Вы тут

Галіна Лагунова: «Свята 17 верасня — сімвал гістарычнай справядлівасці»


Аб выніках перамоў кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Расіі, якія адбыліся 9 верасня штодзённай дэпутацкай дзейнасці, распрацоўцы новых законапраектаў карэспандэнту «Звязды» распавяла намеснік Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Галіна Лагунова:


— Галіна Мікалаеўна, наколькі, на ваш погляд, будзе спрыяць развіццю эканомікі Беларусі рэалізацыя ўзгодненых нядаўна саюзных праграм?

— Беларусь з 1996 года прайшла доўгі, унікальны шлях міжнароднай эканамічнай інтэграцыі ў форме Саюзнай дзяржавы, вопыт якой можа стаць флагманам для гаспадарчага і палітычнага аб’яднання краін — удзельніц Саюза Незалежных Дзяржаў, Еўразійскага эканамічнага саюза, глыбокага ўзаемадзеяння эканомік на розных узроўнях і ў розных формах.

Расія і Беларусь сталі першымі краінамі на постсавецкай прасторы, якія легітымна абвясцілі аб неабходнасці пабудовы саюза дзвюх дзяржаў. І ў гэтых рамках паступова працягваюць шматгранны працэс глыбокай трансфармацыі эканомік у адзіны рынак, нацэлены на рост дабрабыту беларусаў і расіян, што, адпаведна, прыводзіць да ўніфікацыі эканамічных падыходаў, адмены тарыфных, нетарыфных і іншых абмежаванняў у розных сферах.

Несумненнымі перавагамі такой інтэграцыі з’яўляецца павелічэнне памераў рынку абаротам працоўнымі рэсурсамі і паслугамі, маштабаў кааперацыйнай вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі, прамых інвестыцый, узаемаабмену найноўшымі дасягненнямі і тэхналогіямі. Толькі тавараабарот Беларусі і Расіі за першае паўгоддзе 2021 г. да аналагічнага перыяду летась вырас амаль на 35 %, перавысіўшы адзнаку ў 17,8 млрд долараў ЗША. За сухімі лічбамі статыстыкі стаіць праца і здароўе нашых суайчыннікаў і родных па духу расіян.

Бясспрэчнай прарыўнай кропкай росту інтэграцыі стала перафармаціраванне працэсу ў рэалізацыю канкрэтных саюзных праграм, што дазволіла перайсці ад слоў да справы. Іх прыняцце ўжо на ўзроўні ўрадаў стане адпраўным момантам далейшага ўпэўненага планавага аб’яднання і развіцця наяўных патэнцыялаў.

Я ўпэўнена, што заканатворчая праца, якая ажыццяўляецца нашым Прэзідэнтам і парламентам у гарманізацыі заканадаўстваў абедзвюх краін у рамках Саюзных абаронных, эканамічных і іншых праграм, дазволіць забяспечыць мірную працу, дабрабыт і далейшае яднанне нашых ментальна родных народаў.

— Над якімі законапраектамі ў сферы эканомікі ваша камісія працуе ў дадзены момант, якія з іх будуць вынесены ў хуткім часе на суд калег-парламентарыяў?

— Завяршыла сваю работу 5-я сесія Палаты прадстаўнікоў, якая прыняла на гэтым лёсавызначальным этапе нашай гісторыі найважнейшыя законы, накіраваныя на абарону суверэнітэту, канстытуцыйнага ладу, недапушчэнне рэабілітацыі нацызму, супрацьдзеянне экстрэмізму і тэрарызму, захаванне народнага адзінства, а таксама на развіццё эканомікі краіны, бізнес-асяроддзя, паляпшэнне інвестыцыйнага клімату. Шэраг эканамічных рашэнняў прыняты ў рамках узгаднення беларускага заканадаўства з палажэннямі Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў мэтах зняцця міждзяржаўных бар’ераў і забеспячэння свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў.

Непасрэдна цяпер камісія працуе над падрыхтоўкай да другога чытання законапраекта «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях», які павялічыць інвестыцыйную прывабнасць Беларусі шляхам стварэння дадатковых умоў для аховы правоў і маёмасных інтарэсаў інвестараў, узмоцніць нашы пазіцыі ў перагаворным працэсе па далучэнні Беларусі да СГА. Працуем над новай тэмай для нацыянальнага заканадаўства — укараненнем у Беларусі механізмаў самарэгулявання прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці, што з’яўляецца важным складнікам рэалізацыі стратэгіі далейшага эканамічнага развіцця краіны.

— Якіх аўтарытэтных эканамістаў вы прыцягваеце да распрацоўкі законапраектаў? Наколькі цесныя сувязі ў камісіі склаліся з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь?

— Работа над эканамічнымі законапраектамі карпатлівая і вядзецца ў першую чаргу распрацоўшчыкамі, у асноўным аўтарытэтнымі вядучымі спецыялістамі Міністэрства эканомікі і іншых ведамстваў краіны.

У цэлым, сёння няма галоўных або другарадных задач — усё, што робяць беларускія парламентарыі, аказвае непасрэдны ўплыў на характар правядзення самых складаных сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў, накіраваных на развіццё дзяржавы ў няпростай сучаснай абстаноўцы. Назапашаны капітал прававых напрацовак, зносін з выбаршчыкамі і міжпарламенцкага супрацоўніцтва — у полі зроку Канстытуцыйнай камісіі.

— Якую работу вы праводзіце ў сваёй выбарчай акрузе? З якімі пытаннямі і праблемамі да вас часцей за ўсё звяртаюцца людзі?

— За больш чым 1,5 года дэпутацкай дзейнасці магу перш за ўсё сказаць, што ўдалося дабіцца заўважных вынікаў, выканана вялікая частка маіх перадвыбарчых абяцанняў. Над тымі, што патрабуюць фінансавання, вядзецца работа. Рэалізуючы дэпутацкія паўнамоцтвы, я садзейнічала выніковасці многіх мерапрыемстваў.

Сёння ў вырашэнні праблем выбаршчыкаў актыўнае садзейнічанне аказваюць органы выканаўчай улады і мясцовага самакіравання. Вось найбольш значныя з дасягненняў: арганізавана зона адпачынку «Запруддзе», добраўпарадкаваны многія дваровыя тэрыторыі з устаноўкай дзіцячых гульнявых пляцовак, завяршаем рамонт стадыёнаў устаноў адукацыі з заменай пакрыцця і спартыўнага абсталявання і інш. На дэпутацкім кантролі знаходзяцца такія пытанні, як мадэрнізацыя з капітальным рамонтам і рэканструкцыяй будынка 36-й гарадской паліклінікі, капітальнага рамонту сярэдняй школы № 210 з элементамі мадэрнізацыі.

— У апазіцыйных тэлеграм-каналах часта сустракаецца сцвярджэнне, што эканоміка Беларусі ледзь не дыхае на ладан...

— Сёння не для кога не сакрэт, што глабалізаваны Захад разгарнуў супраць нашых краін, ды і ўсяго чалавецтва, шматвектарную гібрыдную вайну па прынцыпе «падзяляй і ўладар», імкнучыся жорстка, нахабна і бессаромна супрацьдзейнічаць цэнтрабежным механізмам збліжэння і ідэалагічным процівагам. Яго не можа не раздражняць суверэнная палітыка невялікай Беларусі, якая разграміла парасткі каляровай рэвалюцыі і разладу ў грамадстве.

Адсюль і заявы апазіцыйных тэлеграм-каналаў аб маючым адбыцца краху эканомікі Беларусі, што падобна штогадовым прароцтвам пра канец свету. Як сказаў 120 гадоў таму амерыканскі пісьменнік Марк Твэн, «чуткі пра маю смерць былі перабольшаннем».

Я рэаліст і веру ў планавую эканоміку, і падстаў не давяраць Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту ў мяне няма, — па выніках першага паўгоддзя 2021 г. валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас на 3,3 % у параўнанні з аналагічным перыядам летась, аб’ём у бягучых цэнах склаў 78,9 млрд рублёў. Упэўнена, што як бы ні было складана, але мы разумны народ і знойдзем шляхі пераадолення санкцыйнай палітыкі і іншых выклікаў Захаду, і выйдзем з гэтай барацьбы адзінымі, згуртаванымі і больш моцнымі.

— 17 верасня краіна будзе адзначаць Дзень народнага адзінства. Што для вас значыць гэта знамянальнае свята?

— Для мяне гэты дзень — сімвал гістарычнай справядлівасці, гэта не толькі адзнака высокіх заслуг беларускага народа перад міжнароднай грамадскасцю і чалавецтвам, але і гонар і стойкасць у кантэксце пераемнасці пакаленняў, непахіснасці і самадастатковасці нацыі і дзяржаўнасці. Шчыра віншую ўсіх жыхароў Беларусі і жадаю невычэрпнай жыццёвай энергіі, душэўнай раўнавагі і поспехаў у працы на карысць слаўнай Радзімы!

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?