэдадні 3 лютага прадстаўнікі грамадскасці, прадпрыемстваў і арганізацый ускладаюць кветкі да падножжа манумента. Да нядаўняга часу ў горадзе жылі сведкі і відавочцы тых падзей. Памяць падтрымліваецца ў сем'ях, чые родныя загінулі альбо пацярпелі падчас косаўскага расстрэлу.

Сёлета мы прыйдзем сюды і 17 верасня, каб ушанаваць памяць землякоў, якія змагаліся за права людзьмі звацца на сваёй зямлі і аддалі жыццё за вызваленне Заходняй Беларусі, — сказаў Леанід Уладзіміравіч.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: За права людзьмі звацца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».