Вы тут

Багацце, спадчына, памяць


На працягу стагоддзяў у Беларусі поплеч жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, рэлігій і культур. Гэтая разнастайнасць стала візіткай Беларусі, яе ўнікальнай спадчынай і неацэнным дарам продкаў, якія неабходна зберагчы дзеля міру і згоды ў грамадстве, дабрабыту і росквіту будучых пакаленняў, лічаць арганізатары выставачнага праекта «Сімвалы жыцця», прысвечанага Году народнага адзінства. Днямі экспазіцыя пачала працаваць у атрыуме Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.


Выцінанка Лізаветы Чырвонцавай «Матуліны кветкі», 2019 г.

Мэта выставачнага праекта — захаванне ведаў аб нацыянальных традыцыях, папулярызацыя культурнага багацця, спадчыны і гістарычнай памяці беларускага народа. «Cімвалы жыцця» адлюстроўваюць народныя вытокі, сямейныя традыцыі, родавыя абрады і знакавыя падзеі.

У экспазіцыі — аўтарскія работы майстрых-выцінаншчыц Наталлі Сухой, Вольгі Палуніцы, Святланы Вяль і Лізаветы Чырвонцавай, графічныя работы іўеўскага мастака Івана Васюкевіча, лялькі-абярэгі майстрыхі Галіны Дуніч, традыцыйныя музычныя інструменты і лялькі з калекцыі даследчыка музыкі Івана Кірчука, а таксама гістарычныя выданні з фондаў НББ, архітэктурныя макеты, народныя строі, кераміка, ручнікі, вырабы з саломкі і іншыя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод найбольш цікавых экспанатаў — калаўрот, матавіла з пражай, лялька з ручнікоў з карункамі, стылізацыя пано «Веснавая мелодыя».

Праект прадстаўляе і найбольш значныя дасягненні нацыянальнай кніжнай культуры: унікальныя рукапісныя зборнікі айчынных асветнікаў і летапісныя зводы X—XVI стст., друкаваную спадчыну Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў. Расказваецца і пра класікаў — стваральнікаў нацыянальнай літуратуры XVIII — пачатку XX стст.: Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багадановіча і іншых. Шэраг кніжных помнікаў экспануецца ў выглядзе факсімільных выданняў.

Разнастайныя экспанаты паступілі ад арганізатараў выставачнага праекта, у ліку якіх — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Іўеўскі музей нацыянальных культур, Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іўеўскага раёна, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, унітарнае прадпрыемства «Скарбніца». Наведаць выстаўку можна да 31 снежня. Уваход па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».