Вы тут

Недабор не крытычны. На поўначы краіны падвялі вынікі ўборкі


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў у панядзелак правёў прэс-канферэнцыю, прысвечаную развіццю аграпрамысловага комплексу і правядзенню абласных «Дажынак».


Свята адбудзецца ў найбліжэйшыя выхадныя дні ў Шуміліне, да якога ад Віцебска каля сарака кіламетраў. Кіраўнік рэгіёна распавёў, што там капітальна адрамантавалі, мадэрнізавалі, добраўпарадкавалі, прывялі ў парадак каля ста аб'ектаў. І такая работа вядзецца ў іншых райцэнтрах, дадаў Мікалай Шарснёў. Падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» рамонты вядуцца ў школах, садках, на стадыёнах, у фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах, медыцынскіх установах і іншых сацыяльных аб'ектах. Не забываюць рамантаваць і жыллё, добраўпарадкоўваць вуліцы і двары.

У наступным годзе сталіцай аграрнага свята стане Глыбокае, а ў 2023-м — Шаркаўшчына.

На вялікі жаль, з-за неверагоднай спякоты (20 чэрвеня быў пабіты рэкорд максімальнай тэмпературы паветра, які трымаўся з 1937 года, дажджоў падчас антыцыклону не было) на Віцебшчыне сабралі каля 780 тысяч тон збожжавых. Сярэдняя ўраджайнасць — 25,5 цэнтнера з гектара. Кіраўнік вертыкалі выканаўчай улады Падзвіння заўважыў, што пры гэтым дзяржаўны заказ будзе выкананы.

«Адчуваецца недабор па ўсіх сельскагаспадарчых культурах, але гэта негатыўна не паўплывае на жывёлагадоўлю, — запэўніў ён. — Бо кампенсуецца шматгадовай травой, нядрэнна развіваецца кукуруза. Пайшлі дажджы, фарміруецца дастаткова нядрэнны кукурузны пачатак, таму будзем працаваць з кукурузай на зерне. Недабор бульбы таксама не паўплывае негатыўна на харчовы рынак. У цэлым, думаю, насельніцтва не адчуе вынік анамалій надвор'я, якія былі сёлета».

Пацярпелі ўсё раёны, сказаў Мікалай Шарснёў. У якасці прыкладу ён прывёў Аршанскі: калі ў лепшыя гады тут збіралі каля 150 тысяч тон збожжа, то сёлета — усяго толькі 108,7 тысячы тон. «Дык гэта найлепшыя землі. Што тады гаварыць пра тыя раёны, дзе ў асноўным гліністыя глебы? Канешне, там сур'ёзныя страты. Але аграрыі, як і кожны год, дакладна выканалі сваю місію перад народам і перад краінай. Ужо ідзе фарміраванне ўраджаю наступнага года», — працягнуў старшыня аблвыканкама.

Сёлета, чаго ніколі раней не было, асобныя сельскагаспадарчыя арганізацыі завяршылі ўборку ўжо 1 жніўня. Раней уборачныя работы пачыналіся каля 10 жніўня. Само жыццё прымушае сялян мяняць стратэгію. «Трэба зрабіць так, каб перанесці аб'ём нагрузкі са жніўня і верасня на чэрвень і ліпень. Ёсць намер змены пасяўных плошчаў асобных сельскагаспадарчых культур. Трэба абавязкова зменшыць плошчы пад уборку зерневых з улікам нарыхтоўкі кармоў для жывёл», — удакладніў Мікалай Шарснёў.

Крэн будзе зроблены на значнае павелічэнне плошчы для азімых, задумана паменшыць плошчы яравога рапсу, каб дрэннае дажджлівае надвор'е восенню не перашкаджала аграрыям. Плануецца ўпершыню вырошчваць азімы ячмень.

Поўнач краіны вядомая спецыялізацыяй на льнаводстве, а ў Оршы функцыянуе адзін з найбуйнейшых льнокамбінатаў у Еўропе. Кіраўнік рэгіёна быў рады падзяліцца аператыўнай інфармацыяй наконт нарыхтоўкі льнотрасты: «Самы высокі нумар 1,09 — на Віцебшчыне, а ў цэлым па краіне — 0,92. Сёлета добрае валакно, каляровасць цудоўная, яно вылежваецца. З палёў ужо сабралі льнотрасты ў два разы больш, чым летась». Ураджайнасць меншая, але якасць будзе лепшая.

Аналізуючы дзейнасць льнозаводаў, старшыня аблвыканкама пахваліў дубровенскае прадпрыемства, якое, у адрозненне ад іншых, даўно ўжо працуе прыбыткова.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».