Вы тут

Як ва ўніверсітэцкіх сценах рыхтаваліся даць адпор капіталістычнаму свету


Ніводная вышэйшая навучальная ўстанова ў Беларусі, акрамя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, не можа пахваліцца тым, што там выкладаў чатыры разы Герой Савецкага Саюза, маршал Вялікай Перамогі Георгій Канстанцінавіч Жукаў. З 40 гадоў армейскага жыцця практычна палову ён правёў у БССР, займаючы ў войску розныя камандныя пасады. І больш як пяць гадоў прысвяціў рабоце са студэнтамі розных факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Стаў там адным з арганізатараў ваеннай падрыхтоўкі, арганізоўваў летнія зборы. Але аб усім па парадку...


 Універсітэцкі гарадок, у цэнтры якога размяшчаўся парк і фантан. Від на фантан і Дом урада (канец 1930-х гадоў).

І студэнт, і намеснік рэктара

«На любы заклік — наш цвёрды адказ: «Заўсёды гатовы!» — такімі лозунгамі літаральна стракацелі беларускія цэнтральныя сродкі масавай інфармацыі ў другой палове 1920-х гадоў. У значнай ступені яны датычыліся моладзі, навучэнцаў і студэнтаў. Маладой краіне патрэбныя былі не проста здаровыя будаўнікі новага жыцця, а загартаваныя і ўмелыя абаронцы рэвалюцыйных заваёў. Для БССР, улічваючы яе блізкасць да «капіталістычнага свету», гэта тэма была асабліва актуальнай.

— Фактычна адразу пасля адкрыцця ў 1921 годзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта там з'явілася штатная адзінка «ваеннага кіраўніка», — расказвае загадчык кафедры гісторыі Расіі гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук, прафесар Алег ЯНОЎСКІ. — І першым працаваць на гэтай пасадзе стаў Сігізмунд Іосіфавіч БАРКУСЕВІЧ. Ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1891 годзе ў сям'і афіцэра-адстаўніка і сястры міласэрнасці. Бацька памёр, калі сыну было ўсяго два гады. У савецкіх анкетах Сігізмунд быў запісаны беларусам.

У сталіцы Расійскай імперыі ён скончыў чатыры класы рэальнага вучылішча, а потым вучыўся ў Кёнігсбергу ў «прыватнай гімназіі Гайдэбруха». Пасля заканчэння ваенна-фельчарскай школы атрымаў спецыяльнасць памочніка ўрача і каля года ў якасці вольнага слухача асвойваў курс Псіханеўралагічнага інстытута. Першая сусветная вайна парушыла планы маладога чалавека: пасля 1917 года ён вёў грамадскую работу на Паўднёва-Заходнім фронце, займаў пасады загадчыка Тамбоўскага, потым Гродзенскага губернскіх аддзелаў аховы здароўя, нарэшце, быў прызначаны наркамам, а праз кароткі час — намеснікам наркама аховы здароўя ССРБ. Сігізмунд Баркусевіч быў сярод першых, хто падаў заяву для паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які пачаў сваю дзейнасць у кастрычніку 2021 года. І пастановай калегіі Наркамасветы ССРБ яго прызначылі ваенкамам медфака БДУ.

На медыцынскім факультэце БДУ выкладалі першакласныя прафесары. Сігізмунду Іосіфавічу вучоба давалася лёгка. Праз некаторы час ён набыў вялікі аўтарытэт, чаму ў немалой ступені садзейнічала пасада ваенкама. Яго адразу ўвялі ў склад кіраўніцтва ўніверсітэта (усяго было пяць членаў Праўлення). Калі казаць па-сучаснаму, то студэнт з'яўляўся намеснікам рэктара — прафесара Уладзіміра Пічэты і адначасова — намеснікам дэкана медфака. Летам 1923 года Сігізмунд Баркусевіч у час адпачынку дэкана нават афіцыйна кіраваў факультэтам, набіраў студэнтаў на чарговы першы курс.

Георгій ЖУКАЎ, 1923 год, камандзір 39-га кавалерыйскага палка 7-й Самарскай кавалерыйскай дывізіі.

Напружаны рабочы рытм не мог не адбіцца на здароўі. Восенню 1923 года абвастрыліся розныя хваробы. Медыцынскае заключэнне было суровым: «Заболел припадком сердечной слабости на почве невроза сердца». Ад'езд Сігізмунда Іосіфавіча ў Маскву супаў з пераходам савецкай краіны на іншыя прынцыпы арганізацыі ваеннай і фізічнай падрыхтоўкі грамадзян. А былы ваенкам ужо ў якасці «паверанага ў справах СССР у Латвіі» выказаў удзячнасць за ўніверсітэцкія гады ў Мінску, даслаўшы сваё прывітанне з Рыгі з нагоды святкавання пяцігадовага юбілею Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ваенізацыя плюс фізкультурызацыя

У сістэме вышэйшай адукацыі СССР працяг практыкі ваенізацыі знайшоў новы імпульс пасля ўрадавай пастановы 1926 года. У БДУ гэту складаную справу змог арганізаваць і доўгі час кіраваў ёю кадравы ваенны Міхаіл Міхайлавіч Пятроў.

— Праўленне БДУ яшчэ ў лістападзе 1925 года прадставіла ў Наркамасветы БССР каштарыс на выдзяленне грошай для правядзення ваенізацыі ў 1925/26 вучэбным годзе, — расказвае Алег Яноўскі. — Гэтыя сродкі далі магчымасць заняцца прыстасаваннем пад студэнцкі цір хлява-развалюхі, які знаходзіўся па Земляробчым завулку. У снежні 1927 года спатрэбіліся грошы для арганізацыі пры ваенным кабінеце спецыяльнага ваенна-марскога кутка.

Ва ўніверсітэце пакрысе арганізацыйна мацнела правядзенне «вышэйшай дапрызыўнай ваеннай падрыхтоўкі». Рашэннем камісіі Наркамасветы БССР ад 9 лютага 1927 года для БДУ былі ўведзены 30 гадзін у тыдзень для дацэнтаў і 26 — для асістэнтаў. Персанальнае размеркаванне вучэбных гадзін паміж запрошанымі кадравымі ваеннымі выкладчыкамі даручылі Міхаілу. Пятрову. Адным з такіх выкладчыкаў і стаў будучы маршал Савецкага Саюза Георгій Канстанцінавіч Жукаў: ён раней ужо выкладаў у БДУ і меў сяброўскія адносіны з рэктарам.

Вядома, што студэнты летам падмацоўвалі свае тэарэтычныя веды ў ваенных лагерах. Адным з такіх быў лагер «Савецкая Беларусь» на станцыі Дрэтунь на Полаччыне. Лагерныя зборы дапамаглі выявіць яўныя недахопы ў падрыхтоўцы абаронцаў Айчыны і падштурхнулі кіраўніцтва ўніверсітэта да важнага рашэння аб карэкціроўцы вучэбных планаў.

Праз месяц пасля пачатку збораў усё кіраўніцтва БДУ разам з Міхаілам Пятровым наведала лагер. Паездка мела пазнавальна-ўрачысты характар — пабачыць, у якіх умовах жывуць студэнты, узнагародзіць перадавікоў ваеннай справы і гэтак далей. Але рэктару і яго калегам давялося выслухаць ад ваенных шмат папрокаў у адрас студэнтаў. Сітуацыя аказалася настолькі крытычнай, што па выніках збораў было праведзена спецыяльнае пасяджэнне праўлення БДУ. Як канстатавалі выступоўцы, «в массе физическое развитие студентов очень слабо и далеко от требований, предъявляемых военной службой». Пасля дэбатаў прынялі рашэнне кардынальна змяніць сітуацыю. Такім чынам, з 1928 года працэс ваенізацыі студэнцтва і па сутнасці, і арганізацыйна быў дапоўнены фізкультурызацыяй.

Варашылаўскія стралкі, кулямётчыкі і парашутысты

На ўсіх узроўнях кіравання вышэйшай адукацыяй дамінавала разуменне таго, што спецыяліст, якога рыхтуюць у ВНУ, — гэта патэнцыяльны салдат і камандзір Чырвонай арміі. А павышэннем увагі да фізкультуры ставілася мэта рыхтаваць спартсменаў, каб мець яшчэ адзін аргумент у «спаборніцтве дзвюх сістэм». У БДУ фізкультура ў той ці іншай форме прысутнічае ў раскладзе заняткаў з 1928 года. Спачатку ў якасці суправаджэння абавязковай для ўсіх студэнтаў вышэйшай дапрызыўнай ваеннай падрытоўкі. З 1928/29 вучэбнага года на ўсіх факультэтах сталі праводзіць спецыяльныя двухгадзінныя штотыднёвыя заняткі па фізкультуры, арганізацыяй якіх занялася адпаведная кафедра.

Ваенная справа і фізкультура ў вучэбных планах БДУ з кожным годам займалі ўсё больш значнае месца. У 1930-я гады і асабліва напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ваенная і фізічная падрыхтоўка беларускага студэнцтва стала арганічнай часткай вучэбнага працэсу.

   З 1931 да 1941 года колькасць грамадзян СССР, якія здалі нормы ГТА І ступені, дасягнула 6 мільёнаў чалавек, а ІІ ступені — больш як 100 тысяч.

У 1939 годзе БДУ заняў першае месца сярод ВНУ па абаронча-масавай рабоце. У 1938—1939 гадах у сценах універсітэта было падрыхтавана больш за 800 «варашылаўскіх стралкоў», 1539 уладальнікаў значкоў ПВХА, 52 коннікі, 170 кіроўцаў аўтамабіля, 130 матацыклістаў, 280 парашутыстаў. На хвалі поспехаў ваенізацыі ўзнікла ідэя ахапіць ёй 100 % студэнтаў і выкладчыкаў і пераўтварыць БДУ ў «крэпасць абароны».

«Выкладаў проста і даступна...»

З Беларуссю лёс звязаў будучага маршала яшчэ да вайны: у 1923 годзе камандзір 39-га Бузулукскага кавалерыйскага палка 7-й Самарскай дывізіі Георгій Жукаў быў раскватараваны спачатку ў Гомель, а затым у беларускую сталіцу.

Служба ў Мінску супала з пачаткам ваенізацыі БССР. Не хапала прафесійных кадраў, і БДУ наладзіў супрацоўніцтва з вайсковымі часцямі, што дыслацыраваліся ў сталіцы. Ваенны вопыт Жукава спатрэбіўся ў выкладанні. Яму паступіла прапанова чытаць студэнтам усіх спецыяльнасцяў агульны курс ваеннай дапрызыўнай падрыхтоўкі, а на медыцынскім факультэце — курс санітарна-хімічнай абароны.

— Да новых абавязкаў малады выкладчык паставіўся з уласцівай яму адказнасцю, — падкрэслівае дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ, кандыдат гістарычных навук Андрэй МАКСІМЧЫК. — Студэнты тых гадоў запомнілі Жукава пунктуальным педагогам, які прыходзіў на заняткі ў ідэальна адпрасаванай форме і начышчаных да бляску ботах. Тэмы выкладаў проста і даступна, прыводзячы прыклады з вопыту сваёй службы, у канспект стараўся не зазіраць. Што ўяўляла сабой распрацаваная праграма ваенізацыі для студэнтаў БДУ і чаму вучыў студэнтаў Георгій Канстанцінавіч Жукаў, наглядна дэманструюць дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Структурна праграма падрыхтоўкі складалася з дзевяці аб'ёмных раздзелаў: 1) адміністрацыя; 2) статут дысцыплінарны і гарнізонны; 3) статут унутранай службы; 4) зброя і яе захоўванне; 5) інжынернае справа; 6) ваенна-хімічная справа; 7) страявая падрыхтоўка; 8) стралковая справа; 9) тапаграфія.

Неад'емнай і найважнейшай часткай усёй сістэмы вышэйшай дапрызыўнай ваеннай падрыхтоўкі былі лагерныя зборы, якія праводзіліся з 15 чэрвеня да 15 жніўня. На гэты час студэнты за кошт ваеннага ведамства атрымлівалі прадметы «рэчавага забеспячэння» (усё, акрамя бялізны). Харчаваннем і грашыма іх забеспячвалі на агульных падставах з чырвонаармейцамі. Міхаіл Пятроў адзначаў, што, нягледзячы на вялікае фізічнае напружанне, здароўе студэнтаў за час двухмесячнага знаходжання ў лагеры значна паляпшалася; было адзначана павелічэнне грудной клеткі, нарастанне мышцаў і гэтак далей.

Адной з прычын актывізацыі военна-патрыятычнай работы сярод студэнтаў стаў разрыў у 1927 годзе дыпламатычных адносін з Англіяй. У БССР, як і па ўсім Савецкім Саюзе, праходзілі мітынгі, на якіх грамадзяне заяўлялі аб сваёй гатоўнасці даць адпор англійскім і любым іншым імперыялістам, збіралі грошы ў фонд «Наш адказ Чэмберлену». Студэнты і выкладчыкі БДУ выступілі з ініцыятывай і прынялі ўдзел у зборы сродкаў на будаўніцтва самалёта «Чырвоны студэнт». Кампанія праходзіла пад лозунгам «Стыпендыяльным пятаком па моцным лбе Чэмберлена». І зноў выкладчык ваеннай падрыхтоўкі не застаўся ўбаку...

У 1930 годзе Георгій Жукаў быў прызначаны камандзірам 2-й кавалерыйскай брыгады 7-й Самарскай дывізіі і рэзка пайшоў уверх па кар'ернай лесвіцы, хоць некаторы час працягваў выкладаць у БДУ ваенную падрыхтоўку. У лютым 1931 года ён быў вылучаны на пасаду памочніка інспектара кавалерыі Чырвонай арміі, а праз два гады зноў вярнуўся ў Беларусь: у Слуцку з сакавіка 1933 года да ліпеня 1937 года камандаваў 4-й кавалерыйскай дывізіяй імя Клімента Варашылава. З 1937 года служыў камандзірам 3-га і 6-га кавалерыйскіх карпусоў, а з ліпеня 1938 года — намеснікам камандуючага Беларускай асаблівай ваеннай акругі. У 1939 годзе ў званні камандзіра дывізіі накіраваўся на Халгін-Гол, дзе за паспяхова праведзеную ваенную аперацыю атрымаў сваё першае званне Героя Савецкага Саюза, зорку Героя і ордэн Чырвонага Сцяга. Дарэчы, у гады Вялікай Айчыннай вайны героямі Савецкага Саюза сталі 12 выкладчыкаў і студэнтаў БДУ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: «Крэпасць абароны»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.