Вы тут

Качанава: 17 верасня — гэта яшчэ і сімвал перамогі для тых, хто хоча бачыць Беларусь мірнай, моцнай і незалежнай


Аб гэтым заявіла Старшыня Савета Рэспублікі падчас круглага стала на тэму «Дзень народнага адзінства — як сімвал кансалідацыі беларускага народа», які праходзіць сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.


Адкрываючы круглы стол, Наталля Качанава звярнула ўвагу яго ўдзельнікаў, што 17 верасня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства і яго сэнс:

— Дзень народнага адзінства асабліва значны для нас як для суверэннай дзяржавы, якая самастойна вызначае шлях свайго гістарычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця, ажыццяўляе незалежную шматвектарную знешнюю палітыку на аснове добрасуседства, узаемапавагі і неўмяшання ва ўнутраныя справы, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. 
Дата 17 верасня заўсёды была для беларусаў значнай датай. У якасці пацвярджэння — назвы вуліц і плошчаў у самых розных кутках нашай краіны. 

— Дзень народнага адзінства знойдзе шчыры і шырокі водгук у сэрцах нашых людзей і яго будуць трапятліва адзначаць яшчэ многія пакаленні беларусаў, бо ён непарыўна звязаны з асаблівымі для нас гістарычнымі падзеямі, — выказала ўпэўненасць Наталля Качанава.

Яна нагадала, што восенню 1939 года беларускі народ, раней быў гвалтоўна падзелены, каб дагадзіць чужым кан’юнктурным палітычным інтарэсам, уз’яднаўся ў рамках Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Наталля Качанава прывяла словы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «памяць аб гэтай падзеі жыве ў сэрцах беларусаў, таму што яно стала актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі».

— Менавіта таму 17 верасня стаў важным днём у гісторыі беларускай дзяржавы і беларускай нацыі, своеасаблівай адпраўной кропкай для новага адліку беларускай дзяржаўнасці, — пераканана яна. 

Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на тым, што суверэнітэт Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальныя інтарэсы — непахісны прыярытэт дзяржавы. Але не ўсім гэта падабаецца, кажа яна.

— Спробы расхістаць сітуацыю ў краіне прымаліся неаднаразова. Падзеі 2020 года ў чарговы раз прадэманстравалі ўсім нам, наколькі крохкі мір і парадак, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. — Але мы, з’яднаўшыся вакол нашага лідара, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, змаглі пераадолець пагрозы каляровай рэвалюцыі. Мы не дапусцілі дэстабілізацыі дзяржаўных інстытутаў і абрушэння эканомікі.

Наталля Качанава адзначыла, што гэта дата — яшчэ і сімвал перамогі для тых, хто хоча бачыць Беларусь мірнай, моцнай і незалежнай.

— У Год народнага адзінства нам неабходна канчаткова зразумець: незалежнасць краіны залежыць ад кожнага з нас. Захаваць суверэнітэт, спакойнае і стваральнае жыццё на сваёй зямлі — наш святы абавязак, — падкрэсліла яна. — Калі мы хочам жыць у міры і дабрабыце, то павінны зрабіць усё магчымае для развіцця і росквіту роднай Беларусі. 

Яна пажадала ўсім удзельнікам круглага стала канструктыўнай і плённай работы. 

Гістарычная пераемнасць і сувязь з сучаснасцю

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь раскрыў тэму ўзяднання Заходняй Беларусі з БССР як акта гістарычнай справядлівасці. 

Ён адзначыў, што для беларусаў уз’яднанне народа восенню 1939 года зяўляецца вельмі значнай падзеяй. 

— Яна набывае вельмі важнае гучанне ў сувязі з тымі падзеямі, якія, на жаль, адбыліся ў нашай краіне ў 2020 годзе, калі рэалізоўвалася спроба дзяржаўнага перавароту, так званая каляровая рэвалюцыя. І толькі дзякуючы таму, што большасць нашага народа аб’ядналася вакол нашага лідара Аляксандра Лукашэнкі, удалося пераадолець гэтую спробу, выстаяць у гэтым націску разам. Таму нездарма ў нас і Год народнага адзінства, і вызначаны ўказам Прэзідэнта Дзень народнага адзінства менавіта 17 верасня, — лічыць Вячаслаў Данілавіч.

Паводле яго слоў, вельмі важна, каб любая святочная дата ў нашай гісторыі мела магутную гістарычную аснову. 

— Калі мы з вамі паглядзім на гісторыю Беларусі ў цэлым, то самы яскравы момант ва ўз’яднанні нашага народа адбыўся менавіта восенню 1939 года. На жаль, па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы, якая стала вынікам савецка-польскай вайны, Заходняя Беларусь была ўключана ў склад польскай дзяржавы. Фактычна адзін народ, беларусы, быў падзелены на дзве часткі. І таму для нас, грамадзян Рэспублікі Беларусь, уз’яднанне народа восенню 1939 года — гэта значная падзея. Вельмі важна, што менавіта сёлета прынята рашэнне аб тым, што Дзень народнага адзінства будзе адзначацца 17 верасня. Тут і гістарычная пераемнасць, і сувязь з сучаснасцю — тое, што адбываецца на сённяшні дзень у геапалітычнай прасторы, — адзначыў рэктар.

Выхоўваць патрыятызм з дзяцінства

З тым, што дата 17 верасня ў гісторыі краіны — адна з найважнейшых вех, перакананы і міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА. Значэнне Дня народнага адзінства складана пераацаніць, адзначыў ён у сваім выступленні на круглым стале. 

— 17 верасня — важная дата ў нашай гісторыі. І асэнсаванне тых падзей, фарміраванне ўмення прасочваць сувязь гісторыі і сучаснасці з’яўляюцца найважнейшымі задачамі выхавання і адукацыі моладзі, — адзначыў ён, таму значэнне новага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства — складана пераацаніць. 

Міністр адзначыў, што профільнае міністэрства, як важны інстытут сацыялізацыі асобы, аператыўна ўключылася ў падрыхтоўку святкавання Дня народнага адзінства праз усе інстытуты сістэмы адукацыі, якія павінны спрыяць фарміраванню ў школьнікаў, студэнтаў, навучэнцаў пачуцця патрыятызму і развіццю светапоглядных перакананняў.

Ігар Карпенка расказаў, што17 верасня ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць урокі, прысвечаныя Дню народнага адзінства. 

— Урокі пройдуць у розных формах — дыялогавых пляцовак, круглых сталоў, канферэнцый, — патлумачыў ён. — Для гэтага распрацаваны адпаведныя метадычныя рэкамендацыі, абноўленыя навучальныя дапаможнікі. У 10-11 класах пройдуць урокі, якія ўжо будуць абапірацца на веды, атрыманыя пры вывучэнні курсу гісторыі ў папярэдніх класах. Куратарскія гадзіны па дадзенай тэматыцы пройдуць у вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных установах.

Міністр адзначыў, што ў Беларусі будзе працягнуты інфармацыйна-адукацыйны праект ШАГ (Школа актыўнага грамадзяніна), ключавая ідэя якога сёлета — расказаць вучням пра найважнейшыя дасягненні суверэннай Беларусі за гады яе незалежнасці.

Галоўная місія — кансалідацыя моладзі

Аб ролі моладзі ў фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму ўдзельнікам круглага стала расказаў першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага саюза моладзі Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ. 

— Патрыятызм для нашага саюза — не абстрактнае паняцце, — кажа ён. — Каб стаць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны неабходна з ранніх гадоў вызначыць свае погляды на жыццё, умацаваць сваю жыццёвую пазіцыю праз свае ўчынкі і дзеянні.

Лідар саюзнай моладзі сцвярджае, што БРСМ сёння — гэта хрыбет дзяржаўнай моладзевай палітыкі нашай краіны, адна з самых шматлікіх арганізацый Беларусі, якая выконвае сваю галоўную місію — кансалідуе беларускую моладзь. 

Аляксандр Лук’янаў з жалем канстатаваў, што сёння ствараць агульначалавечыя арыенціры, фарміраваць станоўчыя ўстаноўкі і дзяржаўныя каштоўнасці ў моладзі даводзіцца ў жорсткіх умовах барацьбы за розумы маладых, а значыць, — за розумы і светаўспрыманне заўтрашніх больш дарослых грамадзян, будучае краіны. 

Улічваючы агульную тэматыку круглага стала, лідар беларускай моладзі падзяліўся некаторымі ініцыятывамі БРСМ у Год народнага адзінства.

Першая, у прыватнасці, датычыцца кансалідацыі вядучых арганізацый краіны патрыятычнай накіраванасці.

— Мы адзіны, мы моцныя, мы разам, — падкрэсліў Аляксандр Лук’янаў.

Другая скіравана на рэалізацыю маштабных праектаў:

— Мы імкнёмся кожнаму ўдзельніку ўручыць адзін з галоўных сімвалаў нашай краіны — Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. І ведаеце, усе з вялікім задавальненнем прымаюць такія падарункі. Раздалі больш за 10 тысяч сцягаў — ніводзін не адмовіўся! — падкрэсліў выступоўца. 

Кажучы аб канкрэтных прыкладах, Аляксандр Лук’янаў адзначыў, што зараз у Мінску праходзіць рэспубліканскі форум студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства», у якім прымае ўдзел больш за 700 удзельнікаў працоўнага руху з усіх рэгіёнаў Беларусі. 

— Сёння ў Палацы Рэспублікі збярэцца самы вялікі ў гісторыі зводны студэнцкі атрад — тры тысячы чалавек, — падкрэсліў ён.

Вяртаючыся да гістарычнага факта ўзяднання дзвюх частак Беларусі, маладзёжны лідар адзначыў, што мір, шчасце, братэрства народа — вось што трэба ўсім нам на гэтым свеце. І разуменне гэтага гістарычнага факта зробіць прышчэпку сучаснаму пакаленню і сфарміруе фундамент і перадумовы для ўстойлівага развіцця краіны. 

Напрыканцы Аляксандр Лук’янаў акцэнтаваў увагу: апаненты павінны ведаць, што ў краіне ёсць дастатковая колькасць патрыётаў, маладых грамадзян, здольных захаваць і ўмацаваць курс пераемнасці.

Калі мы страцім адзінства — мы страцім народ і дзяржаву

У кансалідацыі грамадства адну з важных роляў адыгрываць і нацыянальныя супольнасці. 

Менавіта яны дапаўняюць культуру і традыцыі нашага народа, адзначыў у гутарцы з журналістамі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр РУМАК.

— Аб народным адзінстве мы павінны казаць праз прызму шматнацыянальнасці і шматканфесійнасці нашага народа, — адзначыў ён. — Таму што адвеку на беларускай зямлі жывуць прадстаўнікі шматлікіх нацыянальнасцяў. Паводле даных перапісу, гэта 156 нацыянальнасцяў. І, вядома, усе нацыянальныя супольнасці дапаўняюць культуру і традыцыі нашага народа. Вельмі важна, што кожны чалавек, які прыязджае на беларускую зямлю, набывае тут для сябе дом.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў падкрэсліў, што на беларускай зямлі няма канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе. 

— Беларусь з’яўляецца прыкладам не толькі для краін постсавецкай прасторы, але і для краін далёкага замежжа, — адзначыў ён. — Я думаю, што тая ўвага, якая нададзена даце 17 верасня сёлета, вяртае нас да гісторыі, і яшчэ раз прымушае задумацца над тым, як важна захоўваць адзінства беларускага народа, не дапускаць разладаў ці па палітычных, рэлігійных, нацыянальных матывах. Таму што, калі мы страцім гэтае адзінства, тады мы страцім свой народ, сваю дзяржаву.

Сімвал непахіснасці тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі

Адным з ключавых момантаў работы круглага стала прыняцце выніковай рэзалюцыі яго ўдзельнікамі. 

У дакуменце адзначаецца, што ўз’яднанне восенню 1939 года Заходняй Беларусі з БССР стала найважнейшым крокам на шляху да незалежнасці і суверэннага развіцця сучаснай Беларусі. Як адзначыў падчас цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, што адбылася днямі, Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, «памяць аб гэтай падзеі жыве ў сэрцах беларусаў, таму што яна стала актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі. 17 верасня сімвалізуе непахіснасць тэрытарыяльнай і этнічную кансалідацыю беларускай нацыі»

Удзельнікі круглага стала адзначылі ў выніковым дакуменце, што ўмацаванне адзінства народа Беларусі і дасягненне грамадскай згоды з’яўляюцца сёння вызначальнымі фактарамі далейшага паступальнага развіцця краіны, а захаванне гістарычнай памяці — прыярытэтнай задачай для палітыкаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, бо ўсё гэта сёння выказвае маральны дух народа Беларусі, нацэленага вырашаць найважнейшыя гістарычныя задачы.

У выступах удзельнікаў падкрэслівалася, што ў краіне праводзіцца паслядоўная дзяржаўная палітыка па ўмацаванні міру і фарміраванні духоўнага адзінства беларускага грамадства.

Усебакова абмеркаваўшы актуальныя праблемы захавання гістарычнай памяці пра падзеі, якія адносяцца да ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай у 1939 годзе, іх значнасць для кансалідацыі беларускага грамадства і дзяржавы ўдзельнікі круглага стала лічаць мэтазгодным адзначыць наступнае:

  • згуртаванасць, салідарнасць і паразуменне беларусаў, аб’яднаных гісторыяй, традыцыямі, культурай і агульным духам павагі і роўнасці, заўсёды былі галоўнымі каштоўнасцямі для нашага народа;
  • сімвалам адзінства беларускай нацыі, які назаўжды замацаваўся ў яе гістарычнай традыцыі, з’яўляецца дата 17 верасня 1939 года — у гэты дзень пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі, у выніку якога была адноўлена гістарычная справядлівасць у дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921-м умовамі Рыжскай мірнай дамовы;
  • глыбока заканамерна, што менавіта дата 17 верасня вызначана ў якасці дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства, які павінен стаць магутным каталізатарам актывізацыі беларускай палітыкі памяці, надаць ёй дадатковы імпульс.

Аўтары рэзалюцыі падкрэсліваюць, што сёння Дзень народнага адзінства ўвасабляе непахіснасць тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі, нязломнасць нашай дзяржаўнасці, згуртаванасць і падтрымку курсу Кіраўніка дзяржавы па абароне нацыянальных інтарэсаў і ўмацаванні грамадзянскай згоды.

Удзельнікі круглага стала лічаць важным з улікам істотнага ўзрастання ролі гістарычнай памяці, неабходнасці процідзеяння спробам яе скажэнні і фальсіфікацыі, усяляк падтрымліваць і рэкамендаваць:

  • арганізацыю грамадскіх ініцыятыў і тэматычных мерапрыемстваў, навуковых праектаў, накіраваных на зберажэнне гістарычнай памяці аб падзеях 1939 года, умацаванне ў грамадстве іх асаблівай сацыяльна-палітычнай значнасці для гістарычнага лёсу беларускага народа, умацавання беларускай дзяржаўнасці, а таксама беларускай нацыянальнай канцэпцыі гістарычнага мінулага краіны і беларускай мадэлі памяці;
  • абмеркаванне важных грамадска-палітычных тэм, звязаных з Днём народнага адзінства, пры правядзенні дыялогавых пляцовак з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці;
  • публікацыю на сістэмнай аснове інфармацыйна-асветніцкіх матэрыялаў, прымеркаваных да святкавання Дня народнага адзінства, якія прапагандуюць уз’яднанне Беларусі ў верасні 1939 года як акт гістарычнай справядлівасці, а таксама накіраваных на пераемнасць пакаленняў, нязломнасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці;
  • правядзенне на пастаяннай аснове з удзелам членаў Савета Рэспублікі анлайн-канферэнцый, семінараў, маладзёжных акцый, тэматычных класных гадзін, круглых сталоў і іншых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дню народнага адзінства, ва ўстановах адукацыі;
  • фарміраванне сэнсаў і акцэнтаў тэматыкі Дня народнага адзінства ў Беларусі, накіраваных на кансалідацыю грамадзян краіны, у замежным дыскурсе, з улікам практыкі дзён народнага адзінства ў многіх краінах свету.

— Удзельнікі круглага стала звяртаюцца да ўсіх, хто неабыякавы да лёсу Айчыны, хто любіць Беларусь: прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць галоўную каштоўнасць — наша адзінства і згуртаванасць народа, мір і спакой на беларускай зямлі. У гэтым сіла суверэннай Беларусі і заклад яе квітнеючай будучыні, — зачытаў выніковы тэкст рэзалюцыі першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй КУНЦЭВІЧ. 

Гісторыю краіны піша народ

Падводзячы вынікі круглага стала спікер Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА акцэнтавала ўвагу на тым, што ў сучасным свеце вельмі важна адзінства народа і нацый. 

— Я ўпэўненая, што Дзень народнага адзінства павінен быць такім святам, які будуць святкаваць не толькі пакаленні сучаснасці, але і тыя пакаленні, якія будуць ісці за намі. Таму што гэта наша гісторыя, нашы карані. І таму, што ў сучасным свеце вельмі важна адзінства народа, нацыі, суверэнітэт краіны, — падкрэсліла Наталля Качанава.
Яна адзначыла, што ў краіне ідзе маштабная падрыхтоўка да свята, якія мерапрыемствы праводзяцца і з якой цікавасцю. 

— Прычым гэтая цікавасць не столькі людзей старэйшага пакалення, якім, як правіла, цікавая гісторыя сваёй краіны. Але гэта цікава і маладым людзям, якія, магчыма, некаторыя факты ў гісторыі нашага народа і нашай краіны і не ведаюць, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента.

Яна звярнула ўвагу: гісторыю краіны піша народ. 

— Але мы павінны пісаць яе праўдзіва для таго, каб праз шмат пакаленняў або праз дзесяцігоддзі — 10, 20, 30, 50 — казалі праўду пра той час, у якім мы жывем. І мы разумеем, як важна захаваць гэтую гістарычную праўду. Важна, што сёння захаваліся арыгіналы дакументаў. І іх мы бачым на выставах, якія сёння разгарнуліся па ўсёй краіне. Безумоўна, гэта важна, — рэзюмавала яна.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».