Вы тут

Завяршылася сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2021»


Урачыстая цырымонія закрыцця адбылася на 230-м агульнавайсковым палігоне «Абуз-Лясноўскі», што пад Баранавічамі. Ужо не на полі бою, а ў прыгожым страі можна было ўбачыць асноўныя ўзоры бранятэхнікі сухапутных войскаў Беларусі і Расіі, якія прымалі ўдзел у вучэнні. Вайскоўцы, якія падчас беларуска-расійскіх манеўраў паказалі найлепшыя вынікі, атрымалі ўзнагароды. Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам.


— Вучэнне «Захад-2021» было насычана шэрагам асаблівасцяў, — заўважыў міністр абароны Беларусі Віктар ХРЭНІН. — Упершыню ў складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў выконвалі задачы ваеннаслужачыя з Рэспублікі Казахстан. Нашы штабы ў ходзе вучэння вырашалі некалькі шматпланавых задач, у тым ліку такія як упраўленне войскамі і планаванне контрудара, што з’яўляецца складаным элементам баявой падрыхтоўкі. Акрамя таго, былі адпрацаваны пытанні стварэння новых баявых парадкаў і іх прымянення, узброенай барацьбы на часова акупаванай тэрыторыі сіламі тэрытарыяльнай абароны. Сур’ёзную ўвагу мы ўдзялілі спосабам вядзення баявых дзеянняў, якія былі ажыццёўлены на практыцы падчас узброеных канфліктаў у Сірыі і іншых краінах. Вучэнне было насычана вялікай колькасцю аператыўнага і тактычнага дэсанта.

Як зазначыў кіраўнік абароннага ведамства, у ходзе сумесных дзеянняў удалося прадэманстраваць, што мы можам забяспечыць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Саюзнай дзяржавы. «Гэта ясны і дакладны пасыл краінам калектыўнага Захаду, што размова з Беларуссю, Расіяй, Казахстанам, а таксама з іншымі краінамі-членамі АДКБ з пазіцыі сілы бесперспектыўная», — падкрэсліў генерал-лейтэнант.

Міністр абароны ўдакладніў, што дэталёвы разбор вучэння будзе яшчэ праведзены. «Дадзім ацэнку ўсім дзеянням: паглядзім, што ў нас атрымалася добра, а ў якіх кірунках ёсць недахопы», — акцэнтаваў увагу Віктар Хрэнін.

— Для злучэнняў і часцей 1-й танкавай арміі гэтыя вучэнні ўнікальныя, — перакананы камандуючы 1-й гвардзейскай чырвонасцяжнай танкавай арміі генерал-лейтэнант Сяргей КІСЕЛЬ. — Уражвае маштаб: мы адпрацоўвалі задачы на чатырох палігонах і адным участку мясцовасці. Павучальна, што злучэнні і часці арміі атрымалі ўнікальны вопыт сумесных дзеянняў з улікам прымянення новых формаў і спосабаў вядзення баявых дзеянняў.
Было прыемна выконваць задачы з нашымі братамі-беларусамі і казахстанцамі.

Да 30 верасня асабовы склад, узбраенне, ваенная і спецыяльная тэхніка Узброеных Сіл Беларусі вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі. Вайсковыя часці і падраздзяленні расійскай арміі пакінуць тэрыторыю нашай краіны.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ
Баранавіцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.