Вы тут

Святло ў змроку паланізацыі: Клецкая беларуская гімназія А. Якімовіча ў 1930-я гады


Рэспубліка Беларусь 17 верасня ўпершыню адзначае Дзень народнага адзінства. Пад такім жа знакам праходзіць 2021 год. Невыпадкова для свята ўзята менавіта гэтая дата. Пасля паспяховага завяршэння вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь, які пачаўся 17 верасня 1939 года, беларусы сталі адзінай сям’ёй. Быў спынены працэс паланізацыі. Слова «паланізацыя» вытворнае ад лацінскага наймення Польшчы — Polonia. Прасцей кажучы, апалячвання, карані якога — у ХVІ стагоддзі.


1920-я гады.

У розныя перыяды паланізацыя праводзілася з пераменным поспехам. Асаблівы размах набыла пасля заключэння ў 1921 годзе Рыжскага мірнага дагавора, вынікам якога стаў уваход у склад Польшчы часткі этнічных украінскіх, беларускіх і літоўскіх зямель. Гэтая тэрыторыя Беларусі і Украіны стала называцца «Усходнімі Крэсамі». Мясцовае насельніцтва дыскрымінавалася па нацыянальнай прыкмеце.

У Беларусі ўсё беларускае забаранялася. Для паскарэння апалячвання масавы характар набыла дыскрымінацыя мовы. Беларускія школы зачыняліся. Малады тады рэвалюцыянер Яўген Скурко, які зведаў усё хараство «польскага раю», а пасля народны паэт Беларусі Максім Танк у сваіх «Лістках календара» дакладна параўнаў паланізацыю з ракам, які глыбока запусціў свае шчупальцы. Ды знаходзіліся людзі, якія, як і Яўген Іванавіч, з такім становішчам не мірыліся. У розных кутках Заходняй Беларусі ўзнікалі астраўкі беларушчыны. У Клецку ім стала беларуская гімназія.

З’явілася яна не на пустым месцы. Да 1921 года існавала рускамоўная. Але з адыходам тэрыторыі да Польшчы была зачынена. Праз два гады такі ж незайздросны лёс напаткаў і Нясвіжскую. Тады мясцовыя актывісты задумалі на яе базе адкрыць беларускую гімназію.

Асаблівую актыўнасць праявіў Рыгор Якубёнак. Скончыўшы Маладзечанскую настаўніцкую школу, нядоўга працаваў па прафесіі. Прызваны ў царскае войска, даслужыўся да афіцэрскага звання. Ды ваенная кар’ера не вабіла. У 1917 годзе вярнуўся ў родныя мясціны, у вёску Зелясінкі цяперашняга Шаркоўшчынскага раёна. Дзе працаваў — невядома. А ў Нясвіжы ўладкаваўся выкладчыкам рускай гімназіі.

Аднак усё аказалася няпроста. Каб адмовіць Рыгору Усцінавічу, польскія ўлады шукалі розныя прычыны. Маўляў, ахвотных вучыцца па-беларуску мала, а ў тых, хто гэтага жадае, узровень падрыхтоўкі нізкі. Ды і памяшканне не адпавядае тэхнічным патрабаванням. Галоўны ж аргумент быў, што беларусы абыдуцца і без сярэдняй адукацыі на роднай мове. Несвіжчане не здаліся. Сталі дзейнічаць сумесна з клецкімі аднадумцамі. Чаму б не хаўрусаваць дзеля агульнай высакароднай справы. Не атрымалася з беларускай гімназіяй, то, магчыма, пашанцуе з адкрыццём яе ў Клецку. Асноўныя клопаты на сябе ўзяў прыхільнік беларушчыны Антон Якімовіч. Ён пачаў агітаваць за падтрымку гэтых добрых памкненняў прагрэсіўна настроеную грамадскасць. Знайшоў заступнікаў і сярод паслоў польскага Сейму. У ліку іх быў і вядомы грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы Браніслаў Тарашкевіч. Паступова справа зрушылася з месца...

Для гімназіі падшукалі адзін дом па вуліцы Нясвіжскай. Адразу было адкрыта пяць класаў, бо захацелі прадоўжыць навучанне асобныя з тых, хто дагэтуль вучыўся ў Нясвіжскай рускай гімназіі. Спачатку гэтая ўстанова афіцыйна называлася «Клецкая беларуская гімназія А. Якімовіча, тып матэматыка-прыродазнаўчы». Дырэктарам прызначылі Рыгора Якубёнка.

Заняткі пачаліся 1 верасня 1924 года. За парты селі 58 чалавек: дзеці местачкоўцаў, сяляне з навакольных вёсак. Некаторыя са Стаўбцоўскага павета. Немясцовым давялося здымаць кватэры. Прасцей стала, калі з’явіліся інтэрнаты. Існавала гімназія на ахвяраванні і аплату вучняў. Вызваляліся ад яе выхадцы з маламаёмасных сем’яў. Да ўсяго ім бясплатна выдавалі абутак і вопратку, а ў буфеце раз на дзень прапаноўвалі гарачае харчаванне.

Набор павялічваўся, і хутка ў памяшканні, дзе праходзілі заняткі, стала цесна. Для гімназіі падшукалі больш прасторны будынак на вуліцы Татарскай. Для давядзення яго да ладу стварылі бацькоўскі камітэт. Ён узяў на сябе гаспадарскія клопаты. Знайшлі муляраў, сталяроў і цесляроў. Нароўні з усімі працаваў і дырэктар. Рыгор Усцінавіч аказаўся майстрам на ўсе рукі. Сам рабіў для гімназіі мэблю, клаў печы.

Падрабязна пра тое, чым жыла ўстанова, можна даведацца з артыкула краязнаўцы Васіля Сокала «Клецкая гімназія» (часопіс «Беларуская мінуўшчына», 1994, № 4), а таксама з яго публікацый у перыёдыцы. Васіль Міхайлавіч згадвае і тых, хто выкладаў тут. Прыведзеных звестак, хай сабе і кароткіх, дастаткова, каб упэўніцца, што гімназістам было з каго браць прыклад.

Сам Рыгор Якубёнак выкладаў у малодшых класах беларускую мову і літаратуру, матэматыку, Вячаслаў Арэнь — біялогію і хімію. Калегі называлі яго «хадзячая энцыклапедыя». Вячаслаў Міхайлавіч «прыгожа гутарыў па-беларуску. Дасканала валодаў польскай, рускай мовамі, латынню, старажытнаславянскай, ведаў украінскую і старажытнагрэчаскую, перакладаў падручнікі па біялогіі і хіміі на беларускую мову, ужо тады гэтым ён даказаў, што ў беларускай лексіцы ёсць дастаткова тэрмінаў, каб паспяхова выкладаць на беларускай мове любыя дысцыпліны — гістарычныя, філасофскія, юрыдычныя, матэматычныя і г. д.» […] «авалодаў фотасправай, якой захапіў многіх гімназістаў».

Рыгор Якубёнак.

Яшчэ колькі прозвішчаў: Мікалай Чарнецкі (гімназісты называлі яго «пан прафесар»), Вера Сініцына, Вера Русак, Ярэмій Драчан, Мікалай Рудакевіч, Антон Міхайлавіч Валынчык, дачка мясцовага святара Квяткоўская… Гэта тыя, хто на працу ў гімназію прыйшлі першымі. А згадалі іх Васілю Сокалу былыя навучэнцы. Гэтыя людзі «садзейнічалі фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, […] культывавалі прынцыпы агульначалавечай маралі: гуманізм, міласэрнасць, дабрачыннасць, спагаду, сціпласць, праўдзівасць».

У гімназіі вялікая ўвага ўдзялялася і культурна-асветніцкай дзейнасці. На пасяджэннях літаратурнага гуртка абмяркоўваліся творы беларускіх пісьменнікаў, вяліся творчыя дыскусіі. Некаторыя гурткоўцы самі пісалі вершы і апавяданні. Іх змяшчалі ў сваім рукапісным часопісе «Вучнёўскі звон», пасылалі ў віленскі часопіс «Шлях моладзі».

З літгуртка вылучыўся драматычны. Сцэнічнае жыццё набывалі творы, якія ў Заходняй Беларусі карысталіся вялікай папулярнасцю: «Пісаравы імяніны» і «Суд» Уладзіслава Галубка, «Пінская шляхта» Вінцэнта ДунінаМарцінкевіча, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Мікітаў лапаць» Міхася Чарота і іншыя. Ператварыўшыся ў літаратурна-мастацкі гурток пашырыў свае абсягі. З’явіліся хор і аркестр. Яго ўзначаліў выкладчык спеваў і музыкі Антон Валынчык, а літаратурным кіравалі Рыгор Якубёнак і Мікалай Чарнецкі.

Культурна-асветніцкія мерапрыемствы ладзіліся не толькі ў гімназіі, але і ў клецкім клубе. Навучэнцы выязджалі і ў вёскі. Гэта насцярожыла польскія ўлады. Яны разумелі, што падобныя дзеянні спрыяюць росту нацыянальнай свядомасці беларусаў. Прымалі захады сарваць іх. Штосьці не дазвалялі праводзіць. Часам патрабавалі ўзгадняць загадзя праграму. А то загадвалі ўключыць інсцэніроўкі на польскай мове. Ды, нягледзячы на рознага кшталту перашкоды, работа не спынялася.

Актыўна далучаліся гімназісты і да палітычнага жыцця. Некаторыя з іх, а таксама асобныя выкладчыкі, былі прыхільнікамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Пасля яе разгрому ў красавіку 1927 года распаўсюджанне атрымалі камуністычныя ідэі. У 1928-м сфарміравалася падпольная арганізацыя, якую ўзначаліў гімназіст Іван Лойка. Аляксандр Жыткевіч стварыў гэтакую ж камсамольскую. Праз год у падпольшчыкаў з’явілася новае дыханне. У Клецк перавялі 22 чалавекі з Віленскай, Навагрудскай і Радашковіцкай, выключаных за рэвалюцыйную дзейнасць. А там, дзе свежыя павевы ветру, можна чакаць навальніцу.

Гром прагрымеў 17 лістапада 1929 года. Пры наведванні царквы, якое лічылася абавязковым, чатыры гімназісты адмовіліся цалаваць крыж і руку святару. Каб не ўгнявіць улады, Рыгор Якубёнак выключыў «антыхрыстаў» з гімназіі. Папракнуць яго за гэта прасцей. Але і зразумець можна. Разлічваў праз такое «ахвяраванне» аднавіць у гімназіі спакойнае жыццё. Атрымалася адваротнае. Навучэнцы старшых класаў пры падтрымцы камітэта камсамола аб’явілі забастоўку.

Настаўнікі Клецкай гімназіі ў 1931 годзе.

Разумеючы сур’ёзнасць сітуацыі, Рыгор Усцінавіч угаворваў бунтаўшчыкоў разысціся. Але яны не толькі не паслухаліся, але і забарыкадзіраваліся. Якубёнак выклікаў паліцыю. Ды забастоўшчыкі не спалохаліся. На патрабаванне адчыніць дзверы закрычалі: «Далоў паліцыю!», «Далоў фашысцкі ўрад!». Паліцэйскія выбілі дзверы. Уварваўшыся, наставілі на гімназістаў пісталеты. І тут хтосьці з іх пажартаваў: «Паліцыя! Здаць зброю!»

Жарт скончыўся блага. Бунтаўшчыкоў даставілі ў пастарунак. А ў 11 гадзін ночы да іх прывезлі яшчэ дзевяць чалавек, арыштаваных на кватэрах. Справа прыняла сур’ёзны абарот. Выключылі з гімназіі 22 чалавекі, а супраць чатырох узбудзілі крымінальную справу.

Бунт клецкіх гімназістаў меў шырокі рэзананс. Прагрэсіўная грамадскасць, а ў першую чаргу гэта былі тыя, для каго беларуская справа з’яўлася галоўнай справай жыцця, абурылася дзеяннямі ўладаў. Аднак заступніцтва нічога не дало. Высвятленне, хто яшчэ меў дачыненне да забастоўкі, працягвалася. Вынік — чарговая партыя арыштаваных. Гэтым разам больш чым сорак гімназістаў.

Многія не сумняваліся, што строгасць, з якой улады ставіліся да гэтага, мела пад сабой і палітычную аснову. Знайшлася прычына паставіць на месца і іншых прыхільнікаў беларушчыны. 20 снежня 1932 года, паводле рашэння Навагрудскага акруговага суда, 12 чалавек атрымалі ад двух да пяці гадоў турмы. На пяць гадоў яны пазбаўляліся грамадзянскіх і палітычных правоў. Мусілі аплаціць судовыя выдаткі. У тым жа годзе прайшлі яшчэ два судовыя працэсы: асудзілі дзесяць чалавек.

Што ў польскага ўрада да Клецкай беларускай гімназіі было асаблівае стаўленне, сведчыць наступны факт: закрылі дэкрэтам прэзідэнта Польшчы Юзафа Пілсудскага. Рыгор Якубёнак ездзіў да яго, прасіў адмяніць рашэнне. Прапанавалі на базе беларускай гімназіі стварыць польскую. Дарэчы, тры судовыя працэсы праходзілі пасля яе закрыцця.

Маёмасць, што засталася, Рыгор Усцінавіч прадаў мясцовым школам. Атрыманыя грошы пералічыў на рахунак Таварыства беларускай школы. А кнігі з бібліятэкі гімназіі, наглядныя дапаможнікі перадаў Віленскай беларускай гімназіі.

Вярнуўся ў Залесінкі, жыў у брата. Неаднаразова запрашалі працаваць у мясцовай пачатковай школе, але адмовіўся, бо яна была не беларускамоўнай: «Я на палякаў працаваць не буду». Сур’ёзна заняўся пчалярствам. Па-ранейшаму любіў сталярыць. Настаўнічаць згадзіўся толькі пры савецкай уладзе. На жаль, працаваў нядоўга. На працу хадзіў за сем кіламетраў у суседнюю вёску. Па версіі Васіля Сокала, у 1940 годзе памёр па дарозе.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — важнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — важнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».