Вы тут

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку


Наша краіна валодае надзвычай багатым прыродным патэнцыялам для развіцця экатурызму. Нават у ковідны 2020 год асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ) Беларусі наведалі сотні тысяч турыстаў. Як развіваецца цяпер экатурызм і якія перспектывы гэтай галіны, распавёў Аляксандр КОРБУТ, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Фота Сяргея Нікановіча.

— Сёння можна гаварыць аб тым, што прыродаахоўнае ведамства сістэмна займаецца пытаннямі развіцця экатурызму. А з чаго пачыналася гэтая работа?

— Па нашай ініцыятыве на працягу апошніх 15 гадоў утворана 25 дзяржаўных прыродаахоўных устаноў, якія ажыццяўляюць кіраванне 28 заказнікамі рэспубліканскага значэння. Наша мэта ў тым, каб знайсці такі баланс, калі турыстычная дзейнасць на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях не супярэчыць ахове навакольнага асяроддзя.

— Экатурызм прыцягвае актыўных і дапытлівых людзей. Чым іх могуць здзівіць у нашых прыродных комплексах?

— Патэнцыял ААПТ для развіцця экалагічнага турызму рэалізоўваецца на досыць высокім узроўні нацыянальнымі паркамі і Бярэзінскім біясферным запаведнікам, а таксама асобнымі заказнікамі. Напрыклад, у нацыянальным парку «Белавежская пушча» ўведзены ў эксплуатацыю турыстычны маршрут для электратранспарту «Па зялёным калідоры», які ўключае ў сябе некалькі тэматычных пакетаў паслуг. Госці Белавежскай пушчы з задавальненнем купляюць сувеніры, мясцовую прадукцыю: варэнне, грыбы, ягады, зборы траў. Можна сказаць, што гэта класічны набор турыста, але ён карыстаецца добрым попытам.

У Нацыянальным парку «Прыпяцкі» ўведзены ў эксплуатацыю гісторыка-этнаграфічны комплекс «Музей пад адкрытым небам», які будзе працаваць цэлы год. Тут жа працягваецца распрацоўка трансгранічнага воднага турыстычнага маршруту «Прыпяцкая даліна», які злучыць Нацыянальны прыродны парк Украіны «Прыпяць-Стаход», заказнікі «Простыр», «Сярэдняя Прыпяць» і нацыянальны парк «Прыпяцкі».

У нацыянальным парку «Браслаўскія азёры» карыстаецца поспехам пазнавальны турыстычна-экалагічны маршрут «Турбазаўскі рог» працягласцю 2,5 км. Па маршруце размешчаны прыпынкі з інфармацыйнымі таблічкамі, фотазонай, птушынай сталовай і іншымі інтэрактыўнымі элементамі. З мінулага года функцыянуе інфармацыйна-турыстычны пост пры ўездзе ў Браслаў.

З'яўляюцца і новыя напрамкі экалагічнага турызму, на базе якіх магчыма фарміраванне паўнавартаснага турыстычнага прадукту. Напрыклад, у рэспубліканскім ландшафтам заказніку «Ельня» праводзяцца экскурсіі на балотаступах і балотаходзе, адсочванне слядоў дзікіх жывёл, у заказніку «Браслаў-Рычы» арганізавана навучанне дайвінгу, у рэспубліканскім біялагічным заказніку «Днепра-Сожскі» ладзяць водныя паходы на плытах.

— Аляксандр Мікалаевіч, падзяліцеся, калі ласка, статыстыкай: колькі турыстаў наведалі асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі?

— Пакуль мы маем лічбы за мінулы год. Паводле даных дзяржаўных прыродаахоўных устаноў, ААПТ наведала больш за 158 тысяч турыстаў, у тым ліку больш за 3,5 тысячы замежных грамадзян. Сярод іх — не толькі нашы суседзі з Літвы, Латвіі, Польшчы, але і госці з Даніі, Італіі, Фінляндыі, Германіі, Грузіі, Малдовы і іншых краін. Гэта тыя людзі, якія на некалькі дзён выбралі сваім месцам адпачынку ААПТ. Колькасць жа экскурсантаў, то-бок тых, хто здзейсніў аднадзённы візіт, набліжаецца да паўмільёна, а менавіта 438 тысяч чалавек, у тым ліку замежных грамадзян больш за 20 тысяч. Аб'ём сродкаў, выручаных ад турыстычнай дзейнасці, склаў 7,6 млн рублёў, у тым ліку 7300 тысяч рублёў — запаведнікам і нацыянальнымі паркамі, 300 тысяч рублёў — 28 заказнікамі. Экспарт турыстычных паслуг склаў 2,6 млн рублёў.

— Ці дастаткова, на ваш погляд, беларусы дасведчаныя аб магчымасцях турызму ў роднай краіне?

— За апошнія гады, думаю, людзі даведаліся пра гэта значна больш, чым гадоў 10—15 таму. Аднак работу па папулярызацыі ўнутранага турызму ў цэлым і экалагічнага ў прыватнасці трэба развіваць і ўдасканальваць, знаходзіць новыя сучасныя формы падачы інфармацыі. Не адмаўляючыся ад традыцыйных буклетаў, даведнікаў, актыўна праводзяцца выязныя мерапрыемствы для прадстаўнікоў беларускіх і замежных турыстычных фірмаў і СМІ, падчас якіх усё можна ўбачыць, паспрабаваць, задаць пытанні. Дзяржаўныя прыродаахоўныя ўстановы пастаянна ўдзельнічаюць у міжнародных турыстычных выстаўках і форумах.

— Якія праблемы ў сферы экатурызму сёння турбуюць Мінпрыроды?

— Перш за ўсё нераўнамернае размеркаванне турыстаў паміж рознымі прыроднымі тэрыторыямі. Так, найбольш вядомыя ў краіне і за мяжой заказнікі і нацыянальныя паркі сёння адчуваюць павышаную рэкрэацыйную нагрузку, а іншыя, з не менш каштоўнай і прыгожай прыродай, застаюцца ў цені.

— Чаму так адбываецца?

— Многае залежыць ад зацікаўленасці мясцовых органаў улады ў развіцці экалагічнага турызму. Калі яна нізкая, то на тэрыторыі заказнікаў турызм развіваецца недастатковымі тэмпамі. Між тым ён цалкам можа быць «лакаматывам» развіцця рэгіёнаў: гэта новыя працоўныя месцы, пашырэнне магчымасцяў гандлю. Трэба разумець, што кожны турыст, акрамя таго, што ён аплачвае паслугі на тэрыторыі ААПТ, прыязджаючы, карыстаецца паслугамі грамадскага харчавання, гасцініц, наведвае гісторыка-архітэктурныя славутасці, купляе сувеніры — усё гэта даходы ў мясцовы бюджэт. Недастаткова актыўна ў развіццё экатурызму ўключаецца і насельніцтва.

— Аляксандр Мікалаевіч, што плануецца з боку Мінпрыроды зрабіць для вырашэння гэтай праблемы?

— Мяркую, нам трэба выступіць свайго роду мадэратарам і наладзіць узаемадзеянне паміж мясцовымі органамі ўлады, дзяржаўнымі прыродаахоўнымі ўстановамі, прафесійнымі ўдзельнікамі рынку турыстычных паслуг і мясцовым насельніцтвам, у тым ліку суб'ектамі аграэкатурызму. Данесці да іх простую думку, што развіццё турызму будзе садзейнічаць прытоку інвестыцый у рэгіёны і росту ўзроўню жыцця, перш за ўсё, сельскіх жыхароў.

Таксама ў нашых сілах наладзіць абмен вопытам паміж ААПТ. Вялікае значэнне мае прасоўванне свайго турпрадукту — трэба шукаць цікавыя формы работы і свайго турыста. Адпачынак на прыродзе цікавы і карысны людзям усіх пакаленняў, і для кожнага неабходна знайсці свой падыход.

— Але для гэтага патрэбныя кваліфікаваныя спецыялісты. Ці дастаткова іх у сферы экатурызму?

— На жаль, у заказніках існуе кадравая праблема: адчуваецца недахоп кваліфікаваных спецыялістаў, мала супрацоўнікаў, якія валодаюць замежнымі мовамі, навыкамі фарміравання турыстычнага прадукту і яго прасоўвання.

У сувязі з гэтым мы прапаноўваем раённым выканаўчым камітэтам, якія ажыццяўляюць кіраванне дзяржаўнымі прыродаахоўнымі ўстановамі, актыўна камандзіраваць супрацоўнікаў на вучэбныя семінары, курсы павышэння кваліфікацыі і вывучэння замежных моў. Неабходна выключыць практыку прыёму на работу людзей дзеля запаўнення вакансіі, а падбіраць кадры, якія валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі.

— Якія перспектывы ў развіцці экатурызму вы бачыце?

— Па прагнозах Сусветнай турысцкай арганізацыі, усё больш людзей цікавяцца новымі краінамі, нязведанымі маршрутамі, прыродай, якая захавалася ў максімальна натуральным стане. Гэта якраз тое, што мы можам прапанаваць.


У 2020 годзе на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка, 4 нацыянальных паркаў («Белавежская пушча», «Нарачанскі», «Браслаўскія азёры», «Прыпяцкі») і 28 заказнікаў рэспубліканскага значэння («Прыбужскае Палессе», «Выганашчанскае», «Званец», «Сярэдняя Прыпяць», «Лунінскі», «Альманскія балоты», «Простыр», «Спораўскі», «Ельня», «Балота Мох», «Доўгае», «Казьянскі», «Сіньша», «Чырвоны Бор», «Асвейскі», «Карыценскі Мох», «Рычы», «Выдрыца», «Днепра-Сожскі», «Смычок», «Азёры», «Ліпічанская пушча», «Котра», «Сарачанскія азёры», «Свіцязянскі», «Сялява», «Налібоцкі», «Слаўгарадскі») функцыянуюць 48 экалагічных сцежак і 176 турыстычных маршрутаў, а таксама 116 турыстычных стаянак і 16 візіт-цэнтраў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.