Вы тут

Калі філасофскія развагі і лірычны настрой спалучаюцца разам


Экспазіцыя твораў са шкла заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Мурахвера, якую прадставіў Нацыянальны мастацкі музей, здзівіла сваім арыгінальным зместам.


Гэтая выстава прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння аўтара. На ёй пераважна дэманструюцца вырабы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Мурахвер мае дачыненне да той плеяды творцаў, якія — кожны ў сваёй сферы — на доўгія гады вызначылі магістральныя шляхі развіцця нацыянальнай культуры. У 1959 гозе пасля заканчэння Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя Веры Мухінай ён быў накіраваны на знакаміты беларускі шклозавод "Нёман". Вытворчасць тут славілася даўнімі, яшчэ з ХІХ стагоддзя, традыцыямі шклаварэння і вопытнымі майстрамі-шкловыдзімальнікамі, гатовымі рэалізоўваць самыя смелыя ідэі. Менавіта з прыходам прафесійных мастакоў пачаўся росквіт мастацкага шкла ў Беларусі як самастойнага віду мастацтва з уласнымі выразнымі сродкамі. А гэта значыць, што на першы план выходзілі аўтарскі пачатак, індывідуальная эстэтычная канцэпцыя, эксперымент.

Вядома, ва ўмовах завадской вытворчасці свабода творчасці не бязмежная. Тут не месца для "мастацтва дзеля мастацтва", абсалютна адарванага ад рэальнасці. Мастаку даводзіцца думаць не толькі аб увасабленні сваіх арыгінальных ідэй, але і аб тыражаванні, масавым вырабе прадукцыі па распрацаваных ім узорах. Гэта значыць дбаць не толькі пра "ўзвышанае", але і пра "зямное". Аднак для такіх майстроў, як Уладзімір Мурахвер, гэта былі не паралізуючыя кайданы, а выклік, які патрабуе асаблівых крэатыўных рашэнняў, які дае дадатковы імпульс для творчага пошуку.

Адметным з'яўляецца тое, што Уладзіміру Мурахверу ўдалося знайсці шчаслівую гарманічную раўнавагу паміж утылітарнай і дэкаратыўнай функцыямі шкла — здольнасць ператвараць прадметы ўжытку ў сапраўдныя творы мастацтва. Менавіта ён стаў адным з першых мастакоў-наватараў, якія перамянілі беларускае шклароб-ства, можна сказаць, здзейснілі ў ім рэвалюцыю. Уладзімір Мурахвер зыходзіў з самой прыроды матэрыялу, не скажаючы яе, а імкнучыся перадаць розны стан шкла, яго зменлівасць і пластычнасць, прадэманстраваць прыгажосць колеру і фактур, гульню святла, рух масы.

Асновай для першых эксперыментаў Уладзіміра Мурахвера стала традыцыйная найстаражытная гутная тэхніка, у якой майстар з дапамогай спецыяльнай трубкі выдзімае расплаўленую да тэмпературы больш за 1000 градусаў шкляную масу, надаючы ёй форму за кароткі час, пакуль яна не астыла, нібы ўтаймоўваючы вогненную "лаву". Творчасць мастака ў тандэме са шкловыдзімальнікам, які ўвасабляе яго ідэі, заўсёды ўтрымлівала элемент імправізацыі, і нямала выяўленчых рашэнняў прыйшло да майстра непасрэдна ў самім працэсе працы.

Творы, выкананыя ў гутнай тэхніцы, нясуць асаблівы эмацыйны зарад, бо гэта ў літаральным сэнсе — застылае імгненне, матэрыялізацыя чалавечага дыхання. А сваё захапленне працай шкловыдзімальнікаў, якая ў чымсьці падобная чараўніцтву, магіі, Уладзімір Мурахвер выказаў у мностве твораў са стылізаванымі выявамі гэтых майстроў, якія нагадваюць часам музыкаў з мудрагелістымі духавымі інструментамі.

На працягу ўсяго жыцця ён шмат эксперыментаваў з рознымі тэхнікамі, бо творчасць мастака, які працуе са шклом, — гэта бесперапынны пошук не толькі новых вобразаў, але і наватарскіх прыёмаў, арыгінальных спосабаў аздаблення матэрыялу. Вядома ж, такія эксперыменты не былі для Улазі-міра Мурахвера самамэтай, а падпарадкоўваліся яго галоўнаму імкнен-ню — жаданню стварыць прадмет, які не абмежаваны яго ўтылітарным прызначэннем, а ператвараецца ў арт-аб'ект.

Напрыклад, нават самыя традыцыйныя "посудныя" формы ў многіх творах майстра відазмяняюцца. Ён "адгадваў" у абрысах сасудаў для піцця чалавечыя фігуры і асобы. Людзі, анёлы, монстры — улюбёныя вобразы мастака.

Яшчэ адна крыніца натхнення для Уладзіміра Мурахвера — прырода: жывёлы і птушкі, "раслінныя" фактуры і, вядома ж, натуральныя колеры — адценні зялёнага, сіняга, карычневага, чырвонага... Але якія б вобразы ён не ўвасабляў у шкле — нават калі гэта фігуры людзей або жывёл — гэта не проста "рэалістычны" малюнак, а заўсёды нейкі знак, сімвал. Філасофскае разважанне, лірычны настрой, выказаныя ў шкле, гратэск — здаецца, гэтаму мастаку было падуладна ўсё.

Без сумневу, Уладзімір Мурахвер выпрацаваў свой адметны аўтарскі почырк, стварыў уласны ўнікальны мастацкі свет. І разам з тым ён стаяў ля вытокаў фарміравання асаблівага стылю "нёманскага" шкла, быў адным з тых мастакоў, чые творы, створаныя на "Нёмане", сталі вядомымі і шанаванымі далёка за межамі Беларусі, такім жа прадметам нацыянальнага гонару, як, напрыклад, муранскае шкло ў Італіі або багемскі крышталь у Чэхіі.

Сам ён быў родам з невялікага гарадка Ананьева, што ў Адэскай вобласці. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у Ташкенцкім рэс-публіканскім мастацкім вучылішчы. Так, у 1959-м скончыў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя Мухінай, дзе яго педагогам быў вядомы мастак Барыс Смірноў. У тым жа годзе пачаў працаваць на шклозаводзе "Нёман" у горадзе Бярозаўцы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1963 па 1975 год быў галоўным мастаком гэтага вядомага на ўвесь Савецкі Саюз прадпрыемства. Многія яго творы ўзнагароджваліся медалямі і дыпломамі СССР і Беларусі. У 1979-м мастак атрымаў залаты медаль Міжнароднага трыенале шкла і фарфору ў чэшскім горадзе Яблонец-над-Нісай. У 1990 годзе сярэбраным медалём Акадэміі мастацтваў СССР была ўзнагароджана яго дэкаратыўная кампазіцыя "Вандроўнікі. Мір таму, хто ўваходзіць".

Варта мець на ўвазе, што дыяпазон творчасці Уладзіміра Мурахвера ахопліваў шырокае кола інтарэсаў. Безумоўна, ён стаяў ля вытокаў новага стылю "нёманскага" шкла — беларускага мастацкага шкла другой паловы ХХ — пачатку XXІ стагоддзя. Майстру была ўласцівая вялікая любоў і бязмежная адданасць гэтаму матэрыялу, бездакорнае валоданне прафесійнымі навыкамі, вялікая мастацкая культура. Сёння пра яго ведаюць як пра аўтара шматлікіх узораў для масавай вытворчасці і стваральніка ўнікальных выставачных твораў, напоўненых жывым пачуццём і думкай аб свеце, аб прыродзе, аб чалавеку. Акрамя таго, кожная праца гэтага мастака — своеасаблівае даследаванне шкла, адкрыццё яго таямніц.

Зрэшты, разам са шклом Уладзімір Мурахвер актыўна займаўся жывапісам і графікай. Будучы таленавітым майстрам, ён і ў гэтых відах мастацтва здолеў ўвасобіць глыбокія вобразы, новыя ідэі і значныя сюжэты. Нездарма творы Уладзіміра Мурахвера знаходзяцца ў зборах многіх музеяў  Беларусі, а таксама ў прыватных ка-лекцыях у замежных краінах.

Да ўсяго, трэба абавязкова адзначыць, што важнай і адказнай для Уладзіміра Мурахвера з'яўлялася грамадская дзейнасць. У 1969 годзе па яго ініцыятыве і пад яго кіраўніцтвам у Бярозаўцы пачала працу дзіцячая студыя выяўленчага мастацтва, якая пастаянна ўдзельнічала ў рэспубліканскіх выставах дзіцячай творчасці. Інакш кажучы, мастак заўсёды здзіўляў невычэрпнасцю жыццёвай энергіі як у творчасці, так і ў звычайным жыцці.

Веніямін Міхееў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.