Вы тут

Вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў


Ва ўсім вінаваты стрэлачнік...

Кажуць, што мы, дзядулі-бабулі, унукаў любім больш, чым дзяцей. Можа, і сапраўды. Вось нашай маленькай яшчэ і года няма, а ўжо ж як яна поўзае, як першыя крокі спрабуе зрабіць, як узіраецца ў мяне сваімі вачанятамі! Здаецца, зараз вось нешта скажа!..

Бацькі ёй цацак накуплялі цэлы вагон! Яны і мяўкаюць, і мукаюць, і спяваюць, і свецяцца, а малой ужо нецікава. Ёй новыя падавай?

У маім маленстве ўсё іначай было. Гэта цяпер пасля родаў жанчына тры гады можа з дзіцем сядзець. А калі я з’явіўся на свет, мама хутка пайшла на работу: трэба было зарабляць працадні... Бацькі таксама дома не было. Мяне аднаго пакідалі. Калі трошкі падрос, садзілі на падаконнік, да яго, каб не зваліўся, прыстаўлялі стол. Я адтуль глядзеў, што робіцца на вуліцы. Насяджуся, бывала, нагляджуся, і там жа засну. Мама з работы прыбяжыць — нечым пакорміць. А цацка адна была, самаробная: ці то заяц, ці то ліса? Ужо не ў памяці.

А вось як з’явілася мая сястра, помню: я часта калыхаў яе і аднойчы так разгайдаў калыску, што яна перакулілася, я ўдарыўся аб рог стаяка і моцна разбіў галаву. Акрываўлены, з плачам выбег на ганак. Пра сястру пад калыскай нават не падумаў... Шчасце, што нехта з суседзяў пачуў мой плач, і дзіця ўратавалі.

Але ж расказаць я хацеў пра іншае — пра бабу Моцю, якая пераехала да нас ажно з Украіны і прывезла з сабой цуд-тэхніку — сапраўдны барометр.

...У тое лета ён часта прадказваў дождж, прычым паводле прымаўкі: не тады, як просяць, а тады, як косяць, і людзі проста прычакаць не могуць хоць нейкага прасвятлення, каб высушыць сена. Дык вось, неяк раз наш барометр паказаў «ясна». Баба Моця з той вялікай радасці аббегала ўсіх найбліжэйшых суседзяў: «Пагода!»...

Людзі давай растрасаць свае копы... А тут — скуль ні вазьміся — хмара... І гэтакі лівень!

Сена ніхто не ратаваў: сэнсу не мела...

Не ў памяці, што вяскоўцы казалі пра бабулін прагноз, пра барометр. А вось яна... Ва ўсім, прызнала, вінаваты ўнук. Гэта ён, маўляў, стрэлку перавёў...

Я — мог, бо іншых цацак не меў. А таму аднойчы, як бацька расказваў, разабраў той барометр. Без ніякіх прылад... На безліч розных цацачак-дэталек.

Баба Моця тады не сварылася. Можа, таму, што часу не было: на дварэ — нарэшце — усталявалася пагода!

Мікалай КАМАРОЎСКІ
г. Орша.


На сваёй зямлі...

Пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя запомніўся... каму чым. Многім — чарговым бумам. На гэты раз — дачным: для таго, каб неяк вырашыць харчовую праграму, у краіне сталі ствараць садова-агародныя таварыствы — выдзяляць гараджанам участкі зямлі, пасля чаго тыя (а ўжо ж якія шчаслівыя!) беглі купляць рыдлёўкі ды матыкі, будматэрыялы, саджанцы. Там-сям адразу ж пачыналі капаць студні і траншэі пад падмуркі, завозіць угнаенні.

...Пашчасціла на іх і майму суседу. Ён цэлы самазвал сабе гною прывёз, пасярэдзіне ўчастка выгрузіў, потым разоў колькі вакол кучы абышоў — пачухаў патыліцу: уголас пашкадаваў, што не такі трохі гной — свежы... Вось калі б перагарэў — зусім іншая справа!

Сказаў вось так і забыўся. Дні ішлі, клопатаў хапала. Гной на адкрытым паветры паступова сох...

Факт, што неяк сусед з унукам прыехаў на лецішча і кучы сваёй не пазнаў. Сам у сябе папытаўся:

— Агонь тут прайшоўся ці што?

— Ён самы! — з радасцю пацвердзіў унук. — Ты ж, дзеда, сам казаў, што гной неважнецкі, што трэба, каб ён перагарэў. Вось я і падмітусіўся...

Праўду кажуць, што слова — як тая птушка: выпусціў і назад не вернеш.

Іван ПЯШКО
г. Шчучын.


Апошняя кропля

За сваё жыццё я нагледзелася на розных людзей. З адных брала прыклад, вучылася быць мудрэйшай і дабрэйшай, другіх — старалася абысці, прычым як бы падалей... А паміж імі, калі можна гэтак сказаць, былі трэція. І яны ж таксама ў памяці: хто жыццём, а хто...

У той сям’і сыноў было двое. І абодва яны неяк хутка выраслі, атрымалі адукацыю — далёка пайшлі (дакладней — паехалі). А бацькі іх дома засталіся і як быццам ужо не пры справе: раніцай на работу абое, вечарам — дамоў, і ніякіх там клопатаў-праблем...

А калі іх няма, чалавек часамі... стварае.

Гэты вось, напрыклад, у бутэльку стаў зазіраць. Колькі адпіваў, суседзі не ведалі. Жонка гаварыла: «Кроплю ўзяў і спіць».

Нехта скажа, што гэта не найгоршы варыянт яшчэ, калі кропля... Але і не найлепшы, бо запросяць іх недзе ў госці, гаспадар тую «чарку» возьме і ляжа. А жонцы — хоць ты плач, бо яго тады не пабудзіць і не падняць, дамоў не завесці (важыў пудоў сем — не меней)...

Так яны і замыкаліся пакрысе: нікуды не хадзілі. І да сябе нікога не клікалі. Гаспадар адзін сваю «кроплю» піў, пакуль аднойчы...

Выпіў, схапіўся за жывот і вобзем. Жонка давай у «хуткую» званіць. Назвала адрас, прозвішча... Там пытаюць, што з чалавекам, а яна за сваё: «Ды кроплю ўзяў... Мусіць, лішнюю?»

...На жаль, яна можа перапоўніць чашу. І стаць апошняй — таксама.

Як той казаў, «Всё это было бы смешно, когда бы не было так грустно...».

Зоя НАВАЕНКА
г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.


Вера прыходзіць з музыкай

...Вельмі хачу падтрымаць тых, хто сёння хварэе, хто моліцца-перажывае за блізкіх. Хай бог дае, каб яны папраўляліся!.. А для гэтага, як мне здаецца, патрэбна не толькі дапамога ўрачоў ды лекі, але і аптымізм хворага, яго вера, што ўсё будзе добра!

Як яна прыходзіць? Не ведаю, як да каго, а да мяне...

Было гэта гадоў пятнаццаць таму. Я, не разлічыўшы сваіх волатаўскіх сіл, падняла... балон з газам.

Востры боль у тое ж імгненне працяў спіну, а ноч-апоўнач стаў распаўзацца па ўсім хрыбетніку. Ні павярнуцца было, ні нават дыхнуць!

Да раніцы неяк цярпела яшчэ — дзяцей не трывожыла, а калі яны разышліся з хаты, падпаўзла да тэлефона: папярэдзіла дырэктара школы, што на работу сёння не выйду...

Але ж і ў паліклініку, думаю, мне таксама не дабрацца! Машын у вёсцы тады мала было, суседзі на рабоце...

Дык я што прыдумала? Набрала тэлефон рэгістратуры, запрасіла свайго ўчастковага тэрапеўта (вельмі ўважлівы доктар быў!), павіталася з ім, прадставілася, патлумачыла сваю сітуацыю і папрасіла... адкрыць мне бальнічны.

— А фельчара з ФАПа выклікаць не хочаце? — папытаўся ён

Дзіўна, як гэта думка мне самой не прыйшла!

Пазваніла і хвілін праз 20 ужо адчыняла дзверы маладзенькаму прыгожаму фельчару. Ён упэўнена і хутка зрабіў мне ўкол дыклафенаку, прысеў у крэсла — трэба разумець, не спяшаўся сыходзіць?.. Мы разгаварыліся. У Сяргея, як аказалася, быў першы працоўны дзень, а я, адпаведна, — першая пацыентка. Малады спецыяліст стаў распытваць мяне пра вёску, пра магчымасць зняць тут жыллё...

Я расказвала і між тым прыкмячала, што хлопец вачэй не зводзіць з кутка, дзе стаіць гітара.

— Чыя гэта? — пацікавіўся доктар.

— Сынава...

— А можна, — спытаў, — я трошкі пайграю? Сваю пакуль не прывёз...

— Ну вядома ж! — з радасцю згадзілася я.

Сяргей асцярожна ўзяў інструмент, з пяшчотай дакрануўся да струн, зайграў нешта меладычнае і з такім пачуццём...

Гэта была першая частка «канцэрта», перад другой доктар збянтэжана спытаў:

— А заспяваць можна?

Я хіба што кіўнула і тут жа ў маім пакоі пачуўся «...голос из Прекрасного Далёка», голос утренний в серебряной росе..."

Ну і далей: «Прекрасное Далёко, не будь ко мне жестоко, не будь ко мне жестоко, жестоко не будь...»

Голас у хлопца быў яшчэ той — звонкі, чысты, высокі. Я слухала яго і... зусім не адчувала болю. Разумела, што дыклафенак тут ні пры чым, што ён так хутка не працуе. Значыць, дапамагло нешта іншае — больш моцнае?.. І ад яго я з лёгкасцю ўстала з крэсла, зварыла каву.

Мы з доктарам пілі яе як добрыя, сто гадоў знаёмыя сябры.

Назаўтра хлопец зноў прыйшоў да мяне з уколам і канцэртам, а на трэці дзень я ўжо сама дабралася ў паліклініку.

Участковы тэрапеўт (шкада, не запомніла яго прозвішча!) уважліва распытаў пра самаадчуванне, а потым, што называецца, ад душы рассмяяўся: «Ну вы і артыстка, — сказаў, убачыўшы маю разгубленасць. — Дадумаліся па тэлефоне папрасіць бальнічны. Вы б яшчэ мне ліст па пошце прыслалі!»

Цяпер мы смяяліся разам і ўжо ледзь не да слёз...

Я гэта да таго, што больш бы нам такіх дактароў — разумных, уважлівых, шчырых!..

...Ад сябе і ўсіх, каму яны дапамаглі, хто паправіўся ці абавязкова яшчэ паправіцца, хачу нізка пакланіцца ім — падзякаваць за ўсё, што рабілі і робяць.

Наталля СІВАК,
аг. Заполле, Чэрвеньскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Ад яе ж заўсёднае: «Пішыце!»

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.