Вы тут

Хлеб у жаночых далонях


Сучасная дзяўчына з вышэйшай адукацыяй на камбайне? Неверагодна! І, тым не менш, гэта факт.


Не раз даводзілася чуць: жніво — працэс творчы, які патрабуе наяўнасці не толькі вопыту, але і таленту. Вядома, пры тым неабходны і фізічная сіла, і цягавітасць — асноўныя аргументы для таго, каб працу камбайнёра выконвалі мужчыны. Аднак, усё часцей мы чуем пра тое, што сучасныя прадстаўніцы прыгожага полу, да таго ж зусім маладыя, працуюць на камбайнах. Толькі на Магілёўшчыне — у Быхаўскім,  Крычаўскім, Магілёўскім, Мсціслаўскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім і Шклоўскім раёнах у гэтую ўборачную кампанію на палях рэгіёну сярод 1605 механізатараў засвяцілася 10 жанчын. І хоць хлебароб — прафесія няпростая, з кожным годам "жаночая" колькасць у Беларусі па розных рэгіёнах узрастае. Нельга, вядома казаць пра масавую з'яву, але, тым не менш; факт застаецца фактам.

Даўно не сакрэт: каб дасягнуць поспехаў на жніве,  трэба  ведаць тонкасці  працы на камбайне — адчуваць яго нораў ды і моцнае здароўе камбайнёрам да твару. А яшчэ важна разумець і адчуваць зямлю. І, відаць, у жанчын гэта нядрэнна атрымліваецца, раз мужчыны кажуць: жанчына на камбайне — да поспеху.

Вышыня камбайна больш не палохае Ангеліну, бо побач заўсёды Яўген

Не ў першы раз

"Мы ўжо сёмы год заўважаем жанчын-камбайнёраў, якія ўносяць свой пасільны ўнёсак у хлебны каравай краіны. Такіх на ўвесь рэгіён набралася ўсяго дзесяць чалавек — гэта жонкі і дачкі, маладыя спецыялісты і нават шматдзетныя мамы. Іх праца заслугоўвае павагі, а высокія вынікі ў бітве за ўраджай — нашай удзячнасці, — такімі словамі вітала жанчын-камбайнёраў Шклоўскага раёна дэпутат Палаты прадстаўнікоў і член праўлення Беларускага саюза жанчын Вольга Петрашова падчас Рэспубліканскай акцыі "Хлеб на далонях жанчыны", якая праходзіла на Магілёўшчыне. Усе працаўніцы атрымалі ў падарунак ад дэпутата і прафсаюзаў бытавую тэхніку, пасцельную бялізну, касметыку і кветкі, а таксама пажаданні поспехаў у працы і сямейнага дабрабыту.

У Шклоўскім раёне жанчыны-камбайнеры  працуюць  у  трох гаспадарках — ААТ "Амкадор-Шклоў", ЗАТ "Ніва" і ААТ "Гавяды-Агра". Муж і жонка Алена і Сяргей Галубцовы з ЗАТ "Ніва" за адным камбайнам ужо шостую ўборачную. За гэты час пачалі разумець адзін аднаго без слоў. "Жонка і гайку можа падкруціць, і ключ падаць — усё робім разам", — кажа муж.

"Жанчыне на камбайне няпроста, але чалавек да ўсяго прывыкае, таму і працуем  плячо  ў  плячо  не  першы  год," — кажа Алена.

У ААТ "Амкадор-Шклоў" працуюць 11 экіпажаў, з іх толькі адзін сямейны. Ужо другі тыдзень на палі гаспадаркі выязджаюць бацька і дачка Віталь Петрашэнка і Кацярына Крузьмер. Дзяўчына — будучы настаўнік фізкультуры, студэнтка трэцяга курса Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсі-тэта імя Аркадзя Куляшова. На ўборачнай ужо не пачатковец — трэці год на пасадзе камбайнёра. Віншаванні прымае з удзячнасцю: такая ўвага прыемна і натхняе на новыя перамогі ў бітве за ўраджай.

Шчаслівым і напружаная праца на камбайне падаецца лёгкай

"Працу ўжо ведаем, усё ладзіцца і атрымліваецца, — кажа Кацярына Крузьмер. — Сябры і знаёмыя нават не дзівяцца, што ўсё лета працую на камбайне. Адзінае, да чаго не пры-выкла — гэта ранні пад'ём: праца ідзе напружаная з 7 раніцы і да 10 вечара. Заробленыя грошы пакуль не марную: адкладваю, бо хачу купіць машыну. Правы ўжо ёсць, засталася справа за малым".

Дарэчы, ініцыятарам акцыі "Хлеб на далонях жанчыны" стала Мінская абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын. Да гэтага праекта, каб адзначыць работніц, якія нароўні з мужчынамі прымаюць актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі, далучыліся і іншыя рэгіёны краіны. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член Прэзідыума "Беларускі саюз жанчын" Лілія Ананіч таксама прыняла ўдзел у акцыі "Хлеб на далонях жанчыны". У аграгаспадарцы "Птушкафабрыка Вяляцічы" Барысаўскага раёна яна ўручыла падарункі перадавікам жніва — загадчыцы збожжавага склада Святлане Паўлавец і кіроўцу-"тысячніку" Пятру Іллюшэнку.

А на Вілейшчыне, да прыкладу, у складзе маладзёжнага экіпажа на палях ААТ "Алая заря" памочнікам камбайнёра працуе Карына Пагуда. Для выпускніцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа гэты ўборачны сезон першы. Але падтрымка ў яе надзейная — бо побач Ілля Чайкоўскі, які падтрымае і словам, і справай. З дэбютам на хлебнай ніве павіншавалі Карыну старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар, якая ўзначальвае раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын, старшыня Людзвінаўскаго сельскага савета Наталля Шавялёва і артысты Людзвінаўскага сельскага Дома культуры. З дыпломам і падарункам мала-дзёжны экіпаж вяртаўся ў кабіну камбайна — хлебная ніва чакаць не можа: ні зярнятка міма бункера — такую задачу ставіць перад усімі ўборачная.

На тым жа полі можна было сустрэць яшчэ адзін экіпаж, у якім на ўборцы ўраджаю задзейнічаны маладосць і вопыт. Зусім хутка Крысціна Прусава будзе распавядаць дашкалятам пра навакольны свет — у тым ліку, і як з'яўляецца на стале хлеб. І раскажа пра  тое  не  па  чутках — студэнтка педагагічнага ВНУ працуе на падмене ў тандэме з Валерыем Хамічом. "З абавязкамі памочніка спраўляецца", — гаворыць камбайнёр.

Ангеліне Андрэйкавец падабаюцца моманты любавання налітым коласам

Гэты гарачы мядовы месяц

Дэпутаты і прафсаюзы таксама пабывалі ў ААТ "Гавяды-Агра" Шклоўскага раёна, дзе на адным камбайне працуюць маладыя Яўген і Ангеліна Шэўчык. Яны зладзілі вяселле перад пачаткам масавай уборкі збожжавых. Аднак мядовы месяц закаханая пара вырашыла правесці не на марскіх узбярэжжах, а на бязмежных шклоўскіх палях за рулём камбайна.

У чым жа сакрэт іх сямейнага шчасця і сумеснай суладнай працы?

На уборачнай кампаніі ў ААТ "Гавяды-Агра" — кіруючая кампанія холдынгу маладыя людзі працуюць ужо трэці год. Калі на двух мінулых жнівах яны значыліся як маладзёжны змешаны экіпаж, то сёлета сталі яшчэ і сямейным. Яўген Шэўчык працуе ў гаспадарцы механізатарам. Сваю справу ведае і, па словах кіраўніцтва, ніколі не падводзiць. "Праца ўсюды аднолькавая, і патрабаванні да яе выканання таксама,  —  лічыць    малады   сем'я-нін. — Галоўнае не ленавацца і рабіць сваю справу добрасумленна, тады і зарплата будзе добрая, і ў калектыве заслужыш павагу ".

Яўген Шэўчык не мясцовы, ён прыехаў з Брэстчыны. Тут знайшоў працу і сустрэў свой лёс. У Ангеліны ў ААТ "Гавяды-Агра" ў свой час працаваў бацька, а маці і цяпер працуе ў гаспадарцы дыспетчарам. Спачатку хлопец стаў добрым сябрам сям'і, а потым ужо разгледзеў у дзяўчыне сваю адзіную. "Гэта мой чалавек, як кажуць, роднасная душа, адразу прыкіпеў да Ангеліны ўсім сэрцам, — прызнаецца малады чалавек. — Яна адна на мільён: добрая, разумная, заўсёды падтрымае ў любой сітуацыі".

Калі ў гаспадарцы хлопцу прапанавалі сесці за руль камбайна, ён узяў да сябе ў памочнікі будучую жонку, і гэта нават не абмяркоўвалася. У той час Ангеліна Андрэйкавец была студэнткай Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Працаваць камбайнёрам не спалохалася, а наадварот, вырашыла паспрабаваць нешта новае. "Тры гады таму я зусім нічога не ведала: ні як чысціць і прадзьмухваць тэхніку, ні як сачыць за працэсам уборкі збожжа, — успамінае дзяўчына. — Тым больш панічна баялася вышыні — на камбайн трэба было неяк залазіць. І ўсе страхі і сумневы ў мінулым: напрацавала добры вопыт, ды і муж падтрымлівае".

Цяпер дзяўчына працуе па размеркаванні настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі Кармы Гомельскай вобласці. Застаўся год адпрацоўкі, але такі тэрмін маладых не палохае — час праляціць хутка. Сужонкам вы-дзелілі дом,  які муж і жонка ўжо пачалі ўладкоўваць. На прэмію за ўборку ўраджаю купяць у залу вялікую канапу. Іншую частку заробленых грошай адкладуць у сямейны бюджэт. Завесці гаспадарку таксама плануюць.

Да  новага  сямейнаму  статусу  Ангеліна  яшчэ  не  прывыкла,  але  кажа, што  з  мужам  ёй  вельмі  пашанцавала. "Я  параўноўваю  яго  з  іншымі  хлопцамі і кожны раз пераконваюся, што такіх больш няма, — расказвае  дзяўчына. — Мы многа размаўляем, прыслухоўваемся адзін да аднаго і ўсё вырашаем разам. Жэня — мой першы памочнік ва ўсіх справах. Калі трэба і прыгатуе, і ў доме прыбярэ. Праца на ўборачнай нас аб'ядноўвае яшчэ мацней — адзін аднаму не надакучаем, гэта дакладна. Тым больш сёлетняя ўборачная стала для нас сапраўдным мядовым месяцам: па-іншаму не атрымліваецца, бо ў аграрыяў адпачынак зімой, а ў педагогаў — улетку. Вырвацца з працы і разам адпачыць у іншы час складана, але ў нас яшчэ ўсё наперадзе".

На пытанне, у чым сакрэт сямейнага шчасця, маладыя усміхаюцца і переглядваюцца. "Галоўнае, усё рабіць разам — і працаваць, і адпачываць, — упэўнены Яўген Шэўчык. — А яшчэ заўсёды  ісці  на саступкі  і  размаў-ляць. Канфліктаваць, сварыцца і таіць крыўду нельга. Такія паводзіны да дабра не давядуць. Трэба выгаворвацца, а не маўчаць. Калі выконваць гэтыя простыя правілы, можна і да старасці дажыць у ладзе ды згодзе".

Алена Андрэйкавец, мама Ангеліны, зяцем вельмі задаволеная. "Жэня мне як другі сын, добры і спакойны, заўсёды  дапаможа, — кажа  жанчы-на. — Цяпер такіх добрых дзяцей ма-ла — напэўна, дастаўся мне ад жыцця ва ўзнагароду. І я адказваю тым жа — падтрымліваю  і  дапамагаю. У мяне трое дзетак, я люблю і шкадую і сваіх, і чужых. Маладым заўсёды працягну руку дапамогі: калі трэба, падкажу штосьці па працы, пагавару ласкава. Можа, і маім дзецям у жыцці гэта вернецца — таксама побач будуць добрыя людзі".

"У нас у гаспадарцы ўсе людзі як на падбор — станоўчыя і працавітыя, — кажа старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Інга Гаранская. — Мы іх падтрымліваем, дапамагаем і, вядома ж, стымулюем матэрыяльна. Так, сярэдняя зарплата за 2020 год склала Br1,75 тыс. у акцыянерным таварыстве працуюць 210 чалавек. Акрамя добрай зарплаты і напоўненага калектыўнага дагавора, людзі забяспечаны на ўборачнай бясплатнымі абедамі і вячэрамі, а таксама дадатковым за-ахвочваннем — штомесячнымі харчовымі пакетамі. Калі чалавек працуе звыш нормы, кошт харчовага пакета можа даходзіць да Br120 у месяц. пры выхадзе на пенсію нашым работнікам выплочваецца па 1 базавай велічыні за кожны адпрацаваны ў гаспадарцы год".

Па словах дырэктара ААТ "Гавяды-Агра" Валерыя Ізмайловіча, асноўную выручку грашовых сродкаў гаспадарцы прыносіць прадукцыя жывёлагадоўлі. Сёння з трох малочна-таварных комплексаў рэалізуецца 35 т малака ў суткі. Аднак у планах расціць аб'ёмы да 40 т: кошты растуць, і для ўстойлівага развіцця прадпрыемства неабходна ісці ў нагу з часам і пастаянна ўдасканальвацца. Для дасягнення пастаўленых мэтаў у гаспадарцы будуць паляпшаць генетыку пагалоўя і ўдасканальваць кармавую базу.

"Сёння мы ўваходзім у пяцёрку самых буйных гаспадарак Шклоўскага раёна, — кажа Валерый Імайловіч. — Не адстаем і па ўборцы збожжавых."

Міхаліна Чаркашына

Па матэрыялах БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».