Днямі ва ўзбекскім горадзе Хіва прайшоў міжнародны культурны форум «Цэнтральная Азія на перакрыжаванні сусветных цывілізацый». Удзел у ім прыняла і карэспандэнт сеткавага выдання zviazda.by.
Першы дзень у Хіве — пагружэнне ў гісторыю горада. Гэта не проста экскурсія, гэта прэзентацыя шматграннай культуры рэгіёна. Невялікія тэатралізаваныя пляцоўкі, якія размясціліся на тэрыторыі цытадэлі Ічан-Кале, увечары аб’ядналіся ў адзін вялікі перфоманс. На працягу дзвюх гадзін у рэжыме нон-стоп на сцэне пад адкрытым небам з’яўляліся ўзбекскія танцавальныя калектывы, акцёры, спевакі. Завяршыла канцэрт-прэзентацыю фінальная кампазіцыя ў выкананні міністра культуры Узбекістана Азадбека Назарбекава.
У цырымоніі адкрыцця форуму прынялі ўдзел высокія госці: віцэ-прэм’ер Узбекістана Азіс Абдухакімаў, міністр культуры Узбекістана Азадбек Назарбекаў, мэр горада Хіва Цямур Даўлетаў, намеснік дырэктара сацыяльна-гуманітарных даследаванняў ЮНЕСКА Габрыэла Рамас і, канешне, каля 500 гасцей форума. Геаграфія ўдзельнікаў, як і іх колькасць, неверагодная. На форум прыехалі прадстаўнікі 62 краін свету, пачынаючы з суседзяў Узбекістана — Таджыкістан, Кыргызстан, Казахстан — да краін Афрыкі і Еўрасаюза. Сярод іх і прадстаўнікі Беларусі.
Як заявіла намеснік генеральнага дырэктара сацыяльна-гуманітарных даследаванняў ЮНЕСКА Габрыэла Рамас напачатку форуму, «Цэнтральная Азія — гэта мост паміж Усходам і Захадам. Нягледзячы на нестабільнасць у Аўганістане, сітуацыю з COVID-19 у свеце, мы працягваем супрацоўніцтва. Любы крызіс, безумоўна, ускладняе ўстойлівасць развіцця, але ж рух наперад ўсё роўна адбываецца. У Хіве мы шукаем адказы на тыя выклікі, з якімі зараз сутыкаецца чалавецтва».
Мова культуры — універсальная. На ёй можа размаўляць кожны і разумее яе таксама кожны, незалежна ад месца жыхарства, нацыянальнасці і веравызнання. Вялікая колькасць навукоўцаў, даследчыкаў, пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў сваімі рознабаковымі выступленнямі гэта яшчэ раз даказала.
Праблематыка акрэслена, напрамкі супрацоўніцтва абмеркаваны, прынята дэкларацыя. Удзельнікі форуму раз’ехаліся ў розныя куткі свету з незабыўнымі эмоцыямі і новымі ведамі.
Працяг дыялогу і далейшае супрацоўніцтва абавязкова будзе!
Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ
Фота аўтара
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.