Вы тут

COVІD-19 і грып: час для вакцынацыі


У апошнія дні ў паліклініках, асабліва ў дзіцячых, даводзіцца назіраць чэргі. Спецыялісты кажуць пра восеньскі ўздым захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, адзначаюць таксама і павелічэнне выпадкаў COVІD-19.


Захваральнасць расце, і на гэта ёсць прычыны

— Эпідэміялагічны сезон па рэспіраторных інфекцыях у паўночным паўшар'і звычайна стартуе з 40-га каляндарнага тыдня (сёлета ён пачынаецца 27 верасня. — «Зв».). І звычайна з верасня мы назіраем рост захваральнасці, — кажа загадчык лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля ШМЯЛЁВА. — Звязана гэта з тым, што збіраюцца дзеці, арганізоўваюцца новыя калектывы, ідзе актыўны абмен узбуджальнікамі вострых рэспіраторных захворванняў, у такіх умовах павышаецца распаўсюджванне інфекцый. У цяперашні час мы назіраем пад'ём захваральнасці, у тым ліку і інфекцыі COVІD-19.

Спецыяліст адзначае, што мінулы сезон быў асаблівы. Не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце людзі амаль не хварэлі на грып.

— Вірус грыпу нікуды не знік, але выпадкаў хваробы было вельмі мала. Спачатку меркавалі, што прычына ў дыягностыцы, бо ўсе лабараторыі былі пераключаны на COVІD-19. Але крыху пазней лабараторыі актыўна ўключыліся, нават была пашырана дыягностыка па грыпе, але гэты вірус рэгістраваўся крайне рэдка. Хутчэй за ўсё, на гэта паўплывалі, па-першае, актыўныя меры прафілактыкі COVІD-19, якія працуюць і ў дачыненні да іншых рэспіраторных захворванняў. Па-другое, каранавірусная інфекцыя — пандэмічная хвароба, а пандэмічныя вірусы, як правіла, выцясняюць астатнія, — тлумачыць спецыяліст.

Паколькі на грып летась хварэлі мала, медыкі асцерагаюцца, што імунная праслойка знізілася. І не выключаюць, што сёлета грып будзе цыркуляваць
куды больш актыўна. У рамках сістэмы глабальнага назірання за гэтым вірусам, якая працуе ва ўсім свеце, вучоныя прааналізавалі штамавы састаў і прыйшлі да высновы, што ў вакцынах гэтага сезона варта замяніць два кампаненты.

— Ці трэба прышчапляцца сёлета, калі вакцынаваўся летась? Так, трэба. Па-першае, імунітэт пасля прышчэпкі адносна непрацяглы і зніжаецца на працягу 6—12 месяцаў. Па-другое, вірусы грыпу змяняюцца. Гэта дазваляе ім «прабіваць» наш імунітэт і выклікаць захворванне, — аргументуе Наталля Шмялёва. — Таму мы павінны быць падрыхтаваны. Нават сезонны грып наносіць значны ўрон нашаму арганізму. Згодна з назіраннямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод на сезонны грып хварэе каля аднаго мільярда людзей. У 3-5 мільёнаў чалавек грып працякае ў цяжкай форме. А ў 500—600 тысяч назіраецца негатыўны зыход. Акрамя таго, нельга выключаць адначасовае інфіцыраванне вірусам COVІD-19 і грыпам. Такіх выпадкаў было няшмат, але практыка паказвае, што тады назіраецца больш цяжкае цячэнне інфекцый і непазбежныя ўскладненні. Таму вакцынацыя з'яўляецца эфектыўным сродкам прафілактыкі грыпу.

Не верце міфам

Спецыялісты развеялі і самыя распаўсюджаныя міфы, звязаныя з прышчэпкамі.

Міф № 1. «Я прышчапіўся і ад гэтага захварэў».

— Супраць грыпу выкарыстоўваюцца інактываваная вакцына, якая не можа выклікаць захворванне. Такая сітуацыя магчымая, але яна звязана з тым, што чалавек заразіўся раней і ў момант прышчэпкі знаходзіўся ў інкубацыйным перыядзе, — тлумачыць загадчыца аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч.

Міф № 2. «Я прышчапіўся і ўсё роўна хварэў».

— Існуе больш за 200 рэспіраторных вірусаў, якія клінічна праяўляюцца амаль аднолькава. Гэта не значыць, што вы хварэлі на грып, — кажа Наталля Шмялёва.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.