Вы тут

На кручку рэформаў. Чаму Украіну не бяруць у ЕС і НАТА?


Еўрасаюз узгадніў сямігадовы план па фінансаванні краін-кандыдатаў на агульную суму 14,2 мільярда еўра. Украіны ў спісе такіх краін не аказалася. Гэта вынікае з заявы Савета ЕС. У спіс дзяржаў, якім будзе аказана фінансавая дапамога перад уступленнем у ЕС, трапілі Албанія, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Сербія, Турцыя і Косава. Пры гэтым канкрэтныя тэрміны атрымання імі членства ў ЕС не вызначаны. Пасол Латвіі ва Украіне Юрыс Пойканс заявіў, што краіны Еўрасаюза «не хочуць атрымліваць новыя праблемы» з-за Украіны. Пра гэта паведаміла РІА «Навіны». Па словах Пойканса, членства ў Еўрапейскім саюзе прадугледжвае пагадненне 27 краін — удзельніц супольнасці. «І пакуль яго не будзе, вельмі цяжка казаць аб нейкіх там тэрмінах. Гэтыя 27 краін маюць вельмі розныя погляды адносна Украіны, і частка з іх пакуль не бачыць падстаў для пашырэння Еўрасаюза», — лічыць дыпламат. На яго думку, паставіць пытанне аб сваім уступленні ў супольнасць краіна, верагодна, зможа толькі ў выпадку працягу рэформаў і дасягненні «пэўнага прагрэсу». Прыкладна тое ж кажуць і ўдзельнікі Паўночнаатлантычнага альянсу. Чаму Украіну не бяруць у ЕС і НАТА?


Толькі імітацыя

Цяпер характар адносін паміж Украінай і ЕС вызначае перш за ўсё дагавор аб асацыяцыі, які цалкам уступіў у сілу 1 верасня 2017 года. Менавіта адмова ад яго падпісання паслужыла адной з прычын крывавага Еўрамайдана. Як заявіў rt.соm намеснік дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі ВШЭ Андрэй Суздальцаў, падчас сутыкненняў грамадзянам Украіны пагадненне з ЕС падавалі як нейкую дарожную карту ўступлення ў гэтае аб’яднанне. Аднак ні ў палітычнай, ні
ў эканамічнай частках дакумента не ўтрымліваецца абяцанне з нагоды членства ў Еўрасаюзе. «Шмат
краін заключылі з ЕС пагадненне аб асацыяцыі і ў выніку, як Турцыя, пасля некалькіх дзесяцігоддзяў так і не былі прынятыя ў шэрагі арганізацыі. Еўропе выгадны такі падыход з мінімумам абавязацельстваў», — адзначыў Суздальцаў.

Больш за тое, па выніках рэферэндуму, які адбыўся ў 2016 годзе ў Нідэрландах, большасць грамадзян выступіла супраць асацыяцыі Украіны з ЕС. Брусель тады даў Амстэрдаму гарантыі, што Кіеў не атрымае права прэтэндаваць на аўтаматычнае членства ў Еўрасаюзе за ўдзел у абарончых праграмах і фінансаванне са структурных фондаў арганізацыі. Рэалізацыя эканамічных палажэнняў пагаднення аб асацыяцыі накіравана на забеспячэнне функцыянавання зоны свабоднага гандлю з ЕС. Тым не менш некаторы час найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Кіева заставалася Расія, а па выніках 2019–2020 гадоў гэтую пазіцыю заняў Кітай.

У офісе прэзідэнта Украіны сёлета нават стварылі структурнае падраздзяленне па інтэграцыі краіны ў Еўрасаюз і НАТА. Указваецца, што адной з яго першачарговых задач стане каардынацыя супрацоўніцтва з віцэ-прэм’ер-міністрам па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі дзяржавы і Вярхоўнай радай. Напрыканцы жніўня Уладзімір Зяленскі ўхваліў новую стратэгію знешняй палітыкі Украіны. Адпаведны ўказ быў апублікаваны на сайце ўкраінскага прэзідэнта. Мэтай знешнепалітычнай дзейнасці вызначана «зацвярджэнне Украіны ў свеце як моцнай і аўтарытэтнай еўрапейскай дзяржавы, здольнай забяспечыць спрыяльныя знешнія ўмовы для ўстойлівага развіцця і рэалізацыі свайго патэнцыялу, эканомікі і ўкраінскага грамадства», — падкрэсліваецца ў дакуменце. Пры гэтым адзначаецца, што ў аснове знешнепалітычнай дзейнасці Украіны ляжыць «стратэгічны курс дзяржавы на атрыманне паўнапраўнага членства» ў ЕС і НАТА, замацаваны ў Канстытуцыі краіны. Акрамя таго, стратэгія прадугледжвае прыняцце мер «для ўмацавання пазіцый дзяржавы ў рэгіёне, узмацнення яго ролі як кантрыбутара еўраатлантычнай бяспекі». У гэтым кантэксце гаворыцца таксама аб пашырэнні Кіевам геаграфіі партнёрства ў сферы бяспекі і эканомікі, аб актывізацыі ўдзелу у дзейнасці міжнародных арганізацый, стварэнні новых рэгіянальных фарматаў міжнароднага супрацоўніцтва.

Дакумент таксама вызначае шэраг прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі краіны. Сярод іх — забеспячэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама супрацьдзеянне «агрэсіі Расійскай Федэрацыі». Варта адзначыць, што словы «расійская агрэсія» ў розных варыяцыях згадваюцца ва ўкраінскай стратэгіі больш за 40 разоў, канстатуе rt.соm.

Як заўважыў расійскі палітолаг Аляксандр Асафаў, новую стратэгію знешняй палітыкі Украіны, у якой усе беды і праблемы тлумачацца выключна «агрэсіяй» Расіі, «не варта лічыць асэнсаваным і сур’ёзным дакументам». «Падобныя стратэгіі ствараюцца Кіевам рэгулярна, але ўсе яны практычна не ўтрымліваюць сэнсу. Новы дакумент чарговы раз даказвае, што знешнепалітычны курс Украіны вызначаецца не ёю, у яе Яго няма, затое ёсць неабходнасць супрацьстаяння славутай „агрэсіі“ Расіі, у чым зацікаўлены іншыя гульцы. Таму тое, чым займаецца Кіеў, не палітыка ўзаемаадносін з іншымі дзяржавамі, а толькі імітацыя знешняй палітыкі», — падкрэсліў rt.соm эксперт.

На думку Асафава, тэзіс аб умацаванні пазіцый Украіны ў рэгіёне, узмацненні яе ролі як «кантрыбутара еўраатлантычнай бяспекі», пашырэнні геаграфіі бяспекі і эканамічнага партнёрства не вытрымлівае ніякай крытыкі. «Усё гэта гучыць вельмі смешна і сведчыць аб тым, што Кіеву проста патрэбныя любыя падставы для запытаў аб фінансавай дапамозе з боку Захаду, паколькі сама Украіна даўно не можа самастойна забяспечыць сваё існаванне», — растлумачыў эксперт.

Тое ж самае датычыцца і намераў Кіева актывізаваць свой удзелу дзейнасці ўніверсальных і рэгіянальных міжнародных арганізацый, а таксама ствараць новыя рэгіянальныя фарматы міжнароднага супрацоўніцтва, лічыць Асафаў. «Украіна сама стварае такія структуры, сама ж у іх і ўдзельнічае, каб падкрэсліць антырасійскі характар сваёй палітыкі. Аднак у такіх утварэннях і фарматах вельмі мала сэнсу», — заўважыў аналітык.

Патрабаванні за крэдыты

Па словах дырэктара Інстытута міратворчых ініцыятыў і канфлікталогіі Дзяніса Дзянісава, новая
стратэгія знешняй палітыкі Украіны — цалкам лагічны працяг палітыкі, якую праводзіць Кіеў. «Тыя ключавыя пазіцыі, якія агучваліся ў апошнія гады, цяпер адлюстраваны ў гэтым дакуменце», — адзначыў эксперт rt.соm. На яго думку, стварэнне дадзенай стратэгіі — «свайго роду піяр-акцыя дзеючых украінскіх улад, накіраваная на дэманстрацыю нібыта эфектыўнасці іх дзеянняў».

Пры гэтым эксперты мяркуюць, што Брусель не збіраецца прымаць Кіеў у ЕС, але пры гэтым устрымліваецца ад катэгарычнай адмовы. «Аб рэальных шанцах казаць наогул не даводзіцца. Аднак Еўрасаюз афіцыйна не адмаўляе, разумеючы, што тым самым ён падарве праеўрапейскія настроі ўкраінцаў, там настане расчараванне. Вось мы і назіраем бягучую палітычную гульню з боку ЕС і сімуляцыю рэформ з боку Украіны», — патлумачыў дырэктар Украінскага інстытута аналізу і менеджменту палітыкі Руслан Бортнік. Ён упэўнены, што ў найбліжэйшай перспектыве Кіеў не будзе падаваць заяўку на атрыманне статусу кандыдата ў члены ЕС, разумеючы, што адмоўны адказ непазбежны.

У сваю чаргу, крыніца rt.соm у кабінеце міністраў Украіны матывавала стварэнне новай стратэгіі жаданнем Кіева лішні раз нагадаць заходнім партнёрам пра сваё жаданне стаць членам ЕС і НАТА. «Але можна хоць спісаць заклікамі ўсе платы на граніцы з Еўрасаюзам, запусціць рэкламную кампанію каля галоўнага офіса альянсу, але гэта не дасць вынікаў. Захад ацэньвае рэальныя дасягненні краіны, а яна імі не адзначаецца», — сказаў суразмоўца.

Як сказаў у гутарцы з RT прафесар НДУ ВШЭ Алег Матвейчаў, публікацыя Кіевам новай стратэгіі ў выніку ні да чога не прывядзе. «У дакуменце няма нічога новага. Украінскія ўлады, якія робяць акцэнт на яго важнасці, чарговы раз хлусяць свайму насельніцтву і сусветнай супольнасці. Краіна, якая нічога не вырашае, не можа стварыць ніякіх гістарычных стратэгій. Не кажучы ўжо пра тое, што новы дакумент не наблізіць Украіну да ўступлення ў ЕС і НАТА — жабрацкая краіна з яе праблемамі ў гэтых аб’яднаннях не патрэбна. Па гэтай жа прычыне Кіеву не ўдасца атрымаць і значную фінансавую дапамогу ад Захаду. Усё, чаго можа дамагчыся Украіна ў перспектыве, — гэта страціць яшчэ больш зямель і дзяржаўнасці», — перакананы эксперт.

Раней, каментуючы сітуацыю вакол брэксіту на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, Уладзімір Зяленскі заявіў, што Брусель павінен «проста ўзяць Украіну ў ЕС» замест Вялікабрытаніі. На думку кіраўніка дзяржавы, для такога кроку наступіў «вельмі зручны момант». «Гэта вельмі складаныя рэчы, хоць мне здаецца, што гэта вельмі простыя рашэнні. Адна вялікая краіна здзейсніла ехіt, магчыма, для Украіны прыйшоў час зрабіць еntеr», — сказаў Зяленскі.

Аднак гэты заклік украінскага лідара так і не знайшоў водгуку ў еўрапейскага істэблішменту. Напрыклад, дзяржсакратар па справах Еўропы пры МЗС Францыі Клеман Бон у інтэрв’ю радыёстанцыі Rаdіо J назваў несур’ёзнай перспектыву ўступлення Украіны ў ЕС. На думку дыпламата, палітычная падтрымка Кіева не азначае яго сяброўства ў Еўрасаюзе.

Восенню мінулага года ў калонцы для выдання «Еўрапейская праўда» па выніках 22-га саміту Украіна — ЕС Зяленскі прызнаў, што далучэнне Кіева да саюза не з’яўляецца перспектывай заўтрашняга дня. Пры гэтым украінскі прэзідэнт рэгулярна наракае на адсутнасць пакрокавага плана еўраінтэграцыі, працягваючы настойваць, што сяброўства Украіны ў ЕС «нельга адкладаваць у доўгую скрыню».

Суразмоўца rt.соm у офісе прэзідэнта Украіны адзначыў, што ў адміністрацыі незадаволены зацягваннем выпрацоўкі дарожнай карты па ўступленні ў ЕС. Замест прад’яўлення плана па атрыманні членства еўрапейскія чыноўнікі спрабуюць пераканаць Кіеў, што бязвізавы рэжым ужо з’яўляецца «велізарнай раскошай» для Украіны. «У абмен на дадзеныя Еўропай крэдыты даводзіцца выконваць мноства патрабаванняў, што негатыўна адбіваецца на ўзроўні жыцця насельніцтва», — канстатавалі ў офісе прэзідэнта Украіны.

Самыя няшчасныя

Прэзідэнт Эстоніі лічыць, што Украіна не хутка стане членам Еўрапейскага саюза. Такое меркаванне яна выказала днямі на форуме YЕS Brаіnstоrmіng у Кіеве, паведаміла ТАСС. «Усе прагнозы грунтуюцца на папярэднім вопыце. На жаль, за пяць гадоў я не ўбачыла набліжэння Украіны да выканання Капенгагенскіх крытэрыяў (былі прынятыя ў сталіцы Даніі ў 1993 годзе, вызначаюць умовы ўваходжання краін у Еўрапейскі саюз. Сярод патрабаванняў — палітычныя, геаграфічныя, эканамічныя, прававыя і іншыя. — Рэд.). Украіна — на адлегласці некалькіх светлавых гадоў ад іх выканання», — заўважыла Керсці Кальюлайд.

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба, які прысутнічаў на форуме, у сваю чаргу, заклікаў не трымаць Кіеў на «кручку рэформаў». Ён прывёў у якасці прыкладу Паўночную Македонію, якая не можа ўвайсці ў ЕС «не таму, што ёй не хапае рэформаў, а таму, што вакол гэтага ёсць палітычныя пытанні». Кулеба сказаў, што не просіць аб выключэнні для Украіны, але прапаноўвае «прызнаць просты факт, што прыём у ЕС — гэта не толькі пра рэформы». Міністр заклікаў Еўропу да «сумленнай размовы» адносна перспектыў членства Кіева ў ЕС. У той жа час кіраўнік МЗС Украіны паскардзіўся на «стомленасць» ад таго, што ўступленне краіны ў Еўрасаюз зацягваецца. Па словах Кулебы, адносіны Кіева і Бруселя выглядаюць як «стратэгічная нявызначанасць». «Мы пытаемся, што нам зрабіць дзеля членства ў ЕС, але нам не даюць адказу і толькі кажуць: «Працуйце далей», — сказаў міністр замежных спраў Украіны.

Усё гэта адбіваецца на простых людзях. Эксперт па эканоміцы Віктар Скаршэўскі ў эфіры тэлеканала «Наш» заявіў аб тым, што жыхары Украіны пакутуюць з-за імкнення ўлад любой цаной трапіць у Еўрасаюз і НАТА. «Трэба думаць, каб людзям было тут лепш жыць. Для гэтага неабходна праводзіць суверэнную эканамічную палітыку, а не абслугоўваць інтарэсы крэдытораў», — заўважыў эксперт. Паводле яго слоў, свет ужо не бачыць Украіну ў эканамічным плане, а ў будучыні падобная стратэгія можа прывесці краіну да развалу.

Тым часам стала вядома, што Украіна з’яўляецца адной з краін з самым расчараваным і няшчасным насельніцтвам. Аб гэтым заявіў дырэктар эканамічных праграм Украінскага інстытута будучыні Анатоль Амелін. Эксперт адзначыў, што па індэксе шчасця краіна займае 110-е месца. На думку Амеліна, прычынай расчаравання насельніцтва з’яўляецца нізкі ўзровень даходаў, а таксама невялікая працягласць жыцця, слабае здароўе.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».