Кіраўнік Мінпрыроды Андрэй ХУДЫК высадзіў 3-мільённы саджанец у Лошыцкім парку Мінска у гонар Дня народнага адзінства.
Адзін з самых прыгожых куткоў сталіцы – парк у Лошыцы вядомы з XVI стагоддзя, а ў 1988 годзе ён быў аб'яўлены помнікам гісторыі, культуры і архітэктуры. Тут захаваліся старыя дрэвы, якія, на жаль, з цягам часу паміраюць. На іх месцы з'яўляюцца маладыя саджанцы.
Вось і 17 верасня міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, а таксама прадстаўнікі Мінскага гарадскога камітэта ПРіАНА на чале са старшынёй Сцяпанам Дубніцкім і працаўнікамі «Зелянбуда» высадзілі невялікую алею клёнаў і ліп.
«Адна з традыцый беларускага народа адзначаць святочныя даты добрымі справамі, – сказаў Андрэй Худык. – Упершыню мы ў найноўшай гісторыі святкуем Дзень народнага адзінства. Мінпрыроды абвясціла акцыю па азеляненні, і яе падхапілі ў розных кутках Беларусі. Зараз паступае інфармацыя аб тым, што вялікая колькасць людзей прымаюць удзел у добраўпарадкаванні і азеляненні. Літаральна сёння з'яўляюцца скверы, бульвары, лесапаркі пад назвай «Адзінства народа». Гэта сімвалічна і важна, таму што дрэва – гэта заўсёды жыццё, гэта – будучыня».
Кіраўнік Мінпрыроды асабліва падкрэсліў, што на сёння ў краіне дасягнута 83 % азелянення ў гарадах і раёнах, што адпавядае экалагічным нормам і патрабаванням. Гэта сур'ёзнае дасягненне як на постсавецкай прасторы, так і ў свеце. Акрамя таго, эколагі паставілі перад сабой задачу дасягнуць за бягучую пяцігодку стапрацэнтнага паказчыка.
Нагадаем, што маштабная кампанія па азеляненні нашых гарадоў і пасёлкаў пачалася з трылогіі Года малой радзімы, якая стартавала ў 2018 годзе. Азеляненне і добраўпарадкаванне гарадоў важна не толькі для прыгажосці і камфорту, але і для здароўя людзей. Мінпрыроды дзякуючы неабыякавым людзям, эколагам, мясцовым органам улады вырашэнню гэтай задачы надае асаблівую ўвагу. З актыўным удзелам жыхароў вялікіх і малых гарадоў, а таксама сельскай мясцовасці ў 2018-2020 гадах у населеных пунктах высаджана больш за 2,5 мільёнаў дрэў і дэкаратыўных кустоў. І гэта без уліку ляснога фонду.
У мінулым годзе Мінпрыроды абвясціла 10 кастрычніка адзіным днём азелянення пад лозунгам «Пасадзі дрэва!». А пачыналася ўсё з таго, што самі жыхары розных гарадоў і вёсак падавалі прапановы аб месцах пасадак дрэў. І сёння больш за 40 тысяч дрэў высаджана менавіта з улікам гэтых прапаноў.
Як паведамілі ў Мінпрыроды, усе жадаючыя могуць далучыцца да акцыі па азеляненні, якая стартавала 17 верасня і будзе доўжыцца да 30 лістапада. Для гэтага трэба пакінуць заяўку ці звярнуцца ў абласную, гарадскую або раённую інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Спецыялісты інспекцый раскажуць, якім чынам можна будзе паўдзельнічаць у азеляненні родных мясцін і разам з зацікаўленымі службамі арганізуюць пасадкі дрэў і кустоў на землях агульнага карыстання населеных пунктаў. Удзельнікаў забяспечаць пасадачным матэрыялам і інвентаром. Можна прапанаваць і свой варыянт месца, якое патрабуе дадатковага азелянення.
Маргарыта ДРАЗДОВА
Фота Алены МЕЛЯШКОВАЙ і Віцебскага абласнога камітэта ПРіАНА
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.